26.01.2018 / John O'Brien

№47. Віно🕑 3 хвілін

За выключэннем акварыянаў, якія казалі, што для кансэкрацыі можна выкарыстоўваць ваду замест віна, ніхто не ўздымаў ніякіх дыскусій на гэты конт. Усе згаджаюцца, што для сапраўднай кансэкрацыі неабходна вінаграднае віно. Не мае значэння колер віна: некаторыя аддаюць перавагу чырвонаму, іншыя беламу, але гэта толькі справа густу. Адна вялікая перавага чырвонага віна заключаецца ў тым, што адсутнічае небяспека пераблытаць яго з вадою, бо яно колерам нагадвае кроў.

Віно ва Усходнім Касцёле

Што датычыцца ахвярнага віна, то дысцыпліна Заходняга і Усходняга Касцёла цалкам згаджаюцца ў гэтай справе. Аднак сярод коптаў існуе злоўжыванне, якое, хоць яго і не выпраўляюць, акрамя як у крайніх выпадках, усё ж заслугоўвае асуджэння. Мы кажам пра выкарыстанне замест вінаграднага віна таго, што называецца зэбібам. Працэс вытворчасці гэтага сумнеўнага віна апісваюць наступным чынам (Pococke, Travels in Egypt, арт. “The Religion of the Copts”): “У каталіцкіх касцёлах яны павінны выкарыстоўваць віно, аднак у іншых яны карыстаюцца тым, што называецца зэбібам. … Зэбіб — гэта пэўны від віна з разынак. Яны змешваюць пяць частак свежага вінаграду з пяццю часткамі вады альбо дадаюць больш вінаграду, калі ён не такі свежы. Яго пакідаюць вымочвацца на сем дзён узімку і на чатыры дні ўлетку. Дыяканы фільтруюць яго праз два мяхі, адзін у другім, каб пазбавіцца дамешак. Яно захоўваецца сем гадоў і смакуе, як салодкае віно, якое крыху закісла. Яны захоўваюць зэбіб у збанах, закрываючы іх так добра, каб туды не пранікла паветра”. Калі ўсё рабіць, як трэба, то каноны Копцкага Касцёла вельмі сурова падкрэсліваюць, што для цэлебрацыі Імшы не можа выкарыстоўвацца ніякае іншае віно, акрамя найчысцейшага вінаграднага; і яны настолькі дбаюць пра яго найвышэйшую якасць, што не дазваляюць нікому дакранацца да вытворчасці гэтага віна, акрамя служыцеляў алтара. Вінаград для гэтай мэты выбіраецца вельмі старанна, сок з яго выціскаецца рукамі, а не нагамі, як гэта робяць у выпадку віна, прызначанага для звычайных мэтаў. Калі віно яшчэ застаецца ў бочках, лічыцца смяротным злачынствам соваць у яго нос, пакуль адтуль не адабралі неабходную колькасць для касцёльнага ўжытку (Renaudot, том i, с. 176—177). Копты не будуць служыць Імшу, карыстаючыся віном з крамы, бо яно можа не быць чыстым (ibid.)

Ампулкі

Віно і вада для Найсвяцейшай Ахвяры захоўваюцца ў двух шкляных сасудах, якія называюцца ампулкамі. Хоць і няма прадпісання, каб яны былі шклянымі, іх робяць такімі для таго, каб іх было зручна трымаць чыстымі, але перадусім з той прычыны, што яны празрыстыя. Бо калі з першага позірку немагчыма разабраць, у якой ампулцы знаходзіцца віно, а ў якой вада, могуць адбыцца інцыдэнты найбольш сур’ёзнай прыроды.

У раннія часы гэтыя ампулкі рабілі з вельмі каштоўных матэрыялаў. У іх склад часта ўваходзілі золата, срэбра і каштоўныя камяні, а паверхня апрацоўвалася вельмі маляўніча. Джон Хотэм, біскуп Ілі [1], у 1336 годзе падарыў свайму касцёлу як прыватнае ахвяраванне набор залатых ампулак, упрыгожаных рубінамі і пярлінамі (Dr. Rock, Church of Our Fathers, i. с. 159, зноска). Рычард дэ Башан, граф Уорыка, у 1400 годзе запісаў у спадчыну каралю абраз Найсвяцейшай Дзевы Марыі і дзве ампулкі, срэбраную і пазалочаную, зробленыя ў форме двух анёлаў (ibid.) У старыя добрыя дні найвышэйшыя асобы краіны са святой адданасцю шукалі магчымасці як найлепш упрыгожыць Божы дом і мець самыя прыгожыя прадметы святога начыння на алтары і ў прэзбітэрыі.

[1] Ілі, старажытны горад графства Кембрыджшыр, Англія, калісьці быў вельмі знакамітым месцам. Ён ляжыць прыблізна ў 110 км ад Лондана. У 1107 годзе там быў велічны катэдральны касцёл даўжынёю ў 150 м з 80-мятровай вежай.


Аўтар:  Джон О’Браен (John O’Brien), A. M., прафесар святой Літургіі ў Каледжы Маўнт Сэйнт Мэры (Mount St. Mary’s College), Эмітсбург, Мэрылэнд, ЗША.
Выданне: A History of the Mass and Its Ceremonies in the Eastern and Western Church (15 ed., 1879).
Ілюстрацыйнае фота: Kleon3 (PD).

Пакінуць каментар

Scroll Up