23.01.2018 / John O'Brien

№46. Хлеб, які выкарыстоўваецца для кансэкрацыі (2)🕑 6 хвілін

Хлеб ва Усходнім Касцёле

Шырока вядома, што ўвесь Усходні Касцёл, за выключэннем толькі армянаў і маранітаў, выкарыстоўвае для цэлебрацыі Эўхарыстыі квашаны хлеб. Ці трымаўся ён гэтай традыцыі ад самага пачатку, мы пакінем на высвятленне іншым. Адны выказваюць меркаванне, што так было ад пачатку; іншыя з вельмі сур’ёзных прычынаў кажуць, што не; гэта не мае вялікага значэння, пакуль усе прызнаюць, што сапраўдная кансэкрацыя адбываецца пры выкарыстанні як прэснага, так і квашанага хлеба.

Кажуць, што копты таксама выкарыстоўваюць прэсны хлеб (Pococke, Travels in Egypt), але гэта адназначная памылка, бо ніводзін іншы аўтар з тых, што мы чыталі, так не кажа. Калі б так было, Рэнадо, які апісвае копцкія цырымоніі і традыцыі надзвычай дэтальна, напэўна згадаў бы пра гэта, альбо пра гэта сказаў бы Дэнцынгер у сваім Ritus Orientalium.

Брэрвуд у сваёй мяшанцы пад назвай Enquiries touching the Diversity of Languages and Religions (Лондан, 1674) сцвярджае, што эфіопы робяць тое самае, гэта значыць кансэкруюць прэсны хлеб. Аднак, паколькі аўтар не асабліва зважаў на тое, што кажа, часта беручы інфармацыю праз другія рукі, ягоным сцвярджэнням, якія супярэчаць таму, што кажуць надзейныя аўтарытэты, не трэба даваць веры. Таксама ён кажа, што адзін эфіопскі святар заявіў, што яны зазвычай служаць на квашаным хлебе, аднак у Вялікі чацвер яны выкарыстоўваюць прэсны хлеб (с. 203). Пэўны час таму, магчыма, так сапраўды рабілася, але цяпер так не робяць.

Абрады, якія суправаджаюць выраб хлеба на Усходзе

Павага, якою ўсходнія хрысціяне акружаюць нават некансэкраваны хлеб, не кажучы ўжо пра саму Святую Эўхарыстыю, заслугоўвае ўсялякага захаплення. Калі казаць пра коптаў, то іхняя пашана да ахвярнага хлеба настолькі вялікая, што яны лічаць прафанацыяй купляць зерне на яго выраб за грошы, якія не былі адкладзены для рэлігійных мэтаў. Калі саму пшаніцу змалолі ў муку, яна таксама павінна захоўвацца ў касцёле, дзе і знаходзіцца печ, у якой выпякаюць хлеб. Пакуль ідзе працэс вырабу хлеба, духавенства, якое займаецца гэтай працай, увесь час спявае псальмы, а ўсю гэтую справу разглядаюць як святое заданне (Pococke, Travels in Egypt). Іхняя дысцыпліна вымагае, каб хлеб быў новы, свежы і чысты; фактычна, у адпаведнасці з іхнімі канонамі, для служэння Імшы не можа выкарыстоўвацца ўчорашні хлеб, а ахвяравацца павінен менавіта свежы хлеб, гэта значыць зроблены ранкам таго дня, калі служыцца Імша. Ні ў якім разе пячы хлеб не можа жанчына. Парушэнне гэтага правіла пагражае злачынцу экскамунікай. “Выпадае, каб эўхарыстычны хлеб выпякаўся толькі ў печы ў касцёле, — кажа адзін з іх неад’емных законаў. — Няхай жанчына не замешвае яго і не пячэ. Той, хто зробіць насуперак гэтаму, няхай будзе адлучаны” (Renaudot, Liturg. Oriental. Coll., i. c. 172).

Сірыйскі хлеб, які называецца xatha, робіцца з найдрабнейшай і найчысцейшай мукі, даводзіцца вадою, аліўкавым алеем, соллю і сквашваецца. Яны абараняюць выкарыстанне алею, кажучы, што дадаюць яго, каб цеста не прыставала да рук. Увесь працэс праводзіцца ў касцёле святаром альбо дыяканам; цалкам забаронена даручаць гэтую справу чалавеку, які не атрымаў святых пасвячэнняў (ibid.; таксама Lamy, De Fide Syrorum et Discip. in re Eucharistiae). Адзін з сірыйскіх канонаў на гэтую тэму кажа наступнае: “Няхай святар альбо дыякан, які гатуе хлеб ахвяравання, дбае пра тое, каб форма была чыстай і каб мелася ў наяўнасці начынне для фільтравання вады і алею; ён павінен дбаць, каб гэтым не карысталася свецкая асоба. Акрамя таго, ён павінен падперазацца, абуцца, павярнуцца на ўсход і засланіць твар аміктам. Гэтае служэнне павінен суправаджаць спеў псальмаў” (Lamy, ibid.)

Дысцыпліна армянаў таксама патрабуе таго, каб хлеб рабілі пасвячаныя служыцелі. Іхні хлеб таксама прэсны, як і наш.

Хлеб, які выкарыстоўваецца ў Грэцкім Касцёле

Хлеб, які выкарыстоўваюць грэкі, круглы, як вялікі пірог. У ім кап’ём выразаецца квадратная частка, якая становіцца ўласна ахвярнай гостыяй і называецца святым Ягнём.

Святое кап’ё

Тое, што застаецца ад хлеба пасля вымання квадратнай часткі, затым дзеліцца на некалькі дробных частак, якія раскладаюцца ў групы і прысвячаюцца Найсвяцейшай Дзеве, апосталам, святым і мучанікам, а таксама жывым і памерлым (Goar, Euchol. Graec., c. 116; Neale, Littledale, Primitive Liturgies, c. 120 і 183). Квадратная частка пасля кансэкрацыі дзеліцца на чатыры аднолькавыя фрагменты. Падчас выразання Ягняці з вялікага хлеба грэцкі святар кажа наступныя словы. Калі рэжа справа ад пячаткі (г. зн. ад выявы, якая выціснута на хлебе): “Быццам авечку на зарэз, вядуць Яго”; калі рэжа злева: “І як бязвіннае ягнё, нямое перад тым, хто стрыжэ яго, так і Ён не адчыняе вуснаў сваіх”; рэжучы зверху, ён кажа: “У паніжэнні Ягоным суд над Ім адбыўся”; рэжучы знізу: “Хто назаве род Ягоны”. За кожным разам дыякан кажа: “Госпаду памолімся”.

Гостыя грэкаў

Квадратнай формай ахвярнага хлеба грэкі падкрэсліваюць тое, што Хрыстус Пан пацярпеў за чатыры бакі свету (Martène, De Antiquis Eccl. Ritibus, 15).

Надпісы, якія выціскаюць на святым хлебе

На Усходзе існуе дастаткова вялікая розніца ў тым, якія малюнкі выціскаюць на алтарным хлебе. Сірыйцы робяць толькі некалькі малых крыжыкаў; нестарыяне робяць тое ж. На адным баку гостыі коптаў напісана: “Ἅγιος, ἅγιος, ἅγιος Κύριος Σαβαώθ”, г. зн. “Святы, святы, святы, Пан Магуццяў”, а на іншым баку — “Ἅγιος Ισχυρός”, г. зн. “Святы Моцны”.

Гостыя коптаў

Апошнія словы з’яўляюцца часткай знакамітага Трысвятога, якім Усходні Касцёл штодзённа карыстаецца ў сваіх набажэнствах і якое ў Заходнім Касцёле паўтараецца толькі раз на год, у Імшы Вялікай пятніцы. З гэтым святым гімнам звязана незвычайная і цікавая гісторыя. У часы Феадосія Малодшага, у 446 годзе, Канстантынопалю пагражаў настолькі моцны землятрус, што ўсе верылі ў блізкі канец свету. Калі пачалі праяўляцца першыя прыкметы гэтай непазбежнай бяды, ва ўсім горадзе панавала найгоршае замяшанне. Мужчыны, жанчыны і дзеці шалёна бегалі па вуліцах, а на іх тварах адбіваўся найвялікшы страх. У гэтай крытычнай сітуацый Феадосій накіраваў просьбу св. Проклу, арцыбіскупу імператарскага горада, горача просячы яго памаліцца да Усемагутнага Бога, каб Ён адхіліў немінучую бяду. Гэты святы чалавек адразу прыслухаўся да просьбы імператара. Ён сфармаваў працэсію з усяго свайго духавенства і люду, і ў прысутнасці ўсіх членаў імператарскага двара яны выйшлі крыху за горад. Там яны ўсе разам укленчылі ў адданай і гарачай малітве. Ім не прыйшлося доўга чакаць, як, на дзіва, яны пабачылі над сабою дзіця ў аблоках, якое рухалася з месца ў месца і спявала так гучна, што яны маглі гэта пачуць. Праз гадзіну дзіця сышло ўніз, спяваючы: “Ἅγιος ἰσχυρός, Ἅγιος ὁ Θεός Ἅγιος ἀθάνατος, ἐλέησον ἡμᾶς”, што азначае “Святы Моцны, Святы Божа, Святы Несмяротны, змілуйся над намі!” Калі ў дзіцяці спыталіся, пра што гэты спеў, яно адказала, што пачула гэты спеў ад анёльскага хору, які спяваў гэты святы гімн перад Божым тронам, і што калі людзі хочуць адхіліць ад сябе небяспеку землятрусу, яны таксама павінны спяваць яго. Гэты спеў адразу ж падхапілі, і спакой быў адноўлены (Goar, Euchol. Graecorum, с. 126; Neale, Holy Eastern Church, i. с. 367). Пасля гэтага, імператар выдаў загад, каб гэты спеў быў прыняты паўсюдна, і св. Прокл, як кажуць, дадаў яго ў літургіі Канстантынопаля (Ferraris, Bibliotheca; Butler, Lives of the Saints, 24 кастрычніка, Св. Прокл).

Кажуць, што малыя крыжыкі знаходзяцца на паверхні хлеба коптаў на ўспамін пра знакамітую прамову св. Яна Хрызастома пра боскасць нашага Пана, у якой слова “крыж” з’яўляецца некалькі разоў. Мартэн кажа нам, што пячаткі, якімі для выціскання малюнкаў карыстаюцца ўсходнія патрыярхі, моцна адрозніваюцца ад тых, што выкарыстоўваюць святары. Надпіс на грэцкай гостыі “ІС ХС NIKA” перакладаецца як “Езус Хрыстус перамагае”.


Аўтар:  Джон О’Браен (John O’Brien), A. M., прафесар святой Літургіі ў Каледжы Маўнт Сэйнт Мэры (Mount St. Mary’s College), Эмітсбург, Мэрылэнд, ЗША.
Выданне: A History of the Mass and Its Ceremonies in the Eastern and Western Church (15 ed., 1879).
Ілюстрацыйнае фота: Velopilger (PD).

Пакінуць каментар

Scroll Up