Дапаможны біскуп з Казахстана навучыўся любові да праўды Касцёла, сталеючы ва ўмовах атэістычнага савецкага рэжыму.

ВАТЫКАН — Біскуп Атаназіус Шнайдэр быў ўзорным дзіцём і набыў глыбокую любоў і пашану да Эўхарыстыі дзякуючы вельмі пабожным бацькам і тузе па Найсвяцейшым Сакрамэнце пры савецкім камуністычным рэжыме.

Гэта нарыс ад бацькоў і сяброў дапаможнага біскупа Астаны ў Казахстане, які ў сённяшнім Касцёле становіцца адным з перадавых галасоў вернасці Традыцыі і неразрыўнасці з ёю.

Апошнім часам біскуп Шнайдэр узначаліў публікацыюВызнання нязменных праўдаў пра сакрамэнтальнае сужэнства“, змагаючыся за вырашэнне замяшання вакол інтэрпрэтацый паслясінадальнай апостальскай адгартацыі Папы Францішка Amoris Laetitia (“Радасць любові”, 2016), якую некаторыя біскупы прачыталі як дазвол на ўдзяленне святой Камуніі некаторым каталікам, што грамадскім парадкам развяліся і ўступілі ў паўторны саюз. Дакумент, апублікаваны 31 снежня, сцвярджае, што такія інтэпрэтацыі з’яўляюцца “чужымі” ўсёй каталіцкай веры і аслабляюць вучэнне Касцёла наконт неразрыўнасці сужэнства.

Біскуп Шнайдэр нарадзіўся ў 1961 годзе і першыя гады свайго жыцця правёў у Кіргізіі, невялікай рэспубліцы, якая ўваходзіла ў Савецкі Саюз і межавалася з Кітаем. Ягоныя бацькі былі этнічнымі немцамі, якія жылі ў нямецкіх пасяленнях у Адэсе і Чарнаморскім рэгіёне і якіх пасля Другой сусветнай вайны Іосіф Сталін выслаў у працоўны лагер на Урал.

“Яны былі змушаны там працаваць, і гэта цуд, што яны выжылі”, — сказаў біскуп Шнайдэр у інтэрв’ю дабрачыннай арганізацыі “Дапамога Касцёлу ў патрэбе” ў 2010 годзе.

Пасля гэтага пара перасялілася ў Кіргізію. Напрыканцы 1960-х гадоў уся сям’я, бацькі і чацвёра дзяцей, пераехала ў Эстонію, якая ў той час таксама была часткай Савецкага Саюза. Там яны пражылі чатыры гады.

Сем’і веры

Менавіта там у малым Антоне Шнайдэры, які ўзяў імя Атаназіус, калі далучыўся да рэлігійнага ордэна Рэгулярных канонікаў святога Крыжа з Каімбры, пачала развівацца эўхарыстычная пабожнасць.

“Каталіцкая вера можа перадавацца толькі ў сем’ях, бацькамі, бабулямі і дзядулямі”, — сказаў біскуп Шнайдэр у інтэрв’ю National Catholic Register 11 студзеня, дадаўшы, што старэйшыя “напоўнілі нас, дзяцей, крыштальна чыстай, канкрэтнай і прыгожай каталіцкай верай усіх часоў, якую яны самі атрымалі ад сваіх бацькоў, бабуль і дзядуль”. Паколькі вера ў тыя часы сутыкалася з варожым стаўленнем, каталіцкія сем’і, па словах Шнайдэра, былі “свайго роду катакомбамі жывой веры”.

Патаемны культ і адсутнасць святароў, якія маглі б цэлебраваць сакрамэнты, была “незабыўным досведам” для маладога Шнайдэра.

“Мы кожны дзень сумавалі па святой Камуніі і часта рабілі акты пакаяння”, — прыгадаў біскуп, а калі святар сакрэтна і нечакана прыязджаў, каб адслужыць Імшу, гэта было “сапраўдным святам, якое прыдавала нам шмат сілаў і радасці”.

Ён успамінае, што яго ягоныя бацькі бралі яго і іншых дзяцей на адзіныя даступныя Імшы, якія служыліся ў касцёле за 100 км. Іх дазвалялася наведваць толькі дарослым, але ягоныя бацькі хацелі ўзяць з сабою дзяцей, таму ім прыходзілася ехаць зранку першым цягніком, пад покрывам цемры, і вяртацца апошнім цягніком уначы. Паколькі гэта было вельмі далёка, яны маглі дазволіць сабе гэта раз на месяц.

Але выхаванне і прыклад, атрыманыя ад бацькоў, таксама паўплывалі на дзяцей вельмі глыбока.

“Мама мела вельмі моцную веру і часта казала нам: “Дзеці, дарога па Эўхарыстыю — гэта найлепшая пілігрымка, якая толькі можа быць”, — распавяла ў размове з Register манахіня-кларэтынка Тэрэза Шнайдэр, старэйшая сястра біскупа. “Я заўсёды памятала пра гэта”, — кажа яна, дадаючы, што яе маці называла Эўхарыстыю “найвялікшай малітвай”.

“Гэта была вельмі простая катэхэза, — распавядае яна, — і мы, як дзеці, добра разумелі, пра што яна”. Сястра Тэрэза згадала, што яе маці, якая цяпер жыве ў Германіі, і бацька, які памёр некалькі гадоў таму, мелі вельмі глыбокую веру. “Дзецьмі мы адчувалі, што сэрца нашых бацькоў было там, у Эўхарыстыі”.

Гады фармацыі

У 1973 годзе, у хуткім часе пасля таго, як Антон Шнайдэр патаемна прыняў сваю першую святую Камунію, эстонскі ўрад дазволіў Шнайдэрам пераехаць у Бадэн-Вюртэмберг, зямлю ў Заходняй Германіі.

Яны мелі настолькі вялікую пашану да Эўхарыстыі, што яны жахнуліся, калі прыбылі ў Германію і ўбачылі, што святую Камунію прымаюць у руку і стоячы. Усёй сям’ёю яны адзінадушна станавіліся на калені, каб прыняць Эўхарыстыю, і затым іншыя сем’і паследавалі іхняму прыкладу.

У размове з Register біскуп Шнайдэр распавёў, што ён успрымае прыняцце Камуніі ў руку, якое, па яго словах, было вынайдзена ў супольнасцях кальвіністаў, як “баналізацыю, якая знаходзіцца на мяжы з прафанацыяй”. Яго сям’я ніколі не ўяўляла сабе, што “да Эўхарыстычнага Пана, да святога святых, будуць ставіцца настолькі банальна”.

Ён кажа, што з 12-гадовага ўзросту “насіў гэты боль у сваёй душы” і што гэты боль змусіў яго напісаць у 2009 годзе кнігу пра Эўхарыстыю “Dominus Est” (“Гэта Пан”).

У 1982 годзе, ва ўзросце 20 гадоў, Антон Шнайдэр прынёс абяцанні ў Ордэне святога Крыжа. Ён вучыўся ў семінарыі ў Рыме, а затым у Бразіліі, паколькі ягоны ордэн засноўваў там семінарыю. Ён быў пасвячаны ў святары 25 сакавіка 1990 года ў Бразіліі і там жа правёў свае першыя гады святарства.

Затым на працягу 10 гадоў ён вучыўся ў Рыме на доктарскай праграме ў сферы патралогіі і адначасова з’яўляўся генеральным дарадчыкам ордэна. Арцыбіскуп Караганды Ян Павел Ленга выбраў кс. Шнайдэра дапамагаць будаваць семінарыю Марыі, Маці Касцёла, таму што той размаўляў па-руску. Пачынаючы з 1999 года, кс. Шнайдэр выкладаў у гэтай семінарыі патралогію, прадмет па сваёй спецыяльнасці.

Пасля падзення ў 1990 годзе савецкага камунізму, якое прадвяшчала пашырэнне рэлігійнай свабоды і хрысціянства ў Расіі і былых савецкіх дзяржавах, ён зрабіў шмат падарожжаў паміж Казахстанам і Рымам.

Папа Бенедыкт XVI прызначыў яго дапаможным біскупам дыяцэзіі Караганды ў 2006 годзе, а праз пяць гадоў ён быў пераведзены ў Астану таксама ў якасці дапаможнага біскупа. На дадзены момант ён з’яўляецца генеральным сакратаром біскупскай канферэнцыі Казахстана.

Гэтая пераважна мусульманская краіна мае каля 250 тыс. каталікоў з насельніцтва ў 15 мільёнаў. Большасць каталікоў з’яўляюцца этнічнымі палякамі, немцамі і літоўцамі.

Перспектыва сям’і і сяброў

Тое, што біскуп Шнайдэр вырашыў стаць святаром, не было сюрпрызам для тых, хто яго ведаў. Сястра Тэрэза сцвярджае, што Антон, наймалодшы ў сям’і, з 12 гадоў ведаў, што мае пакліканне да святарства. “Мы шмат маліліся разам, разам хадзілі на Імшу і на адарацыю”, — кажа яна.

“Ён быў вельмі разумным хлопцам, добра вучыўся, граў на фартэпіяна і пачаў вучыцца на скрыпцы”, — прыгадвае яна. “Ён вельмі музычны, заўсёды быў такі, а на піяніна ён грае вельмі добра. З дзяцінства ён мае таксама глыбокае адчуванне веры. Маці казала, што ён “узорнае дзіця”, ён заўсёды добра сябе паводзіў, ад маленства і да сённяшняга дня”.

Тыя, хто ведае яго, сведчаць пра ягоную сілу характару, шчырасць, цноты, а таксама пра яго няўхільную адданасць справе вызнання каталіцкай веры.

Ксёндз Руслан Рахімберлінаў, адзін з былых вучняў біскупа з дыяцэзіі Караганды, кажа, што ён “заўсёды ўважлівы і гатовы выслухаць”. Гэта чалавек “сціпласці і вернасці”, які “ведае і прымае праўду пра сябе”. Ён застаецца верным веры і Касцёлу “нягледзячы на вецер пераменаў”, — распавёў кс. Руслан у размове з Register.

Сястра Тэрэза кажа, што людзі падыходзяць да яе і кажуць: “Дзякуй Богу, што ёсць біскуп Атаназіус Шнайдэр, які мае адвагу выказацца і які кажа не “гэта кепска”, а “вось — вера”, заўсёды з любоўю і павагай”. Яна кажа, што людзі захапляюцца тым, што ён настолькі адданы і настолькі чалавечны. Для яго “праўда — гэта заўсёды найлепшы шлях, — кажа яна, — не палова праўды, а сапраўдная праўда”.

“Ён заўсёды казаў, што праўда не з’яўляецца адноснай, — распавядае яна, — праўда — гэта ўсё альбо нічога; паўпраўда — гэта ерась”. Але яна дадае, што гэта не азначае, што ён не спачувальны ці неміласэрны, таму што “суперажываць і быць міласэрным — гэта казаць праўду”. Сам біскуп растлумачыў гэта падчас прамовы ў Рыме ў 2015 годзе з нагоды другога сінода на тэму сям’і.

Ксёндз Руслан распавёў, што біскуп Шнайдэр мае інтэлектуальны падыход, які дазваляе яго вучням “засвоіць праўду, але не павярхоўна, а паступова ва ўсёй глыбіні”. Але ён адзначаецца таксама і пастырскай адданасцю, а яго “глыбокая пашана” да Эўхарыстыі выяўляецца ў імкненні прынесці яе ў самыя далёкія месцы Казахстана і ў месцы з самым складаным надвор’ем.

Пастырскі падыход

Казаху Аляксею Гатоўскаму, які ведае біскупа на працягу 17 гадоў і быў ягоным міністрантам, падабаецца, што біскуп “размаўляе з людзьмі; да ўсіх ён ставіцца, як да роўных”. У сваёй парафіі ён “ніколі не адкідваў людзей, а хутчэй імкнуўся запрасіць іх у касцёл і дапамагчы. Ён арганізоўваў парафіяльныя групы, у якіх сам удзельнічаў”.

Ён таксама прыгадвае, што, калі біскуп наведваў хворых, людзі былі асабліва ўдзячныя за тое, што ён прынёс ім Езуса ў Эўхарыстыі, “і дзякавалі яму за ласкі, якія атрымлівалі, калі ён маліўся за іх”.

Ведаючы, што біскуп добра разбіраецца ў літургічнай музыцы, Гатоўскі аднойчы абмяркоўваў з ім выкарыстанне гітары на Імшы. “Ён адказаў мне, што такі інструмент, як гітара, не мае нічога кепскага сам па сабе, але гэта не тое месца, дзе яго трэба выкарыстоўваць. Імша — гэта не вечарына”.

Біскуп доўгі час падкрэсліваў, што да Найсвяцейшага Сакрамэнту трэба ставіцца з найвышэйшай пашанай, асабліва ў літургіі, і ён лічыць, што страта адчування Сапраўднай Прысутнасці сталася прычынай таго, што Касцёл “прыпадобніўся да свету”, што выяўляецца ў “антрапацэнтрызме”, які з’яўляецца “найвялікшай духоўнай небяспекай”.

“Лекам з’яўляецца разрыў з комплексам непаўнавартаснасці ў адносінах да свету, — сказаў біскуп у размове з Register. — Трэба паставіць Хрыста ў цэнтр кожнай дэталі літургіі, трэба абвяшчаць Хрыста, Які ўцелавіўся, быў укрыжаваны, Які жыве і валадарыць у сваёй схаванай боскай велічы ў Эўхарыстыі, Хрыста, Які з’яўляецца Каралём кожнага чалавека і кожнага людскога грамадства”.


Аўтар: Edward Pentin
Крыніца: National Catholic Register
Ілюстрацыйнае фота: Lendavr1 (CC BY-NC).

Тэкст перакладзены з англійскага арыгінала і перадрукаваны з дазволу аўтара.

Калі вы знайшлі арфаграфічную памылку, калі ласка, вылучыце яе і націсніце Ctrl+Enter.

Пакінуць каментар