Для сапраўднай кансэкрацыі святой Эўхарыстыі неабходна выкарыстоўваць хлеб, зроблены з пшаніцы (panis triticeus), і ніякі іншы. Згодна з дысцыплінай Лацінскага Касцёла, гэты хлеб павінен быць прэсны, не павінен утрымліваць ніякіх дамешак, акрамя вады, і павінен быць выпечаны, як звычайны хлеб, а не тушаны, смажаны ці вараны.

Квашаны і прэсны хлеб

Ніводнае пытанне не выклікала такіх гарачых дыскусій, як выкарыстанне для прыгатавання Найсвяцейшай Эўхарыстыі квашанага і прэснага хлеба. Кардынал Бона ў сваім звыклым сціплым тоне распавядае, якое абурэнне ён выклікаў на сябе, калі ў сваёй вялікай працы пра Імшу і яе цырымоніі заявіў, што да пачатку Х стагоддзя, калі выкарыстанне прэснага хлеба зрабілася абавязковым для ўсіх, у Лацінскім Касцёле выкарыстоўваўся як прэсны хлеб, так і квашаны. Цяпер мы не будзем паўтараць аргументы, якія шаноўны кардынал прыводзіў у доказ сваёй рацыі, а проста скажам дзеля ўмацавання ведаў чытача, што гэтае яго меркаванне прымаюць амаль усе аўтары прац пра святую літургію. Усе ахвотна прызнаюць, што выкарыстанне прэснага хлеба ў Лацінскім Касцёле ніколі не перапынялася ад моманту ўстанаўлення Найсвяцейшай Эўхарыстыі; але таксама шырока падтрымліваецца меркаванне, што калі ерэтыкі-эбіяніты навучалі, што хрысціянскі люд абавязваюць законы старога права і што, адпаведна, Эўхарыстыю ўвогуле няможна цэлебраваць, калі не выкарыстоўваецца менавіта той хлеб, якім карыстаўся наш Пан (г. зн. прэсны), то Касцёл сам дазваляў выкарыстанне квашанага хлеба, каб аспрэчыць гэтае вучэнне, і так заставалася да таго часу, пакуль апошнія сляды гэтай ерасі не зніклі. Гэтае сцвярджэнне падтрымліваюць некаторыя знаныя тэолагі, сярод якіх Аляксандр Гэльскі, Дунс Скот, св. Банавентура і св. Тамаш Аквінскі (гл. Cardinal Bona, Rer. Liturg., кн. i, раздз. xxiii.; Kozma, 238; Neale, Holy Eastern Church, “On the Controversy concerning the Azymes”, том ii).

Калі мова ідзе пра сапраўднасць сакрамэнту, то як Лацінскі, так і Грэцкі Касцёл заўсёды лічылі, што кансэкрацыя адбываецца ў абодвух выпадках і што справа выкарыстання квашанага ці прэснага хлеба цалкам належыць да дысцыпліны, а не да веравучэння. Грэцкі Касцёл таксама на роўні з Лацінскім Касцёлам прызнае (прынамсі ў старажытнасці прызнаваў), што наш Пан выкарыстоўваў на Апошняй Вячэры прэсны хлеб, што з разумных прычынаў ранні Касцёл увёў выкарыстанне квашанага хлеба і што, калі сам Грэцкі Касцёл прыняў гэты звычай, ён нязменна яго трымаўся (Neale, ii. 1059 і 1073-74). Не сакрэт, што неспакойны Міхаіл Керуларый, патрыярх Канстантынопаля з 1043 года, асмеліўся заявіць, што кансэкрацыя любога хлеба, акрамя квашанага, з’яўляецца несапраўднай і што з прычыны выкарыстання прэснага хлеба ўвесь Лацінскі Касцёл з’яўляецца ерэтычным, толькі для таго, каб зрабіць разрыў паміж дзвюма часткамі Касцёла як мага большым. Але ўсходнія тэолагі ніколі не прымалі гэтага вучэння; не прымаецца яно і сёння, хоць, за выключэннем армянаў і маранітаў, усе Усходнія Касцёлы следуюць грэцкай дысцыпліне ў выкарыстанні квашанага хлеба.

Мы казалі пра агульную згоду наконт таго, што кансэкрацыя з’яўляецца сапраўднай у абодвух выпадках, аднак Лацінскі Касцёл настолькі сурова трымаецца дысцыпліны наконт прэснага хлеба, што калі б святар, які належыць да яго, кансэкраваў няпрэсны хлеб без асаблівай дыспенсацыі, ён здзейсніў бы смяротны грэх. Ён не мог бы зрабіць гэтага нават для таго, каб выканаць абавязак выслухаць Імшу ў нядзелю, альбо для ўдзялення віятыка паміраючаму. Адзіны выпадак, у якім гэта дазволена, гэта калі праз нейкі выпадак альбо з іншай прычыны Святая Гостыя знікне адразу пасля кансэкрацыі, а пад рукою не будзе ніякага іншага хлеба, акрамя квашанага. Апошні можна выкарыстоўваць для таго, каб завяршыць Ахвяру (De Herdt, ii. с. 167, № 3).

Як выпякаюць хлеб

Хлеб для выкарыстання пры алтары выпякаюць паміж дзвюма металічнымі пласцінамі, на якіх выціснута пэўная пабожная выява, напрыклад, сцэна ўкрыжавання, Ягня Божае альбо просты крыж. Інструмент, які выкарыстоўваецца для гэтай мэты, чымсьці нагадвае вялікія абцугі. У яго ёсць дзве даўгія ручкі, а на канцы ён мае дзве круглыя пласціны, якія накладаюцца адна на адну. Калі гэты інструмент дастаткова нагрэюць у агні, на яго наносяць крыху тлушчу альбо алею, каб да яго нічога не прыставала. Затым на паверхню адной пласціны наносяць тонкі слой цеста, а другую пласціну затым апускаюць на гэтае цеста на секунду ці дзве, каб яно добра запяклося. Пласціны затым раздзяляюць, а хлеб вымаюць і апрацоўваюць для далейшага выкарыстання.

Малюнкі на хлебе

На сённяшні дзень не існуе прадпісанага малюнка, які трэба выціскаць на алтарным хлебе. Кожнаму касцёлу дазволена трымацца свайго ўласнага выбару ў гэтай справе. У некаторых месцах на хлебе выціскаюць выяву ўкрыжаванага Пана; у іншых месцах выбіраюць выяву Ягняці Божага. Мы таксама бачылі хлябы, на якіх выціснуты першая і апошняя літары грэцкага алфавіту, што нагадвае пра словы нашага Пана ў Апакаліпсісе: “Я Альфа і Амега, першы і апошні, пачатак і канец”. На наш погляд, самым распаўсюджаным малюнкам з’яўляецца старажытная і святая манаграма “IHS” альбо, як пісалі раней, “IHC”. Што датычыцца канкрэтнай інтэрпрэтацыі гэтых літараў, то вядзецца шмат дыскусій. Некаторыя настойваюць, што гэта азначае (прынамсі гэтаму адпавядаюць ініцыялы) “Iesus Hominum Salvator” — “Езус, Збаўца людзей”. Іншыя кажуць, што гэта скарот ад “I have suffered” — “Я пацярпеў”. Ёсць і іншыя інтэрпрэтацыі, прыводзіць якія не мае сэнсу. Праўда, аднак, такая, што гэта першыя тры літары святога імя Пана на грэцкай мове: ΙΗΣΟΥΣ. Як такія яны шырока прымяняліся ў сакральных малюнках на хрысціянскіх магілах падчас пераследу. Іх яшчэ і цяпер можна пабачыць у многіх месцах у рымскіх катакомбах (гл. Justorum Semita; альбо The Holydays of the English Church, с. 335; Holy Name of Jesus; таксама, Dublin Review, том xliv., 1858, арт. “Primacy of St. Peter”).

Інтэрпрэтацыя “Езус, Збаўца людзей” звязана перадусім са св. Бернардынам Сіенскім. З’явілася яна наступным чынам. Гэты святы быццам бы вымаўляў пэўнаму чалавеку за тое, што той прадаваў карткі з небяспечнымі малюнкамі на іх. Гэты чалавек хацеў абараніцца, кажучы, што не можа зарабляць на жыццё іншым спосабам, але св. Бернардын прапанаваў яму намаляваць на картках гэтыя літары замест тых малюнкаў, што там былі, і запэўніў, што той не пацерпіць няўдачы з-за таго, што іх прыме, калі адразу ж адкіне тыя карткі, якія ў яго ёсць. Святы рэкамендаваў гэтаму чалавеку якраз літары “IHS”, тлумачачы, што яны азначаюць “Iesus Hominum Salvator”. Гэты чалавек адразу прыняў гэтыя літары, і поспех іх быў вельмі вялікі (гл. C. C. Bombaugh, A.M., Gleanings for the Curious, с. 98, 99).

Хто выпякае хлеб

Хоць выпякаць хлеб для выкарыстання ў Ахвяры алтара належыла б самім пасвячаным служыцелям, аднак, паколькі ў сучасны спосаб іх вырабу цяжка ўвесці нейкія злоўжыванні, гэты абавязак часта давяраюць пабожным вернікам, пераважна законным сёстрам, якія працуюць пры тым ці іншым касцёле.

У старажытныя часы лічылася вялікім гонарам атрымаць дазвол вырабляць гэты хлеб, і свае паслугі для гэтага прапаноўвалі першыя асобы дзяржаваў. Пра св. Вячаслава, караля Багеміі (Х ст.), кажуць, што ён меў звычку самастойна засяваць пшаніцу ў полі, затым жаў яе, калі яна саспела, затым малаціў, веяў, малоў у муку і, нарэшце, рабіў хлеб для выкарыстання ў Найсвяцейшай Ахвяры (Martène, De Antiquis Eccl. Ritibus, с. 13; Lives of the Saints, 28 верасня). Падобную гісторыю распавядаюць пра св. Радэгунду, каралеву Францыі з VI ст.

У старыя добрыя дні, калі Англія была каталіцкай, сінадальныя пастановы наконт вытворчасці алтарнага хлеба былі суровыя: “Мы таксама загадваем, каб гостыі [1], якія ў святых таямніцах вы ахвяруеце Богу, вы альбо выпякалі самастойна, альбо каб гэта рабілі вашыя слугі на вашых вачах, каб вы былі ўпэўненыя, што ўсё зроблена правільна і чыста” (Dr. Rock, Church of Our Fathers, том i. с. 156, зноска). Біскуп Лінкальна (ХІІІ ст.) звяртаўся да духавенства сваёй дыяцэзіі такімі словамі: “Трэба надаць асаблівую ўвагу таму, каб гостыі былі зроблены з чыстай пшаніцы. Пакуль адбываецца іх выраб, служыцелі, якія іх робяць, павінны знаходзіцца ў адпаведным месцы і быць убранымі ў комжы. Прыладу для вырабу гэтых гостый трэба змазваць толькі воскам, а не алеем ці нейкім іншым тлустым рэчывам” (ibid.)

Памер гостый

Да ХІ стагоддзя існаваў амаль паўсюдны звычай удзяляць Камунію вернікам часткай вялікай гостыі, якую спажываў святар; адпаведна, яна павінна была мець значна большыя памеры, чым цяпер (Kozma, 239). Калі такі звычай удзялення Камуніі быў пакінуты, з’явіліся малыя гостыі, за якімі ўсё адно замацавалася назва часцінак, а святарская гостыя стала меншай у памерах.

Форма гостый

Са спрадвечных часоў існаваў звычай рабіць гостыю круглай формы. Гэты звычай можна прасачыць прынамсі да ІІІ ст., бо Папа Зефірын, які памёр у 217 годзе, называе хлеб “corona sive oblata sphericae figurae” (Бенедыкт XIV, р. 5). Север Александрыйскі, якога называюць “хрысціянскім Салюстыем” і які жыў у IV стагоддзі, называе гостыю проста кругам (Martène, De Antiquis Eccl. Ritibus, 14). Па словах Дзюрана, якому заўсёды ёсць што сказаць пра містычныя значэнні, хлеб робіцца круглым, у форме манеты, каб нагадаць нам, што сапраўдны Хлеб жыцця, наш Боскі Збаўца, быў прададзены Юдам за трыццаць срэбранікаў (Rationale Divinorum, с. 256).

[1] Тут для абазначэння гостый выкарыстоўваецца англасаксонскае слова ofletes. Таксама гостыю называлі obley (відавочна, ад лацінскага oblata) альбо singingbread, спяваючы хлеб. Д-р Рок выказвае здагадку, што апошняя назва давалася гостыі, бо яна выкарыстоўвалася ў спляванай Імшы; але мы асмелімся меркаваць, што яе так называлі таму, што пры яе падрыхтоўцы ўвесь час працягваўся спеў псальмаў і гімнаў, што на Усходзе, як мы пабачым, практыкуецца і цяпер.


Аўтар:  Джон О’Браен (John O’Brien), A. M., прафесар святой Літургіі ў Каледжы Маўнт Сэйнт Мэры (Mount St. Mary’s College), Эмітсбург, Мэрылэнд, ЗША.
Выданне: A History of the Mass and Its Ceremonies in the Eastern and Western Church (15 ed., 1879).
Ілюстрацыйныя фота: Paterm (CC BY-SA), WolfD59 (PD).

Калі вы знайшлі арфаграфічную памылку, калі ласка, вылучыце яе і націсніце Ctrl+Enter.

Пакінуць каментар