12.01.2018 / Te igitur

Незвычайны літургічны перыяд🕑 7 хвілін

На гэтым тыдні мы скончылі перыяд Божага Нараджэння і ўвайшлі ў звычайны перыяд. Цяпер мы знаходзімся ў першым тыдні звычайнага перыяду, а агулам ён будзе працягвацца 34 тыдні з перапынкам на Вялікі пост і Велікодны перыяд.

Звычайны перыяд у агульным успрыманні адпавядае сваёй назве: яго прынята лічыць звычайным часам, калі нічога не адбываецца. Літургічнае жыццё нібыта заціхае, у буднія дні служыцца Імша папярэдняй нядзелі, нічога новага, усё стандартна. Але ў жыцці хрысціяніна не бывае звычайнага часу, бо гэта таксама час, калі Бог піша гісторыю нашага збаўлення. Часам кажуць, што на зямлі ўжо дзве тысячы гадоў як не бывае звычайнага часу.

Чаму ж мы называем гэты літургічны перыяд звычайным?

Сапраўдную гісторыю таго, як гэты тэрмін трапіў у беларускі літургічны слоўнік, мы наўрад ці даведаемся, але можна параўнаць назвы гэтага перыяду ў іншых мовах.

Узорнае выданне Рымскага Імшала на лацінскай мове кажа пра “tempus per annum”, што можна перакласці як “час / перыяд на працягу года”, “цягам года”. Гэты выраз прадстаўляе “зялёныя” тыдні як шэраг, які запаўняе сабою тую частку літургічнага года, у якой Касцёл не святкуе таямніцы нашага збаўлення нейкім асаблівым чынам. Аднак лексічнае адценне таго, быццам у гэтыя месяцы зусім нічога не адбываецца, у лацінскім арыгінале адсутнічае.

Як гэтае “tempus per annum” перадаецца ў іншых мовах?

Польшча называе “зялёныя” нядзелі тым жа словам, што і мы: “IІ niedziela zwykła” альбо “I tydzień okresu zwykłego”, таму цікавага тут мала.

Англійскі Імшал называе тыя ж нядзелі “ordinary”. З аднаго боку, гэтае шматзначнае слова азначае тое ж, што нашае слова “звычайны”, але другое яго значэнне, якое калісьці было першым, паходзіць ад лацінскага ordo, ordinis — парадак. Гэта значыць што нядзелі наступаюць адна за адной паводле звычайнага, вызначанага парадку. Таму ў англійскай мове выраз “5th ordinary Sunday” можна разумець як у сэнсе пятай “звычайнай” нядзелі, так і ў сэнсе пятай нядзелі “па парадку”.

Цікава, што ў рускай мове сітуацыя аналагічная. Нядзелі звычайнага перыяду ў рускім Імшале называюць “рядовыми”, што супадае па значэнні з англійскім “ordinary”, бо гэта і звычайная нядзеля, і адна нядзеля з шэрагу.

Можна бачыць, што ў некаторых мовах акрэсленне “per annum” перадаецца больш удалымі словамі, якія дазваляюць прынамсі штучным чынам адысці ад песімістычнага ўспрымання звычайнага перыяду. У беларускай мове прыдатным адпаведнікам магло б быць слова “шараговы”, якое таксама перадае не толькі сэнс “звычайнасці”, але і сэнс упарадкаванасці.

Перыяд “per annum” у календары звычайнай формы рымскага абраду

У сучасным літургічным календары звычайны перыяд пачынаецца ў панядзелак пасля нядзелі хросту Пана (у 2018 годзе — 8 студзеня) і заканчваецца напярэдадні першай нядзелі Адвэнту (у 2018 годзе — 1 снежня). 14 лютага ён перапыняецца і саступае месца Вялікаму посту і Велікоднаму перыяду. 21 мая, у панядзелак пасля ўрачыстасці Спаслання Духа Святога, ён аднаўляецца і цягнецца да зімы.

Агулам звычайны перыяд ахоплівае 33 альбо 34 тыдні [1], а нумарацыя нядзеляў у гэтым перыядзе ідзе злітна. Гэта значыць, што другая частка звычайнага перыяду аднаўляецца з таго месца, на якім скончылася першая частка. Напрыклад, у 2018 годзе Папяльцовая серада перапыняе VI звычайны тыдзень, а пасля Велікоднага перыяду звычайны перыяд аднаўляецца з VII звычайнага тыдня. Паколькі Вялікдзень у розныя гады можа наступіць як вельмі рана, так і вельмі позна, гэты разрыў прыпадае не заўсёды паміж VI і VII звычайным тыднем, а як прыйдзецца. Адпаведна, першая і другая часткі звычайнага перыяду ў розныя гады маюць розную працягласць, але гэта заўсёды 33 альбо 34 тыдні.

У 2018 годзе звычайны перыяд будзе займаць наступныя прамежкі часу:

  • 06.01 — Аб’яўленне Пана
  • 07.01 — І звычайная нядзеля (→ свята Хросту Пана)
  • 14.01 — ІІ звычайная нядзеля
  • (працяг першай часткі звычайнага перыяду)
  • 11.02 — VI звычайная нядзеля
  • 14.02 — Папяльцовая серада
  • (Вялікі пост і Велікодны перыяд)
  • 20.05 — Пяцідзесятніца
  • 21.05 — Панядзелак VII звычайнага тыдня
  • 27.05 — VIIІ звычайная нядзеля (→ урачыстасць Найсвяцейшай Тройцы)
  • 03.06 — ІХ звычайная нядзеля
  • (працяг другой часткі звычайнага перыяду)
  • 25.11 — ХХІV звычайная нядзеля (→ Хрыста, Валадара сусвету)
  • 02.12 — І нядзеля Адвэнту

Адрозненні ў надзвычайнай форме рымскага абраду

У календары надзвычайнай формы гэты перыяд таксама падзелены на дзве часткі, але яны маюць свае ўласныя назвы.

Першая з іх называецца перыядам пасля Аб’яўлення Пана (альбо пасля Эпіфаніі); другая — перыядам пасля Пяцідзесятніцы [2]. Такія назвы быццам бы падаўжаюць у часе два вялікія каталіцкія святы і робяць “зялёныя” тыдні літургічнага календара не проста часам, у якім нічога не адбываецца, а прывязваюць іх да папярэдніх святых перыядаў.

Другое адрозненне заключаецца ў арганізацыі календара 1960 года, а менавіта ў тым, што гэтыя два адрэзкі ў ім фармальна не з’яўляюцца адным цэлым перыядам, разарваным на дзве часткі.

У дарэформеннай літургіі на перыяд пасля Аб’яўлення Пана вылучана шэсць нядзеляў, але паколькі часам Вялікдзень выпадае рана, то яны не заўсёды выкарыстоўваюцца цалкам. Напрыклад, у 2018 годзе будзе выкарыстана толькі тры такія нядзельныя фармуляры, пасля чаго наступіць нядзеля Сямідзесятніцы і пачнецца літургічны перыяд Перадпосця. Нявыкарыстаныя нядзелі прапускаюцца [3].

У сваю чаргу, на перыяд пасля Пяцідзесятніцы прызначана 24 нядзелі. Гэта менавіта свае асобныя нядзелі, і пасля Пяцідзесятніцы (у гэтым годзе 20 мая) пачынаецца новы адлік: І нядзеля пасля Пяцідзесятніцы (яе замяняе свята Найсвяцейшай Тройцы), ІІ нядзеля пасля Пяцідзесятніцы і г. д. да ХХIV нядзелі пасля Пяцідзесятніцы, якая фармальна прыпадае на 4 лістапада. Праблема ў тым, што часта (у гэтым годзе таксама) дваццаці чатырох нядзеляў недастаткова, каб закрыць гэты літургічны перыяд. Каб кампенсаваць гэты недахоп, паміж XXIII і XXIV нядзелямі пасля Пяцідзесятніцы ўстаўляюць прапушчаныя нядзелі з перыяду пасля Аб’яўлення Пана. У 2018 годзе парадак будзе наступны:

  • 06.01 — Аб’яўленне Пана
  • 07.01 — І нядзеля пасля Аб’яўлення Пана (→ свята Святой Сям’і)
  • 14.01 — ІІ нядзеля пасля Аб’яўлення Пана
  • 21.01 — ІІІ нядзеля пасля Аб’яўлення Пана
  • 28.01 — Нядзеля Сямідзесятніцы
  • (Перадпосце, Вялікі пост і Велікодны перыяд)
  • 20.05 — Пяцідзесятніца
  • 27.05 — І нядзеля пасля Пяцідзесятніцы
    (→ свята Найсвяцейшай Тройцы)
  • 03.06 — ІІ нядзеля пасля Пяцідзесятніцы
  • 10.06 — ІІІ нядзеля пасля Пяцідзесятніцы
  • (працяг перыяду пасля Пяцідзесятніцы)
  • 21.10 — ХХІІ нядзеля пасля Пяцідзесятніцы
  • 28.10 — ХХІІІ нядзеля пасля Пяцідзесятніцы
    (→ свята Валадарання Пана нашага Езуса Хрыста)
  • 04.11 — IV нядзеля пасля Аб’яўлення Пана
  • 11.11 — V нядзеля пасля Аб’яўлення Пана
  • 18.11 — VI нядзеля пасля Аб’яўлення Пана
  • 25.11 — ХХІV нядзеля пасля Пяцідзесятніцы
  • 02.12 — І нядзеля Адвэнту

Незвычайны літургічны перыяд

Вяртаючыся да значэння звычайнага перыяду ў духоўным жыцці, варта прыгадаць словы нямецкага каталіцкага філосафа Ёзаф Піпера, які тлумачыць, што без звыклага штодзённага жыцця ў нас не магло б быць і святаў (In Tune with the World: A Theory of Festivity, 1963):

Праца з’яўляецца часткай нашай штодзённасці, тады як свята — гэта штосьці асаблівае, незвычайнае, гэта перапынак ва ўпарадкаванай хадзе часу. “Свята кожны дзень”, а нават кожны другі дзень, гэта ідэя, не выканальная на практыцы; хоць яна і не супярэчыць наўпрост самой ідэі святочнасці, яе наўрад ці магчыма рэалізаваць у жыцці людзей, якія жывуць тут і цяпер. Святочная якасць дня залежыць ад таго, наколькі ён выключны. Свята можа паўстаць толькі ў такім стылі жыцця, які зазвычай фарміруецца працоўнымі днямі.

Адвэнт і Вялікі пост патрабуюць ад нас асаблівага гераічнага высілку. Велікодны перыяд і перыяд Нараджэння Пана даюць магчымасць радавацца цудоўным Божым справам. Але нам таксама важна мець звычайны, нязменны час, калі мы можам сузіраць Божыя таямніцы не ў святочнай радасці, а праз прызму штодзённага жыцця; калі ў нас ёсць час, каб вырасціць кволыя расліны нашых цнотаў і нашай радасці, каб прывесці сваё жыццё ў парадак перад Богам.

Звычайны перыяд з’яўляецца цудоўнай нагодай для таго, каб выйсці на гэту доўгую дыстанцыю, на якой вера можа надзейна паглыбляцца, а хрысціянскае жыццё можа даць сапраўдны рост.

Фота: Joseph Shaw (CC BY-NC-SA).


[1] У залежнасці ад працягласці Адвэнту ў канкрэтным годзе змяняецца таксама працягласць звычайнага перыяду. Часам яна складае 34 тыдні, але найчасцей гэта ўсяго 33 тыдні. Касцёл, аднак, дбае аб тым, каб літургічны год заўсёды заканчваўся XXXIV звычайным тыднем, бо на гэты тыдзень прадпісаны чытанні, якія маюць эсхаталагічны характар, таму з календара выпадае не XXXIV тыдзень, а тыдзень з сярэдзіны. У 2019 годзе звычайны перыяд перапыніцца на VIII звычайным тыдні, а адновіцца адразу Х звычайным тыднем.

[2] У іншых традыцыях гэтыя перыяды называлі па-іншаму. Напрыклад, да 1960 года ў дамініканскім календары першая частка звычайнага перыяду называлася не перыядам пасля Аб’яўлення Пана, а перыядам пасля актавы Аб’яўлення Пана (і ўключала, адпаведна, на адну нядзелю менш). Перыяд пасля Пяцідзесятніцы, у сваю чаргу, называўся перыядам пасля актавы Тройцы, што давала на дзве нядзелі менш. Да 1600-х гадоў гэтая другая частка ў дамініканцаў называлася проста перыядам пасля Тройцы.

[3] З-за існавання ў літургічным календары надзвычайнай формы перыяду Перадпосця першая частка звычайнага перыяду, альбо перыяд пасля Аб’яўлення Пана, аўтаматычна скарачаецца на тры тыдні ў параўнанні з календаром звычайнай формы.

Пакінуць каментар

Scroll Up