10.01.2018 / Josef Seifert

Прафесар Зейферт пра новае прачытанне “Humanae Vitae” ў дакладзе кс. К’ёдзі🕑 7 хвілін

Некаторыя каментатары прадказвалі, што памылковае вучэнне Amoris Laetitia, якое нібыта дазваляе ў “некаторых выпадках” прымаць святую Камунію тым, хто жыве ў паўторным, чужаложным саюзе, з часам паспрабуюць перанесці на сферу кантрацэпцыі. 2018 год, юбілейны для ключавой энцыклікі Humanae Vitae, здаваўся як найбольш адпаведным для таго, каб “пераасэнсаваць” і пасправабаваць прадставіць мяккі варыянт, які ўжо не прадугледжваў бы поўнай забароны сродкаў штучнага кантролю за нараджальнасцю. Раней у Ватыкане ўжо хадзілі чуткі пра заснаванне сакрэтнай камісіі, якая мае перагледзець вучэнне энцыклікі Humanae Vitae ў святле гэтага новага вучэння, а яшчэ падчас сінода на тэму сям’і, калі стала заўважна, што некаторыя іерархі прасоўваюць праграмы, якія супярэчаць каталіцкай веры, пэўная паважаная асоба ў Ватыкане паведаміла карэспандэнту Эдварду Пенціну, што сапраўднай мэтай гэтых іерархаў з’яўляецца падрыў энцыклікі Humanae Vitae і змякчэнне каталіцкага вучэння пра кантрацэпцыю.

Напрыканцы 2017 года адбылася першая спроба ў гэтым накірунку: на адной з канферэнцый член Пантыфікальнай Акадэміі жыцця кс. праф. Маўрыцыё К’ёдзі (Maurizio Chiodi), спасылаючыся на восьмы раздзел Amoris Laetitia, заявіў, што ў некаторых абставінах кантрацэпцыя можа быць не толькі апраўданай, але і абавязковай.

Наступны тэкст з’яўляецца заявай прафесара Ёзафа Зейферта, знакамітага аўстрыйскага філосафа і сузаснавальніка Міжнароднай Акадэміі філасофіі (IAP), у адказ на першую адкрытую спробу прымяніць памылковае вучэнне Amoris Laetitia да сферы кантрацэпцыі. Сумным фактам з’яўляецца тое, што сам прафесар Зейферт прадказваў, што сама чыстая логіка прадыктуе прымяніць згубныя высновы Amoris Laetitia не толькі для паўторных саюзаў, але і да іншых грахоў, што прывядзе да знішчэння ўсёй каталіцкай маральнасці.

Тэкст гэтай заявы апублікаваў сайт OnePeterFive. 

* * *

14 снежня 2017 года ў Папскім Грыгарыянскім універсітэце ў Рыме кс. праф. Маўрыцыё К’ёдзі прачытаў даклад пад назвай “Новае прачытанне Humanae Vitae (1968) у святле Amoris Laetitia (2016)”. Ён з’яўляецца новым членам Пантыфікальнай Акадэміі жыцця (PAV), заснаванай Папам Янам Паўлам ІІ дзеля тлумачэння і абароны тых праўдаў, якім Касцёл навучае ў сферы людскога жыцця ў Humanae Vitae і іншых дакументах. Тым не менш К’ёдзі не толькі адкрыта адмаўляе асноўнае маральнае вучэнне Касцёла пра кантрацэпцыю, цудоўна выкладзенае ў Humanae Vitae, а менавіта пра тое, што паміж сужэнскім саюзам любові і ўдзелам у стварэнні новага жыцця існуе такая цудоўная і глыбокая сувязь, што любы, нават адзіны кантрацэптыўны акт, які пазбаўляе сужэнскі акт гэтага створчага значэння, з’яўляецца па сваёй сутнасці няправільным у любой сітуацыі. Ідучы далей, за межы аспрэчвання гэтага вучэння, К’ёдзі сцвярджае, што ў пэўных абставінах кантрацэпцыя нават з’яўляецца маральна абавязковай. Па яго словах, адказнае бацькоўства можа абавязаць жанатую пару карыстацца сродкамі штучнага кантролю за нараджальнасцю.

Гэтым кс. К’ёдзі нібы дае зразумець, які адказ ён даў бы на два са знакамітых пяці dubia чатырох кардыналаў. Ускосны адказ К’ёдзі можна сфармуляваць наступным чынам: “Сапраўды, не існуе людскіх учынкаў, якія ва ўсіх абставінах з’яўляюцца ўнутрана (па сваёй сутнасці) няправільнымі”.

К’ёдзі спасылаецца на Amoris Laetitia, апостальскую адгартацыю Папы Францішка пра сям’ю, як на новы ўзор і новую парадыгму для маральнай тэалогіі, якая адкідае разуменне кантрацэпцыі (урачыста і аўтарытэтна выкладзенае ў Humanae VitaeFamiliaris Consortio і Veritatis Splendor) як унутрана дрэннага людскога ўчынку, што з’яўляецца няправільным усюды і заўсёды. Радыкальна і наўпрост супярэчачы навучэнню Магістэрыя Касцёла ў Humanae Vitae, К’ёдзі дадае, што існуюць “абставіны — я спасылаюся на Amoris Laetitia, раздзел 8 — якія якраз з увагі на адказнасць патрабуюць кантрацэпцыі”. Калі “натуральныя метады немагчымыя альбо невыканальныя, трэба шукаць іншыя формы адказнасці”, заявіў кс. К’ёдзі.

Несумненна, К’ёдзі стаіць на пазіцыі кансеквенцыяналізму і прапарцыяналізму, якія атакавалі энцыкліку Humanae Vitae з першага дня яе публікацыі і не толькі аспрэчвалі яе вучэнне ў тым, што кантрацэпцыя з’яўляецца няправільнай сама па сабе, але і заяўлялі, што ўнутрана няправільных учынкаў не існуе ўвогуле і што маральны характар любога людскога ўчынку вызначаецца выключна прапорцыяй паміж яго добрымі і кепскімі наступствамі. Гэтае меркаванне было яўна і адназначна аспрэчана і адкінута ў Veritatis Splendor.

К’ёдзі таксама выказвае больш агульныя філасофскія і этычныя меркаванні, якія з’яўляюцца глыбока памылковымі і абсалютна разбуральнымі не толькі для маральнага вучэння Каталіцкага Касцёла. але і для самой сутнасці маралі, а насамрэч для любой праўды і для любога вучэння Касцёла, а менавіта: 1) гістарычны рэлятывізм; 2) кансэнсусную тэорыю праўды; 3) і сітуацыйную этыку.

1. Кажучы, што нормы натуральнага права “захоўваюць дабро і навучаюць добрым шляхам, але з’яўляюцца гістарычнымі”, К’ёдзі адмаўляе існаванне спрадвечнай праўды і справядлівасць нормаў, якія кажуць нам, што кантрацэпцыя і многія іншыя ўчынкі з’яўляюцца дрэннымі самі па сабе, прычым гэты іх характар не залежыць ад гістарычнай змены меркаванняў і дастасоўваецца да іх, нібы ў 1968 годзе Humanae Vitae была праўдзівай, а ў 2018 годзе больш такой не з’яўляецца.

2. Таксама, хоць К’ёдзі наўпрост не заяўляе гэтага, ён мае на ўвазе, што той факт, што вялікі працэнт каталіцкіх сужэнцаў практыкуе кантрацэпцыю і не прымае адпаведныя нормы, з’яўляецца апраўданнем для таго, каб маўчаць пра іх, і нават даводзіць, што гэтыя нормы больш не з’яўляюцца сапраўднымі [1]. Тым жа правам ён мог бы заявіць, што нам дазволена больш не казаць пра першае прыказанне любіць Бога больш за ўсё іншае альбо нават што гэтая норма больш не з’яўляецца сапраўднай, таму што большасць каталікоў не выконвае яе; альбо што прыказанне, якое забараняе даваць ілжывае сведчанне супраць бліжняга, больш не з’яўляецца сапраўдным, таму што большасць людзей ілжэ і абгаворвае іншых.

3. Заяўляючы, што ёсць “абставіны — я спасылаюся на Amoris Laetitia, раздзел 8 — якія якраз з увагі на адказнасць патрабуюць кантрацэпцыі”, К’ёдзі фактычна адмаўляе ўнутрана ўласцівую няправільнасць кантрацэпцыі, пра якую аўтарытэтна навучаў Павел VI, ягоныя папярэднікі і наступнікі, і ставіць добры альбо кепскі маральны характар справаў, звязаных з перадачай людскога жыцця, у поўную залежнасць ад канкрэтных сітуацый. Працягваючы разважанні ўздоўж падобнага мэтанакіраванага, альбо кансеквенцыяльнага і прапарцыянальнага разумення этыкі кантрацэпцыі, К’ёдзі намякае, што ўвогуле не існуе ўнутрана няправільных учынкаў і што маральная якасць людскога ўчынку ніколі не можа вымярацца ўніверсальным, “агульным правілам”, а залежыць ад прапорцыі паміж добрымі і кепскімі наступствамі людскіх учынкаў у канкрэтных сітуацыях. Калі браць агульна, то сітуацыйная этыка, якую абараняе кс. К’ёдзі, таксама аспрэчыла б унутраную няправільнасць аборту і эўтаназіі, а таксама многіх іншых учынкаў, пералічаных у Veritatis Splendor сярод учынкаў, якія з’яўляюцца маральна няправільнымі ва ўсіх абставінах і ва ўсіх сітуацыях. Варта заўважыць, што гэтае меркаванне не мае нічога супольнага са слепатою сумлення, адсутнасцю этычных ведаў альбо асабістай вінаватасцю, пра якія так часта ў цяперашняй дыскусіі кажа Рока Буцільёнэ. Не, К’ёдзі мае на ўвазе цалкам аб’ектыўны “абавязак выкарыстоўваць кантрацэпцыю” ў пэўных сітуацыях.

Акрамя адкрытага аспрэчвання касцёльнага вучэння пра кантрацэпцыю ў Humanae Vitae, лекцыя кс. К’ёдзі ўтрымлівае згубныя агульныя філасофскія памылкі, якія Папа Ян Павел ІІ аўтарытэтна і пераканаўча абверг у Veritatis Splendor. Можна толькі спадзявацца, што Папа Францішак, арцыбіскуп Палья і абсалютная большасць членаў PAV папросяць кс. К’ёдзі адклікаць свае сур’ёзна памылковыя словы альбо неадкладна адмовіцца ад свайго членства ў гэтай праслаўленай Акадэміі, заснавальнік і духоўны айцец якой — Папа Ян Павел ІІ — старанна і сістэматычна змагаўся дакладна супраць тых самых памылак, якія цяпер выказвае кс. К’ёдзі, і канчаткова асудзіў іх.

Таксама св. Ян Павел ІІ заснаваў PAV менавіта дзеля таго, каб тлумачыць і абараняць тыя праўды, якія К’ёдзі адмаўляе. (Як звычайнаму і пажыццёваму — да рэформы Папы Францішка у 2016 годзе — члену PAV, які прысягнуў ніколі не аспрэчваць гэтых праўдаў, мне застанецца толькі адчуваць глыбокі смутак ад гэтай здрады PAV, асабліва дарагой сэрцу Яна Паўла ІІ, калі падобныя погляды не будуць адкліканы самім К’ёдзі, Акадэміяй альбо Папам Францішкам.)

Аднак этычная праўда і непраўдзівасць гэтага прапарцыяналізму не толькі падпарадкоўваюцца каталіцкай веры, але таксама могуць быць спазнаныя людскім розумам [2]. Іх пераканаўча абаранялі вялікія язычніцкія філосафы Сакрат, Платон і Цыцэрон; іх таксама абараняюць прыхільнікі іншых рэлігій, некаторыя з якіх з’яўляюцца членамі новай Акадэміі Яна Паўла ІІ па справах чалавечага жыцця і сям’і, якая, несумненна, працягвае сваё служэнне вялікім базавым праўдам і мэтам PAV.

Прафесар Ёзаф Зейферт, DDr. habil. Dr. h.c.
Прэзідэнт Акадэміі Яна Паўла ІІ па справах чалавечага жыцця і сям’і

(Больш інфармацыі пра заснаванне Акадэміі Яна Паўла ІІ па справах чалавечага жыцця і сям’і)

ЗАЎВАГІ:

[1] Тут я абапіраюся на змест прамовы, апублікаваны на LifeSite: “Тады як у 50-я і 60-я гады была вострая неабходнасць у верніках, цяпер абсалютная большасць нават веруючых жанатых параў жыве так, быццам гэтая норма не існуе”, — сказаў ён.

“Афіцыйна і аб’ектыўна гэтая норма засталася”, але “нават многія святары” не кажуць пра яе, сказаў ён. “Публічна, пры катэхізацыі і ў прапаведаванні яны лічаць за лепшае не казаць пра яе”, тады як “у асабістых адносінах [з людзьмі] яны захоўваюць вельмі паблажлівую паставу, калі гэтае пытанне ўздымаецца”. “І таму, — заявіў ён, — вельмі важна, што Amoris Laetitia так мала кажа пра гэта”.

[2] Гл. Josef Seifert, “The Splendor of Truth and Intrinsically Immoral Acts I: A Philosophical Defense of the Rejection of Proportionalism and Consequentialism in Veritatis Splendor”. Studia Philosophiae Christianae UKSW 51 (2015) 2, pp. 27-67; “The Splendor of Truth and Intrinsically Immoral Acts II: A Philosophical Defense of the Rejection of Proportionalism and Consequentialism in Veritatis Splendor”. Studia Philosophiae Christianae UKSW 51 (2015) 3, pp. 7-37.


Аўтар: Josef Seifert
Крыніца: OnePeterFive
Ілюстрацыя: OnePeterFive

Тэкст перакладзены з англійскага арыгінала і перадрукаваны з дазволу рэдакцыі OnePeterFive.

Пакінуць каментар

Scroll Up