Выкарыстанне званоў у набажэнствах мае вельмі старажытнае паходжанне. Згадкі пра іх мы знаходзім у кнігах Зыходу і Левіт, дзе званочкі пералічвацца сярод упрыгожванняў святарскага эфода, каб іхні гук раздаваўся, калі святар будзе ўваходзіць і выходзіць са святыні. (У іншым месцы мы казалі, што старажытны звычай мацавання званочкаў да краёў святарскага ўбрання дагэтуль вельмі распаўсюджаны ва Усходнім Касцёле.) Акрамя гэтых малых званочкаў, габрэі выкарыстоўвалі і іншыя, большага памеру, якія называліся мегеруфіта і ўжываліся, каб склікаць левітаў пры пэўных нагодах. Пра іх Мішна [1] кажа, што калі ў іх білі, яны давалі настолькі аглушальны гук, што ва ўсім Ерузалеме няможна было пачуць, што кажа суразмоўца. Званілі ў іх пераважна з трох нагодаў: па-першае, каб склікаць святароў на службу; па-другое, каб сабраць хор левітаў на спеў; па-трэцяе, каб абвясціць, што прыйшоў час прыводзіць нячыстых да брамы, якая называлася “Ніканор” (Bannister, Temples of the Hebrews, с. 101). Таксама Мішна кажа, што калі ў гэтыя званы званілі з усёй моцы, іх было чуваць у Ерыхоне, што знаходзіцца прыблізна за 30 км ад Ерузалема.

На працягу першых трох-чатырох стагоддзяў існавання хрысціянскага Касцёла вернікаў склікалі на набажэнствы як мага больш ціха, бо існавала рызыка прывабіць ворагаў-язычнікаў, што прывяло б да новай хвалі пераследу; адпаведна, у гэтыя дні мы не знаходзім званоў у выкарыстанні.

Па словах Палідора Вергілія, першым увёў практыку званіць у званы на Імшы Папа Сабініян (VII ст.), непасрэдны наступнік Папы Грыгорыя Вялікага (Bona, Rer. Liturg., 259). Тое ж меркаванне падтрымлівае Ануфрый Панвіній, які, пішучы пра гэтага пантыфіка, сцвярджае: “Hic Papa campanarum usum invenit, jussitque ut ad horas canonicas, et Missarum sacrificia pulsarentur in ecclesia” (“Гэты Папа ўвёў выкарыстанне званоў і загадаў, каб яны званілі на кананічныя гадзіны, а таксама падчас ахвяры Імшы”). Зазвычай увядзенне званоў прыпісваюць Паўліну Нольскаму, але гэтае меркаванне слаба абгрунтаванае.

Назва “campanae”, якую часам званам даюць па назве горада Кампаны ў Італіі, дзе рабілася вялікая іх колькасць, зазвычай адносіцца да званоў большага памеру, тады як назва “nolae” (таксама ад італьянскага горада) датычыцца меншых званоў. Малыя званы часта акрэсліваюцца назвай “tintinnabula” з-за іх асаблівага перазвону.

Старажытная замена для званоў

Перад тым, як выкарыстанне званоў распаўсюдзілася ў Касцёле, замест іх выкарыстоўвалі адмысловыя гучныя пласцінкі, якія называлі біламі і ў якія білі драўлянымі малаткамі. Яны і цяпер выкарыстоўваюцца ў многіх касцёлах на Усходзе, асабліва на турэцкіх тэрыторыях, бо сярод паслядоўнікаў Карана ёсць павер’е, што гук звычайных званоў непакоіць душы памерлых. Таму на Усходзе, у тых месцах, дзе пераважае іслам, дазвол выкарыстоўваць званы ў набажэнствах лічыцца вельмі вялікім прывілеем і карыстаюцца ім нямногія касцёлы. Каб заспакоіць сваіх падданых хрысціянаў і заваяваць іхнюю прыхільнасць, Алі-паша ўдзяліў гэты прывілей касцёлам Яніны, сталіцы Албаніі (Neale, Holy Eastern Church, i. с. 216). Апошнім часам выкарыстанне званоў было таксама пашырана на Храм Гроба Пана ў Ерузалеме, дзе гуку званоў не было чуваць ад часоў крыжакоў.

Што датычыцца білаў, то яны бываюць двух відаў: з дрэва альбо жалеза. Першае ў сваёй аснове мае доўгі кавалак цвёрдага, добра абгабляванага бруса, зазвычай з клёну, даўжынёю ад трох да трох з паловай метраў, каля 50 см шырынёю і 25 см таўшчынёю. У цэнтры гэтага бруса быў выраз для таго, каб брацца рукою, калі б’еш малатком. Людзі, якія чулі гук такога біла, запэўніваюць нас, што ягоны гук вельмі аглушальны. Білы, зробленыя з жалеза, зазвычай даюць вельмі музычны гук і, адпаведна, менш раздражняюць вуха, чым тыя, што зроблены з дрэва. Металічныя білы зазвычай вырабляюць у форме паўмесяца, а іхні гук мала адрозніваецца ад гуку кітайскага гонга. На Усходзе яны вельмі распаўсюджаны.

Драўлянае біла ў Румыніі.

У сірыйцаў біла карыстаецца найвялікшай пашанай, бо іхняя старадаўняя традыцыя прыпісвае яго вынаходніцтва Ною, да якога, па іхніх словах, Бог звярнуўся з такімі словамі: “Зрабі сабе звон з самшыту, які не падлягае распаду, у тры локці даўжынёю і паўтары шырынёю, а таксама малаток з таго ж самага дрэва. Бі ў гэты інструмент кожны дзень тры асобныя разы: адзін раз зранку, каб заклікаць [працоўныя] рукі да каўчэга, адзін раз апоўдні, каб абвясціць абед, і адзін раз увечары, каб адпусціць іх на адпачынак”. Сірыйцы б’юць у білы, калі пачынаецца Божы Афіцый і калі надыходзіць час збіраць людзей на супольную малітву (Lamy, De Fide Syrorum et Discip. in re Eucharistiae). Асаблівы сімвалізм, які сірыйцы далучаюць да гэтага “святога дрэва”, як яны называюць біла, па меншай меры, вельмі значны і кранальны. Гук дрэва, напрыклад, мае нагадваць, што менавіта дрэва з Эдэнскага саду прывяло да падзення Адама, калі ён паспрабаваў ягоны плод насуперак Божаму загаду; той жа гук нагадвае і іншую вялікую падзею, а менавіта той гук, які раздаваўся, калі да крыжа прыбівалі Збаўцу свету, Які прыйшоў адкупіць грэх Адама. Гэтая ідэя вельмі прыгожа выкладзена ў прэфацыі пра Крыж.

Сміт і Дуайт (Researches in Armenia, ii. с. 261), слухацца якіх з-за іхняй вузкалобай нецярпімасці хутчэй небяспечна, але на якіх можна пакладацца ў тых справах, якія не выклікаюць у іх прадузятасці, паведамляюць, што нестарыяне выкарыстоўваюць званы ў сваіх набажэнствах. Яны кажуць, што пры гучанні малога званочка людзі жагнаюцца і на хвіліну-другую схіляюць галовы ў маўклівым пакланенні. Вельмі верагодна, што мова ідзе пра ўзнясенне святых постацяў пасля кансэкрацыі.

У выпадку армянаў мы маем амаль няспыннае гучанне званочкаў падчас Імшы. Гэтыя званочкі давераны пераважна дыяканам, якія носяць іх прымацаванымі да перыметра круглых пласцінак на доўгіх ручках. Карыстаюцца яны і вялікімі званамі, што звісаюць са скляпенняў іх касцёлаў (ibid. ii. с. 101).

Эфіопы звоняць у вялікія званы падчас узнясення святых постацяў.

Гор кажа (Euchol., с. 560), што ва Усходнім Касцёле званы не выкарыстоўваліся да канца ІХ стагоддзя, калі венецыянскі дож Орса І паслаў дванаццаць званоў у падарунак імператару Міхаілу, які змясціў іх на званіцу Святой Сафіі ў Канстантынопалі (Bona, с. 259).

На гары Афон, якую на Усходзе называюць святой гарою з-за вялікай колькасці манастыроў, званы карыстаюцца вельмі вялікай папулярнасцю. Манастыр св. Іллі на востраве Крыт мае некалькі вельмі выдатных званоў, і самі крыцяне вельмі шануюць іх, што можна ўбачыць з аднаго іхняга старажытнага верша, фрагмент якога гучыць так (Neale, 216):

У велічны нядзельны ранак,
гук званоў, хутчэй ляці,
каб прывітаць Вялікдзень Пана
у Hagio Konstandi [2].

Прывязанасць рускага народа да званоў вядомая па ўсім свеце. Кожны храм у Крамлі [3] мае іх удосталь; а памер іх настолькі вялікі, што патрэбна па некалькі людзей, каб званіць у іх. На званіцы Івана Вялікага знаходзіцца трыццаць тры званы, сярод іх знакаміты Ноўгарадскі звон, якім склікаюць людзей з вельмі далёкіх мясцінаў. Аднак гэты вялікі звон нішто ў параўнанні з сусветным гігантам сярод званоў “Іванам Вялікім”, для якога немагчыма збудаваць дастаткова моцную званіцу. Ён важыць 216 тон і знаходзіцца на экспазіцыі ў Крамлі, дзе на працягу мінулых гадоў ён выкарыстоўваўся як капліца, куды людзі маглі ўваходзіць праз вялікі адлом, зроблены падчас адліўкі (Romanoff, Rites and Customs of the Greco-Russian Church, с. 259; Porter, Travels, с. 163; Encyclopaedia Britannica, арт. “Bell”) [4].

Як вернікаў склікалі ў касцёлы ў дні пераследу

Некаторыя аўтары выказалі меркаванне, хоць і цалкам неабгрунтаванае, што ў дні пераследу вернікаў склікалі на набажэнствы гукам гэтых брускоў, якія называюць біламі і пра якія мы сказалі вышэй. Але хвіліна разважання пераканае нас, што гэта няпраўда, бо шырока вядома, што ў тыя сумныя дні прадпрымаліся сур’ёзныя меры, каб забяспечыць поўную прыватнасць збораў вернікаў, бо язычнікі, пачуўшы пра іх, маглі б атрымаць падставы для новага пераследу. Таму памылкова будзе меркаваць, што для збору хрысціянаў падаваўся нейкі публічны сігнал. Хутчэй яны збіраліся дзякуючы нейкім сакрэтным знакам, якія былі ім вядомы альбо якія перадавалі з раёну ў раён адмыслова прызначаныя людзі. Такога погляду прытрымліваюцца кардынал Бона (гл. Rer. Liturg., с. 259), Бароній і многія іншыя знакамітыя аўтары. Мы ўжо казалі, што білы выкарыстоўваліся замест званоў у раннія часы, але пад гэтымі часамі мы маем на ўвазе не часы пераследу, а перыяд, які ішоў адразу за эпохай Канстанціна Вялікага.

Маўчанне званоў на Вялікім тыдні

Паколькі гук званоў выклікае менш-больш радасныя і ўрачыстыя пачуцці, з няпомных часоў пайшоў звычай прыпыняць іх выкарыстанне падчас апошніх дзён Вялікага тыдня, калі ўвесь Касцёл смуткуе з прычыны мукі і смерці нашага Боскага Збаўцы. Таму ў старажытных дакументах часта можна было знайсці словы пра “ціхі тыдзень” альбо “тыдзень пакутаў”. Званы змаўкаюць ад “Gloria” на Імшы Вялікага чацвярга да “Gloria” ў Вялікую суботу, калі радасны і ўрачысты перазвон гучыць на ўспамін уваскрасення нашага Збаўцы. Калі званы маўчаць, выкарыстоўваюцца невялікія драўляныя бразготкі, якія нагадваюць старажытныя білы. Гэтыя бразготкі гучаць у тыя ж моманты, калі зазвычай гучаць званы, а менавіта на “Sanctus”, узнясенне, Камунію і г. д.

Па словах Папы Бенедыкта XIV (De festis, 174), маўчанне званоў на гэтым тыдні мае містычнае значэнне, бо яно азначае прапаведнікаў Божага слова, а ўсё прапаведаванне было прыпынена ад моманту затрымання нашага Пана да таго часу, калі Ён уваскрос з мёртвых. Акрамя таго, калі апосталы ўбачылі горкую муку Пана і знявагу, пад якую яго аддалі габрэі, яны ціха схаваліся і пакінулі Яго аднаго. Дзюран падае яшчэ і іншыя містычныя прычыны, чаму ў гэтыя тры дні захоўваецца цішыня (Rationale, с. 512).

Чытачу варта памятаць, што паколькі набажэнствы Вялікага тыдня маюць больш старажытнае паходжанне, чым іншыя набажэнствы гадавога цыкла, у іх адлюстроўваюцца больш даўнія літургічныя традыцыі, якіх, як мы пастаянна заўважалі і ў іншых месцах, Касцёл трымаецца вельмі цвёрда.


[1] Мішна, альбо вусны закон габрэяў, утрымлівае розныя традыцыі, звязаныя з законам Майсея. Мішна і Гемара (каментарый да Мішны) разам складаюць так званы Талмуд, які бывае Ерузалемскі і Вавілонскі. З гэтых двух апошні лічыцца больш важным.

[2] Словы “Hagio Konstandi” адносяцца да Канстантынопаля — святога горада Канстанціна.

[3] Паколькі няма нічога горшага за педантызм, мы следуем агульнапрынятаму спосабу напісання гэтага слова (Kremlin), хоць мы ведаем, што правільна пісаць Kreml, што на арабскай мове азначае “ўмацаванае месца”. Маскоўскі Крэмль ахоплівае па перыметры 3 км і ўключае ў сябе шмат прыгожых храмаў; ва Успенскім саборы заўсёды адбываюцца каранацыі цароў.

[4] Найбольшыя званы ў свеце з тых, што выкарыстоўваюцца, наступныя: другі маскоўскі звон вагою 128 тон; Kaiserglocke у кёльнскай катэдры, 25 тон; вялікі пекінскі звон, 53 тоны; звон у Нотр-Даме, 17 тон; вэстмінстэрскі Біг-Бэн, 14 тон; Вялікі Том у саборы Лінкальна, 5 тон.


Аўтар:  Джон О’Браен (John O’Brien), A. M., прафесар святой Літургіі ў Каледжы Маўнт Сэйнт Мэры (Mount St. Mary’s College), Эмітсбург, Мэрылэнд, ЗША.
Выданне: A History of the Mass and Its Ceremonies in the Eastern and Western Church (15 ed., 1879).
Ілюстрацыйныя фота: DALIBRI (CC BY-SA), Ana Maria Catalina (CC BY-SA).

Калі вы знайшлі арфаграфічную памылку, калі ласка, вылучыце яе і націсніце Ctrl+Enter.

Пакінуць каментар