05.01.2018 / Rorate Caeli

Біскуп Шнайдэр: “Толькі Бог можа ўмяшацца, і Ён абавязкова гэта зробіць”🕑 8 хвілін

Біскуп Атаназіус Шнайдэр, адзін з аўтараў “Вызнання нязменных праўдаў пра сакрамэнтальнае сужэнства“, распавёў у інтэрв’ю Rorate Caeli, чаму ён і яго браты-біскупы палічылі, што прыйшоў час выказацца, паразважаў пра цяперашні крызіс у Касцёле і сітуацыю вакол “разведзеных і паўторна жанатых” асобаў і даў парады тым, хто адчувае няёмкасць, чуючы ад Папы Францішка неадназначныя рэчы.

Rorate Caeli: Ваша Эксцэленцыя, цягам многіх гадоў вы знаходзіліся на пярэднім краі справы аднаўлення традыцыйнай літургіі. Цяпер жа вы, арцыбіскуп Пэта і арцыбіскуп Ленга публічна і пераканаўча выступілі ў абарону сужэнства на фоне наступстваў Amoris Laetitia. Чаму вы трое палічылі, што прыйшоў час выказацца?

Біскуп Атаназіус Шнайдэр: Пасля публікацыі Amoris Laetitia некаторыя біскупы і біскупскія канферэнцыі пачалі выдаваць “пастырскія” нормы адносна так званых “разведзеных і паўторна жанатых” асобаў. Трэба сказаць, што для каталіка не існуе разводу, таму што сапраўдная сакрамэнтальная сувязь зацверджанага і завершанага сужэнства з’яўляецца абсалютна неразрыўнай, і нават сувязь натуральнага сужэнства таксама сама па сабе з’яўляецца неразрыўнай. Таксама для каталіка існуе толькі адно сапраўднае сужэнства, калі яго законны сужэнец усё яшчэ жывы. Таму ў гэтым выпадку нельга казаць пра “паўторнае заключэнне сужэнства”. Таму выраз “разведзеныя і паўторна жанатыя” ўводзіць у зман і заблытвае. Паколькі гэты выраз шырока выкарыстоўваецца, мы ўжываем яго толькі ў двукоссі і з дадаткам “так званыя”.

Згаданыя пастырскія нормы наконт так званых “разведзеных і паўторна жанатых” асобаў — нормы, замаскіраваныя рыторыкай, якая балансуе на мяжы сафізму, — прадугледжваюць сваім канчатковым рэзультатам допуск “разведзеных і паўторна жанатых” асобаў да святой Камуніі без патрабавання абавязковай і Богам устаноўленай умовы не парушаць сваю святую сужэнскую сувязь сталымі сэксуальнымі адносінамі з асобай, якая не з’яўляецца іх законным сужэнцам. Гэты працэс няяўнага прызнання разводаў у жыцці Касцёла дасягнуў пэўнага максімуму, калі Папа Францішак загадаў апублікаваць у Acta Apostolicae Sedis свой ліст з адабрэннем падобных нормаў, выдадзеных біскупамі пастырскага рэгіёна Буэнас-Айрэса.

За гэтым актам паследавала заява, што гэтае папскае адабрэнне будзе належыць да аўтэнтычнага навучання Касцёла. З увагі на такія пастырскія нормы, якія супярэчаць Божаму Аб’яўленню з яго абсалютнай забаронай разводаў, а таксама супярэчаць навучанню і сакрамэнтальнай практыцы беспамылковага звычайнага і ўніверсальнага Магістэрыя Касцёла, мы, як наступнікі апосталаў, былі змушаны сумленнем узняць голас і паўтарыць нязменнае вучэнне і практыку Касцёла наконт неразрыўнасці сакрамэнтальнага сужэнства.

Ці выдавала канферэнцыя біскупаў Казахстана афіцыйную інтэрпрэтацыю Amoris Laetitia? Ці ёсць планы зрабіць гэта ці гэты ліст азначае, што, на думку канферэнцыі, Amoris Laetitia нельга зразумець артадаксальным чынам альбо што гэтая адгартацыя несумяшчальная з Катэхізісам, Пісаннем і Традыцыяй?

Тэкст “Вызнання нязменных праўдаў” не з’яўляецца дакументам канферэнцыі біскупаў Казахстана. Гэта дакумент толькі тых біскупаў, якія яго падпісалі. Наша біскупская канферэнцыя не палічыла неабходным выдаваць пастырскія нормы для інтэрпрэтацыі AL. Хоць у нашым грамадстве ў выніку 70 гадоў камуністычнага матэрыялізму пошасць разводаў вельмі пашырана і хоць у нашых парафіях мы таксама маем так званых “разведзеных і паўторна жанатых” асобаў, аднак тыя самыя “разведзеныя і паўторна жанатыя” асобы не асмельваюцца прасіць аб допуску да святой Камуніі, таму што, дзякуй Богу, веданне пра грэх і яго ўсведамленне глыбока закаранёна ў душах, нават у грамадзянскай супольнасці.

У нашай краіне людзі здзяйсняюць грахі, як і ў іншых, але нашыя людзі ўсё яшчэ прызнаюць, што грэх гэта грэх, і таму існуе надзея на навяртанне такіх грэшнікаў і на Божую міласэрнасць да іх. Для нашых людзей, і нават для тых з іх, хто развёўся і паўторна “ажаніўся”, было б пэўным блюзнерствам патрабаваць доступу да святой Камуніі, у той жа час працягваючы жыць сумесна з асобай, якая не з’яўляецца іх законным сужэнцам. Таму наша біскупская канферэнцыя не палічыла неабходным выдаваць адпаведныя нормы.

Папу даслалі знакамітыя dubia, а таксама сыноўскае выпраўленне ад пераважна свецкіх людзей. Ні адно, ані другое не атрымала адказу. Аднак многія лічаць, што Францішак ужо даў своеасаблівы адказ, калі ён афіцыйна падтрымаў відавочна ерэтычныя інструкцыі біскупаў Буэнас-Айрэса наконт тых, хто развёўся, паўторна ажаніўся і працягвае жыць у сужыцельстве. Ці трэба нам чакаць далейшых крокаў ад Францішка?

Непасрэдна інструкцыі біскупаў Буэнас-Айрэса ерасі не ўтрымліваюць. Аднак яны дазваляюць “разведзеным і паўторна жанатым” асобам у індывідуальных выпадках прымаць святую Камунію, нягледзячы на той факт, што яны не жадаюць спыніць сэксуальныя адносіны са сваім пазашлюбным партнёрам. Гэтым самым згаданыя пастырскія інструкцыі практычна і ўскосна адмаўляюць Богам аб’яўленую праўду пра  неразрыўнасць сужэнства. Смутныя абставіны заключаюцца ў тым, што Папа зацвердзіў гэтыя інструкцыі. Такім спосабам, на маю думку, Папа даў прамы адказ на першае пытанне і ўскосны на астатнія чатыры. Нам застаецца толькі ў сваіх закліках, малітвах і ахвярах чакаць, што Папа Францішак самым недвухсэнсоўным чынам дасць адказ на пяць dubia ў згодзе з адпаведным вучэннем звычайнага і ўніверсальнага беспамылковага Магістэрыя.

Пагроза для вернікаў была бачнай не толькі ад моманту публікацыі Amoris Laetitia, а ўжо з адных толькі дыскусій на сінодах. Нельга адмаўляць, што ўсё гэта выклікала вялікае замяшанне. У выпадку Humanae Vitae карысць гэтага дакумента была зменшана з-за яго вельмі доўгай падрыхтоўкі. Ці можна сказаць, што цяпер ужо позна, каб усё гэта спыніць, асабліва калі Папа афіцыйна даў дазвол некаторым разведзеным і паўторна жанатым прымаць святую Камунію?

Мы павінны памятаць, што Касцёл знаходзіцца не ў нашых руках і нават не ў руках Папы, а ва ўсемагутных руках Хрыста, і таму няможна сказаць, што цяпер зусім позна, каб усё гэта спыніць. Таксама да нашай сітуацыі ўнутры Касцёла мы можам прымяніць сцвярджэнне святога Паўла: “Дзе памножыўся грэх, там яшчэ больш памножылася ласка” (Рым 5:20). Бог дазволіў гэтае цяперашняе надзвычайнае дактрынальнае і маральнае замяшанне ў Касцёле, каб пасля крызісу яшчэ мацней заяснела праўда і каб Касцёл стаў прыгажэйшым духоўна, асабліва сваімі жанатымі парамі, сем’ямі і Папамі.

Вось ужо больш за год мы чуем, што фармальнае выпраўленне ад кардыналаў непазбежнае, аднак нічога так і не адбылося. У чым, на ваш погляд, затрымка?

Перад абліччам цяперашняга часовага і частковага зацьмення функцыянавання папскага Магістэрыя ў тым, што канкрэтна датычыцца абароны і практычнага выканання неразрыўнасці сужэнства, члены епіскапату і Калегіі кардыналаў павінны дапамагчы Папу ў гэтым настаўніцкім абавязку праз публічнае вызнанне нязменных праўдаў, якія перадае звычайны і ўніверсальны Магістэрый, гэта значыць чаму навучалі ўсе Папы і ўвесь епіскапат ва ўсе часы.

Што будзе, калі некалькі кардыналаў зробяць фармальнае выпраўленне, але Францішак будзе працягваць афіцыйна падтрымліваць біскупскія канферэнцыі, якія дазваляюць прымаць святую Камунію некаторым разведзеным і паўторна жанатым асобам?

Ад першых стагоддзяў у традыцыйным каталіцкім вучэнні існуе наступны прынцып “Prima sedes a nemine iudicatur”, гэта значыць першы біскупскі пасад (пасад Пятра) не можа нікім судзіцца. Калі біскупы з павагай нагадваюць Папу пра нязменныя праўды і дысцыпліну Касцёла, яны тым самым не судзяць першы пасад Касцёла; наадварот, яны паводзяць сябе як калегі і браты Папы. Адносіны біскупаў да Папы павінны быць калегіяльнымі, братэрскімі, не рабалепнымі і заўсёды звышнатуральна паважлівымі, як гэта падкрэсліваў Другі Ватыканскі сабор (асабліва ў дакументах Lumen gentium і Christus Dominus). Трэба працягваць вызнаваць нязменную праўду і яшчэ больш маліцца за Папу, і тады толькі Бог можа ўмяшацца, і Ён абавязкова гэта зробіць.

Што вы можаце сказаць тыповаму каталіку, які наведвае Імшу, але, магчыма, не сочыць за касцёльнай палітыкай, як гэта робяць чытачы Rorate? Звыклым каталікам, для якіх шматлікія неадназначныя рэчы, якія яны пачулі ад Вярхоўнага Пантыфіка на працягу апошніх гадоў, могуць (спадзяемся) падацца супярэчнымі таму, чаму іх вучылі ўсё жыццё? І што павінны рабіць сур’ёзныя каталікі, калі на кожным кроку мадэрністы пытаюцца ў іх, ці сапраўды яны лічаць сябе “большымі каталікамі за Папу”?

Па-першае, гэтыя вернікі павінны працягваць чытаць і вывучаць нязменны катэхізіс і перадусім вялікія дактрынальныя дакументы Касцёла. Такія дакументы з’яўляюцца асновай. Гэта дэкрэты Трыдэнцкага сабору пра сакрамэнты; энцыклікі Pascendi Пія Х, Casti connubii Пія ХІ, Humani generis Пія ХІІ; Humanae vitae Паўла VI, Credo Божага люду Паўла VI, энцыкліка Veritatis splendor Яна Паўла ІІ і яго апостальская адгартацыя Familiaris consortio. Гэтыя дакументы не адлюстроўваюць персанальнае і кароткачасовае меркаванне аднаго Папы альбо пастырскага сінода. Наадварот, гэтыя дакументы адлюстроўваюць і ўзнаўляюць беспамылковы звычайны і ўніверсальны Магістэрый Касцёла.

Па-другое, яны павінны памятаць, што Папа не з’яўляецца стваральнікам праўды, веры і сакрамэнтальнай дысцыпліны Касцёла. Папа і ўвесь Магістэрый “не вышэйшы за Божае слова, але служыць яму, навучаючы толькі таму, што было перададзена” (Другі Ватыканскі сабор, Dei Verbum, 10). Першы Ватыканскі сабор навучаў, што харызма служэння наступнікаў Пятра “азначае не тое, што яны маглі б распаўсюджваць нейкае новае вучэнне, а тое, што пры дапамозе Духа Святога яны могуць пабожна абараняць і верна выкладаць аб’яўленне альбо дэпазіт веры, перададзены апосталамі” (Pastor aeternus, раздзел 4).

Па-трэцяе, Папа не можа быць цэнтральнай кропкай штодзённага жыцця каталіцкага верніка. Цэнтральнай кропкай павінен быць Хрыстус. Інакш мы зробімся ахвярамі ненармальнага папацэнтрызму альбо нейкага папапаклонніцтва — паставы, якая з’яўляецца чужой традыцыі апосталаў, Айцоў Касцёла і вялікай традыцыі Касцёла. У нашыя дні так званае “ультрамантанства” ХІХ і ХХ стагоддзяў дасягнула найвышэйшай кропкі і стварыла ненармальны папацэнтрызм і папапаклонніцтва. Падам толькі адзін прыклад. Напрыканцы ХІХ стагоддзя ў Рыме быў адзін знакаміты мансіньёр, які вадзіў розныя групы пілігрымаў на папскія аўдыенцыі. Перад тым, як ён дазваляў ім увайсці, каб убачыць і паслухаць Папу, ён казаў ім: “Уважліва слухайце беспамылковыя словы, якія будуць выходзіць з вуснаў Намесніка Хрыста”. Вядома, такая пастава з’яўляецца чыстай карыкатурай на служэнне Пятра і супярэчыць вучэнню Касцёла. Тым не менш, нават у нашыя дні, нямала каталікоў, святароў і біскупаў праяўляюць, па сутнасці, тую ж карыкатурную паставу да святога служэння наступніка Пятра.

Згодна з каталіцкай традыцыяй, сапраўдная пастава ў адносінах да Папы заўсёды адрознівалася цвярозай стрыманасцю, разумнасцю, логікай, здаровым сэнсам, духам веры і, вядома, таксама шчырай адданасцю. Аднак павінен быць збалансаваны сінтэз гэтых характарыстык. Мы спадзяемся, што пасля цяперашняга крызісу Касцёл дасягне больш збалансаванай і здаровай паставы ў адносінах да асобы Папы і да яго святога і неабходнага служэння ў Касцёле.


Крыніца: Rorate Caeli
Ілюстрацыйнае фота: Fr. Lawrence Lew, OP (CC BY-NC-ND).

Тэкст перакладзены з англійскага арыгінала і перадрукаваны з дазволу рэдакцыі.

Пакінуць каментар

Scroll Up