Трое біскупаў Казахстана жадаюць рэзультату, а не толькі знешняга ўражання. Апублікаваўшы напачатку 2017 года заклік да вернікаў з просьбай аб малітве, напрыканцы года, у свята Святой Сям’і, арцыбіскуп Томаш Пэта, арцыбіскуп Ян Павел Ленга і біскуп Атаназіус Шнайдэр засведчылі сваю адданасць нязменнаму навучанню Касцёла і яго пастаяннай сакрамэнтальнай дысцыпліне і асудзілі практыку допуску да святой Камуніі вернікаў, якія знаходзяцца ў чужаложным саюзе з асобай, што не з’яўляецца іх законным сужэнцам.

Наш Пан і Збаўца Езус Хрыстус урачыста, адназначна і без усялякіх выключэнняў абвясціў Божую волю, якая заключаецца ў абсалютнай забароне разводаў. Адабрэнне альбо ўзаконьванне парушэння святасці сужэнскай сувязі, нават ускоснае, праз згаданую вышэй новую сакрамэнтальную дысцыпліну, сур’ёзна супярэчыць яўна выказанай Божай волі і Яго [шостаму] прыказанню.

У асноўнай частцы свайго звароту біскупы падаюць дзесяць цытатаў, пераважна з паслясаборных дакументаў, якімі яны пацвярджаюць сваю пазіцыю як у сферы канкрэтнай пагрозы сакрамэнтам сужэнства, пакаяння і Эўхарыстыі, так і на тэму агульнага нязменнага характару навучання Касцёла. Дзякуючы гэтаму, іхняе вызнанне, хоць яго і няможна залічыць да інтэпрэтацый біскупскіх канферэнцый, носіць значна больш грунтоўны характар, чым аргентынскія альбо мальтыйскія інструкцыі, у якіх тэалагічнае абгрунтаванне адсутнічае ўвогуле.

Далей біскупы Казахстана нагадваюць пра сваё заданне “аберагаць еднасць веры і супольнай дысцыпліны ўсяго Касцёла і дбаць пра тое, каб для ўсіх людзей узышло святло поўнай праўды”. Каб выканаць гэтае заданне, як яго падае Другі Ватыканскі сабор, яны фармулююць сем сцвярджэнняў, у якіх коратка выкладаюць навуку пра грэшнасць пазашлюбных сэксуальных адносінаў, пра іх унутрана грэшны характар, які не могуць змяніць ані абставіны, ані зменшаная вінаватасць, пра тое, што Касцёл у дадзеным выпадку мае права судзіць знешнюю, аб’ектыўную сітуацыю асобы, што недапушчальна рабіць зло, каб пазбегнуць іншага граху. Таксама яны заўважаюць, што сапраўднае суправаджэнне і распазнанне засноўваецца на тым, каб давесці верніка, які знаходзіцца ў неўрэгуляванай сітуацыі, да шчырай пастановы “спыніць сэксуальныя адносіны і пазбягаць скандалу”. Нарэшце, біскупы нагадваюць, што выкананне Божай волі “з’яўляецца сапраўдным духоўным дабром людзей на зямлі, якое прывядзе іх да сапраўднай радасці любові ў вечным жыцці збаўленых”.

Напрыканцы свайго публічнага вызнання біскупы пішуць пра прычыну яго напісання. У нашы крызісныя часы гэтая прычына падаецца на дзіва кранальнай:

З’яўляючыся біскупамі, якія нясуць пастырскае служэнне і пашыраюць каталіцкую і апостальскую веру, мы ўсведамляем сур’ёзную адказнасць і наш абавязак перад вернікамі, якія чакаюць ад нас публічнага і адназначнага вызнання праўды і нязменнай дысцыпліны Касцёла адносна неразрыўнасці сужэнства. З гэтай прычыны нам не дазволена маўчаць (вылучэнне дададзена).

Для інфармацыі чытачоў нагадаем, што ў свеце налічваецца больш за 5 тыс. біскупаў. Калі да гэтых трох адважных пастыраў дадаць яшчэ двух біскупаў, якія падпісалі Correctio filialis, атрымаецца, што толькі 0,1 % біскупаў усведамляюць “сур’ёзную адказнасць і абавязак перад вернікамі”, а 99,9 % вырашылі рабіць выгляд, што ўсё ў парадку, бо адкрыта ерэтычных біскупаў таксама мала.

Большасць жа чакае, чым скончыцца перацягванне каната, за што будуць біць, а за што любіць. Таму важна як даць як мага больш высокую трыбуну тым, што абараняюць каталіцкую веру, бо стаўкі высокія.

Ніжэй мы прыводзім пераклад поўнага тэкста заявы біскупаў Казахстана з англійскай мовы.

(Падчас напісання гэтых радкоў стала вядома, што Луіджы Негры, арцыбіскуп Ферара-Камак’я на пенсіі, і Карла Марыя Вігана, былы нунцый у ЗША, — абодва маюць больш за 75 гадоў — далучылі свае подпісы да вызнання біскупаў Казахстана.)


Вызнанне нязменных праўдаў пра сакрамэнтальнае сужэнства

Пасля публікацыі апостальскай адгартацыі “Amoris Laetitia” (2016) некаторыя біскупы выдалі на мясцовым, рэгіянальным і нацыянальным узроўнях нормы адносна сакрамэнтальнай дысцыпліны тых вернікаў, называных “разведзенымі і паўторна жанатымі”, якія, усё яшчэ маючы жывога сужэнца, з якім яны з’яднаны сакрамэнтальнай сужэнскай сувяззю, тым не менш пачалі сталае сумеснае жыццё more uxorio з асобай, якая не з’яўляецца іх законным сужэнцам.

Згаданыя правілы між іншым устанаўліваюць, што ў паасобных выпадках “разведзеныя і паўторна жанатыя” асобы могуць прымаць сакрамэнты пакуты і святой Камуніі, у той самы час працягваючы пастаянна і намерана жыць more uxorio з асобай, якая не з’яўляецца іх законным сужэнцам. Гэтыя пастырскія нормы атрымалі адабрэнне ад розных касцёльных уладаў. Некаторыя з гэтых нормаў атрымалі нават ухвалу найвышэйшай улады ў Касцёле.

Распаўсюджванне гэтых зацверджаных пастырскіх нормаў выклікала значнае замяшанне сярод вернікаў і духавенства, якое пастаянна павялічваецца і якое закранае цэнтральныя праявы жыцця Касцёла: сакрамэнтальнае сужэнства, сям’ю, хатні Касцёл і сакрамэнт Найсвяцейшай Эўхарыстыі.

Згодна з вучэннем Касцёла, толькі сакрамэнтальная сужэнская сувязь стварае хатні Касцёл (гл. Другі Ватыканскі сабор, Lumen gentium, 11). Допуск так званых “разведзеных і паўторна жанатых” вернікаў да святой Камуніі, якая з’яўляецца найвышэйшым выразам еднасці Хрыста-Жаніха са сваім Касцёлам, на практыцы з’яўляецца адным са спосабаў ухваліць і ўзаконіць разводы, і таму гэта шлях да ўвядзення разводаў у жыццё Касцёла.

На практыцы і з цягам часу аказваецца, што згаданыя пастырскія нормы з’яўляюцца сродкам распаўсюджання “пошасці разводаў” (выраз, які Другі Ватыканскі сабор выкарыстаў у Gaudium et Spes, 47). Такім чынам, гэтая “пошасць разводаў” пашыраецца нават у жыцці Касцёла, тады як Касцёл па прычыне сваёй безумоўнай вернасці вучэнню Хрыста павінен быць бастыёнам і відочным знакам супраціву пошасці разводаў, якая з дня ў дзень усё больш квітнее ў грамадзянскай супольнасці.

Наш Пан і Збаўца Езус Хрыстус урачыста, адназначна і без усялякіх выключэнняў абвясціў Божую волю, якая заключаецца ў абсалютнай забароне разводаў. Адабрэнне альбо ўзаконьванне парушэння святасці сужэнскай сувязі, нават ускоснае, праз згаданую вышэй новую сакрамэнтальную дысцыпліну сур’ёзна супярэчыць яўна выказанай Божай волі і Яго прыказанню. Таму гэтая практыка з’яўляецца істотным скажэннем 2000-гадовай сакрамэнтальнай дысцыпліны Касцёла. Больш за тое, істотна змененая дысцыпліна нарэшце прывядзе да скажэння адпаведнага веравучэння.

Пастаянны Магістэрый Касцёла, перадусім у вучэнні апосталаў і ўсіх Вярхоўных Пантыфікаў, абсалютна адназначна, без аніякага ценю сумнення і заўсёды ў тым самым сэнсе і ў тым самым значэнні (eodem sensu eademque sententia) захоўваў і верна перадаваў як у навучанні (у тэорыі), так і ў сакрамэнтальнай дысцыпліне (на практыцы) крыштальна яснае вучэнне Хрыста адносна неразрыўнасці сужэнства.

З-за сваёй Богам устаноўленай прыроды, дысцыпліна сакрамэнтаў ніколі не можа супярэчыць аб’яўленаму Божаму слову і веры Касцёла ў абсалютную неразрыўнасць зацверджанага і завершанага сужэнства. “Сакрамэнты не толькі прадугледжваюць веру, але пры дапамозе слоў і рэчаў жывяць, умацоўваюць і выяўляюць яе, таму яны называюцца сакрамэнтамі веры” (Другі Ватыканскі сабор, Sacrosanctum Concilium, 59). “Нават найвышэйшая ўлада Касцёла не можа змяняць літургію па сваёй волі, але толькі падпарадкоўваючыся веры і з пабожнай пашанай да таямніцы літургіі” (Катэхізіс Каталіцкага Касцёла, 1125).

Каталіцкая вера па сваёй прыродзе выключае фармальную супярэчнасць паміж вызнаванай верай з аднаго боку і жыццём і сакрамэнтальнай практыкай з іншага боку. У гэтым сэнсе мы можам таксама разумець наступныя сцвярджэнні Магістэрыя: “Разлад паміж вызнаванай верай і штодзённым жыццём, які часта сустракаецца, трэба залічыць да найцяжэйшых заганаў нашых часоў” (Другі Ватыканскі сабор, Gaudium et Spes, 43) і “Адпаведна, канкрэтная педагогіка Касцёла павінна заўсёды заставацца з’яднанай з яго дактрынай і ніколі не аддзяляцца ад яе” (Ян Павел ІІ, апостальская адгартацыя Familiaris Consortio, 33).

З увагі на жыццёвую важнасць, якую маюць дактрына і дысцыпліна сужэнства і Эўхарыстыі, Касцёл абавязаны выказвацца на іх конт адзінадушна. Таму пастырскія нормы наконт неразрыўнасці сужэнства ў розных дыяцэзіях альбо ў розных краінах не павінны знаходзіцца ў супярэчнасці. Ад апостальскіх часоў Касцёл трымаўся прынцыпу, пра які сведчыць св. Ірынэй Ліёнскі: “Хоць Касцёл і распаўсюджваецца ад краю да краю зямлі, ён, атрымаўшы веру ад апосталаў і іх вучняў, дбайна захоўвае гэтае прапаведаванне і гэтую веру і, нібы пражываючы ў адзіным доме, верыць ва ўсё аднолькава, як быццам бы ён мае толькі адну душу і толькі адно сэрца, а таксама прапаведуе праўду веры, навучае ёй і перадае яе адзінадушна, як быццам ён мае толькі адны вусны” (Adversus haereses, I, 10, 2). Святы Тамаш Аквінскі таксама перадае нам той самы спрадвечны прынцып жыцця Касцёла: “Старажытныя і  сучасныя людзі маюць адну і тую ж веру, іначай гэта не быў бы адзін і той жа Касцёл” (Questiones Disputatae de Veritate, q. 14, a. 12c).

Папярэджанне Папы Яна Паўла ІІ усё яшчэ актуальнае і праўдзівае: “Замяшанне, якое ствараецца ў сумленні многіх вернікаў з-за разнастайнасці меркаванняў і вучэнняў па сур’ёзных і далікатных пытаннях хрысціянскіх звычаяў у сферы тэалогіі, прапаведавання, катэхізацыі і духоўнага настаўлення, прыводзіць да змяншэння сапраўднага значэння граху амаль да поўнага знішчэння гэтага значэння” (апостальская адгартацыя Reconciliatio et Paenitenia, 18).

Наступныя сцвярджэнні Магістэрыя Касцёла цалкам захоўваюць сваё значэнне ў дачыненні да вучэння і сакрамэнтальнай дысцыпліны, звязаных з неразрыўнасцю зацверджанага і завершанага сужэнства:

  • “Бо Хрыстовы Касцёл, асцярожны ахоўнік і абаронца дагматаў, што захоўваюцца ў яго, ніколі нічога не змяняе, нічога не змяншае, ніколі нічога не дадае да іх, а ставіцца да старажытных дакументаў верна, мудра і з усёй стараннасцю. Калі яны сапраўды маюць старажытнае паходжанне і калі іх сапраўды перадала вера Айцоў, Касцёл імкнецца даследаваць і растлумачыць іх такім чынам, каб старажытныя дагматы нябеснага вучэння сталі відавочнымі і зразумелымі, але каб яны захавалі сваю поўную, цэласную і адпаведную прыроду, а ўзрасталі толькі з шанаваннем ўласнай тоеснасці як той самы дагмат, той самы змест і тое самае значэнне” (Пій ІХ, дагматычная була Ineffabilis Deus).
  • “Што датычыцца самой істоты праўды, Касцёл мае перад Богам і чалавекам святы абавязак абвяшчаць яе, навучаць ёй без усялякага скажэння, як Хрыстус аб’явіў яе, і ніводныя ўмовы часу не могуць зменшыць суровасць гэтага абавязку. Кожны святар, якому даручана заданне навучаць вернікаў, настаўляць іх і кіраваць імі, мае гэты абавязак у сумленні” (Пій ХІІ, прамова да пробашчаў і велікапосных прапаведнікаў, 23 сакавіка 1949 года).
  • “Касцёл не гістарызуе, не рэлятывізуе прыроду Касцёла, азіраючыся на метамарфозы свецкай культуры, бо гэтая прырода заўсёды застаецца той самай, вернай самой сабе, такой, якой яе жадаў Хрыстус і якой яе зрабіла аўтэнтычная традыцыя” (Павел VI, гамілія 28 кастрычніка 1965 года).
  • “Нічога не прапускаць у збаўчым вучэнні Хрыста — гэта выключнае праяўленне любові да душаў” (Павел VI, энцыкліка Humanae Vitae, 29).
  • “Усе сужэнскія цяжкасці вырашаюцца без фальсіфікацыі і падрыву праўды” (Ян Павел ІІ, апостальская адгартацыя Familiaris Consortio, 33).
  • “Касцёл ніякім чынам не з’яўляецца аўтарам альбо кіраўніком гэтай нормы. У паслухмянасці праўдзе — Хрысту, чый вобраз адлюстроўваецца ў прыродзе і годнасці чалавечай асобы, Касцёл інтэрпрэтуе маральныя нормы і прапануе іх усім людзям добрай волі, не хаваючы іх патрабаванняў радыкальнасці і дасканаласці” (Ян Павел ІІ, апостальская адгартацыя Familiaris Consortio, 33).
  • “Іншы прынцып — гэта прынцып праўдзівасці і звязнасці, калі Касцёл не згаджаецца называць добрае дрэнным, а дрэннае добрым. Засноўваючыся на гэтых двух камплементарных прынцыпах, Касцёл можа толькі запрашаць сваіх дзяцей, якія знаходзяцца ў такіх балючых сітуацыях, прыступаць да Божай міласэрнасці іншымі шляхамі, а не праз сакрамэнты пакаяння і Эўхарыстыі, да той пары, пакуль яны не дасягнуць неабходнай паставы” (Ян Павел ІІ, апостальская адгартацыя Reconciliatio et Paenitentia, 34).
  • “Цвёрдасць Касцёла ў абароне ўніверсальных і нязменных маральных нормаў зусім не з’яўляецца прыніжальнай. Яе адзіная мэта заключаецца ў служэнні сапраўднай свабодзе чалавека. Бо не існуе свабоды асобна ад праўды альбо насуперак ёй” (Ян Павел II, энцыкліка Veritatis Splendor, 96).
  • Калі мова ідзе пра маральныя нормы, якія забараняюць зло па сутнасці, ні для кога не існуе ані прывілеяў, ані выключэнняў. Няма ніякай розніцы, ці гэта гаспадар свету ці “найбяднейшы з бедных” на абліччы зямлі. Перад патрабаваннямі маральнасці ўсе мы абсалютна аднолькавыя” (вылучэнне ў арыгінале) (Ян Павел II, энцыкліка Veritatis Splendor, 96).
  • “Дзеля сапраўднай пастырскай апекі і з прычыны занепакоенасці дабрабытам гэтых вернікаў і ўсяго Касцёла трэба яшчэ раз нагадаць пра немагчымасць такога допуску да Эўхарыстыі і ўказаць на ўмовы, неабходныя для паўнаты таго навяртання, да якога Пан заўсёды запрашае кожнага” (Пантыфікальная камісія па заканадаўчых тэкстах, Дэкларацыя адносна допуску да святой Камуніі вернікаў, якія развяліся і паўторна ажаніліся, 24 чэрвеня 2000 года, № 5).

Як каталіцкіх біскупаў, якія, паводле навучання Другога Ватыканскага сабору, павінны аберагаць еднасць веры і супольнай дысцыпліны ўсяго Касцёла і дбаць пра тое, каб для ўсіх людзей узышло святло поўнай праўды (гл. Lumen Gentium, 23), сумленне змушае нас перад абліччам неўтаймаванага замяшання вызнаць нязменную праўду і настолькі ж нязменную сакрамэнтальную дысцыпліну, звязаную з неразрыўнасцю сужэнства і пацверджаную 2000-гадовым нязменным навучаннем Магістэрыя Касцёла. У гэтым духу мы паўтараем:

  • Сэксуальныя адносіны паміж людзьмі, якія не звязаны адно з адным сувяззю сапраўднага сужэнства — што і здараецца ў выпадку так званых “разведзеных і паўторна жанатых” асобаў — заўсёды супярэчаць Божай волі і з’яўляюцца цяжкай правінай перад Богам.
  • Ніякія абставіны і ніякая мэта, а нават магчымая неўмяняльнасць альбо зменшаная віна, не могуць зрабіць такія сэксуальныя адносіны станоўчым маральным актам, прыемным Богу. Тое самае датычыцца і іншых негатыўных загадаў Дзесяці Божых прыказанняў. Бо “існуюць учынкі, якія самі па сабе, незалежна ад абставінаў, заўсёды сур’ёзна няправільныя з прычыны свайго аб’екту” (Ян Павел II, апостальская адгартацыя Reconciliatio et Paenitentia, 17).
  • Касцёл не валодае беспамылковай харызмай судзіць унутраны стан ласкі верніка (гл. Трыдэнцкі сабор, сесія 24, раздзел 1). Адпаведна, нядопуск да святой Камуніі так званых “разведзеных і паўторна жанатых” асобаў азначае не суджэнне іхняга стану ласкі перад Богам, а суджэнне відочнага, публічнага і аб’ектыўнага характару іх сітуацыі. Паколькі сакрамэнты і сам Касцёл маюць відочную прыроду, прыняцце сакрамэнтаў абавязковым чынам залежыць ад адпаведнай відочнай і аб’ектыўнай сітуацыі верніка.
  • Не з’яўляецца маральна дапушчальным уступаць у сэксуальныя адносіны з асобай, якая не з’яўляецца законным сужэнцам, каб пазбегнуць іншага граху. Божае слова навучае нас, што нельга “рабіць нам благое, каб вышла дабро” (Рым 3:8).
  • Допуск такіх асобаў да святой Камуніі можа быць дазволены толькі тады, калі яны з дапамогай Божай ласкі і спакойнага і індывідуальнага пастырскага суправаджэння шчыра пастановяць ад гэтага моманту спыніць сэксуальныя адносіны і пазбягаць скандалу. Менавіта такім чынам у Касцёле заўсёды выяўляліся сапраўднае распазнанне і непадробнае пастырскае суправаджэнне.
  • Людзі, якія пастаянна ўступаюць у сэксуальныя адносіны па-за сужэнствам, сваім стылем жыцця апаганьваюць сваю неразрыўную сакрамэнтальную сужэнскую сувязь са сваім законным сужэнцам. З гэтай прычыны яны не здольныя ўдзельнічаць “у духу і праўдзе” (пар. Ян 4:23) у Эўхарыстычнай вясельнай вячэры Хрыста, што таксама пацвярджаюць словы абраду святой Камуніі: “шчаслівыя пакліканыя на вясельную вячэру Баранка!” (Ап 19:9).
  • Выкананне Божай волі, адкрытай у Яго Дзесяці прыказаннях і ў Ягонай яўна выказанай і абсалютнай забароне разводу, з’яўляецца сапраўдным духоўным дабром людзей на зямлі, якое прывядзе іх да сапраўднай радасці любові ў вечным жыцці збаўленых.

З’яўляючыся біскупамі, якія нясуць пастырскае служэнне і пашыраюць каталіцкую і апостальскую веру (“cultores catholicae et apostolicae fidei”, гл. Рымскі Імшал, Рымскі Канон), мы ўсведамляем сур’ёзную адказнасць і наш абавязак перад вернікамі, якія чакаюць ад нас публічнага і адназначнага вызнання праўды і нязменнай дысцыпліны Касцёла адносна неразрыўнасці сужэнства. З гэтай прычыны нам не дазволена маўчаць.

Таму ў духу св. Яна Хрысціцеля, св. Джона Фішэра, св. Томаса Мора, бл. Лауры Вікуньі, а таксама шматлікіх вядомых і невядомых вызнаўцаў і мучанікаў за справу неразрыўнасці сужэнства мы заяўляем:

Недапушчальна (non licet) праз сакрамэнтальную дысцыпліну допуску так званых “разведзеных і паўторна жанатых асобаў” да святой Камуніі апраўдваць, дазваляць альбо ўзаконьваць, наўпрост ці ўскосна, развод і ўстойлівыя пазасужэнскія сэксуальныя адносіны, таму што такая дысцыпліна з’яўляецца чужой усёй Традыцыі каталіцкай і апостальскай веры.

Робячы гэтае публічнае вызнанне перад сваім сумленнем і перад Богам, Які будзе судзіць нас, мы шчыра ўпэўненыя, што аказалі Касцёлу нашых дзён і Вярхоўнаму Пантыфіку, Наступніку святога Пятра і Намесніку Хрыста на зямлі, службу любові ў праўдзе.

31 снежня 2017 года, у свята Святой Сям’і, у год стогадовага юбілею аб’яўленняў Маці Божай у Фаціме.

+ Томаш Пэта, арцыбіскуп, мітрапаліт архідыяцэзіі Святой Марыі ў Астане

+ Ян Павел Ленга, арцыбіскуп, біскуп Караганды

+ Атаназіус Шнайдэр, дапаможны біскуп архідыяцэзіі Святой Марыі ў Астане

Пакінуць каментар