Адным з літургічных спеваў, які цудоўным чынам паўстаў з попелу пасля знішчэння ў віры паслясаборнай рэформы, з’яўляецца Абвяшчэнне рухомых святаў літургічнага года, альбо, больш правільна, Абвяшчэнне даты Пасхі. Бо гістарычна менавіта дату Пасхі прыходзілася вылічваць астраномам Александрыі, каб перадаць яе ў Рым, а іншыя святы ўжо адлічваліся ад Пасхі.

Паходжанне і традыцыйныя формы гэтага спеву ў розных абрадах мы разгледзелі год таму, пра хібы беларускага перакладу пажаліліся, а ў сучасным выглядзе гэты спеў гучыць наступным чынам:

Наймілейшыя браты і сёстры, з ласкі міласэрнага Бога, які нас напоўніў радасцю з Нараджэння Пана нашага Езуса Хрыста, мы абвяшчаем вам таксама радасць Уваскрасення нашага Збаўцы. У дзень чатырнаццатага лютага Папялец і пачатак святога Вялікага посту. У дзень першага красавіка будзеце з радасцю святкаваць святую Пасху нашага Пана Езуса Хрыста. У дзень дзясятага мая будзе ўрачыстасць Унебаўшэсця Пана нашага Езуса Хрыста. У дзень дваццаты таго ж месяца — урачыстасць Спаслання Духа Святога. У дзень трыццаць першы таго ж месяца — урачыстасць Найсвяцейшага Цела і Крыві Хрыста. У дзень другога снежня — першая нядзеля Адвэнту — радаснага чакання прыйсця Пана нашага Езуса Хрыста, якому праслаўленне і хвала на векі вечныя. Амэн.

У Імшале тэкст пададзены з пропускамі, каб штогод можна было дадаваць неабходныя даты. Для зручнасці мы публікуем ноты гэтага спеву з ужо дадазенымі датамі на 2018 год.

Спампаваць у PDF

І, нарэшце, мінулагодні відэазапіс спеву з базілікі св. Пятра. На лацінскай мове, вядома.

Ілюстрацыйнае фота: Jose Luis RDS (CC BY-NC)

Калі вы знайшлі арфаграфічную памылку, калі ласка, вылучыце яе і націсніце Ctrl+Enter.

Пакінуць каментар