25.12.2017 / Te igitur

У пяць тысяч сто дзевяноста дзявяты год ад стварэння свету…🕑 5 хвілін

Перад Імшою ў ноч Нараджэння Пана традыцыйна спяваецца абвяшчэнне гэтай радаснай падзеі. У ім Божае Нараджэнне прывязваецца да іншых гістарычных падзеяў, як біблійных, так і здарэнняў у жыцці Рыма і Грэцыі.

У традыцыйнай форме абвяшчэнне Божага Нараджэння выглядае наступным чынам:

Octavo Kalendas Ianuarii Luna septima Anno 2017 Domini.

Восьмы дзень (перад) студзеньскімі календамі*, сёмая луна Года Пана 2017.

Anno a creatióne mundi, quando in princípio Deus creávit cælum et terram, quinquiés millésimo centésimo nonagésimo nono;

У пяць тысяч сто дзевяноста дзявяты [5199] год ад стварэння свету, калі Бог спачатку стварыў неба і зямлю,

a dilúvio autem, anno bis millésimo nongentésimo quinquagésimo séptimo;

у дзве тысячы дзевяцьсот пяцьдзесят сёмы [2957] год ад патопу;

a nativitáte Abrahæ, anno bis millésimo quintodécimo;

у дзве тысячы пятнаццаты [2015] год ад нараджэння Абрагама;

a Móyse et egréssu pópuli Israel de Ægýpto, anno millésimo quingentésimo décimo;

у адна тысяча пяцьсот дзясяты [1510] год ад Майсея і выхаду ізраэльскага народа з Егіпта;

ab unctióne David in Regem, anno millésimo trigésimo secúndo;

у адна тысяча трыццаты [1030] год ад намашчэння Давіда на караля;

Hebdómada sexagésima quinta, iuxta Daniélis prophétiam;

у шэсцьдзесят пяты тыдзень, паводле прароцтва Даніэля;

Olympíade centésima nonagésima quarta;

у сто дзевяноста чацвёртую Алімпіяду;

ab urbe Roma cóndita, anno septingentésimo quinquagésimo secúndo;

у семсот пяцьдзясят другі год ад заснавання горада Рыма;

anno Impérii Octaviáni Augústi quadragésimo secúndo, toto Orbe in pace compósito, sexta mundi ætáte,

у сорак другі год уладарання імператара Актавіяна Аўгуста, калі ўся зямля знаходзілася ў спакоі, у шостую эпоху свету

Iesus Christus, ætérnus Deus æterníque Patris Fílius, mundum volens advéntu suo piíssimo consecráre, de Spíritu Sancto concéptus, novémque post conceptiónem decúrsis ménsibus,

Езус Хрыстус, спрадвечны Бог і Сын спрадвечнага Айца, жадаючы асвяціць свет сваім поўным ласкі прыходам, быў зачаты ад Духа Святога, а па сходзе дзевяці месяцаў пасля зачацця

in Béthlehem Iudæ náscitur ex María Vírgine factus Homo.

у Бэтлееме Юдэйскім як чалавек нарадзіўся з Дзевы Марыі.

Natívitas Dómini nostri Iesu Christi secúndum carnem.

Нараджэнне Пана нашага Езуса Хрыста паводле цела.

У старажытным свеце не існавала стандартнага календара, таму найлепшым спосабам перадаць дату нейкага здарэння была яго прывязка да іншых падзеяў. Перасячэнне некалькіх часавых адрэзкаў і давала дакладную дату. Калі правесці вылічэнні паводле датаў у абвяшчэнні, атрымаецца, што Божае Нараджэнне прыпадае на 3 альбо 2 год да н. э. Гэтая дата пацвярджаецца сучаснымі даследаваннямі.

У сучасны рымскі абрад гэты спеў прыйшоў дзякуючы св. Яну Паўлу ІІ, які ў 1980-я гады аднавіў яго выкарыстанне перад Імшою ў ноч Нараджэння Пана ў Ватыкане. Адтуль гэтая традыцыя разышлася па свеце і нават трапіла ў некаторыя Імшалы. У беларускім Імшале гэтага спеву хутчэй за ўсё няма, а вось у апошнім выданні англійскага Імшала гэты спеў знаходзіцца ў дадатку і пачынаецца такімі словамі:

У дваццаць пяты дзень месяца снежня,
калі незлічоныя стагоддзі збеглі ад моманту стварэння свету,
калі Бог спачатку стварыў неба і зямлю
і сфармаваў чалавека на сваё ўласнае падабенства…

Гэты новы варыянт быў укладзены на ўзор старога, але ён падае больш размытыя даты, якія адпавядаюць сучасным тэндэнцыям у біблійнай навуцы і датаванні стварэння свету. Адрозненне старога і новага варыянтаў абвяшчэння Нараджэння Пана мы разгледзім іншым разам.

Спеў старога варыянту даволі няпросты, таму пакінем тут:

Два словы пра паходжанне гэтага спеву. Тэкст абвяшчэння паходзіць з Рымскага Мартыралога — каляндарнага спісу святых, якіх Касцёл ушаноўвае ў сваёй літургіі. Перад рэформай літургіі Рымскі Мартыралог адыгрываў істотную ролю. Падчас кананічнай гадзіны Прымы (якую Другі Ватыканскі сабор яўным чынам пастанавіў скасаваць) чытаўся спіс мучанікаў, вызнаўцаў і дзеваў на наступны дзень. Гэта было даволі маляўнічае апісанне таго, хто, дзе і за што пацярпеў.

На завяршэнне гэтага допісу пададзім астатні фрагмент Рымскага Мартыралога на сённяшні дзень, які ідзе пасля абвяшчэння Нараджэння Пана і добра дэманструе, што 25 снежня гэта не толькі спевы, ёлкі і падарункі:

У той жа дзень урачыстасць св. Анастасіі. У часы Дыяклецыяна яе найперш трымаў у суровым і доўгім заключэнні яе муж Публій, але св. Хрызагон, вызнаўца, шмат яе суцяшаў. Потым Флор, прэфект Ілірыі, зноў казаў яе доўга ўтрымліваць. Нарэшце з расцягнутымі рукамі і нагамі яе прывязалі да слупоў і запалілі вакол вогнішча, і яна сканала. Адбывалася гэта на востраве Пальмарыя. Адначасова з ёю прывялі таксама 70 жанчын і 200 мужчын, якіх таксама закатавалі рознымі спосабамі.

У Барселоне, у Іспаніі, дзень смерці св. Пятра Наласка, вызнаўцы, заснавальніка ордэна Маці Божай Міласэрнай, вызваліцельніцы вязняў, які меў вялікія цноты і дар цудаў. Ягонае свята адзначаецца ў студзені.

У Рыме, у катакомбах Апраніяна, мучаніцтва св. Яўгеніі, дзевы, якая ў часы імператара Галіена адзначылася шматлікімі цнотамі, шмат святых дзеваў здабыла для Хрыста і ў часы рымскага прэфекта Ніцэта была, нарэшце, сцята мячом.

У Нікамедыі мучаніцкая смерць шматлікіх тысяч мучанікаў. Калі ў дзень Божага Нараджэння яны сабраліся для святкавання святых таямніцаў, Дыяклецыян казаў пазачыняць дзверы касцёла, параскладаць вогнішча вакол касцёла, а на дварэ выставіць трыногу і кадзільніцу. Затым ён гучным голасам абвясціў, што кожны, хто хацеў бы пазбегнуць смерці ў полымі, няхай выйдзе і ахвяруе ладан Юпітэру. Аднак усе аднагалосна заявілі, што гатовыя памерці дзеля Хрыста. Тады запалілі агонь, які ўсіх спаліў. І так яны зрабіліся годнымі шчасця ўвайсці ў неба ў той самы дзень, калі Хрыстус дзеля збаўлення свету сышоў на зямлю.

℣. І ў іншых месцах шмат святых мучанікаў і вызнаўцаў, а таксама святых дзеваў.

℞. Дзякуем Богу.

Ілюстрацыя: Дзірк Барэнц (каля 1565 года).


* У рымскім календары першы дзень месяца называлі календамі (адсюль каляды, каляндар), трынаццаты альбо пятнаццаты дзень месяца — ідамі, а пяты ці сёмы дзень — нонамі. Да гэтых назваў дадаваліся назвы месяцаў. Існавалі, напрыклад, сакавіцкія іды, студзеньскія календы і г. д. Усе іншыя дні адлічваліся ад гэтых “галоўных” дзён у адваротным кірунку. Так, 25 студзеня абазначалася як “Octavus Kalendas Ianuarii”, што трэба чытаць як “да студзеньскіх календаў (г. зн. да 1 студзеня) засталося восем дзён”. Восем, бо як сам дзень 25 снежня, так і календы ўваходзілі ў гэтую лічбу. Пар. традыцыя называць пазаўчорашні дзень выразам “трэцяга дня”, бо ў тройку залічваецца сёння, учора і пазаўчора.

Пакінуць каментар

Scroll Up