Уважліва праходзячы праз усе выкладзеныя дагэтуль думкі і ўвагі, мы павінны ўсё больш цаніць невымоўныя дабрадзействы, якія Каталіцкі Касцёл, трымаючы ў сваіх руках Божыя таямніцы і ключы Валадарства Нябеснага, аказвае сваім дзецям, адкрываючы для іх скарбы адпустаў. Адпусты — гэта плён мукі і крыві Езуса Хрыста, плён заслугаў і пакутаў Марыі і мучаніцтва святых. Выплачваючы нашыя даўгі Божай справядлівасці, ачышчаючы душы ад наступства грахоў, яны заахвочваюць нас да пастаяннага трывання ў асвячальнай ласцы і выканання ўчынкаў хрысціянскай пабожнасці, любові і ўстрымання, скарачаюць для нас мукі будучага жыцця альбо нават цалкам захоўваюць нас ад іх; нарэшце, яны з’яўляюцца найбольш эфектыўным сродкам для нясення дапамогі нашым блізкім, сябрам і дабрадзеям, якія церпяць у чысцовым агні, і набліжэння для іх шчаслівай хвіліны ўваходу ў краіну адпачынку, святла і спакою. Ці ж не было б гэта абразай Божай дабраты і мацярынскай любові Касцёла, ці не было б гэта сапраўднай жорсткасцю як у адносінах да саміх сябе, так і да тых, што да нас належылі, калі б мы сталі пагарджаць такім каштоўным падарункам? Згадаем жа толькі, якія вялікія і гераічныя ўчынкі ва ўсе часы рабілі сапраўдныя пабожныя хрысціяне, каб атрымаць адпусты. Гісторыя Касцёла кажа, што падчас вялікага юбілею ў часы Клімэнта VI у Рыме на Спасланне Духа Святога сабралося больш за 800 000 пілігрымаў, а ў часы Папы Мікалая V натоўп вернікаў у святым горадзе быў яшчэ большы. Гэтая незлічоная колькасць пабожных хрысціянаў спяшалася з усіх бакоў свету, не спыняючыся перад аніякімі ахвярамі. Не будзем жа пагарджаць такімі вялікімі дабротамі, каб мы не сталі ў шэрагу гэтых наваробаў шаснаццатага стагоддзя, якія, пагарджаючы адпустамі, трапілі ў пастку ерасі і былі выключаны з каўчэгу збаўлення. Не будзем абвінавачваць Касцёл у празмернай шчодрасці пры ўдзяленні адпустаў; але будзем жа памятаць пра мэту, якую ён мае перад вачыма, удзяляючы іх так шчодра, а таксама пра ўмовы, неабходныя для іх атрымання. О, калі б усе вернікі захацелі ўзяць да сэрца намер мудрай Маці-Касцёла, якая дбае пра іх! О, калі б усе імкнуліся атрымліваць і поўныя адпусты, якія ім удзяляе Касцёл! Як бы тады яны паўдзельнічалі сваімі малітвамі, змаганнем і цнотамі ў павелічэнні Божай хвалы!

Святы Ігнацый кажа словы, поўныя глыбокай праўды: “Для тых, хто прагне Божай любові і неба, адпусты заўсёды будуць нязмерным скарбам і каштоўнасцю!”

Дай, Божа, каб гэтая кніжка таксама прычынілася да больш шчодрага нясення суцяшэння бедным душам у чысцы і вызвалення як найбольшай іх колькасці з вогненых пакутаў. “Надта часта мы забываемся пра нашых дарагіх памерлых”, — казаў зазвычай св. Францішак Сальскі. “Будзем жа ахвотна, — дадаваў ён, — выконваць учынкі міласэрнасці і памятаць, што дапамога, якую мы нясем душам памерлых вернікаў, яднае ў сабе ўсе справы міласэрнасці. Таму будзем жа цяпер рабіць гэтым душам, якія Бог выбраў сабе і ўзлюбіў, тое, што і мы б хацелі атрымаць”. “Благаслаўлёныя міласэрныя, бо і яны міласэрнасць спазнаюць” (Мц 5:7).


Выданне: Ks. Augustyn Arndt TJ. Odpusty. Podręcznik dla duchowieństwa i wiernych. Kraków, 1890.
Ілюстрацыя
: Франсуа-Марыус Гранэ, Сялянка купляе адпуст, 1825.

Пакінуць каментар