Б. Пра выкананне прадпісаных умоваў паасобку. Усе тры вышэйпрыведзеныя умовы (намер, стан ласкі, выкананне прадпісаных пабожных учынкаў) патрэбныя для атрымання кожнага адпусту ўвогуле. Паглядзім, якія канкрэтна ўмовы ставіць Касцёл, удзяляючы адпусты.

Для атрымання поўных адпустаў зазвычай прадпісваюцца: споведзь і святая Камунія, наведванне касцёла і малітвы ў намерах св. Айца; для атрымання частковых адпустаў зазвычай няма абавязку прыступаць да святых сакрамэнтаў; часам прадпісана наведванне якога-небудзь касцёла, малітвы альбо іншыя пабожныя практыкаванні. Нарэшце, усе прадпісаныя пабожныя ўчынкі належыць (прынамсі пры атрыманні поўных адпустаў) выканаць на працягу вызначанага часу. Пры пералічванні паасобных адпустаў мы не забудземся падаць усе неабходныя ўмовы. Цяпер разгледзім паасобку найбольш частыя ўмовы атрымання адпустаў.

Споведзь і святая Камунія

1. Жадаючы атрымаць юбілейны адпуст альбо адпуст, удзелены ў юбілейнай форме, належыць выканаць усе пабожныя ўчынкі разам са споведдзю і Камуніяй на працягу часу, прызначанага на юбілей.

2. Для іншых адпустаў існуюць пэўныя спрашчэнні адносна прадпісанай споведзі і святой Камуніі, а менавіта:

а) Можна спавядацца і прымаць Камунію ў вігілію дня альбо свята, з якім звязаны адпуст, калі іншыя ўмовы будуць выкананыя ў дзень, на які прызначаны адпуст, лічачы ад поўначы да поўначы альбо, як гэта зазвычай дазваляецца ў святочныя дні, ад першых Нешпараў папярэдняга дня перад святам да заходу сонца ў святочны дзень (Decr. auth. n. 426 і 434, ad 1 і 2). Дакладней пра гэта пагаворым ніжэй.

б) 1. Калі споведзь з’яўляецца вызначанай у якасці ўмовы, то яна абавязвае не толькі тых, хто адчувае на сумленні цяжкі грэх, а ўвогуле кожнага. Аднак, сцісла кажучы, адпушчэнне штодзённых грахоў не з’яўляецца абавязкова патрэбным (дэкрэты ад 19 мая 1759 года, ад 20 жніўня 1823 года, ад 15 снежня 1841 года, ад 6 мая 1852 года, Decr. auth. n. 215, 253, ad 2, 259, ad II, 359, ad 4).

2. Тыя, хто маюць звычку спавядацца кожны тыдзень (калі няма слушнай перашкоды), могуць без паўтарэння споведзі атрымліваць усе адпусты, што прыпадаюць на гэты перыяд і для якіх прадпісана споведзь, вядома, калі яны не адчуваюць за сабою цяжкага граху (Decr. auth. n. 231). Такім жа чынам можна атрымаць усе асабовыя і мясцовыя адпусты, і нават адпуст Парцыюнкулы (Decr. auth. n. 364, ad I, Rescr. auth. n. 363). Пад словам “тыдзень” належыць разумець перыяд 7 дзён (quolibet decurennte septem dierum spatio), так што калі хто прывык, напрыклад, спавядацца ў суботу, то ён напэўна выконвае абавязак споведзі для атрымання адпустаў (адказ Св. Кангрэгацыі абрадаў ад 23 лістапада 1878 года і 25 лютага 1886 года; гл. Raccolta, c. XVII-XVIII). Што датычыцца юбілею, гл. вышэй пункт 1.

Заўвагі. 1. Гэты індульт сямідзённай споведзі па просьбе біскупаў, у дыяцэзіях якіх недастаткова спаведнікаў, часам працягваецца да двух тыдняў, на працягу якіх трэба паспавядацца (quolibet decurrente quatuordecim dierum spatio) (Raccolta, c. XIX, пар. Decr. auth. n. 439 і дэкрэт ад 25 лютага 1886 года). Таму вернікі павінны даведацца загадзя, ці існуе падобны дазвол у іх дыяцэзіі.

2. Аналагічна, па жаданні біскупаў, дыяцэзіі якіх маюць мала спаведнікаў, Апостальская Сталіца ўдзяліла дазвол, на моцы якога для атрымання адпусту дастаткова паспавядацца на працягу васьмі дзён перад святам, з якім звязаны адпуст, і нават на працягу гэтых васьмі дзён можна атрымаць усе іншыя адпусты, якія на іх прыпадаюць. Гэта спрашчэнне на карысць тых, хто не мае пахвальнага звычаю спавядацца кожны тыдзень. Што ж да астатніх, то гл. вышэй, пункт Б, 2 (Decr. auth. n. 264, ad 1 і 295, ad 1).

в) 1. Велікодная Камунія, якая і так мае абавязковы характар, дае, аднак, права на атрыманне (поўных) адпустаў, удзеленых на дзень велікоднай Камуніі (альбо таксама наступны, гл. вышэй 2а). Напрыклад, у Вялікдзень можна атрымаць адпуст за папскае благаслаўленне (адказ ад 10 мая 1844 года; Decr. auth. n. 327, ad 1, 288 і 296).

Аднак аднаго прыняцця святой Камуніі без асаблівага дазволу недастаткова для выканання абавязку велікоднай Камуніі і атрымання юбілейнага адпусту. Гэтага ж правіла належыць трымацца і ў выпадку штогадовай споведзі, наказанай Касцёлам (Decr. auth. n. 327, ad 1).

2. Няма абавязковай патрэбы прымаць Камунію ў тым самым касцёле, наведванне якога прадпісана; такой патрэбы няма нават тады, калі адпуст з’яўляецца мясцовым, гэта значыць нададзены пэўнаму вызначанаму касцёлу, калі толькі гэтая ўмова не была выразна акрэслена ў адпуставым дакуменце (Raccolta, XX). Але калі хтосьці прымае Камунію ў сам дзень адпусту ў касцёле, вызначаным для наведвання, і там жа пабожна памоліцца, то ён задаволіць адразу тром ўмовам: св. Камуніі, наведванню касцёла і чытанню вызначаных малітваў (Raccolta, XXV).

3. Хворым, якія з прычыны доўгай фізічнай перашкоды альбо хранічнага цярпення не могуць выйсці з дому, спаведнікі могуць замяніць святую Камунію (і наведванне касцёла) іншым пабожным учынкам. Аднак тыя хворыя ў сталым узросце, якія жывуць у нейкай супольнасці, не вызваляюцца ад такога абавязку, калі могуць выканаць яго без вялікіх цяжкасцяў. У выпадку немагчымасці прыняць святую Камунію яны могуць, карыстаючыся дазволам, удзеленым Львом ХІІІ 16 студзеня 1886 года, замяніць Камунію іншым пабожным учынкам.

4. У выпадку немагчымасці прыняць Камунію ў гадзіну смерці для атрымання поўнага адпусту дастаткова, пра што мы скажам яшчэ ніжэй, са скрухаю ў сэрцы заклікаць імя Езуса, і то нават толькі ў думках, калі вуснамі гэтага зрабіць няможна.

Наведванне касцёла

1. Наведванне касцёла — гэта значыць уваход у святое месца з пабуджэнняў веры і пашаны, належнай Богу, з тым менавіта намерам, каб там жа годна ўшанаваць Пана Бога альбо кагосьці са святых, — толькі тады прадпісана ў якасці ўмовы атрымання адпусту, калі гэтага выразна патрабуе дакумент, якім удзелены адпуст. Акрамя таго, калі ў гэтым дакуменце вызначаны канкрэтны касцёл, напрыклад, парафіяльны касцёл, той ці іншы законны касцёл, то менавіта яго і трэба наведаць, хіба што адбылася правамерная замена гэтага абавязку (Raccolta, XXI).

Не з’яўляецца абсалютна неабходнай умовай знаходзіцца ўнутры, гэта значыць у межах касцёла; дастаткова фізічнай альбо маральнай прысутнасці, напрыклад, калі б хто стаяў перад дзвярыма, але ўсё, што адбываецца ўнутры, мог заўважыць, пачуць і ўбачыць; а нават калі б з нейкай прычыны, напрыклад, бо зачынены дзверы, не мог бы нічога пачуць. Existens prope fores ecclesiae in eadem esse censetur, кажа Лаворый (Tract. de Jubil. et de Indulg., p. I, c. 18).

2. Паколькі ўмова наведвання касцёла зазвычай гучыць наступным чынам: наведаць касцёл альбо публічную капліцу, то трэба звярнуць увагу на адказ Святой Кангрэгацыі адпустаў ад 22 жніўня 1842 года, паводле якой кляштарныя, семінарыйныя і іншыя капліцы, якія належаць пэўным супольнасцям і да якіх вернікі не маюць свабоднага доступу, не лічацца публічнымі капліцамі, калі мова ідзе пра атрыманне адпустаў.

Не з’яўляецца публічнай тая капліца, якая служыць толькі для пэўнай канкрэтна акрэсленай супольнасці. Публічнай капліца з’яўляецца тады, калі кожны мае да яе доступ звонку.

Аднак паколькі намерам Папаў не было пазбаўленне манаскіх супольнасцяў адпустаў, удзеленых усім вернікам увогуле, Святы Айцец свабодна дазваляе тым, хто аб гэтым просіць, каб асобы, якія не могуць выйсці з законнага дома, каб наведаць законны, парафіяльны касцёл ці публічную капліцу, маглі выканаць гэты абавязак, наведваючы капліцу гэтага дома. А таму капліцы жаночых кляштараў, кансерваторый [1], шпіталяў, вязніцаў, выхаваўчых установаў і г. д. стаяць нароўні з публічнымі капліцамі для тых асобаў, якія жывуць у гэтых кансерваторыях, шпіталях і г. д. і не могуць дабравольна з іх выходзіць. Аднак гэта рэалізуецца толькі тады, калі быў атрыманы згаданы вышэй індульт.

3. Паводле адказу сакратарыята Святой Кангрэгацыі адпустаў ад 27 сакавіка 1824 года, наведаць касцёл можа як пешшу, так і едучы.

4. Што да самога наведвання касцёла пры атрыманні адпусту, дэкрэтам ад 29 лютага 1864 года Святая Кангрэгацыя адпустаў пастанавіла, што, жадаючы атрымаць адпусты, трэба сапраўды раз за разам асобна наведваць касцёл; а таму трэба столькі разоў увайсці і выйсці з касцёла, колькі адпустаў плануецца атрымаць. Да таго ж уваходзіць і выходзіць кожны раз трэба сапраўдна і з намерам зрабіць паўторныя адведзіны і памаліцца ў намерах Папы. Таму, калі нехта жадае ў той самы дзень атрымаць розныя адпусты, для атрымання якіх у якасці ўмовы прадпісана наведванне касцёла альбо публічнай капліцы, недастаткова пайсці да касцёла адзін раз і даўжэй там памаліцца, але трэба наведванне паўтарыць столькі разоў, гэта значыць столькі разоў увайсці да касцёла і столькі разоў прамовіць адпуставыя малітвы, хто колькі разоў хоча атрымаць адпусты, для якіх прадпісана менавіта наведванне касцёла альбо капліцы (Decr. auth. n. 399, ad 2 et 3, Raccolta, c. XXIII).

а) Той, хто наведвае вызначаны касцёл з намерам атрымання адпусту, павінен рабіць гэта з намерам аддаць пашану Пану Богу. Аднак гэтае наведванне можна спалучыць з прыняццем святых сакрамэнтаў, як пра гэта было сказана вышэй.

б) Наведваць касцёл і маліцца ў намерах Святога Айца можна перад альбо пасля выканання іншых прадпісаных умоваў, нават тады, калі сказана: хто, прыступіўшы да святых сакрамэнтаў пакуты і алтара, наведае той ці іншы касцёл і г. д. (Decr. auth. n. 214).

в) Мы таксама згадалі, што спаведнік мае ўладу тым, хто з прычыны хваробы не можа пакінуць дом, замяніць наведванне касцёла на які-небудзь іншы пабожны ўчынак. Таксама хворым і старым людзям, якія жывуць у супольнасцях, спаведнікі могуць замяняць наведванне касцёла і астатнія адпуставыя ўчынкі на іншыя.

Прадпісаныя малітвы

Заўвага TI: у мінулыя часы існавала дыскусія наконт таго, колькі трэба маліцца ў намерах Святога Айца. Тады гэтае пытанне не атрымала адназначнага адказу. Аднак у сучасным Enchiridion indulgentiarum (N. 20 § 5) пастанаўляецца, што гэты абавязак можна выканаць, прамовіўшы па адной малітве “Ойча наш” і “Вітай, Марыя”, хоць кожны можа паводле ўласнага жадання і пабожнасці выбраць іншыя малітвы.

1. Малітвы ў намерах Святога Айца альбо ў іншых намерах зазвычай не прапісваюцца ў яўным выглядзе ў адпуставых дакументах. У такім выпадку, паводле пастановы Святой Кангрэгацыі адпустаў ад 29 мая 1841 года (Decr. auth. n. 291, ad 3), кожны можа выбраць малітвы па сваім жаданні. Аднак малітвы, да якіх чалавек ужо абавязаўся з іншай нагоды, нельга выкарыстаць для гэтай мэты.

2. Для выканання абавязку малітвы ў намерах Папы альбо ў іншых намерах з’яўляецца дастатковай, а разам з тым абавязковай вусная малітва. Унутраная малітва хоць і з’яўляецца важнай і пахвальнай, аднак яе недастаткова, калі мова ідзе пра выкананне гэтага абавязку, бо да яе трэба далучыць якую-небудзь вусную малітву: “Laudabile quidem est mentaliter orare, tamen mentali aliqua semper adjugantur oratio vocalis” (S. Congr. Indulg., 13 верасня 1888, Acta S. Sedis, XXI, 192).

На дадзены момант гэтае прадпісанне распаўсюджваецца на ўсе адпусты, якія можна атрымаць. А дыскусія тэолагаў на гэтую тэму скончылася наступным чынам. Яшчэ а. Тэадор ад Духа Святога (De Indulg., p. I, 319) лічыў, што малітвы ў думках самой па сабе дастаткова для атрымання адпусту і што не трэба да яе далучаць вусную малітву, калі толькі Папа не выкажа выразна такую волю ў нейкім дакуменце. Святы Альфонс, хоць і прызнае за гэтым сцвярджэннем пэўную долю верагоднасці ў выпадку юбілейнага адпусту, называе меркаванне пра абавязковую для атрымання адпусту вусную малітву распаўсюджаным і амаль паўсюдна прынятым (Theol. mor., lib. VI, n. 538, qu. X). Выказванне Бенедыкта XIV вырашыла, на чыім баку праўда. Дэкрэт Святой Кангрэгацыі ад 15 сакавіка 1852 года зацвердзіў гэтае агульнае меркаванне наконт неабходнасці вуснай малітвы, хоць гэты дэкрэт у даслоўным гучанні трэба адносіць толькі да тых малітваў, для якіх прапісаны канкрэтныя формулы.

Нарэшце, трэба згадаць і тое, што Касцёл ніколі не меў і не мае звычаю прадпісваць унутраныя акты, калі ідзе мова пра атрыманне адпустаў. Бо нават і ад канаючых патрабуецца вуснамі вымаўляць боскае імя Езуса, і толькі ў выпадку няздольнасці рабіць гэта дастатковым з’яўляецца яго ўнутранае прамаўленне.

3. Большая частка аўтараў лічыць, што дастаткова пяць разоў прамовіць “Ойча наш” і “Вітай, Марыя”, альбо іншыя малітвы, для прамаўлення якіх патрабуецца блізкая колькасць часу. Суарэс (De sacram., II, disp. 52, sect. 8), Тэадор ад Духа Святога і іншыя мяркуюць, што дастаткова і карацейшай малітвы. Бо эфект залежыць больш ад засяроджанасці і адданасці, з якой чалавек моліцца, а не ад часу трывання малітвы [2].

Ужо згаданы а. Тэадор ад Духа Святога, аднак, прытрымліваецца таго меркавання, што на малітву прадпісаны пэўны час, а таму зусім кароткай малітвы недастаткова, калі адпуставы дакумент кажа, што трэба маліцца на працягу пэўнага часу. Базавая рымская Raccolta ва ўступе не падкрэслівае гэтую розніцу. Аднак нягледзячы на гэта на працягу кнігі мы заўсёды будзем прыводзіць словы “на працягу пэўнага часу”, калі іх будзе выкарыстоўваць адпуставы дакумент.

Святую Кангрэгацыю адпустаў шмат разоў пыталіся, ці дастаткова прамовіць пяць “Ойча наш” і пяць “Вітай, Марыя” ў намерах Святога Айца, ці дастаткова кароткай малітвы. Два гады таму (13 верасня 1888 года) Святую Кангрэгацыю прасілі выказацца за адно ці другое меркаванне. Яна, аднак, задаволілася тым, што скіравала тых, хто пытаўся, да папярэдняга адказу ад 29 мая 1841 года, дзе яна казала: “Адпуставыя малітвы, якія трэба прамаўляць у намерах Святога Айца, застаюцца на волю вернікаў (ad libitum), паколькі для гэтай мэты не вызначаны канкрэтныя малітвы” (Decr. auth. n. 291, ad 3, Act. S. Sedis, XXI, 192). З гэтага ясна, што Святая Кангрэгацыя не пажадала наўпрост разглядзець гэтае пытанне, а пакінула вернікам поўную свабоду ў гэтым пытанні.

4. Адпуставыя малітвы належыць абавязкова прамаўляць укленчыўшы толькі тады, калі гэта выразна сказана ў дакуменце (рашэнне ад 18 верасня 1862 года, Raccolta, XV).

5. Адпуст таксама можна атрымаць, прамаўляючы адпуставыя малітвы, якія зазвычай чытаюцца наперамен з іншымі асобамі. Такімі малітвамі з’яўляюцца, напрыклад, Ружанец і Анёл Панскі (Decr. auth. n. 249, ad 4).

6. Вышэй мы ўжо згадалі, што колькі разоў хто хоча атрымаць поўных адпустаў у той самы дзень, столькі разоў ён мусіць паўтарыць прадпісаныя малітвы, а таксама пабожныя ўчынкі (пар. Raccolta, c. XXV) [З уваходам у сілу заканадаўства Папы Паўла VI кожны дзень можна атрымаць толькі адзін поўны адпуст за выключэннем выпадкаў небяспекі смерці — TI]. Намеры, якія Папа даручае тым, хто хоча атрымаць адпусты, ім удзеленыя, зазвычай такія: узвышэнне Каталіцкага Касцёла, пашырэнне святой веры, выкараненне ерасяў і схізмаў, навяртанне грэшнікаў, супакой і згода паміж хрысціянскімі ўладарамі і іншыя патрэбы хрысціянства. Аднак для атрымання адпусту не трэба канкрэтна трымаць у памяці ўсе пададзеныя намеры. Дастаткова памаліцца згодна з намерамі кіраўніка святога Касцёла (Decr. auth. n. 344, ad 3).

7. Для глуханямых, якія не могуць прамовіць прадпісаныя малітвы, Святая Кангрэгацыя адпустаў выдала 16 лютага 1852 года дэкрэт, зацверджаны 15 сакавіка таго ж года Піем ІХ, які ўстанаўлівае для іх наступныя спрашчэнні: 1) калі для атрымання адпусту трэба наведаць касцёл, глуханямыя выконваюць гэты абавязак, калі выконваюць гэтае наведванне пабожна, узносячы ў касцёле думкі і сэрца да Пана Бога; 2) калі для атрымання адпусту вызначаны публічныя малітвы, то глуханямыя могуць атрымаць адпуст, калі разам з іншымі моляцца ў думках; 3) малітвы, якія кожны мае прамовіць сам-насам, спаведнікі глуханямых могуць замяніць ім на іншыя пабожныя ўчынкі, якія нейкім чынам праяўляюцца знешне (Raccolta, XVI).


[1] На справе Папа Павел ІІІ удзяліў поўны адпуст раз на год усім, хто ў дзень, які мае вызначыць генеральны настаяцель Таварыства Езуса, пасля прыняцця святых сакрамэнтаў наведае касцёл Таварыства і прамовіць па адным разе “Ойча наш” і “Вітай, Марыя”. Але пазней Грыгорый ХІІІ замяніў гэтую малітву на пяць “Ойча наш” і пяць “Вітай, Марыя” альбо падобныя малітвы.

[2] Пад назвай кансерваторыяў належыць разумець большую частку сённяшніх кляштараў жаночых манаскіх супольнасцяў, якія, не з’яўляючыся ў сціслым сэнсе законніцамі (moniales) паводле кананічнага права, вядуць жыццё ў кляштары, але без клаўзуры і ўрачыстых шлюбаў, а нават часткова без складання шлюбаў увогуле.


Выданне: Ks. Augustyn Arndt TJ. Odpusty. Podręcznik dla duchowieństwa i wiernych. Kraków, 1890.
Ілюстрацыя
: Франсуа-Марыус Гранэ, Сялянка купляе адпуст, 1825.

Пакінуць каментар