Наступнай рэччу, якая патрабуе нашай увагі, з’яўляецца Імшал. Гэта вялікая кніга фармату інфоліё [1], надрукаваная на лацінскай мове чырвонымі і чорнымі літарамі, у якой утрымліваюцца ўсе Імшы, якія служацца на працягу года. Імшал пачынаецца першай нядзеляй Адвэнту [2]. Частка, надрукаваная чырвонымі літарамі, называецца рубрыкамі [3]. Рубрыкі даюць святару інструкцыі наконт таго, якім чынам трэба выконваць розныя дзеянні падчас Імшы. У Імшале ёсць пяць вялікіх закладак у выглядзе стужак, колер якіх адпавядае колерам літургічнага ўбрання. Існуе звычай закладваць Імшу дня стужкай таго ж колеру, што і ўбранне, якое выкарыстоўваецца ў гэты дзень. Частка Імшы, якая завецца Канонам, дзеля зручнасці мае на кожнай старонцы скураны індэкс.

Падстаўка для Імшала

Хоць рубрыкі заклікаюць выкарыстоўваць у якасці падстаўкі для Імшала падушку, паўсюдны звычай апраўдвае выкарыстанне з гэтай мэтай звычайнай падстаўкі для кнігі. Дакладная сімволіка гэтай падушкі наступная: яна сімвалізуе чулыя сэрцы сапраўдных слухачоў Божага слова, а не цвёрдыя сэрцы, якімі аказаліся сэрцы габрэяў (Gavantus, 116).

Старажытныя Імшалы

Нялёгка ўстанавіць, хто з’яўляецца аўтарам першага Імшала. Некаторыя мяркуюць, што гэта быў св. апостал Якуб [4], першы біскуп Ерузалема, і што ён уклаў яго ў Сіёнскім вячэрніку (Kozma, 97; Renaudot, Dissert. de Liturg. Orient. Origine et Auctoritate, том I). Так гэта ці не, але ўсе згаджаюцца, што літургія, якая носіць імя гэтага апостала, з’яўляецца найбольш старажытнай з усіх існуючых. Звесткі пра яе паходзяць з 200 года.

У апостальскі перыяд мы знаходзім не менш за чатыры адмысловыя кнігі, якія выкарыстоўваліся ў службе пры алтары, а менавіта антыфанарый, евангеліярый, лекцыянарый і сакрамэнтарый. У антыфанарыі змяшчалася ўсё, што спяваў хор і пасвячаныя служыцелі. Ён нечым нагадвае сучасны градуал. Евангеліярый утрымліваў урыўкі Евангелля на нядзелі і святочныя дні года. У лекцыянарыі знаходзіліся ўсе чытанні са Старога і Новага Запаветаў, якія чыталіся на Імшы. Усё, што мусіў чытаць сам святар, гэта значыць калекты, сакрэты, прэфацыі, Канон і г. д., знаходзілася ў сакрамэнтарыі.

Аўтарства гэтых чатырох кніг застаецца невядомым. Ян Дыякан (l. 2, c. 6), які напісаў жыццяпіс св. Грыгорыя Вялікага, кажа нам, што ён на свае вочы бачыў антыфанарый, які склаў гэты пантыфік; але ці трэба лічыць яго першым антыфанарыем ці толькі новай рэдакцыяй старога, аўтар не ўдакладняе. Аднак многія лічаць, што ён сапраўды быў першым, так што Папа Грыгорый можа лічыцца яго сапраўдным аўтарам (Kozma, 99, зноска; Gavantus, 5).

Згадкі пра лекцыянарый мы знаходзім яшчэ ў сярэдзіне ІІІ стагоддзя, бо св. Іпаліт, біскуп італьянскага Порта, згадвае пра яго ў сваім так званым Пасхальным Каноне (Kozma, ibid.) Яго аўтар дакладна не вядомы. Да канца IV стагоддзя ён прайшоў праз старанную рэвізію ў руках св. Гераніма, які быў адмыслова прызначаны на гэтую працу Яго Святасцю св. Папам Дамасам. Пасля таго, як розным нядзелям і святам былі разважліва прыпісаны адпаведныя чытанні, у гэты лекцыянарый былі ўстаўлены Пасланні і Евангеллі, якія мелі чытацца на працягу года. Гэты кодэкс часам называюць Лекцыянарыем Гераніма ад імя яго ўкладальніка. Менавіта з яго ўзяты тыя Пасланні і Евангеллі, якія знаходзяцца ў нашым цяперашнім Імшале (Kozma, 177, зноска; Gavantus, Thesaur. Sacr. Rit., 5).

Аўтарства Евангеліярыя дагэтуль не ўстаноўлена. Пра яго часта згадваюць старажытныя аўтары, але амаль ніхто не стараўся вызначыць яго канкрэтнага аўтара, бо гэтая кніга вельмі старая.

Адносна Сакрамэнтарыя, альбо Liber Sacramentorum, ідуць шматлікія дыскусіі. Хоць зазвычай аўтарства гэтай кнігі прыпісваюць Папу Льву Вялікаму (V ст.) і называюць яе ягоным імем, некаторыя з найдастойнейшых аўтараў аспрэчваюць, што ён яе ўкладаў. Акрамя гэтага Сакрамэнтарыя, з цягам часу з’яўляюцца яшчэ два: адзін адрэдагаваны Папам Гелазіем, а іншы — Папам Грыгорыем Вялікім. Сакрамэнтарый Гелазія, па вялікім рахунку, з’яўляецца проста перапрацоўкай Сакрамэнтарыя Льва, а Сакрамэнтарый Грыгорыя заснаваны на гэтых двух. Сёння, калі мова ідзе пра Сакрамэнтарый, заўсёды маецца на ўвазе той, што быў выпушчаны пад імем Грыгорыя, бо ён больш поўны, чым іншыя (Kozma, с. 99, зноска 9).

Паколькі святару было нязручна карыстацца наперамен адной з гэтых чатырох кніг для чытання фрагментаў Пісання ці малітваў, асабліва пры цэлебрацыі ціхай Імшы, хутка прыйшло разуменне таго, што трэба мець адну кнігу, у якой аб’ядноўваўся б змест усіх чатырох. Гэта прывяло да стварэння так званых поўных Імшалаў (Missale plenum). Хоць падобныя Імшалы былі ва ўжытку задоўга да Трыдэнцкага сабору (1545–1563), аднак, паколькі яны былі значна палепшаныя і перабудаваныя адмысловым дэкрэтам Айцоў гэтага найдастойнейшага сходу, іх стварэнне прыпісваюць менавіта гэтаму сабору. Пры падрыхтоўцы новага поўнага Імшала стандартам служыў Сакрамэнтарый Грыгорыя Вялікага. Гэтая праца была прадпрынята Папам Піем IV і была скончана ягоным наступнікам, Папам Піем V, які ў 1570 годзе выдаў новы Імшал, а таксама булу, у якой прадпісаў усім абавязкова карыстацца гэтым Імшалам. Гэтую ж кнігу мы выкарыстоўваем і да сённяшняга дня (Kozma, с. 101, зноска 3).

Вядома, не трэба лічыць, што пры падрыхтоўцы новага выдання Імшала ў Парадку Імшы былі зроблены нейкія істотныя змены. Папа Пій V усяго толькі надаў яму лепшую форму і выправіў тыя памылкі і інтэрпаляцыі, якія трапілі туды ў перыяд Рэфармацыі. Што праўда, ён надаў абавязковы характар некаторым рэчам, якія да яго былі толькі звычаем альбо якія можна было прапускаць па жаданні: гэта псальм “Judica me, Deus” напачатку Імшы і Евангелле св. Яна напрыканцы Імшы; але на гэтым усё. Астатнія змены датычыліся пераважна пэўных рубрык, якія ніякім чынам не закраналі стандарты Імшы.

Імшалы на Усходзе

Усходнія хрысціяне выкарыстоўваюць значна больш кніг пры набажэнствах, чым мы. Адны толькі грэкі карыстаюцца васямнаццаццю кнігамі, галоўныя з якіх наступныя: 1) еўхалогій, у якім знаходзяцца тры літургіі, якія знаходзяцца ва ўжытку ў гэтым абрадзе, а менавіта літургія св. Яна Хрызастома, літургія св. Базыля і літургія раней асвячаных дароў; 2) Апостал, які называецца так, бо ён утрымлівае Дзеі апосталаў і іх Пасланні; 3) анагносіс, альбо кніга, у якой знаходяцца чытанні са Старога Запавету; 4) панегірыкон, альбо зборнік казанняў на розныя святы года (гэтая кніга зазвычай рукапісная).

Як справядліва заўважае д-р Ніл (Neale, History of the Holy Eastern Church, том 2, с. 819), амаль немагчыма ясна зразумець, якімі кнігамі карыстаюцца ў набажэнствах алтара ва Усходнім Касцёле. Іх колькасць бязмежная, а ў іх набажэнствах пануе не што іншае, як бязладзіца, бо яны ўвесь час пераходзяць ад адной кнігі да іншай, каб знайсці канкрэтны фрагмент, які трэба прачытаць. Да гэтага трэба дадаць і тое, што яны не ведаюць такой рэчы, як перанос святаў; і таму, калі здараецца накладанне [5] святаў, усе яны адзначаюцца сумесна, а ў рубрыках пануе такая блытаніна, што гэтага няможна апісаць. Напрыклад, тыпікон, альбо парадак набажэнства, на свята св. Грыгорыя займае каля дзесяці старонак фармату ін-кварта, і гэта з-за ўсіх астатніх святаў, якія прыпадаюць на той самы дзень.

Нестарыянскія Імшалы

Нестарыяне таксама карыстаюцца вялікай колькасцю кніг для набажэнстваў, але яны не надта пераймаюцца рубрыкамі. На першым месцы стаіць тое, што яны называюць Евангеліён, альбо кніга Евангелляў. З яе чытаюць на кожнай Імшы. Другая кніга — гэта Сліха, альбо кніга Пасланняў, у якой знаходзяцца толькі фрагменты пасланняў св. Паўла. Трэцяя кніга — гэта Карыян (ад сірыйскага koruzo, прапаведнік, адсюль таксама слова Каран), які ўтрымлівае фрагменты Старога Запавету і Дзеяў апосталаў. Чацвёртая кніга — гэта Тургама (ад сірыйскага turgmo, інтэрпрэтацыя, адсюль Таргум), дзе знаходзяцца разнастайныя гімны, якія дыяканы спяваюць наперамен вакол алтара перад Пасланнем і Евангеллем, заклікаючы людзей прыслухацца да словаў Новага Запавету.

Карыян чытае кароя, альбо лектар, пры алтарных варотах на паўднёвым баку; Сліха на паўночным баку чытае субдыякан; сам цэлебрант чытае Евангеліён пры сярэдзіне алтара. Падчас усіх чытанняў святыя служыцелі звернуты тварам да сабраных. У выпадку прысутнасці шамаша, альбо поўнага дыякана, заданне чытання Евангелля ляжыць на ім. Кафедра, ад якой нестарыяне раней чыталі Сліха, называлася Гаголта (тое ж, што Галгота, назва гары Кальварыі) з-за прыступак, па якіх яны ўзыходзілі.

Халдзеі [6] карыстаюцца тымі ж кнігамі, што і нестарыяне, але з невялікім адрозненнем (Badger, Nestorians and their Rituals, том ii, с. 19). Гэтая розніца, вядома, датычыцца нестарыянскай ерасі, якая кажа, што ў нашага Боскага Збаўцы ёсць дзве асобы, а не адна.

Копцкі Імшал

Усё, што мы ведаем пра копцкі Імшал, дык гэта што ён цалкам надрукаваны на старажытнай копцкай мове, але рубрыкі ў ім напісаны на арабскай мове, на якой размаўляюць людзі. Бо, як справядліва заўважае д-р Ніл, наўрад ці ва ўсім Каіры (цэнтральны горад коптаў) знойдуцца хоць тры чалавекі, нават сярод духавенства, якія могуць размаўляць на копцкай мове Імшала. Адсюль і неабходнасць друкаваць рубрыкі на народнай мове.


[1] Інфоліё (лац. in folio) — гістарычная назва фармату кнігі, памер старонкі якой роўны палове тыпаграфскага ліста. Дакладны памер старонкі залежыць ад памеру тыпаграфскага ліста (заўв. пер.).

[2] Першая нядзеля Адвэнту не мае фіксаванай даты. Паводле цяперашніх правілаў, яна заўсёды прыпадае на найбліжэйшую нядзелю да свята св. Андрэя (30 лістапада), якая можа быць перад ім ці пасля. Калі ж гэтае свята прыпадае на нядзелю, яно пераносіцца на іншы дзень, і гэтая нядзеля становіцца першай нядзеляй Адвэнту. Старое правіла для вызначэння нядзелі Адвэнту казала: “Saint Andrew the king / Three weeks and three days before Christmas comes in; / Three days after, or three days before, / Advent Sunday knocks at the door”.

[3] Слова “рубрыка”, якое паходзіць ад лацінскага ruber, чырвоны, спачатку прымянялася старажытнымі рымлянамі да асаблівай чырвонай крэйды, якою яны пазначалі назвы сваіх кніг і статутаў; з цягам часу гэтым словам сталі называць само чырвонае пісьмо, і ў такім ужытку гэтае слова дайшло да нас. Тое, што рымляне называлі rubrica, грэкі называлі miltos. Апошні выкарыстоўваўся для малявання караблёў (Гамер, Іліяда, ix. 125).

[4] Было два апосталы, якія мелі імя Якуб. Адзін, называны Якубам Большым з-за свайго ўзросту, быў сынам Зэбэдэя і Марыі (Саламеі). Іншы, называны Якубам Меншым, а таксама справядлівым з-за сваёй святасці і “братам Пана”, бо ён прыходзіўся Яму стрыечным братам, быў сынам Алфея і Марыі (сястры Найсвяцейшай Дзевы). У хуткім часе пасля Унебаўшэсця ён быў прызначаны біскупам Ерузалема, дзе ён сустрэў смерць з рук габрэяў, якія скінулі яго са сценаў Храма і забілі ўдарам дубіны. Іосіф Флавій кажа, што яго лічылі такім святым чалавекам, што разбурэнне Ерузалема ўспрымалася як Божае пакаранне за яго жорсткую смерць. Ён з’яўляецца аўтарам каталіцкага паслання, якое падпісана яго імем.

[5] У літургічнай мове, калі два альбо больш святаў прыпадае на той жа дзень, кажуць пра накладанне святаў; калі адно свята з другім сустракаецца толькі на Нешпарах, гэта называецца збегам святаў. Варта таксама памятаць, што касцёльны дзень заўсёды пачынаецца ўвечары і заканчваецца вечарам наступнага дня.

[6] Назва “халдзей” шырока выкарыстоўваецца на Усходзе для азначэння тых, хто пераходзіць у еднасць з Рымам з нестарыянства. Супольнасць халдзейскіх каталікоў, як мы сказалі ў іншым месцы, узначальвае патрыярх, які мае тытул “Патрыярх Вавілоніі халдзейскага абраду”. Зазвычай гэты іерарх знаходзіцца ў Багдадзе.


Аўтар:  Джон О’Браен (John O’Brien), A. M., прафесар святой Літургіі ў Каледжы Маўнт Сэйнт Мэры (Mount St. Mary’s College), Эмітсбург, Мэрылэнд, ЗША.
Выданне: A History of the Mass and Its Ceremonies in the Eastern and Western Church (15 ed., 1879).
Ілюстрацыйнае фота: British Library Add. MS 74236 (PD).

Калі вы знайшлі арфаграфічную памылку, калі ласка, вылучыце яе і націсніце Ctrl+Enter.

Пакінуць каментар