19.12.2017 / Кс. Аўгустын Арндт SJ

Кс. Арндт SJ. Адпусты. (13) Умовы атрымання: прадпісаныя ўмовы ў цэлым🕑 3 хвілін

3. А. Пра выкананне прадпісаных умоваў у цэлым. Умовы, прадпісаныя адпуставым дэкрэтам (пар. дэкрэт ад 21 сакавіка 1820 года; Decr. auth. n. 250), належыць выканаць асабіста [1], цалкам, у вызначаным часе, а разам з тым у духу пабожнасці і пакуты; калі б хто выконваў умовы без пабожнасці і засяроджання, а можа, толькі з ганарыстасці, то ён цалкам пайшоў бы супраць намеру, які меў Папа, калі ўдзяляў гэты адпуст. Паколькі тут усё залежыць толькі ад волі таго, хто ўдзяляе адпуст, можна быць упэўненым у тым, што не толькі дабравольны, але і недабравольны пропуск якой-небудзь з прадпісаных умоваў, а нават немагчымасць іх выканання альбо іх няведанне з’яўляюцца перашкодай для атрымання адпусту. “Хто не выканаў бы цалкам ці з большага адну з прадпісаных умоваў, — кажа Raccolta (у апошнім выданні с. ХІІІ), — ці то з прычыны няведання, ці то з-за нядбайнасці, ці то з-за немагчымасці, альбо калі не звярнуў увагу на час ці месца выканання і г. д., адпусту не атрымае, калі толькі гэтая ўмова ў яго выпадку не была законна заменена іншым пабожным учынкам” (Пар. S. Lig., lib. VI, tract. 4, n. 534). Адносна вельмі малы пропуск не перашкаджае ў атрыманні адпусту, напрыклад, калі хто пры прамаўленні Ружанца з-за няўважлівасці ці нядбайнасці прапусціць адну ці дзве малітвы “Вітай, Марыя”, бо parum pro nihilo reputatur. Вельмі малую колькасць можна лічыць за нішто, але гэтую “вельмі малую колькасць” трэба заўсёды ацэньваць у параўнанні з усім, што прадпісана.

2. Пабожны ўчынак, да выканання якога чалавек абавязаўся ўжо ў іншым месцы, не можа быць дастатковым для атрымання адпусту, хіба што Папа гэта выразна дазволіць у адпуставым брэвэ ці асобным рашэннем; бо не можа адзін учынак задаволіць два розныя абавязацельствы, кожнае з якіх патрабуе для сябе асобнага ўчынку (пар. Бенедыкт VIII, канстытуцыя “Inter praeteritos”, § 53 і Theodor. a Spiritu S., de indulg., part. I, cap. 10, art. 6). Акрамя таго, умовы, прадпісаныя для атрымання адпусту, маюць на ўвазе ўчынкі звыш абавязкаў, а таму па сваёй прыродзе цалкам адрозныя ад тых, ад якіх ніхто сам сябе вызваліць не можа. І таму ані саракадзённы пост перад Вялікаднем, ані пост у сухія дні і вігіліі не можа замяніць пастоў, прадпісаных для атрымання адпусту, за выключэннем выразнага дазволу. Згодна з адказам Святой Кангрэгацыі адпустаў ад 29 мая 1841 года (Decr. auth., n. 291, ad 2), таксама і святар не можа замяніць малітваў, якія Папа прадпісаў для атрымання адпусту, чытаннем брэвіярыя.

Паколькі законныя статуты зазвычай не абавязваюць пад пагрозай граху, законнік можа пры дапамозе малітваў і духоўных практыкаванняў, прадпісаных статутамі, атрымліваць адпусты, звязаныя з гэтым тыпам пабожных учынкаў; пры гэтым ён павінен мець намер іх атрымання.

Меркаванне, быццам малітвы і іншыя пабожныя практыкаванні, якія спаведнікі даюць у якасці сакрамэнтальнай пакуты, могуць адначасова служыць для атрымання звязаных з імі адпустамі, з’яўляецца вельмі сумнеўным (паводле згаданага дэкрэта ад 29 мая 1841 года) і яго не варта трымацца на практыцы (пар. Guerra, il tesoro delle s. indulgenze, Roma, Propaganda 1883, pag. 53).

3. Калі з тым самым пабожным учынкам, якога альбо з прыроды рэчаў нельга паўтараць (як, напрыклад, святую Камунію), альбо няма звычаю паўтараць (як, напрыклад, споведзь), звязаны разнастайныя адпусты, то іх усе можна атрымаць без паўтарэння гэтых учынкаў, хіба толькі паўторная споведзь аказалася б патрэбнай з прычыны новага граху (адказ ад 12 студзеня 1878 года; Decr. auth. n. 434, ad 3).

[1] Гэта значыць, што не можа іх выканаць іншы чалавек. Выключэннем з’яўляецца міласціна, якая прадпісваецца зазвычай на юбілей і ў якой нас можа выручыць іншая асоба.


Выданне: Ks. Augustyn Arndt TJ. Odpusty. Podręcznik dla duchowieństwa i wiernych. Kraków, 1890.
Ілюстрацыя
: Франсуа-Марыус Гранэ, Сялянка купляе адпуст, 1825.

Пакінуць каментар

Scroll Up