Некалькі дзён таму мы прапанавалі абгрунтаваную версію таго, якім чынам можна арганізаваць свой удзел у святых Імшах 24 і 25 снежня, калі мы маем здвоены абавязак удзелу ў святой Імшы.

Дыякан Мікола Гракаў напісаў для вэб-старонкі часопіса “Ave Maria” альтэрнатыўную версію падзеяў, сцвярджаючы, што права прадпісвае вернікам удзельнічаць як у Імшы IV нядзелі Адвэнту, так і ў Імшы Нараджэння Пана, паколькі гэта розныя цэлебрацыі.

Удзел у святой Імшы ў ня­дзелю паводле Кодэксу кананічнага права заўсёды з’яўляецца абавязковым (пар. ККП, 1247). Не выключэнне і чацвёртая ня­дзеля Адвэнту, якая прыпадае на 24 снежня. Але таксама і Божае Нараджэнне застаецца ў спісе тых урачыстасцяў, калі ўдзел у святой Імшы абавязковы. (…) Паколькі чацвёртая нядзеля Адвэнту і ўрачыстасць Нараджэння Пана — гэта дзве розныя літургічныя цэлебрацыі, а ўдзел у абедзвюх з’яўляецца абавязковым, вернікам неабходна быць і на Імшы ўдзень 24 снежня, і на Імшы ва ўрачыс­тасць Нараджэння Пана. У адпаведнасці з кананічным правам (пар. ККП, 1248), выканаць гэты абавязак можна як беручы ўдзел у Імшы ў вігілію або ў ноч Нараджэння Пана (Пастэрка), так і ў Імшы ў сам дзень урачыстасці 25 снежня.

Такім чынам, паводле альтэрнатыўнай версіі, вернік павінен нейкім чынам спачатку паўдзельнічаць Імшы IV нядзелі Адвэнту, а потым — у Імшы Нараджэння Пана, якая з рознымі фармулярамі цэлебруецца напярэдадні асноўнага дня (24 снежня ўвечары), у ноч з 24 на 25 снежня і ў сам дзень урачыстасці. Іншымі словамі, спачатку фіялетавыя арнаты, потым белыя, і ніяк іначай.

З прапанаванай версіяй ёсць некалькі праблем.

1. Праблема практычная. Калі прыняць, што верніку сапраўды трэба паўдзельнічаць у Імшы IV нядзелі Адвэнту, то якія варыянты ён мае? Фактычна, яму застаецца раніца нядзелі. Тэарэтычна, згодна з тым жа кан. 1248 § 1, вернік можа шукаць Імшу ў суботу (23 снежня) увечары, але рэдка хто пра гэта ведае, а да таго ж вячэрнія суботнія Імшы ёсць далёка не ў кожнай парафіі. (А паводле тлумачэння “Ave Maria”, нават такая Імша мусіла б служыцца з нядзельным фармулярам, што ўвогуле рэдкасць).

У нядзелю раніцай можна сапраўды паўдзельнічаць у Імшы IV нядзелі Адвэнту. Увечары гэтага зрабіць ужо няможна, таму што ўвечары ўжо цэлебруюцца вігілійныя Імшы з урачыстасці Нараджэння Пана. Так, напрыклад, у гэтым годзе будзе ў мінскай архікатэдры, дзе скасоўваецца адзіная вечаровая нядзельная Імша ў 18:30, а замест яе ставяцца святыя Імшы-пастэркі ў 19:00 і 21:00.

Такім чынам, калі трымацца тлумачэння дк. Гракава, верніку на выкананне нядзельнага застаецца толькі раніца нядзелі. Лішне казаць, што сямейныя і працоўныя людзі палічылі б такое абмежаванне ў правах несправядлівым. Але права выканаць абавязак удзелу ў Імшы на працягу ўсяго дня абаронена тым жа канонам, які дыякан заклікае ў свае саюзнікі.

Can. 1248 — § 1. Praecepto de Missa participanda satisfacit qui Missae assistit ubicumque celebratur ritu catholico vel ipso die festo vel vespere diei praecedentis.

Кан. 1248 — § 1. Абавязак удзелу ў Імшы выконвае той, хто ўдзельнічае ў Імшы, якая цэлебруецца ў любым месцы ў каталіцкім абрадзе, альбо ў сам святочны дзень, альбо вечарам папярэдняга дня.

2. Праблема кананічная. Абгрунтоўваючы свой заклік удзельнічаць як у Імшы IV нядзелі Адвэнту, так і ў Імшы Нараджэння Пана, дк. Гракаў звяртаецца да літургічнага аргументу:

…чацвёртая нядзеля Адвэнту і ўрачыстасць Нараджэння Пана — гэта дзве розныя літургічныя цэлебрацыі, а ўдзел у абедзвюх з’яўляецца абавязковым…

Але зноў жа, калі гэта так, то каноны, якія аўтар прыводзіць у доказ сваёй рацыі, гэтага не пацвярджаюць. Канон 1248 кажа пра абавязак удзелу ў Імшы:

  • у любым месцы;
  • у каталіцкім абрадзе;
  • у вызначаны перыяд часу.

Іншых патрабаванняў канон не дадае, таму словы пра тое, што ўдзел у абедзвюх літургічных цэлебрацыях з’яўляецца абавязковым, уводзяць у падман шляхам змешвання літургічнага і кананічнага права. Але паколькі абавязак удзелу ў Імшы з’яўляецца кананічным, мы і гуляем па правілах кананічнага права, якое прывязвае абавязак удзелу ў Імшы не да літургічных цэлебрацый, а да каляндарных дзён.

Нарэшце, выпадае зноў заклікаць д-ра Пітэрса, але на гэты раз з канкрэтнымі цытатамі:

As a result, the CLSA Comm (1985) 854 said, “Participation in any Eucharistic celebration fulfills the obligation” and, in even more detail, the CLSA New Comm(2000) 1445 says: “The precept [of attending Mass] may be satisfied at any Catholic Mass, i.e., not only when the texts are those of the Sunday or holy day. For example, attendance at a wedding Mass . . . on a Saturday [evening] fulfills the Sunday obligation.”

Як вынік, CLSA Comm (1985) 854 [маецца на ўвазе выданне “The Code of Canon Law: A Text and Commentary“, падрыхтаванае CLSA (Canon Law Society of America)] сцвярджала: “Удзел у любой эўхарыстычнай цэлебрацыі выконвае абавязак”, а CLSA New Comm (2000) 1445 [“New Commentary on the Code of Canon Law”] кажа нават больш дэтальна: “Абавязак [удзелу ў Імшы] можа быць выкананы на любой каталіцкай Імшы, гэта значыць не толькі тады, калі выкарыстоўваюцца нядзельныя альбо святочныя тэксты. Напрыклад, удзел у шлюбнай Імшы … у суботу [увечары] выконвае нядзельны абавязак”.

3. Праблема абрадавая. Сумна, але жыццё такое, што аўтар гэтых радкоў атрымлівае магчымасць удзельнічаць у традыцыйнай лацінскай Імшы раз-два на год, бо SSPX ідэалагічна і маральна не зносіць, а больш няма дзе. Таму, выбіраючыся на кароткі адпачынак у Вільню, ён Божай міласэрнасцю плануе ў нядзелю, 24 снежня, выканаць свой абавязак на Імшы ў надзвычайнай форме рымскага абраду ў касцёле пры плошчы Даўканта.

Пытаннем літургічнага календара ўзору 1962 года і яго адрозненнямі ад календара Novus Ordo мы калісьці зоймемся асобна, але пакуль што дастаткова будзе сказаць, што, паводле календара надзвычайнай формы, на працягу ўсяго дня 24 снежня цэлебруюцца Імшы вігіліі Нараджэння Пана. Таму ў 2017 годзе ў надзвычайнай форме ўвогуле няма IV нядзелі Адвэнту, бо яе цалкам замяняе вігілія Нараджэння Пана.

Ці трэба разумець гэта так, што людзі, якія ўдзельнічаюць у дарэформенных святых Імшах, увогуле не маюць магчымасці выканаць нядзельны абавязак, бо “ўдзел у абедзвюх літургічных цэлебрацыях з’яўляецца абавязковым”? Але ж не, надзвычайная форма рымскага абраду кіруецца тым жа кананічным правам, і таму гэта не мае аніякага сэнсу.

Абавязак каталіка заключаецца ва ўдзеле ў Імшы 24 снежня і 25 снежня. Спроба накласці на гэты абавязак дадатковыя літургічныя абмежаванні не толькі супярэчыць кананічнаму праву, але і накладае на сумленне і штодзённасць вернікаў неабавязковы цяжар.

Практычная парада простая: схадзіць на Імшу ў нядзелю (нават калі гэта не нядзельная Імша), схадзіць на Імшу ў панядзелак, і ўсё будзе ў парадку.

ФотаForestWander, CC BY-SA.

Пакінуць каментар