13.12.2017 / Кс. Аўгустын Арндт SJ

Кс. Арндт SJ. Адпусты. (12) Умовы атрымання: стан асвячальнай ласкі🕑 7 хвілін

Абмяркоўваючы агульныя ўмовы атрымання адпусту, на другім месцы пасля намеру кс. Арндт называе стан асвячальнай ласкі, падрабязна тлумачачы пры гэтым, чаму адпуст нельга атрымаць па-за гэтым станам.

Між іншым, аўтар згадвае пра тэалагічную дыскусію наконт таго, ці можна, знаходзячыся ў граху, ахвяраваць адпуст за памерлага. Па ягоных словах, “многія тэолагі” лічаць, што можна, але толькі ў тым выпадку, калі для гэтых адпустаў не прадпісана выразна ўмова знаходжання ў стане ласкі (corde contrito). Адразу ж ён дадае, што на практыцы варта трымацца больш суровага меркавання і старацца здабываць адпусты ў стане асвячальнай ласкі.

Пазіцыя паслярэформенных дакументаў яшчэ больш простая: умовай атрымання кожнага частковага адпусту з’яўляецца стан corde saltem contritus, г. зн. прынамсі са скрушаным сэрцам (Enchiridion indulgentiarum, N. 4), што, паводле тлумачэння Святой Кангрэгацыі адпустаў, якраз і азначае стан ласкі. Для поўных жа адпустаў прадпісана не толькі знаходжанне ў стане ласкі, але і адсутнасць прывязанасці да любога граху. Таму на практыцы здабыванне адпустаў па-за станам ласкі немагчымае нават тэарэтычна.

* * *

2. Стан асвячальнай ласкі. Другой умовай атрымання адпусту з’яўляецца знаходжанне ў стане асвячальнай ласкі. Св. Тамаш (Suppl., q. 27, a. 1) тлумачыць гэта наступным чынам: “Змярцвелы член не можа адчуваць аніякага ўплыву астатніх жывых членаў; а той, хто знаходзіцца ў цяжкім граху, з’яўляецца нібы мёртвым членам, і таму не можа мець аніякага ўдзелу ў заслугах жывых членаў, якія жадаюць атрымаць для яго адпуст”. Акрамя таго, удзел у адпустах залежыць і ад духоўных уладаў; а ніколі не было і не магло быць намерам найвышэйшых пастыраў Касцёла, якія ўдзялялі адпусты, рабіць удзельнікамі заслугаў Хрыста Пана і Яго святых душы, абцяжараныя смяротнымі грахамі. Адпуст з’яўляецца праявай ласкі і прыхільнасці да сяброў і дзяцей Божых, а не да непрыяцеляў Пана Бога. Да таго ж, як можна было б прабачыць зямную кару чалавеку, які ўсё яшчэ вечнай кары заслугоўвае? Пакуль трывае сам грэх, Бог не прабачае кары за яго. А таму абавязкова патрэбна альбо першасна атрыманую ласку захаваць, альбо страчаную ласку зноў вярнуць праз пакуту. Аднаго цяжкага граху, які абцяжарвае сумленне, дастаткова, каб зрабіць нас няздольнымі атрымаць хоць найменшы адпуст. І нават з адзіным штодзённым грахом, да якога мы застаемся прывязанымі, нельга атрымаць поўны адпуст ва ўсёй яго паўнаце [1]. Бо пакуль душу скажае пляма альбо віна гэтага граху, нельга атрымаць прабачэнне зямной кары, якая за яго належыцца. “Такія шляхі нязмернай Божай справядлівасці, — кажа кс. Бурдалу (у казанні на адкрыццё юбілею, частка 2), — што Бог адступае ад свайго слушнага права караць нас у меру і роўна настолькі, наколькі мы развіваемся ў нянавісці да ўсялякай абразы Пана Бога”. А гэтая нянавісць павінна быць сапраўднай і шчырай (vere contritis), гэта мусіць быць сутнасны і рашучы разлад з грахом і ўсялякай здольнасцю яго рабіць. Толькі знешніх прыкметаў, якія трапляюць на вочы, абсалютна недастаткова. Шмат хто падчас юбілею жадае паспавядацца з усяго жыцця; гэта вельмі добра і пахвальна, але каб толькі гэтыя генеральныя споведзі заўсёды таксама вялі да поўнага навяртання.

Тут належыць звярнуць увагу яшчэ на наступныя рэчы. Калі для атрымання поўнага адпусту, напрыклад, юбілейнага, трэба выканаць некалькі пабожных учынкаў, то вельмі карысна — і да гэтага належыць імкнуцца — усе іх выканаць у стане асвячальнай ласкі. Аднак зазвычай гэта не з’яўляецца настолькі неабходным, каб ад гэтага залежыла атрыманне адпусту. Калі ва ўдзяленні адпусту няма нічога, што гэтаму супярэчыла б, дастаткова мець свабоднае ад усялякай віны сумленне падчас выканання апошняга прадпісанага пабожнага ўчынку, бо менавіта тады атрымліваецца адпуст. Такога меркавання трымаюцца св. Антанін, кс. Суарэс, Бенедыкт XIV, а. Тэадор ад Духа Святога і іншыя; Raccolta (на с. ХІІ) выказваецца падобным чынам: “Найлепш было б распачынаць выкананне ўсіх умоваў ад споведзі. Калі гэта зрабіць не атрымаецца, належыць прынамсі апошнюю ўмову выканаць у стане ласкі” [2].

Калі б нехта пасля споведзі, калі яна прадпісана, і выканання пэўнай часткі ўмоваў трапіў у смяротны грэх, то для таго, каб вярнуць стан ласкі, з увагі толькі на саму прыроду рэчаў дастаткова здзейсніць акт дасканалай скрухі разам з пастановай прыступіць да споведзі ў свой час, пасля чаго выканаць астатнія ўмовы адпусту і атрымаць яго. Выразна абавязковае прадпісанне прыступіць да новай споведзі пасля здзяйснення цяжкага граху існуе толькі для юбілейных адпустаў (Decr. auth., n. 353) [3]. Аднак гэтае прадпісанне, як і тая акалічнасць, што Касцёл заўсёды, калі мова ідзе пра поўны адпуст, наказвае прыступіць да споведзі, каб запэўніць душы стан ласкі, дае нам ясна зразумець дух і мысленне Касцёла. Таму ў такім выпадку будзе значна лепш паўторна прыступіць да споведзі. Гэта вынікае таксама з нядаўна выдадзенай пастановы Святой Кангрэгацыі адпустаў ад 12 студзеня 1878 года (Decr. auth., n. 434, ad 3), якое сцвярджае, што сапраўды можна за адну споведзь атрымаць некалькі адпустаў (нават калі б для кожнага з іх паасобку была прадпісана споведзь); аднак гэта толькі тады, калі з якой-небудзь іншай прычыны (менавіта пасля здзяйснення цяжкага граху) паўторная споведзь не акажацца неабходнай [4]. Той, хто ў гэтым апошнім выпадку паўторна прыступіць да споведзі, не мусіць паўтараць пабожных учынкаў, выкананых перад ёю, але мае выканаць толькі тыя, што засталіся.

Што датычыцца адпустаў за памерлых, то многія тэолагі мяркуюць, што іх можна атрымаць для чысцовых душаў, не знаходзячыся ў стане ласкі. Аднак яны кажуць толькі пра тыя адпусты, для атрымання якіх не прадпісана выразна ўмова знаходжання ў стане ласкі (corde contrito) альбо споведзь і святая Камунія. Бо грэх асобы, якая выконвае ўмовы адпусту, не перашкаджае яго эфектыўнасці для чыстых і нявінных душаў, якія могуць мець удзел у сатысфакцыі, якую за іх ахвяруюць іншыя. Аднак паколькі гэтае меркаванне хоць і праўдападобнае, але не да канца пэўнае, на практыцы будзе больш бяспечна трымацца супрацьлеглага меркавання [5]. Таму перад атрыманнем адпусту за памерлых ачысцім нашае сумленне добрай споведдзю і паяднаемся з Панам Богам; альбо прынамсі абудзім у сваім сэрцы шчыры жаль з моцнай пастановай паспавядацца як найхутчэй. І тады нашая любоў да церпячых братоў стане задаткам нашага асабістага асвячэння. Але паколькі амаль усе поўныя адпусты прадпісваюць у якасці абавязковай умовы споведзь і святую Камунію, таму для іх атрымання неабходна знаходзіцца ў стане асвячальнай ласкі. У дазволах на частковыя адпусты сакрамэнтальная споведзь зазвычай не называецца ў якасці ўмовы іх атрымання; аднак тады дадаецца ўмова “corde saltem contrito”, “прынамсі са скрушаным сэрцам”, альбо больш дакладна “з сэрцам, паяднаным з Богам”. Бо 17 снежня 1870 года Святая Кангрэгацыя ў адказ на пытанне выразна паведаміла, што гэтыя словы азначаюць менавіта стан асвячальнай ласкі, у якім павінен знаходзіцца той, хто жадае атрымаць такі адпуст. Таму, калі хтосьці ўжо мае стан ласкі, яму не трэба перад гэтым рабіць акт скрухі; у адваротным выпадку ён павінен прынамсі праз дасканалы жаль за грахі паяднацца з Богам.


[1] Яшчэ і сёння, дзякуй Богу, ёсць хрысціяне, якія настолькі далёкія ад усялякай прывязанасці ад штодзённых грахоў, што з поўнай упэўненасцю можна сцвярджаць, што яны атрымліваюць поўныя адпусты ва ўсёй іх паўнаце, тым больш што для іх атрымання найчасцей прадпісваецца прыняцце святой Камуніі, якая, паводле меркавання многіх вялікіх тэолагаў, знішчае віну штодзённага граху калі не наўпрост ex opere operato, то прынамсі пасрэдна per actum caritatis, qui hoc Sacramento excitatur. Тут ідзе мова пра прывязанасць да такіх штодзённых грахоў, de quibus anima actualem complacentiam non habeat, так што далейшы адпуст з лёгкасцю знішчае зямную кару. Пар. S. Lig., Praxis confessarii, n. 154.

[2] Звыклая формула пры ўдзяленні поўных адпустаў “qui vere poenitentes confessi ac S. Communione refecti ecclesiam visitaverint” не азначае, што наведванне Касцёла (альбо іншыя прадпісаныя ўчынкі) павінны быць выкананы абавязкова пасля споведзі і Камуніі. Гэта бачна з Decr. auth., n. 214, дзе да прыведзенага вышэй выразу дададзена наступнае тлумачэнне: “Quod autem ad Ecclesiae visitationem spectat, (S. Congr. declarat) eam impleri posse sive ante sive post aliorum piorum operum implementum”.

[3] Пар. Бенедыкт XIV, була “Convocatis”, § 47 і була “Inter praeteritos”, § 79.

[4] Utrum, si eidem pio operi, quod a fidelibus iterari non potest, variis titulis indulgentiae adnexae sunt, possint omnes lucrifieri? R. Affirmative, dummodo opera injuncta vere iterari nequeant, vel non soleant, sicut confessio, nisi sit aliunde necessaria.

[5] Біскуп з Сэн-Флур у Францыі даслаў у Святую Кангрэгацыю адпустаў пытанне, ці можна ў стане смяротнага граху прынамсі для душаў памерлых атрымаць адпуст у тым выпадку, калі атрыманне гэтага адпусту не пастаўлена ў залежнасць ад прыняцця святой Камуніі, і 22 лютага 1847 года атрымаў наступны адказ: Consulat probatos auctores. Святая Кангрэгацыя не пажадала сама даць вырашальнага адказу. Аўтары, кампетэнтныя ў гэтай сферы, не згаджаюцца паміж сабою: адны выступаюць за, а іншыя супраць. Трыманне больш лагоднага меркавання наконт адпустаў, якія не прадпісваюць ані споведзі, ані святой Камуніі, ані дасканалай скрухі, можа быць карысным тым, што яно заахвоціць прынамсі тых, хто меў няшчасце трапіць у цяжкі грэх, рабіць тое, што ў іх сілах, каб атрымаць адпуст для бедных душаў у чысцы. Няхай тады стараюцца абудзіць глыбокі жаль; а калі б і яго не змаглі дабіцца, няхай і тады не трацяць надзеі на тое, што яны прынамсі штосьці здольныя зрабіць для патрабуючых душаў, а тады лягчэй атрымаюць ласку шчырага навяртання для сябе саміх.


Выданне: Ks. Augustyn Arndt TJ. Odpusty. Podręcznik dla duchowieństwa i wiernych. Kraków, 1890.
Ілюстрацыя
: Франсуа-Марыус Гранэ, Сялянка купляе адпуст, 1825.

Пакінуць каментар

Scroll Up