На мінулым тыдні Святы Айцец Францішак зноў апынуўся ў цэнтры свецкіх навінаў, заявіўшы, як здаецца, што яму не вельмі падабаецца шостая просьба ў Малітве Панскай, у чым напэўна вінаваты кепскі пераклад, бо Бог не можа ўводзіць сваіх дзяцей у зло.

Святы Айцец выказаў меркаванне, што радок малітвы “Ойча наш”, у якім гаворыцца “не ўводзь нас у спакусу”, не быў добра перакладзены. Пантыфік заўважыў, што нядаўна французскі епіскапат зацвердзіў новы пераклад гэтай малітвы, у якім спрэчны радок гучыць інакш, а менавіта: “не дазволь мне [нам] ўвайсці ў спакусу”.

Падобна, што Францішак крытыкаваў дзейны італьянскі пераклад, які кажа “non ci indurre in tentazione”, абапіраючыся на родны для яго іспанскі варыянт “no nos dejes caer en la tentación” (не дазволь нам упасці ў спакусу), які нібыта і праўда пераносіць адказнасць за падзенне з Бога на чалавека.

Паколькі час надрукаваць гэтую навіну меў кожны, а грунтоўна прысесці за аргументацыю ніхто не захацеў, бо гэта ж Папа і “ўсе і так усё ведаюць”™, гэта давядзецца зрабіць нам, ды і то ў тэзіснай форме, пакінуўшы чытанне і аналіз іншым.

1. Нацыянальныя варыянты малітвы “Ойча наш” — гэта пераклады з перакладу з перакладу

Найбольш верагодна, што Пан навучыў сваіх вучняў гэтай малітве, прамаўляючы яе на сваёй размоўнай мове, а менавіта па-арамейску. У абодва Евангеллі гэтая малітва трапіла ўжо на грэцкай мове. Лацінскі літургічны тэкст Pater noster з’яўляецца перакладам з грэцкай мовы і звязаны з падрыхтоўкай лацінскага перакладу Бібліі (Вульгаты) св. Геранімам. Нацыянальныя пераклады “Ойча наш”, прынамсі традыцыйныя і літургічныя, каталікі рабілі з лацінскіх узорных выданняў.

Такім чынам, шлях наступны:

  • арамейская;
  • грэцкая;
  • лацінская;
  • нацыянальныя мовы.

Арамейскія словы Пана Езуса не захаваліся, і мы ніколі не даведаемся пра арыгінальнае гучанне “Ойча наш”, хіба што ў хуткім часе на Блізкім Усходзе адкапаюць дакумент Quelle, які ўсё адно найхутчэй будзе напісаны на старажытнагрэцкай мове, а дакладней на дыялекце кайнэ. Такім чынам, грэцкі тэкст — гэта найбольш вартаснае і арыгінальнае, што ў нас ёсць, прычым, наколькі нам вядома, тэкстолагі не сумняваюцца, што гэты тэкст надзейны. З пазіцыі веры, варта выказаць таксама ўпэўненасць, што евангелісты не сказілі словаў Пана Езуса, хоць і запісалі іх на іншай мове.

Далей, існуе агульнае меркаванне (нават у нямецкіх біскупаў), што лацінскі радок “ne nos inducas in tentationem” — гэта найлепшы магчымы варыянт перакладу грэцкага арыгінала. Такія ж варыянты, як іспанскае “не дазволь нам упасці” альбо новае французскае “не дазволь нам увайсці” — гэта не толькі памылка перакладу, але і накладанне няправільнай тэалагічнай парадыгмы, заснаванай на сучасным разуменні слова “ўводзіць”. З іншымі аргументамі (напрыклад, эсхаталагічным, калі слова “спакуса” адносяць да апошніх часоў выпрабавання) на карысць традыцыйнага перакладу можна пазнаёміцца тут і тут. Застаецца дадаць, што калі б лацінскі пераклад “ne nos inducas in tentationem” быў памылковым, гэта не засталося б без увагі касцёльных аўтараў. Але ніхто з іх лацінскі тэкст не крытыкуе, і менавіта гэты радок шырока ўжываўся ў літургіі Касцёла да 1970 года.

Нарэшце, трэцяя стадыя — гэта пераклад малітвы “Ойча наш” з лацінскай мовы на нацыянальныя. І тут варта заўважыць важную рэч. У дыскусіях наконт перакладаў карысна і дарэчна звяртацца да як мага больш даўніх крыніцаў, каб удакладніць пераклад і высветліць неадназначнасці, але асноўным заданнем перакладчыка з’яўляецца выкананне перакладу, прычым перакладу з узорнага лацінскага тэкста. Рымскі Імшал, у якім запісаны літургічны варыянт Малітвы Пана, выдадзены на лацінскай мове, і менавіта з яго робіцца кожны пераклад на нацыянальную мову.

І таму, нават калі колішні французскі пераклад быў сапраўды кепскі [1], задачай новага перакладу павінна быць не эфектыўная кампенсацыя комплексу ахвяраў спакушаючага Бога, а вернасць лацінскаму тэксту. У новай французскай версіі гэтага няма, хоць можа цяпер так і трэба.

Наадварот, беларуская версія “не ўводзь нас у спакусу” або англійская версія “lead us not into temptation” як найдакладней трымаюцца лацінскага тэксту, а разам з ім старажытнагрэцкага. Знешне верагодным выглядае і італьянскі пераклад “non ci indurre in tentazione”.

Такім чынам, калі прыняць, што на кожнай стадыі (арамейская) → (грэцкая) → (лацінская) → (нацыянальная) сэнс шостай просьбы не змяніўся (а выглядае менавіта так), то той, хто прапануе “змяніць пераклад”, мае праблемы не з перакладам, а са словамі самога Пана Езуса.

2. Касцёл ніколі не сумняваўся ў значэнні шостай просьбы

Тлумачэнні наконт “не ўводзь нас у спакусу” прыводзіць Катэхізіс Каталіцкага Касцёла, а таксама даступны на беларускай мове Кампендый ККК (№ 596). Калі чытачы жадаюць больш традыцыйных крыніцаў, то рэкамендуем звярнуцца да Рымскага Катэхізіса, альбо Катэхізіса для пробашчаў (польскае выданне 1866 года), зацверджанага Трыдэнцкім саборам. У ім шостая просьба тлумачыцца на працягу 11 старонак (с. 549—561). Але, што яшчэ больш істотна, каментары і тлумачэнні да Малітвы Пана пісалі самыя старажытныя аўтары Касцёла, між іншым, закранаючы і шостую просьбу. Зацікаўленых адсылаем на партал “Азбука веры“, дзе ў незлічонай колькасці знаходзяцца тэксты ранніх хрысціянскіх пісьменнікаў.

  1. Тэртуліян Карфагенскі (с. 160 — с. 225). De oratione, 1—10.
  2. Арыген Александрыйскі (с. 184 — с. 253). De oratione, 18—30.
  3. Св. Кіпрыян Карфагенскі (с. 200—258). De oratione dominica; Treatises 4.
  4. Св. Кірыл Ерузалемскі (с. 313—386). Catecheses mystagogicae, 5.11–5.18.
  5. Св. Грыгорый Нісскі (с. 335 — с. 395). De oratione dominica.
  6. Св. Амброзій Медыяланскі (с. 337—397). De sacramentis, 5.4.18–5.4.30.
  7. Эвагрый Пантыйскі (345—399). Expositio in orationem dominicam.
  8. Св. Ян Хрызастом (с. 347—407). In Mattheum, 19; Oratio dominica ejusque explanatio.
  9. Тэадор Мапсуестыйскі (с. 350—428). Катэхетычныя лекцыі.
  10. Св. Аўгустын Гіпонскі (354—430). Пра казанне на Гары, 2.4.15–2.11.39; Казанні на выбраныя чытанні з Новага Запавету, 6-9.
  11. Св. Ян Касіян (с. 360—435). Канферэнцыі, 9.18–9.25 (De oratione Dominica).
  12. Св. Пётр Хрызалог (с. 380 — с. 450). Казанні, 67—72.
  13. Св. Максім Вызнаўца (с. 580—662). Orationis Dominicae expositio.

Кожны аўтар з дадзенага спісу разглядаў малітву Пана ў першасным выглядзе, не кажучы, што “тут, напэўна, памылка перакладу”. Таксама і сённяшнія святары, біскупы і сам Папа зрабілі б добрую службу Касцёлу, калі б працягвалі выкладаць навуку Касцёла, не стараючыся абмінуць меркаваныя цяжкасці тэкставымі зменамі. Апошні прыклад добрага падыходу даў Папа Бенедыкт XVI у сваёй кнізе “Езус з Назарэта”.

3. Гэта не адзіная праблема ў малітве “Ойча наш”

Кс. Джон Ханвік, які трыццаць год выкладаў лацінскую і грэцкую мову і літаратуру, прапануе для разгляду іншы фрагмент “Ойча наш”: радок “хлеба нашага штодзённага дай нам сёння”. У сваім допісе ён разважае пра тое, што слова “штодзённы” сустракаецца ў Новым Запавеце толькі адзін раз і што сам Арыген кажа, што не чуў, каб такое слова выкарыстоўвалася ў штодзённым жыцці. Адсюль таксама паходзіць традыцыя перадаваць гэтае слова не як “штодзённы”, а як “звышнатуральны” (supersubstantialem), што ў сваю чаргу ўплывае на разуменне слова “хлеб”, надаючы яму эўхарыстычнае адценне. Такое багацце тлумачальнай традыцыі, па словах кс. Ханвіка, не шкодзіць веры, а проста дае больш рэчаў для глыбокага разважання. Спроба ж змяніць малітву так, каб яна перадавала толькі той сэнс, які падабаецца рымскаму біскупу ў ХХІ стагоддзі, з’яўляецца саманадзейнай.

4. Змены ў “Ойча наш” прывядуць да пастырскіх праблемаў

Многія рэчы, праз якія сёння імкнуцца прайсці каталікі, раней ужо прайшлі англікане, якія ў 1970-я гады паспелі паэксперыментаваць з “сучаснымі” перакладамі Малітвы Пана. Тады англіканскія пастыры высветлілі, што большасць людзей, якія рэдка наведваюць касцёлы (напрыклад, прыкаваныя да ложка, старыя, альбо тыя, хто ходзіць толькі на хросты, шлюбы і пахаванні, альбо на вялікія святы), ведаюць адну-адзіную літургічную формулу — Малітву Пана. Ці варта пазбаўляць людзей нават гэтага?

Сюды можна залічыць і экуменічныя праблемы, якія, на першы погляд, характэрны толькі для краін з вялікай колькасцю пратэстантаў. Але фактычна мы самі даўно знаходзімся ў сітуацыі, калі паміж хрысціянскімі канфесіямі адсутнічае тэрміналагічная згода. Змена ў Малітве Пана паставіла б крыж на любых спробах лінгвістычнага набліжэння.

Такім чынам, прапанова Папы Францішка не вытрымлівае крытыкі ані з лінгвістычнага, ані з тэалагічнага, ані з пастырскага пункту гледжання. Рэальныя наступствы мы пабачым у найбліжэйшым часе, калі на ягоную прапанову адрэагуе біскупская канферэнцыя Італіі.

ФотаMattes, Касцёл “Ойча наш” у Ерузалеме (PD).

[1] Кажуць, што папярэдні французскі варыянт шостай просьбы “Ne nous soumets pas à la tentation” (фр. soumettre = падвяргаць, паддаваць = англ. subject, submit) наводзіў каталікоў на думкі пра Бога, Які наўмысна накладае на іх нязносныя пакуты, каб прымусіць іх зграшыць.

Калі вы знайшлі арфаграфічную памылку, калі ласка, вылучыце яе і націсніце Ctrl+Enter.

Пакінуць каментар