У 2017 годзе літургічны каляндар прынёс нам пэўны сюрпрыз: абавязковая ўрачыстасць Нараджэння Пана (25 снежня) прыпадае на наступны дзень пасля IV нядзелі Адвэнту (24 снежня), калі кожны каталік таксама абавязаны прыняць удзел у святой Імшы.

Нельга сказаць, што такая сітуацыя рэдкая, бо па-за Божым Нараджэннем агульнае права (кан. 1246 § 1) прадугледжвае яшчэ 7 абавязковых святаў, якія тэарэтычна могуць прыпадаць на любы дзень, таксама на панядзелак ці суботу, і ствараць такім чынам здвоены абавязак удзелу ў святой Імшы.

Што рабіць у тым выпадку, калі ў Імшы трэба паўдзельнічаць два дні запар? Самы просты адказ на гэтае пытанне гучыць так: два разы значыць два разы, у чым праблема? Але ў той жа час некаторыя людзі цалкам прадказальна лічаць, што абодва абавязкі можна задаволіць адной Імшой. Напрыклад, калі ў гэтым годзе наведаць святую Імшу-пастэрку ў нядзелю ўвечары, яна нейкім чынам залічыцца і за нядзельную Імшу, і за Імшу ў дзень Нараджэння Пана.

На момант напісання артыкула (ІІ нядзеля Адвэнту) аўтар гэтых радкоў не чуў, каб гэтае пытанне закраналася ў каталіцкіх СМІ альбо ў парафіяльных аб’явах. На тое можа быць дзве прычыны. Па-першае, гэта агульная няўважлівасць да таго, каб нагадваць вернікам пра іхні абавязак. Па-другое, святары так ці інакш будуць цэлебраваць Імшы ў адзін і другі дзень, таму яны могуць шчыра не здагадвацца, што такія рэчы могуць выклікаць у вернікаў непаразуменні.

Таму загадзя пастараемся разгледзець пытанне здвоенага абавязку ўдзелу ў Імшы, абапіраючыся на публікацыі знанага амерыканскага юрыста, супрацоўніка Апостальскай Сігнатуры і выкладчыка кананічнага права д-ра Эдварда Пітэрса. Зацікаўленыя могуць пазнаёміцца непасрэдна з дыскусіяй і крыніцамі:

А мы пададзім тут ягоныя тлумачэнні ў сістэматызаваным выглядзе.

1. Ці можна выканаць здвоены абавязак удзелу ў святой Імшы, наведаўшы толькі адну Імшу ўвечары першага дня, каб яна залічылася за абодва дні?

Няможна. Двайны абавязак азначае ўдзел у дзвюх асобных Імшах. Пра гэта кажа не толькі здаровы сэнс, але і каментарый да Кодэкса кананічнага права (The Canon Law: Letter & Spirit : A Practical Guide to the Code of Canon Law, с. 702). Сцвярджаць, што існуе нейкая супер-Імша, якая магла б адным заходам задаволіць два аднародныя патрабаванні, было б проста няправільна.

Часам лічыцца, што ўдзельнічаць у святой Імшы два дні запар — гэта надта вялікі цяжар для вернікаў, таму біскупы некаторых краін, у адпаведнасці з дадзеным ім правам (кан. 1246 § 2), прынялі адпаведныя пастановы, якія здымаюць з вернікаў такі абавязак. Напрыклад, біскупы ЗША пастанавілі, што на іх тэрыторыі ўрачыстасці св. Юзафа і св. апосталаў Пятра і Паўла ўвогуле не з’яўляюцца абавязковымі, а калі ўрачыстасці Багародзіцы Марыі, Унебаўзяцця НПМ і Усіх святых прыпадаюць на панядзелак ці суботу, абавязак удзелу ў іх таксама скасоўваецца.

У выпадку Англіі і Уэльса біскупы выйшлі з падобнай сітуацыі іншым спосабам. У гэтых краінах, калі абавязковыя ўрачыстасці Аб’яўлення Пана, Унебаўзяцця НПМ, Пятра і Паўла і Усіх святых прыпадаюць на суботу ці панядзелак, яны пераносяцца на нядзелю.

Калі б і нядзельны, і святочны абавязак можна было б выканаць удзелам у адной Імшы, патрэбы ў такіх манёўрах проста не існавала б.

У нашай краіне такіх паслабленняў не прадугледжана, таму прыняць удзел у святой Імшы трэба і 24 снежня, і 25 снежня.

2. Як спланаваць удзел у дзвюх Імшах на працягу гэтых двух дзён?

Спачатку трэба ўдакладніць, у які перыяд часу Касцёл дазваляе выканаць абавязак удзелу ў Імшы. Згодна з кан. 1248 § 1, зрабіць гэта можна альбо ў сам святочны дзень, альбо вечарам папярэдняга дня.

Can. 1248 — § 1. Praecepto de Missa participanda satisfacit qui Missae assistit ubicumque celebratur ritu catholico vel ipso die festo vel vespere diei praecedentis.

Наконт дакладнага значэння слова “вечар” ідуць дыскусіі: адны каментатары прапаноўваюць лічыць, што выканаць абавязак удзелу ў Імшы можна з 16:00 папярэдняга дня; іншыя кажуць, што адлік “вечара” трэба весці ад 12:00. Эдвард Пітэрс сцвярджае, што кожны з іх мае добрыя аргументы на сваім баку, але паколькі нашай мэтай з’яўляецца выкананне абавязку ўдзелу ў Імшы, а не выгінанне кананічнага права, то для нашай мэты будзе больш бяспечна прыняць час 16:00.

Калі зыходзіць з гэтай інфармацыі, то задаволіць абавязак удзелу ў Імшы можна наступным чынам:

  • IV нядзеля Адвэнту: ад вечара папярэдняй суботы, 23 снежня, да канца 24 снежня (да 24:00);
  • урачыстасць Нараджэння Пана: ад вечара папярэдняй нядзелі, 24 снежня, да канца 25 снежня (да 24:00).

Канкрэтныя варыянты і камбінацыі могуць быць абсалютна розныя, але сутнасць заключаецца толькі ў тым, каб кожны з двух абавязкаў выканаць у межах прадпісанага перыяду часу.

Напрыклад, гэта можа стандартны варыянт, такі як удзел у Імшы ў нядзелю ў 9:00, а затым у панядзелак у 9:00. А можа быць і больш дзіўны: напрыклад, Імша ў нядзелю ў 15:00 задаволіла б нядзельны абавязак, а Імша ў 17:00 той жа нядзелі — святочны абавязак, бо кожная з гэтых Імшаў трапляе ў неабходны інтэрвал часу.

3. Ці павінна Імша быць літургічна “правільнай”, каб задаволіць абавязак?

Іншымі словамі, ці трэба для выканання нядзельнага абавязку ўдзельнічаць менавіта ў “нядзельнай” Імшы (фіялетавы літургічны колер, нядзельныя чытанні і г. д.), а для выканання абавязку свята Божага Нараджэння ўдзельнічаць менавіта ў святочнай Імшы?

Не, таму што кананічнае права не ставіць такой умовы выканання нядзельнага абавязку.

Кан. 1248 § 1 называе дзве ўмовы: (а) Імша павінна служыцца ў каталіцкім абрадзе (гэта значыць, у рымскім альбо ў адным з усходніх абрадаў); (б) удзельнічаць у Імшы трэба ў сам дзень свята альбо вечарам папярэдняга дня.

Справа ў тым, што падбор імшальных чытанняў, колеру ўбрання, частак Імшы і інш. датычыцца не кананічнага абавязку вернікаў удзельнічаць у Імшы, а літургічнага абавязку святароў служыць Імшу ў адпаведнасці з літургічнымі прадпісаннямі. Свецкі вернік практычна не можа паўплываць на выбар святаром таго ці іншага фармуляру Імшы, але ён таксама не павінен станавіцца закладнікам жаданняў святара альбо літургічнага закону пры выкананні свайго кананічнага абавязку. Пры апошнім пераглядзе кананічнага права да ўвагі прымалася таксама і гэтая праблема. Пазней у каментарыях было растлумачана, што выбар імшальных тэкстаў не мае дачынення да абавязку ўдзелу ў Імшы. Не ставіць канон і іншых умоваў, такіх што святая Імша павінна служыцца законна (licite), альбо толькі ў касцёле, альбо на канкрэтным тыпе алтара (на працягу гісторыі гэтыя дэталі маглі ўплываць на выкананне вернікамі свайго абавязку).

Прыклад са сферы здаровага сэнсу. Калі б вернік прыйшоў на святую Імшу ў нядзелю звычайнага перыяду і раптоўна высветліў, што святар спалучыў з Імшою сакрамэнт сужэнства, выбраў шлюбны фармуляр святой Імшы і выйшаў на Імшу ў белым убранні, а не ў зялёным, ён усё адно выканаў бы абавязак удзелу ў нядзельнай святой Імшы.

Падобна і вернік, які жадае выканаць нядзельны абавязак напярэдадні ў суботу, не абавязаны шукаць вігілійную Імшу, якая служылася б з нядзельнымі тэкстамі. Вядома, удзел у літургічна правільнай нядзельнай Імшы прынясе верніку большую карысць (тое ж трэба сказаць пра кожны з прыведзеных тут прыкладаў), але калі казаць пра сцісла кананічны абавязак, то, несумненна, выканаць яго можна нават тады, калі вячэрняя Імша ў суботу служыцца з суботнім фармулярам.

Як гэта прымяняецца ва ўмовах збегу святаў, які нас чакае? Напрыклад, вечаровая Імша-пастэрка, хоць яна і належыць літургічна да ўрачыстасці Нараджэння Пана, можа задаволіць абавязак удзелу ў нядзельнай Імшы, таму што па часе яна служыцца якраз у нядзелю, перад заканчэннем гэтага дня. Тое, што літургічна IV нядзеля Адвэнту ўжо саступіла месца ўрачыстасці Нараджэння Пана і што мой сусед у лаўцы будзе на той жа Імшы выконваць свой святочны абавязак, карыстаючыся дазволам Касцёла выконваць гэты абавязак напярэдадні, не можа пазбавіць мяне законнага права выканаць нядзельны абавязак да заканчэння нядзельнага дня.

Таму наведванне спачатку вечаровай Імшы-пастэркі, а потым Імшы 25 снежня дазволіць выканаць двайны абавязак, хоць абедзве гэтыя Імшы літургічна належаць да ўрачыстасці Нараджэння Пана.

Застаецца падсумаваць:

  1. Ніводная Імша не можа задаволіць два абавязкі ўдзелу.
  2. Каб выканаць абавязак удзелу, можна прыняць удзел у любой Імшы, якая цэлебруецца ў вызначаны перыяд.

Пры наяўнасці сапраўды сур’ёзнай прычыны, якая перашкаджае выкананню гэтага абавязку, можна звярнуцца да свайго пробашча з просьбай скасаваць яго альбо замяніць на іншы, згодна з кан. 1245.

ФотаForestWander, CC BY-SA.

Працяг дыскусіі >>

Калі вы знайшлі арфаграфічную памылку, калі ласка, вылучыце яе і націсніце Ctrl+Enter.

Пакінуць каментар