Здаецца, у дыскусіях, выкліканых апошнімі навінамі наконт публікацыі ў выданні Acta Apostolicae Sedis (AAS) двух дакументаў, якія датычацца інтэрпрэтацыі Amoris Laetitia, многія людзі прынялі пункт гледжання, што аўтэнтычнае навучанне з’яўляецца беспамылковым, нібыта гэта той выпадак, калі Roma locuta est, causa finita est. Але гэта не так. Што б гэтая нядаўняя публікацыя ў AAS ні азначала, яна напэўна не азначае, што штосьці было канчаткова вырашана альбо нейкія пытанні атрымалі канчатковыя адказы.

Аўтэнтычнае навучанне, якому вернікі павінны аказваць пабожную паслухмянасць розуму і волі (Lumen gentium 25; пар. ККП 752), не з’яўляецца беспамылковым [1]. Вось што пра аўтэнтычнае навучанне Папы і біскупаў кажа Lumen gentium:

Вернікі павінны згаджацца з меркаваннем свайго біскупа ў справах веры і звычаяў, выказаным ад імя Хрыста, і прытрымлівацца яго з пабожнай паслухмянасцю духа (religioso animi obsequio). Гэтую пабожную паслухмянасць волі і розуму (religiosum voluntatis et intellectus obsequium) трэба асабліва праяўляць у дачыненні да аўтэнтычнага навучання Рымскага Пантыфіка нават тады, калі ён не прамаўляе ex cathedra; а менавіта, трэба з пашанай прызнаваць яго найвышэйшае навучанне і шчыра падпарадкоўвацца яго суджэнням, згодна з яго думкай і воляй…

Тэкст згадвае пра аўтэнтычнае навучанне Папы, “нават тады, калі ён не прамаўляе ex cathedra“, таму цяпер павінна быць зразумела, што гэты ўрывак кажа пра не-беспамылковае вучэнне. Калі ж яшчэ не зразумела, дазвольце мне скіраваць вашу ўвагу на афіцыйны каментар да гэтага тэкста, які выдала Тэалагічная камісія Другога Ватыканскага сабору, каб растлумачыць яго значэнне біскупам перад тым, як яны будуць галасаваць па ім. Калі гэты канкрэтны параграф дадалі да другога чарнавіка падрыхтоўчага дакумента пра Касцёл, тлумачэнне было такое, што яго дадалі, “каб дакладней акрэсліць, якую згоду трэба аказваць навучанню аўтэнтычнага Магістэрыя, якое знаходзіцца ніжэй за ўзровень беспамылковасці” (Acta Synodalia Sacrosancti Concilii Vaticani II, 2/1, p. 255). Зноў жа, у трэцім чарнавіку гэты параграф быў перанесены ў іншае месца з тлумачэннем, што гэта зрабілі таму, што “выдавалася больш мэтазгодным тлумачыць не-беспамылковае навучанне Рымскага Пантыфіка ў кантэксце навучання ўсяго епіскапату” (Ibid., 3/1, p. 250).

Таму трэба ясна разумець, што, калі мы вядзем размову пра аўтэнтычнае навучанне Папы, мы не кажам пра беспамылковае вучэнне. Папа беспамылковы толькі тады, калі ён прамаўляе ex cathedra. І тады такое навучанне часта называюць урачыстым альбо надзвычайным. Яго не называюць проста аўтэнтычным навучаннем.

Аднак, калі гэта ўсё яшчэ не вельмі зразумела, дазвольце мне дадаць другі доказ, узяты з катэхезы св. Яна Паўла ІІ пра Касцёл. Падчас сваёй генеральнай аўдыенцыі 24 сакавіка 1993 года ён ясна і яўна сцвердзіў, што Папа прамаўляе беспамылкова “толькі (solo) калі ён прамаўляе ex cathedra“. І вось, у Lumen gentium 25 мы бачым, што Папа здзяйсняе сваё аўтэнтычнае навучанне “нават тады, калі ён не прамаўляе ex cathedra“. Таму калі ён беспамылковы толькі тады, калі ён прамаўляе ex cathedra, то ён не з’яўляецца беспамылковым, калі ён не прамаўляе ex cathedra, нават калі ён здзяйсняе сваё аўтэнтычнае навучанне.

Вось яшчэ адна задача для тых, хто лічыць, што аўтэнтычнае навучанне Папы не можа навучаць памылцы: Ян Павел ІІ падчас згаданай вышэй генеральнай аўдыенцыі здзяйсняў сваё аўтэнтычнае навучанне, але яно напэўна не адпавядала крытэрыям прамовы ex cathedra. Таму альбо Ян Павел ІІ меў рацыю і Папа не з’яўляецца беспамылковым у сваім аўтэнтычным навучанні, альбо ён памыляўся. Але калі хтосьці сцвярджаў бы, што ён памыляўся, гэта азначала б, што ў сваім аўтэнтычным навучанні ён навучаў чамусьці памылковаму. Іншымі словамі, яго ўласная памылка пацвердзіла б, што ён так ці інакш меў рацыю. Незалежна ад таго, які варыянт вы прымаеце, выснова будзе адна: Папы могуць навучаць памылкам ў сваім аўтэнтычным навучанні, калі яны не прамаўляюць ex cathedra.

Дазвольце мне дадаць кароткі ўрок логікі для кампаніі “2 + 2 = 5” [2]. Калі навучанне не з’яўляецца беспамылковым, то яно можа быць памылковым. Калі яно можа быць памылковым, яно можа ўтрымліваць памылкі. Калі вы жадаеце гэта аспрэчыць, вам лепш адразу пайсці ў дзверы з надпісам “Пакінь развагу, хто сюды ўваходзіць”.

Вось жа, усё гэта трэба мець на ўвазе, каб зразумець, што сапраўды патрабуецца ад верніка, калі мова ідзе пра “пабожную паслухмянасць (obsequio) волі і розуму” аўтэнтычнаму навучанню Папы і біскупаў.

Зазвычай, вядома, гэта азначае, што такое вучэнне павінна прымацца за праўду, хоць і з усведамленнем таго, што яно можа быць ілжывым. У схаластычнай тэрміналогіі такая згода больш характэрная для меркаванняў, а не для ведаў. Калі я кажу, што я ведаю, што штосьці з’яўляецца праўдай, тады мая згода пэўная. Калі я кажу, што я лічу, што штосьці з’яўляецца праўдай, я выказваю сваю згоду, але без упэўненасці і з прызнаннем верагоднасці памылкі.

Дзякуючы дапамозе, якую Дух Святы аказвае Касцёлу, мы можам быць упэўненымі, што выпадкі памылкі ў такіх відах аўтэнтычнага навучання сапраўды рэдкія. Аднак паколькі яны магчымыя, наш адказ таксама павінен браць гэта пад увагу. Такім чынам, што для каталікоў азначае абавязак пабожнай паслухмянасці ў канкрэтных выпадках вучэння аўтэнтычнага Магістэрыя? Я думаю, што лепш гэта сфармуляваць такім чынам, што мы павінны прымаць гэтае вучэнне як сапраўднае дакладна ў той ступені, наколькі яно не супярэчыць незмяняльнай каталіцкай дактрыне.

Заўвагі

[1] Тэрмін “аўтэнтычнае навучанне” можа выкарыстоўвацца ў шырокім і вузкім сэнсе. У шырокім сэнсе ён можа датычыцца ўсяго афіцыйнага настаўніцкага Магістэрыя, беспамылковага і не; часцей ён выкарыстоўваецца ў больш вузкім сэнсе і датычыцца афіцыйнага навучання, якое не з’яўляецца беспамылковым, аднак з’яўляецца аўтарытэтным. Менавіта ў гэтым сэнсе ён выкарыстоўваецца і тут.

[2] Беручыся тлумачыць відавочныя лагічныя рэчы “камандзе “2 + 2 = 5” — тым, хто ў сваім імкненні прасунуць пэўную праграму адмаўляецца прызнаваць аб’ектыўную рэальнасць, аўтар спасылаецца на знакамітае выказванне кс. Антоніа Спадара SJ, блізкага супрацоўніка Папы Францішка і галоўнага рэдактара часопіса Civiltà Cattolica, у Твітары. У адным з твітаў ён сказаў даслоўна наступнае: “Тэалогія — гэта не матэматыка. 2 + 2 у тэалогіі можа даваць 5. Таму што яна мае справу з Богам і з рэальным жыццём людзей…” Гэты твіт быў апублікаваны 5 студзеня 2017 года ў кантэксце дыскусіі вакол Amoris Laetitia (заўв. перакл.)


Крыніца: OnePeterFive
Аўтар: Dr. John Joy
ІлюстрацыяWesterdam (CC BY-SA)

Тэкст перакладзены з англійскага арыгінала і перадрукаваны з дазволу рэдакцыі 1P5.

Пакінуць каментар