08.12.2017 / Te igitur

Була “Ineffabilis Deus”, якою быў абвешчаны дагмат аб Беззаганным Зачацці Марыі🕑 28 хвілін

Пій ІХ. Була INEFFABILIS DEUS
08 снежня 1854 года

НЕВЫМОЎНЫ БОГ, чые шляхі — гэта міласэрнасць і праўда, чыя воля — усемагутнасць, а мудрасць “магутна разыходзіцца ад краю да краю” і “з дабрынёю распараджаецца ўсім”, спрадвеку прадбачыўшы найсумнейшае падзенне ўсяго роду чалавечага, якое стала наступствам граху Адама, у схаванай адвеку таямніцы вырашыў першую справу сваёй міласэрнасці здзейсніць яшчэ больш таямнічым цудам праз Уцелаўленне Слова. Пастанавіў Ён гэта для таго, каб чалавек, які насуперак плану Божай Міласэрнасці быў уведзены ў грэх падступнасцю шатана, не загінуў і каб тое, што было страчана ў першым Адаме, было слаўным чынам адноўлена у другім Адаме. Ад самага пачатку, калі яшчэ не пачаўся час, спрадвечны Айцец выбраў і падрыхтаваў для свайго адзінароднага Сына Маці, у якой Сын Божы прыме цела і з якой Ён народзіцца ў гэтым свеце ў благаслаўлёную поўню часу. Бог настолькі ўзлюбіў яе па-над усімі стварэннямі, што ў ёй Ён знайшоў сабе незвычайнае ўпадабанне. Таму Бог са скарбу сваёй боскасці настолькі цудоўна надзяліў яе багаццем усіх нябесных дароў больш, чым усіх анёлаў і ўсіх святых, што гэтая маці, абсалютна вольная ад усялякай плямы граху, уся прыгожая і дасканалая, адзначалася такой паўнатою святой нявіннасці і святасці, што па-за Богам нават уявіць сабе нельга нічога большага і што ніводзін розум, акрамя Божага, не можа гэтага ахінуць сваёй думкаю.

Галоўная прычына гэтага прывілею: боскае мацярынства

І сапраўды пасавала, каб настолькі цудоўная маці заўсёды ззяла славай найвышэйшай святасці і была вольнай ад усялякага следу першароднага граху, каб атрымаць поўную перамогу над старадаўнім змеем. Менавіта ёй Айцец пажадаў даць свайго адзінароднага Сына, якога Ён нарадзіў роўным сабе і Якога любіць ад усяго сэрца, — і даць гэтага Сына такім чынам, што Ён сапраўды будзе адзіным і тым самым супольным Сынам Бога Айца і Найсвяцейшай Дзевы Марыі. Менавіта яе Сын сам выбраў за сваю Маці і менавіта ў ёй, паводле жадання і дзеяння Духа Святога, быў зачаты і з яе нарадзіўся Той, з якога сам Дух паходзіць [1].

Літургічны аргумент

Каталіцкі Касцёл, які кіруецца Духам Святым і з’яўляецца апораю і фундаментам праўды, рознымі спосабамі і красамоўнымі дзеяннямі з дня на дзень ніколі не пераставаў тлумачыць, навучаць і абгрунтоўваць вучэнне аб першапачатковай цнатлівасці гэтай велічнай Дзевы, якая з’яўляецца неад’емнаю ад Яе дзівоснай святасці і ўзнёслай годнасці Багародзіцы. Касцёл лічыў гэтую навуку атрыманай ім ад Бога і заключанай у дэпазіце нябеснага Аб’яўлення. Гэтае вучэнне прызнавалася з найстаражытнейшых часоў і глыбока ўкаранілася ў розумах вернікаў, а намаганнямі біскупаў Касцёла распаўсюдзілася ва ўсім каталіцкім свеце, паколькі сам святы Касцёл найвыразней аб ім сведчыў, без ваганняў прапануючы вернікам публічна ўшаноўваць і праслаўляць Зачацце гэтай жа Дзевы [2]. Такая красамоўная практыка прадстаўляла зачацце гэтай Дзевы як штосьці надзвычайнае, цудоўнае, што цалкам адрозніваецца ад зачацця ўсіх іншых людзей. Гэтае зачацце лічылася святым, бо Касцёл адзначае толькі святы святых.

І таму Касцёл прызвычаіўся таксама тыя словы, якімі Святое Пісанне кажа пра няствораную Мудрасць, прадстаўляючы яе спрадвечныя вытокі, прымяняць у малітве Афіцыя і ў сваёй літургіі таксама да зачацця Найсвяцейшай Дзевы, паколькі Бог прадбачыў адной і той жа пастановай як зачацце Марыі, так і ўцелаўленне Божай Мудрасці.

Звычайнае навучанне Рымскага Касцёла

Гэтыя праўды, якія агульна прымаюцца і практыкуюцца вернікамі, паказваюць, наколькі аддана Рымскі Касцёл, маці і настаўніца ўсіх Касцёлаў, працягваў навучаць гэтай дактрыне аб Беззаганным Зачацці Дзевы. Аднак важнейшыя ўчынкі Касцёла варта згадаць больш дэтальна. Бо Касцёлу належыць такая годнасць і аўтарытэт, што толькі ён з’яўляецца цэнтрам праўды і паўсюднай еднасці. Менавіта ў Касцёле вера захоўвалася непарушнай і менавіта ў ім усе іншыя Касцёлы павінны атрымліваць традыцыю Веры [3].

Таму той самы Рымскі Касцёл не жадаў нічога іншага, як толькі найбольш пераканаўчымі сродкамі зацвярджаць, падтрымліваць, распаўсюджваць і абараняць вучэнне пра Беззаганнае Зачацце. Гэты факт найбольш яўна дэманструецца ўсяму свету шматлікімі і важнымі актамі Рымскіх Пантыфікаў, Нашых Папярэднікаў. Менавіта ім у асобе Князя апосталаў Бог перадаў праз самога Хрыста Пана ўладу, найвышэйшы абавязак і права пасці авечак, а ў прыватнасці, умацоўваць сваіх братоў і кіраваць паўсюдным Касцёлам.

Ушанаванне Беззаганнай

Сапраўды, Нашыя Папярэднікі праславіліся тым, што сваёй апостальскай уладай устанавілі ў Рымскім Касцёле свята Зачацця. Яны таксама павялічылі яго важнасць і годнасць, увёўшы для гэтага свята ўласны Афіцый і ўласную Імшу, у якіх ясна пацвярджаўся прывілей Дзевы, яе выключанасць са спадчыннага граху. Яны не шкадавалі высілкаў, каб спрыяць раней устаноўленаму культу і пашыраць яго, ці то ўдзяляючы адпусты, ці то дазваляючы гарадам, рэгіёнам і каралеўствам выбіраць сваёй заступніцаю Маці самога Бога пад тытулам “Беззаганнага Зачацця”. Таксама Нашыя Папярэднікі зацвярджалі брацтвы, кангрэгацыі і рэлігійныя супольнасці, заснаваныя ў гонар Беззаганнага Зачацця, а таксама кляштары, алтары і касцёлы; яны ўхвалялі ўчынкі асобаў, якія прыносілі абяцанне ўсімі сваімі сіламі падтрымліваць вучэнне пра Беззаганнае Зачацце Багародзіцы. Акрамя таго, Нашым Папярэднікам было надзвычай прыемна пастанавіць, каб свята Зачацця святкавалася ў кожным касцёле з такой жа пашанай, як і свята Божага Нараджэння, і каб увесь Касцёл святкаваў яго на працягу актавы, каб гэты дзень паўсюдна з павагай захоўваўся як абавязковае свята і каб у гэты дзень, прысвечаны зачаццю Дзевы, у нашай Ліберыйскай папскай базіліцы праводзілася папская капэла. Нарэшце, жадаючы, каб гэтае вучэнне пра Беззаганнае Зачацце Багародзіцы лепш захоўвалася ў сэрцах вернікаў, а таксама жадаючы павялічыць народную пабожнасць і энтузіязм у справе культу і пашаны Дзевы, без граху першароднага зачатай, яны з вялікім задавальненнем пажадалі ўдзяліць дазвол абвяшчаць Беззаганнае Зачацце Дзевы ў ларэтанскай літаніі і ў прэфацыі Імшы, каб такім чынам закон малітвы служыў для ілюстрацыі закону веры. Таму і Мы самі, следуючы за Нашымі Папярэднікамі, не толькі зацвердзілі і прынялі тое, што ўжо было ўстаноўлена, але, акрамя таго, памятаючы пра дэкрэт Сікста IV [4], зацвердзілі Нашай уладай уласны Афіцый у гонар Беззаганнага Зачацця і ў вялікай радасцю пашырылі яго выкарыстанне на ўвесь паўсюдны Касцёл [5].

Рымскае вучэнне

Вось жа, паколькі ўсё, што датычыцца святога культу, цесна звязана са сваім прадметам і не можа мець ані звязнасці, ані трываласці, калі гэты прадмет з’яўляецца незразумелым альбо дакладна не акрэслены, Нашыя Папярэднікі, Рымскія Пантыфікі, кіруючы свае высілкі да павелічэння культу Беззаганнага Зачацця, пастанавілі сваёй мэтай не толькі падкрэсліваць гэты прадмет з найвялікшай адданасцю, але таксама абвяшчаць дакладнае вучэнне [6]. Яны дэфінітыўна і ясна навучалі, што свята адзначаецца ў гонар зачацця Дзевы. Яны асуджалі як памылковае і абсалютна чужое намерам Касцёла меркаванне тых, хто лічыў і сцвярджаў, што Касцёл ушаноўвае не зачацце Дзевы, а яе асвячэнне. Яны ніколі не думалі праяўляць большую паблажлівасць да тых, хто, імкнучыся паказаць памылковасць вучэння пра Беззаганнае Зачацце Дзевы, уводзіў адрозненне паміж першым і другім момантам зачацця і выказваў здагадку, што Касцёл святкуе не першы момант зачацця, а другі. Фактычна, яны лічылі сваім абавязкам не толькі падтрымліваць і абараняць усімі сваімі сіламі свята Зачацця Найсвяцейшай Дзевы, але і адстойваць тое, што сапраўдным прадметам гэтага ўшанавання з’яўляецца яе першы момант зачацця. Таму адзін з Нашых Папярэднікаў, Аляксандр VII аўтарытэтна і дэфінітыўна акрэсліў меркаванне Касцёла: “Што датычыцца Найсвяцейшай Дзевы Марыі, Божай Маці, сапраўды, вельмі старадаўняй з’яўляецца пабожнасць веруючых у Хрыста, якая выяўляецца ў перакананні, што душа Дзевы Марыі, Яго Маці, у першую ж хвіліну стварэння і злучэння з целам была захавана некранутай першародным грахом дзеля заслугаў Езуса Хрыста — Яе Сына і Адкупіцеля роду чалавечага; менавіта ў гэтым сэнсе яны адзначаюць урачыстасць і ўшаноўваюць Зачацце” [7].

Акрамя таго, Нашыя Папярэднікі лічылі сваім асаблівым урачыстым абавязкам з усёй стараннасцю, прысвячэннем і высілкам захоўваць некранутым вучэнне пра Беззаганнае Зачацце Багародзіцы. Бо яны не толькі ніколі не дазвалялі асуджаць ці змяняць гэтае вучэнне, але нават пайшлі значна далей і яснымі сцвярджэннямі пастаянна падкрэслівалі, што вучэнне, паводле якога мы вызнаем Беззаганнае Зачацце Дзевы, само па сабе знаходзіцца ў поўнай гармоніі з касцёльным культам; што яно старажытнае і шырока распаўсюджанае і мае тую самую прыроду, як і тое, што Рымскі Касцёл узяўся развіваць і абараняць; і што яно насамрэч годнае таго, каб выкарыстоўвацца ў святой літургіі і ўрачыстых набажэнствах. Не спыніўшыся на гэтым, яны вельмі сурова забаранялі публічна або прыватна абараняць любое меркаванне, супярэчнае гэтаму вучэнню, каб дактрына пра Беззаганнае Зачацце Дзевы заставалася нязменнай. Пастаяннымі ўдарамі яны жадалі пакласці канец такім меркаванням. А каб гэтыя частыя і як найбольш зразумелыя заявы не падаваліся бессэнсоўнымі, яны дадалі да іх санкцыі.

Папскія санкцыі

Усе гэтыя рэчы Наш праслаўлены Папярэднік Аляксандр VII заключыў у наступных словах: “З увагі на той факт, што Святы Рымскі Касцёл ўрачыста адзначае свята Зачацця нявіннай заўсёды Дзевы Марыі і шмат часу таму прызначыў для гэтага адмысловы і ўласны Афіцый, згодна з пабожнай, адданай і хвалебнай інструкцыяй, якую даў Наш Папярэднік Сікст IV, таксама і мы, па прыкладзе Нашых Папярэднікаў, жадаем падтрымаць гэтую пахвальную пабожнасць, адданне, а таксама само свята і культ, які згаджаецца з пабожнасцю, якая ва ўсе часы існавала ў Рымскім Касцёле ад моманту ўвядзення гэтага свята. Мы таксама жадаем абараніць гэтую пабожнасць і культ ушанавання і праслаўлення Найсвяцейшай Дзевы, захаванай ад першароднага граху ласкай Духа Святога. Акрамя таго, мы выказваем клопат аб тым, каб захаваць еднасць духа і сувязь спакою ў Хрыстовай аўчарні, спыняючы спрэчкі і дыскусіі і залагоджваючы скандалы. Таму па настаянні і просьбе згаданых вышэй біскупаў, а таксама касцёльных капітулаў, караля Філіпа з ягонымі каралеўствамі, мы аднаўляем Канстытуцыі і Дэкрэты, выдадзеныя Рымскімі Пантыфікамі, Нашымі Папярэднікамі, асабліва Сікстам IV [8], Паўлам V [9] і Грыгорыем XV [10] на карысць вучэння, якое сцвярджае, што душа Найсвяцейшай Дзевы пры сваім стварэнні і ўліцці ў цела была адорана ласкай Духа Святога і захавана ад першароднага граху, а таксама на карысць свята і культу зачацця Багародзіцы Дзевы, якія, як можна бачыць, былі ўстаноўлены ў згодзе з гэтай пабожнай верай. Таму мы загадваем, каб гэтае свята адзначалася пад страхам цэнзур і пакаранняў, якія ўтрымліваюцца ў тых самых Канстытуцыях.

І таму супраць усіх і кожнага з тых, хто будзе працягваць тлумачыць згаданыя Канстытуцыі і Дэкрэты спосабам, супярэчным выказанай тут прыхільнасці згаданаму вучэнню, а таксама святу і звязанаму з ім культу, а таксама тым, хто асмеліцца ставіць пад сумненне згаданае суджэнне, свята і культ, альбо якім-небудзь чынам, наўпрост ці ўскосна, заявіць пра свой супраціў яму на якой-небудзь падставе, нават калі гэта будзе праяўляцца ўсяго толькі ў праверцы магчымасці паўплываць на гэтае сцвярджэнне, альбо хто будзе каментаваць альбо інтэрпрэтаваць Святое Пісанне альбо Айцоў ці Дактароў у тым жа ключы, альбо, нарэшце, хто з любой прычыны альбо любой нагоды асмеліцца пісьмова ці вусна казаць, прапаведаваць, разглядаць, дыскутаваць альбо вырашаць і сцвярджаць што-небудзь супраць вышэйзгаданых справаў, альбо хто будзе прыводзіць нейкія аргументы супраць іх, пакідаючы іх неабвергнутымі, альбо хто будзе не згаджацца з гэтымі справамі якім-небудзь іншым магчымым чынам, мы дадзеным заяўляем, што ў дадатак да пакаранняў і цэнзур, якія знаходзяцца ў Канстытуцыях, выдадзеных Сікстам IV, якім мы жадаем іх паддаць і якім мы іх паддаем гэтай Канстытуцыяй, мы дадзеным пастанаўляем, што яны будуць пазбаўлены ўлады прапаведавання, публічнага чытання, гэта значыць навучання і інтэрпрэтацыі, і што яны таксама будуць ipso facto пазбаўлены права голасу, актыўнага ці пасіўнага, ва ўсіх выбарах без патрэбы аніякай дадатковай дэкларацыі; і што таксама ipso facto, без патрэбы аніякай дадатковай дэкларацыі, яны трапяць пад пакаранне пажыццёвай немагчымасцю прапаведавання, публічнага чытання, навучання і інтэрпрэтацыі, і што іх няможна будзе вызваліць з-пад гэтай кары альбо зняць яе іншым чынам, як толькі праз Нас, альбо Рымскіх Пантыфікаў, якія будуць Нашымі Наступнікамі.

Мы таксама пастанаўляем, што тыя ж застануцца паддадзенымі любым іншым пакаранням, якія Мы па сваёй свабоднай волі — альбо іншыя Рымскія Пантыфікі, Нашыя Наступнікі (згодна з іхнімі пастановамі) — вырашым устанавіць, і дадзенай Канстытуцыяй Мы абвяшчаем іх паддадзенымі ім, і гэтым Мы аднаўляем вышэйзгаданыя Дэкрэты і Канстытуцыі Паўла V і Грыгорыя XV.

Акрамя таго, што датычыцца тых кніг, у якіх згаданае сцвярджэнне, свята альбо адпаведны культ будуць ставіцца пад пытанне альбо ім будуць якім-небудзь чынам супярэчыць, як ужо было сказана, пісьмова ці вусна, у размовах, казаннях, лекцыях, трактатах і дэбатах, якія былі надрукаваны пасля ўхваленага вышэй Дэкрэта Паўла V  альбо могуць быць надрукаваны пазней, Мы дадзеным забараняем іх, паддаем пакаранням і цэнзурам, устаноўленым Індэксам забароненых кніг, і ipso facto, без патрэбы аніякай дадатковай дэкларацыі, мы жадаем і загадваем, каб іх лічылі яўным чынам забароненымі” [11].

Сведчанні каталіцкага свету

Усім вядома, з якой адданасцю вучэнне аб Беззаганным Зачацці Багародзіцы Дзевы выкладалася, абгрунтоўвалася і абаранялася найбольш значнымі законнымі супольнасцямі і найслаўнейшымі тэалагічнымі акадэміямі, а таксама найлепшымі навукоўцамі ў галіне тэалогіі. Усе таксама ведаюць, як старанна клапаціліся біскупы адкрыта і публічна, нават на сінодах, вызнаваць праўду, што Найсвяцейшая Багародзіца Дзева Марыя дзеля прадбачаных заслугаў Хрыста Пана Адкупіцеля ніколі не была падуладнай першароднаму граху, а была цалкам захавана ад першароднай плямы, а таму была адкуплена больш дасканалым чынам.

Трыдэнцкі сабор

Да ўсяго гэтага далучаецца бясспрэчна найбольш важкі і найважнейшы аргумент: Трыдэнцкі Сабор, выдаючы дагматычны дэкрэт аб першародным граху, згодна са Святым Пісаннем, сведчаннямі Айцоў і найбольш значных сінодаў, хоць пастанавіў і вызначыў, што ўсе людзі нараджаюцца ў першародным граху, аднак урачыста абвясціў, што не было мэтаю гэтага дэкрэту ўключыць сюды Благаслаўлёную і Беззаганную Багародзіцу Дзеву Марыю. У гэтай заяве Айцы Трыдэнцкага Сабору дастаткова пераканальна для тых часоў і ўмоваў выказаліся, што Найсвяцейшая Дзева вольная ад першароднага граху, абгрунтоўваючы гэта тым, што ані са Святога Пісання, ані з Традыцыі, ані са сведчанняў Айцоў Касцёла немагчыма прывесці пераканаўчых аргументаў, якія б нейкім чынам аспрэчвалі гэты вялікі прывілей Найсвяцейшай Дзевы [12].

Сведчанні Традыцыі

Сапраўды, найбольш вядомыя дакументы шаноўнай старажытнай эпохі, напісаныя як ва Усходнім, так і ў Заходнім Касцёле, даюць вельмі моцнае сведчанне, што гэтае вучэнне пра Беззаганнае Зачацце Найсвяцейшай Панны з дня на дзень усё больш і больш дасканала тлумачылася, абвяшчалася і пацвярджалася найвышэйшай уладай, настаўніцтвам, адданасцю, ведамі і мудрасцю Касцёла, а таксама цудоўным чынам распаўсюджвалася сярод народаў і нацый каталіцкага свету. Гэтая дактрына заўсёды існавала ў Касцёле, як вучэнне, атрыманае ад нашых продкаў і пазначанае характарам аб’яўленага вучэння. Бо Хрыстовы Касцёл, асцярожны ахоўнік і абаронца дагматаў, што захоўваюцца ў яго, ніколі нічога не змяняе, нічога не змяншае, ніколі нічога не дадае да іх, а ставіцца да старажытных дакументаў верна, мудра і з усёй стараннасцю. Калі яны сапраўды маюць старажытнае паходжанне і калі іх сапраўды перадала вера Айцоў, Касцёл імкнецца даследаваць і растлумачыць іх такім чынам, каб старажытныя дагматы нябеснага вучэння сталі відавочнымі і зразумелымі, але каб яны захавалі сваю поўную, цэласную і адпаведную прыроду, а ўзрасталі толькі з шанаваннем ўласнай тоеснасці як той самы дагмат, той самы змест і тое самае значэнне.

Інтэрпрэтатары Святога Пісання

Айцы і пісьменнікі Касцёла, добра адукаваныя нябеснымі Пісаннямі, не мелі больш каштоўнай працы, як толькі супернічаць адзін з адным у прапаведаванні і навучанні многімі цудоўнымі спосабамі пра найвышэйшую святасць, годнасць і абароненасць Дзевы ад усялякай плямы граху, а таксама пра яе велічную перамогу над самым мярзотным ворагам роду людскога. Яны рабілі гэта ў кнігах, якія яны пісалі, каб растлумачыць Пісанні, адстаяць дагматы і навучыць вернікаў. Цытуючы словы, якімі напачатку свету Бог аб’явіў свае міласэрныя сродкі, падрыхтаваныя для аднаўлення чалавецтва, словы, якімі Ён зруйнаваў нахабства падступнага змея і цудоўным чынам аднавіў надзею для нашага роду, кажучы: “І варожасць пакладу паміж табою і паміж Жанчынаю, і паміж патомствам тваім і патомствам яе” [13], гэтыя касцёльныя аўтары навучалі, што ў гэтым боскім прадказанні ясна абвяшчаўся міласэрны Збаўца чалавецтва, Езус Хрыстус, адзінародны Сын Божы; што гэтае прароцтва ўказвала на Яго Найсвяцейшую Маці, Дзеву Марыю; і што ў той жа час тут была ясна выказана іх супольная варожасць у адносінах да злога. Таму, падобна як Хрыстус, Пасрэднік паміж Богам і чалавекам, прыняў людскую прыроду, сцёр запіс нашай старадаўняй віны і пераможна прыбіў яе да крыжа, так і Найсвяцейшая Дзева, з’яднаная з Ім найбольш сціслай і найбольш неразрыўнай сувяззю, разам з Ім і праз Яго знаходзілася ў вечнай варожасці са злым змеем і атрымала над ім поўную перамогу, раздавіўшы ягоную галаву сваёй беззаганнай нагою [14].

Гэты найвышэйшы і асаблівы прывілей Найсвяцейшай Дзевы, а таксама яе найбольш дасканалую нявіннасць, чысціню, святасць і вольнасць ад усялякай плямы граху, невымоўнае багацце і веліч усіх дадзеных ёй нябесных ласкаў, цнотаў і прывілеяў — усё гэта Айцы заўважалі ў Ноевым каўчэгу, які быў збудаваны па Божым загадзе і цалкам бяспечна і надзейна пазбегнуў караблекрушэння ўсяго свету [15]; таксама ў сходах, якія ў візіі Якуба дасягалі ад зямлі да неба, па якіх анёлы Божыя падымаліся і сыходзілі, а на вяршыні якіх стаяў сам Пан [16]; у тым палаючым кусце, які Майсей пабачыў у святым месцы і які не згараў і не атрымліваў шкоды, але прыгожа квітнеў і зелянеў [17]; у той непрыступнай для ворага вежы, з якой звісаюць тысячы шчытоў, кожны з якіх — шчыт моцных [18]; у садзе, закрытым з усіх бакоў, якога не можна ані патаптаць, ані знішчыць падманам [19]; таксама ў тым ззяючым Божым горадзе, падмуркі якога знаходзяцца на святых гарах [20]; у той найдастойнейшай святыні Бога, якая ззяе боскім святлом і напоўнена Божай славай [21]; а таксама ў вельмі шматлікіх іншых біблійных вобразах падобнага кшталту. У такіх алюзіях, як навучалі Айцы, цудоўным чынам прадказваецца ўзвышаная годнасць Багародзіцы, яе незаплямленая нявіннасць і яе святасць, не забруджаная віною.

Падобным чынам, яны карысталіся словамі прарокаў, каб апісаць тую дзівосную безліч боскіх дароў і адвечную нявіннасць Дзевы, з якой нарадзіўся Езус. Яны называлі найдастойнейшую Дзеву чыстай галубкай, святым Ерузалемам, узнесеным тронам Божым, каўчэгам святасці і домам, які збудавала сабе Спрадвечная Мудрасць, а таксама Каралевай, якая, прабываючы ў раскошы і пакладаючыся на свайго Узлюбленага, выйшла з вуснаў Найвышэйшага, цалкам дасканалая, прыгожая, найдаражэйшая для Бога і ніколі не заплямленая найменшым недахопам.

Звеставанне

Калі Айцы і аўтары Касцёла разважалі над тым фактам, што Анёл Габрыэль ад імя і па загадзе самога Бога абвясціў Найсвяцейшую Дзеву поўнай ласкі [22] і аб’явіў яе найвышэйшую годнасць Багародзіцы, яны лічылі, што гэтае выключнае і ўрачыстае прывітанне, дагэтуль не чуванае, паказвае, што Багародзіца з’яўляецца сталіцай усіх Божых ласкаў і апранута ва ўсе дары Духа Святога. Для іх Марыя з’яўляецца практычна бясконцым скарбам, бясконцай безданню гэтых дароў да той ступені, што яна ніколі не была паддадзена пракляццю і разам са сваім Сынам была адзінай удзельніцай спрадвечнага благаслаўлення. Таму яна была годная пачуць, як Альжбета, натхнёная Духам Святым, усклікнула: “Благаслаўлёная Ты між жанчынамі і благаслаўлёны плод улоння Твайго” [23].

Марыя ў параўнанні з Евай

Таму ясным і адзінадушным меркаваннем Айцоў было тое, што найдастойнейшая Дзева, якой “вялікія рэчы ўчыніў Усемагутны”, ззяла такой колькасцю нябесных дароў, такой паўнатою ласкі і такой нявіннасцю, што яна з’яўлялася невымоўным Божым цудам, каронай усіх цудаў і сапраўднай Божай Маці; што яна настолькі наблізілася да самога Бога, наколькі гэта магчыма для створанай істоты; і што яна пераўзыходзіць у славе ўсіх людзей і анёлаў. Таму, каб прадэманстраваць адвечную нявіннасць і святасць Багародзіцы, яны не толькі часта параўноўвалі яе з Евай, яшчэ дзевай, яшчэ нявіннай, не сапсаванай, яшчэ не зведзенай смяротнымі пасткамі вераломнага змея, але таксама яны рознымі выразамі ўзносілі яе вышэй за Еву. Ева паслухалася змея і атрымала жаласныя наступствы; яна страціла першасную нявіннасць і зрабілася ягонай служанкай. Найсвяцейшая Дзева, наадварот, яшчэ больш павялічыла свой першасны дар і не толькі ніколі не прыхіляла вуха да змея, але і моцай, якую даў ёй Бог, яна цалкам знішчыла моц і панаванне злога.

Біблійныя вобразы

Адпаведна, Айцы ніколі не пераставалі называць Багародзіцу лілеяй сярод церняў, некранутай зямлёю, чыстай Дзевай, беззаганнай, благаслаўлёнай і вольнай ад усялякай заразы граху, той, у якой сфармаваўся новы Адам, бездакорным, найярчэйшым і найпрыгажэйшым садам нявіннасці, несмяротнасці і прыемнасцяў, пасаджаным самім Богам і абароненым ад усіх пастак змяінай атруты, вечным дрэвам, не сапсаваным чарвяком граху, чыстай крыніцай, запячатанай моцай Духа Святога, выбранай святыняй Бога, скарбам несмяротнасці, адзінай дачкою жыцця, а не смерці, раслінай не гневу, а ласкі, якая надзвычайнай пастановай Божага Провіду, насуперак агульнаму парадку заквітнела з кволага і атручанага кораня.

Яўнае пацвярджэнне…

Як быццам бы ўсёй гэтай пахвалы і пашаны было недастаткова, Айцы абвясцілі адмысловымі і дэфінітыўнымі пастановамі, што калі мова ідзе пра грэх, то Найсвяцейшая Дзева Марыя не павінна нават згадвацца, бо ёй было дадзена больш ласкі, чым было патрэбна, каб цалкам перамагчы грэх [24]. Яны таксама пастанавілі, што поўная хвалы Дзева была Аднавіцельніцай першых продкаў, якая дала жыццё сваім нашчадкам; што яна была выбрана перад вякамі, падрыхтавана для сябе Найвышэйшым, прадказана Богам, калі Ён сказаў змею: “І варожасць пакладу паміж табою і паміж Жанчынаю” [25]. Несумненна, гэта яна раздавіла атрутную галаву змея, і таму яны сцвярджалі, што благаслаўлёная Дзева была праз ласку вызвалена ад усялякай плямы гразу і ад сапсаванасці цела, душы і розуму; што яна была заўсёды з’яднаная з Богам і, злучаная з ім спрадвечным запаветам, яна ніколі не знаходзілася ў цемры, а заўсёды прабывала ў святле; і таму яна была цалкам адпаведным месцам прабывання для Хрыста, але не з-за прыгажосці яе цела, а з-за яе першароднай ласкі.

…надзвычайнай святасці

Да гэтай пахвалы яны дадалі вельмі велічныя словы. Кажучы пра зачацце Дзевы, яны засведчылі, што прырода саступіла месца ласцы і, калоцячыся, затрымалася перад ёю, не асмельваючыся пайсці далей. Бо трэба было, каб Багародзіца Дзева была зачата Ганнай не раней, чым ласка прынясе свой плён. Выпадала таксама, каб яна была зачата як першародная, праз якую прыйдзе “першародны сярод усякага стварэння”. Яны засведчылі таксама, што цела Дзевы, хоць і паходзіла ад Адама, не дакранулася да плямаў Адама і што з гэтай прычыны Найсвяцейшая Дзева была шатром, які стварыў сам Бог і які сфармаваў Дух Святы, сапраўды каралеўскай працай, упрыгожанай і акружанай золатам, як тая, якую зрабіў Вэсэліэль [26]. Яны сцвярджалі, што тая самая Дзева з’яўляецца, прычым заслужана з’яўляецца першай і асаблівай працай Бога, якая пазбегла вогненных стрэлаў злога; што яна прыгожая па прыродзе і цалкам вольная ад усялякай плямы; што пры сваім Беззаганным Зачацці яна прыйшла ў свет, ззяючы, як золак. Бо сапраўды не магло быць, каб гэтае выбранае начынне было пашкоджана агульнымі недахопамі, паколькі яна, настолькі адрозніваючыся ад іншых, мела з імі супольную прыроду, але не мела граху. Фактычна, трэба было, каб Адзінародны, які ў небе меў Айца, Якога сэрафімы праслаўлялі як тройчы святога, на зямлі меў Маці, якая ніколі не страчвала ззяння святасці.

Гэтае вучэнне настолькі ўвайшло ў розумы і душы нашых праайцоў у веры, што сярод іх замацаваўся асаблівы і сапраўды цудоўны стыль маўлення. Яны часта называлі Багародзіцу беззаганнай, прычым беззаганнай ва ўсіх сэнсах; нявіннай, прычым абсалютна нявіннай; бязгрэшнай, і бязгрэшнай цалкам; святой і цалкам аддаленай ад усялякага бруду граху; абсалютна чыстай, абсалютна беззаганнай, самім узорам чысціні і нявіннасці, больш прыгожай за прыгажосць, больш чароўнай за чароўнасць, больш святою за святасць, выключна святой і дасканала чыстай душою і целам; той, якая перавысіла саму беззаганнасць і дзявочасць; той, якая адна зрабілася месцам прабывання для ўсіх ласкаў Духа Святога. Марыя, якая пераўзыходзіць усіх, акрамя самога Бога, па прыродзе прыгажэйшая, цудоўнейшая і свяцейшая, чым хэрубімы і сэрафімы. Яе не здолее праславіць ніводзін язык ані ў небе, ані на зямлі.

Гэты звычай нібы міжволі пранік у тэксты святой літургіі і Афіцыя Касцёла і вельмі часта там сустракаецца. У ім Багародзіца акрэсліваецца і праслаўляецца як адзіная беззаганная галубка прыгажосці, як заўжды квітнеючая ружа, як дасканала чыстая, заўсёды бездакорная і заўсёды святая. Яе ўшаноўваюць як нявіннасць, якая ніколі не спазнала шкоды, і як другую Еву, якая нарадзіла Эммануэля.

Падрыхтоўка да абвяшчэння

Няма нічога дзіўнага ў тым, што пастыры Касцёла і вернікі з вялікай пабожнасцю, рэлігійнасцю і любоўю з дня на дзень усё шырэй вызнавалі вучэнне аб Беззаганным Зачацці Багародзіцы Дзевы, якое, на думку Айцоў, знаходзіцца ў Святым Пісанні, перададзена праз іхнія найбольш важныя сведчанні, выказана і ўшанавана ў шматлікіх выдатных помніках шаноўнай старажытнасці, а таксама выкладзена і пацверджана ў афіцыйным і аўтарытэтным навучанні Касцёла. Таму для пастыраў не было нічога больш дарагога і больш прыемнага, чым праслаўляць, заклікаць і абвяшчаць з самай гарачай адданасцю Багародзіцу Дзеву, зачатую без першароднага граху.

Адпаведна, ўжо з даўніх часоў біскупы, святары, законнікі і нават імператары і каралі настойліва прасілі Апостальскую Сталіцу, каб Беззаганнае Зачацце Найсвяцейшай Багародзіцы было прызнана ў якасці дагмату. Гэтыя просьбы аднаўляліся і ў нашыя часы; іх асабліва часта прадстаўлялі ўвазе Грыгорыя XVI, святой памяці Нашага Папярэдніка, а таксама Нам, не толькі біскупы, але і дыяцэзіяльнае духавенства і рэлігійныя ордэны, суверэнныя кіраўнікі і вернікі.

Памятаючы пра ўсе гэтыя рэчы і разважаючы пра іх як найбольш уважліва, з асаблівай радасцю ў сэрцы, як толькі Мы неспасцігальным планам Провіду былі ўзнесены на высокі Пятровы пасад, нягледзячы на нашу нягоднасць, і пачалі кіраваць паўсюдным Касцёлам, нічога не ляжала Нам на сэрцы больш — на сэрцы, якое ад Нашых пяшчотных гадоў перапаўнялася пабожным культам і любоўю да Найсвяцейшай Дзевы,— чым паказаць яе прывілеі ў больш поўным бляску.

Каб Мы маглі дзейнічаць з большай разважлівасцю, Мы склікалі спецыяльную Кангрэгацыю, складзеную з шаноўных Нашых братоў кардыналаў Рымскага Касцёла, якія вызначаюцца пабожнасцю, разважлівасцю і тэалагічнымі ведамі. Да таго ж Мы абралі святароў з дыяцэзіяльнага і законнага духавенства, якія маюць адукацыю ў галіне тэалогіі, каб усё, што датычыць Беззаганнага Зачацця Дзевы, як мага дакладней даследавалі і даслалі Нам сваё меркаванне пра гэта.

Меркаванне біскупаў

Хоць Мы ведалі меркаванне біскупаў з тых просьбаў, якія Мы атрымлівалі ад іх, а менавіта просьбы, у якіх прасілі, каб Беззаганнае Зачацце Найсвяцейшай Дзевы было абвешчана канчаткова, тым не менш 2 лютага 1849 года [27] мы выслалі сваю энцыкліку з Гаэты ўсім нашым шаноўным братам, біскупам каталіцкага свету, каб яны ўзнеслі малітвы да Бога і затым пісьмова адказалі нам, якою з’яўляецца пабожнасць і адданасць іхніх вернікаў у адносінах да справы Беззаганнага Зачацця Багародзіцы. Мы таксама спыталіся, што самі біскупы думаюць пра абвяшчэнне гэтага вучэння і якое іхняе меркаванне наконт таго, каб абвясціць нашае вярхоўнае суджэнне з усёй магчымай урачыстасцю.

Вядома, Нас напоўніла найвялікшае суцяшэнне, калі Мы атрымалі адказы ад Нашых шаноўных братоў. Бо, адказваючы Нам з самым радасным энтузіязмам, захапленнем і адданасцю, яны не толькі пацвердзілі сваю ўласную асаблівую пабожнасць да Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Дзевы і пабожнасць дыяцэзіяльнага і законнага духавенства і вернікаў, але таксама яны адзінагалосна даверылі Нам выказаць Наша найвышэйшае суджэнне і аўтарытэтна ўстанавіць дагмат аб Беззаганным Зачацці Дзевы. Тым часам, не меншай радасцю Мы былі напоўнены, калі Нашыя шаноўныя браты, кардыналы адмысловай кангрэгацыі, і тэолагі, выбраныя Намі ў якасці дарадчыкаў (якіх мы згадвалі вышэй), папрасілі аб абвяшчэнні Беззаганнага Зачацця Багародзіцы з тым самым энтузіязмам і запалам.

Адпаведна, ідучы за прыкладам Нашых Папярэднікаў і жадаючы дзейнічаць у традыцыйнай манеры, мы аб’явілі і правялі кансісторый, на якім мы звярнуліся да Нашых братоў, кардыналаў Святога Рымскага Касцёла. Для нас было вельмі вялікай духоўнай радасцю бачыць, што яны просяць абвясціць дагматычнае акрэсленне Беззаганнага Зачацця Багародзіцы Дзевы [28].

Таму, цалкам давяраючы Пану ў тым, што прыйшоў найбольш спрыяльны час для абвяшчэння Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Багародзіцы Дзевы Марыі, пра якое сведчаць боганатхнёныя Кнігі, шаноўная Традыцыя, нязменнае перакананне Касцёла, асаблівае аднадумства ў гэтай справе каталіцкіх біскупаў і вернікаў, а таксама векапомныя Пастановы і Канстытуцыі Нашых Папярэднікаў, уважліва ўзважыўшы ўсе акалічнасці і ўзнёсшы да Бога гарачыя і нястомныя малітвы, Мы прыйшлі да высновы, што павінны без прамаруджання пастанавіць і вызначыць Нашай найвышэйшай уладаю Беззаганнае Зачацце Дзевы. І таму Мы можам задаволіць як найбольш святое жаданне каталіцкага свету, а таксама нашу ўласную пабожнасць да Найсвяцейшай Дзевы, і ў той самы час яшчэ больш ушанаваць адзінароднага Сына Езуса Хрыста, нашага Пана, праз Яго святую Маці, паколькі ўся пашана і хвала, якую атрымлівае Маці, пераходзіць таксама Сыну.

Абвяшчэнне

Таму, прадставіўшы Богу праз Ягонага Сына нашыя няспынныя прыватныя малітвы ў пакоры і посце, а таксама публічныя малітвы Касцёла, каб моцай Духа Святога Ён быў ласкавы накіраваць і ўмацаваць наш розум, заклікаўшы падобным чынам дапамогу ўсяго нябеснага двара, а таксама папрасіўшы Духа-Суцяшыцеля аб натхненні, дзеля ўшанавання святой і непадзельнай Тройцы, дзеля славы і ўпрыгожвання Багародзіцы Дзевы, дзеля ўзнясення каталіцкай веры і для падтрымкі каталіцкай рэлігіі, уладай Езуса Хрыста, нашага Пана, святых апосталаў Пятра і Паўла і сваёй уласнай Мы абвяшчаем, пастанаўляем і вызначаем, што вучэнне, згодна з якім Найсвяцейшая Дзева Марыя ў першы момант свайго Зачацця асабліваю ласкаю і прывілеем Усемагутнага Бога, дзякуючы прадбачаным заслугам Езуса Хрыста, Збаўцы роду чалавечага, была захавана некранутаю ніякай плямаю першароднага граху, было аб’яўлена Богам, а таму ўсе вернікі павінны з непахіснай верай заўсёды яго вызнаваць [29].

Таму, калі хтосьці асмеліцца — не дай Божа! — думаць іначай, чым было пастаноўлена Намі, паведамім яму пра гэта і дадзім яму зразумець, што ён быў асуджаны сваім уласным суджэннем, што ён пацярпеў караблекрушэнне ў веры, што ён ўжо зусім аддзяліўся ад еднасці Касцёла, і што, акрамя таго, калі ён адважыцца выказаць словамі альбо пісьмова, альбо нейкім іншым знешнім чынам памылкі, якія знаходзяцца ў ягоным сэрцы, ён сваім учынкам трапіць пад пакаранне, устаноўленае правам.

Чаканыя рэзультаты

Нашая душа перапаўняецца радасцю, а Наш язык — хвалою. Мы складаем і будзем працягваць складаць найпакорнейшую і найглыбейшую падзяку нашаму Пану Езусу Хрысту, таму што праз сваю выключную ласку ён даў Нам, недастойным, пастанавіць і прынесці гэтую чэсць і хвалу Яго Найсвяцейшай Маці. Усю нашу надзею мы ўскладаем на Найсвяцейшую Багародзіцу, на тую цалкам прыгожую і беззаганную, якая раздавіла атрутную галаву бязлітаснага змея і прынесла збаўленне свету. Яна з’яўляецца хвалою прарокаў і апосталаў, славай мучанікаў, каронай і радасцю ўсіх святых; яна бяспечнае прыстанішча і самая надзейная дапамога для тых, хто знаходзіцца ў небяспецы; яна са сваім адзінародным Сынам з’яўляецца наймацнейшай Пасрэдніцай і Суцяшальніцай для ўсяго свету; яна найпрыгажэйшая хвала і аздоба, а таксама непарушная абарона святога Касцёла; яна знішчыла ўсе ерасі і вызваліла вернікаў і народы ад усялякіх страшных няшчасцяў; мы ўскладаем надзею на тую, якая і Нас саміх вызваліла ад шматлікіх пагрозаў. Таму Мы маем пэўную надзею і поўную ўпэўненасць, што Найсвяцейшая Дзева сваім магутным заступніцтвам прыбярэ ўсе цяжкасці і рассее ўсе памылкі, каб ва ўсіх народах і краінах Каталіцкі Касцёл, наша Святая Маці, мог з дня на дзень квітнець усё больш, каб ён валадарыў “ад мора да мора і ад ракі аж да краю зямлі” і каб ён цешыўся сапраўдным спакоем, згодай і свабодай. Мы моцна трымаемся сваёй упэўненасці, што яна выпрасіць прабачэнне грэшнікам, здароўе хворым, моц сэрца слабым, суцяшэнне засмучаным, дапамогу тым, хто знаходзіцца ў небяспецы, што яна вылечыць духоўную слепату тых, хто памыляецца, каб яны вярнуліся на шлях праўды і справядлівасці і каб настала адна аўчарня і адзін пастыр.

Няхай усе дарагія Нам сыны Каталіцкага Касцёла пачуюць гэтыя Нашыя словы і з яшчэ большай адданасцю ў пабожнасці, рэлігійнасці і любові ўшаноўваюць, заклікаюць і просяць Найсвяцейшую Маці Божую Дзеву Марыю, без граху першароднага зачатую. Няхай у кожнай небяспецы, уціску, патрэбе, у складаных і пагрозлівых становішчах з поўным даверам уцякаюць да гэтай наймілейшай Маці міласэрнасці і ласкі. Няма чаго баяцца, няма і падставаў для роспачы, калі яна вядзе, яна раіць, яна спрыяе, яна абараняе, бо для нас яна адкрывае сваё мацярынскае сэрца і, стараючыся дзеля нашага збаўлення, клапоціцца пра ўвесь чалавечы род. Пан устанавіў яе Валадаркаю неба і зямлі, і, узнесеная вышэй за ўсе хоры Анёлаў і за ўсіх святых, стоячы праваруч свайго Адзінароднага Сына, нашага Пана Езуса Хрыста, яна найбольш дзейсна выпрошвае ўсё сваімі матчынымі малітвамі, і тое, аб чым просіць, атрымлівае, а значыць, ніколі не ашуквае.

[Нарэшце, каб гэтае Наша дагматычнае абвяшчэнне Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Дзевы Марыі дайшло да ўсяго Касцёла, Мы пажадалі выдаць на вечную памяць гэтае Наша апостальскае пасланне. Мы жадаем, каб яго рукапісныя копіі, а таксама друкаваныя экзэмпляры, падпісаныя рукою якога-небудзь публічнага натарыуса і зацверджаныя пячаткай асобы з касцёльнай годнасцю, пры прадстаўленні атрымалі ад ўсіх той самы поўны давер, які належыць самому гэтаму пасланню.

Таму нікому з людзей няможна ані знішчаць гэты дакумент з нашым сцвярджэннем, абвяшчэннем і пастановай, ані таксама саманадзейна яму супраціўляцца і супярэчыць. Калі б, аднак, хтосьці асмеліўся б гэта спрабаваць, няхай ведае, што выкліча на сябе гнеў Усемагутнага Бога, а таксама Яго святых апосталаў Пятра і Паўла.]

Дадзена ў святога Пятра ў Рыме, у восьмы дзень месяца снежня, у год 1854, восьмы Нашага пантыфікату.

Пій ІХ


[1] Et quidem decebat omnino, ut perfectissimae sanctitatis splendoribus semper ornata fulgeret, ac vel ab ipsa originalis culpae labe plane immunis amplissimum de antiquo sepente triumphum referret tam venerabilis mater, cui Deus Pater unicum Filius suum, quem de corde suo aequalem sibi genitum tamquam seipsum diligit, ita dare disposuit, ut naturaliter esset unus idemque communis Dei Patris et Virginis Filius, et quam ipse Filius, Filius substantialiter facere sibi matrem elegit, et de qua Siritus Sanctus voluit et operatus est, ut conciperetur et nasceretur ille, de quo ipse procedit.

[2] Пар. ibid., n. 16.

[3] Пар. св. Ірынэй, Adv. Haereses, кніга III, раздз. III, n. 2.

[4] Апостальская канстытуцыя Cum Praeexcelsa, 28 лютага 1476 года; Denz., n. 734.

[5] Дэкрэт Святой Кангрэгацыі абрадаў; 30 верасня 1847 года.

[6] Гэта было пастаянным дбаннем Пантыфікаў, пра што сведчыць асуджэнне аднаго са сцвярджэнняў Антоніа Разміні-Сэрбаці (пар. Denzinger, nn. 1891-1930). Вось як гучыць сцвярджэнне 34 (Denzinger, n. 1924): “Ad praeservandam B. V. Mariam a labe originis, satis erat, ut incorruptum maneret minimum sesmen in homine, neglectum forte ab ipso demone, e quo incorrupto semine de generatione in generationem transfuso, suo tempore oriretur Virgo Maria”. Дэкрэт Святой Канцылярыі, 14 снежня 1887 (AAS 20, 393). Denz., n. 1924.

[7] Апостальская канстытуцыя Sollicitudo Omnium Ecclesiarum, 8 снежня 1661 года.

[8] Апостальская канстытуцыя Cum Praeexcelsa, 28 лютага 1476 года; Grave nemis, 4 верасня 1483 года; Denz., nn. 734, 735.

[9] Апостальская канстытуцыя Sanctissimus, 12 верасня 1617 года.

[10] Апостальская канстытуцыя Sanctissimus, 4 чэрвеня 1622 года.

[11] Аляксандр VII, апостальская канстытуцыя Sollicitudo Omnium Ecclesiarum, 8 снежня 1661 года.

[12] Сесія V, кан. 6; Denz. n. 792. Declarat tamen haec ipsa sancta Synodus, non esse suae intentionis, comprehendere in hoc decreto, ubi de peccato originali agitur, beatam et immaculatam Virginem Mariam Dei genitricem, sed observandas esse constitutiones felicis recordationis Sixti Papae IV, sub poenis in eis constitutionibus contentis, quas innovat.

[13] Быц 3:15.

[14] Quo circa sicut Christus Dei hominumque mediator, humana assumpta natura, delens quod adversus nos erat chirographum decretia, illud cruci triumphator affixit; sic Sanctissima Virgo, Arctissimo et indissolubili vinculo cum eo conjuncta, una cum illo et per illum, sempiternas contra venenosum serpentem inimicitias exercens, ac de ipso plenissime triumphans, illus caput immaculato pede contrivit.

[15] Пар. Быц 6:9.

[16] Пар. Быц 28:12.

[17] Пар. Зых 3:2.

[18] Пар. Пп 4:4.

[19] Пар. Пп 4:12.

[20] Пар. Пс 87:1.

[21] Пар. Іс 6:1-4.

[22] Пар. Лк 1:28.

[23] Ibid., 42.

[24] Пар. св. Аўгустын, De Natura et Gratia, c. 36.

[25] Быц 3:15.

[26]  Пар. Зых 31:2.

[27] Пар. ibid., n. 19 і далей.

[28] Пар. ibid., n. 27 і далей.

[29] Declaramus, pronuntiamus et definimus doctrinam quae tenet beatissimam Virginem Mariam in primo instanti suae conceptionis fuisse singulari Omnipotentis Dei gratia et privilegio, intuitu meritorum Christi Jesu Salvatoris humani generis, ab omni originalis culpae labe praeservatam immunem, esse a Deo revelatam, atque idcirco ab omnibus fidelibus firmiter constanterque credendam. Пар. Denz., n. 1641.


Неафіцыйны пераклад за англійскага тэкста. У лацінскім арыгінале булы няма тэматычных падзагалоўкаў: яны былі дадазены з таго ж англійскага перакладу. Апошняя частка, узятая ў квадратныя дужкі, адсутнічае ў англійскім тэксце і была дапоўнена з польскага тэкста кс. Збігнева Вайтовіча. Па меры магчымасці наш пераклад пагоджаны з раней апублікаванымі фрагментамі гэтай булы на беларускай мове.

Выява гербаOdejea (CC BY-SA).

Пакінуць каментар

Scroll Up