07.12.2017 / Кс. Аўгустын Арндт SJ

Кс. Арндт SJ. Адпусты. (11) Умовы атрымання: намер🕑 2 хвілін

Для атрымання адпусту патрэбны тры рэчы: мець намер, знаходзіцца ў стане асвячальнай ласкі і верна выканаць прадпісаныя ўчынкі альбо ўмовы.

1. Намер. Каб атрымаць адпуст, належыць мець сапраўдны намер яго атрымання. Аднак няма патрэбы аднаўляць намер (intentio actualis) у хвіліну выканання пабожнага ўчынку, гэта значыць менавіта тады казаць сабе: “Хачу прамовіць тую ці іншую малітву, гэтую міласціну даць, прыступіць да споведзі, прыняць святую Камунію, каб атрымаць той ці іншы адпуст”. Дастаткова таго, што намер будзе папярэднім. Калі такі намер не будзе адкліканы супрацьлеглым актам волі, ён насамрэч будзе ўплываць на нашыя ўчынкі і схіляць нас да выканання прадпісаных умоваў. Raccolta ва ўступе (на с. ХІІ) кажа: “Належыць мець прынамсі агульны намер атрымання святых адпустаў”. Св. Леанард з Порта Маўрыцыё і Raccolta даюць вернікам параду, каб штодзённа пры ранішніх малітвах абуджалі намер атрымання ўсіх адпустаў, звязаных з пабожнымі практыкаваннямі і добрымі ўчынкамі, якія яны будуць выконваць на працягу дня. Такога намеру, калі ён не быў папярэдне адкліканы, без усялякіх сумневаў, дастаткова, каб атрымаць усе гэтыя самыя розныя адпусты; было б абсалютна беспадстаўным прадстаўляць часцейшае аднаўленне намеру як абавязковае; аднак яго можна заахвочваць з увагі на тое, што пры гэтым павялічваецца адданасць чалавека гэтай справе. Таксама абсалютна няма патрэбы дакладна ведаць, які менавіта адпуст звязаны з той ці іншай пабожнай справай і ці ўвогуле ён існуе; дастаткова мець проста агульны намер яго атрымання ў тым выглядзе, як ён быў удзелены і калі ўвогуле быў удзелены. Таму паслухаем жа парады св. Леанарда і Raccolta і прымем такі лёгкі сродак прынясення Богу сатысфакцыі за саміх сябе альбо прынясення суцяшэння і дапамогі нашым памерлым родным і сябрам. Не будзем таксама забывацца пералічыць дакладна ў думках душы, для якіх мы прагнем здабыць адпусты, якія можна ахвяраваць за памерлых. Бо гэтае паіменнае прымяненне адпусту Касцёл пакінуў тым, хто выконвае ўмовы для яго атрымання; а паўсюднае абгрунтаванае меркаванне, згоднае з жаданнем Папаў і верай усяго Касцёла, кажа, што адпусты найбольш дапамогі прыносяць тым душам, для якіх яны здабываюцца. Аднак можна абудзіць і больш агульны намер, напрыклад, за душы, якія найбольш патрабуюць паратунку, альбо за тых, каму мы асабліва абавязаны несці дапамогу, альбо за памерлых з пэўнай парафіі ці сям’і, альбо нават за памерлых вернікаў увогуле (Raccolta, c. XIII). Бог жа ў сваёй бясконцай мудрасці і ласкавасці зможа з гэтых верных душаў выбраць тыя, якія ў дадзеную хвіліну найбольш патрабуюць дапамогі.


Выданне: Ks. Augustyn Arndt TJ. Odpusty. Podręcznik dla duchowieństwa i wiernych. Kraków, 1890.
Ілюстрацыя
: Франсуа-Марыус Гранэ, Сялянка купляе адпуст, 1825.

Пакінуць каментар

Scroll Up