05.12.2017 / Кс. Аўгустын Арндт SJ

Кс. Арндт SJ. Адпусты. (10) Выдуманыя і несапраўдныя адпусты🕑 7 хвілін

Тэма несапраўдных адпустаў хвалявала Касцёл увесь час, ад Трыдэнцкага сабору аж да сённяшняга дня, калі актуальныя нормы адпустаў сцвярджаюць, што публікаваць спісы адпустаў можна толькі з дазволу касцёльнай улады (Enchiridion indulgentiarum, N. 11). Патрабаванне гэтае абгрунтаванае, бо ў іншым месцы мы згадвалі пра тое, што і цяпер яшчэ дзе-нідзе можна пабачыць карткі з малітвамі, да якіх прыпісана, напрыклад, “100 гадоў адпусту”, тады як саму такую форму запісу можна трактаваць як прыкмету неактуальнасці адпусту альбо прынамсі нагоду западозрыць неактуальнасць (гл. допіс 8 у гэтым цыкле).

Парадаксальна, але якраз сёння аўтар гэтых радкоў пабачыў іншы прыклад адпуставых злоўжыванняў. На партале Amazon прадаецца пэўная англамоўная кніга 2016 года выдання, якая пералічвае адпусты на кожны дзень каляндарнага года. Здавалася б, гэта вельмі зручна, бо можна адкрыць кнігу і памаліцца, канкрэтна ведаючы, які адпуст на які дзень прыпадае. Праблема ў тым, што адпуставыя практыкі для той кнігі былі ўзяты з даўно састарэлага зборніка Raccolta, а ў якасці адпуставага заканадаўства там прыводзяцца каноны з Кодэкса 1917 года (актуальны Кодэкс кананічнага права выдадзены ў 1983 годзе). Агулам кніга налічвае больш за 600 старонак, а ўкладала яе на аснове неактуальных крыніца пэўная жанчына, маці дзевяці дзяцей, чаго здаровы чалавек хутчэй за ўсё не рабіў бы, а седэвакантыст мог бы.

Таму і ў нашыя часы трэба думаць, разбірацца і параўноўваць прапанаваныя адпусты з афіцыйнымі выданнямі.

Ніжэй кс. Арндт прыводзіць спісы адпустаў, якія ўважаліся несапраўднымі альбо былі наўпрост забаронены ў ягоныя часы. Нам з гэтага, здавалася б, карысці мала, бо дзе ён, а дзе мы. Аднак жа ў ніжэйшым спісе ёсць адзін выбітны пункт, які, у параўнанні з астатнімі, быў напісаны з асаблівай эмоцыяй:

[Несапраўднымі з’яўляюцца] Адпусты, якія нібыта былі звязаны з 15 малітвамі, аб’яўленымі св. Брыгіце. Бо абяцанні, прынесеныя тым, хто на працягу года будзе маліцца гэтымі малітвамі, утрымліваюць найвялікшыя шаленствы і супярэчаць праўдам святой веры.

На дзіва, абяцанні, нібыта дадзеныя святой Брыгіце, папулярныя сёння не толькі ў Польшчы, дзе ўжо тады з гэтым сустракаўся кс. Арндт, але таксама і ў нас, таму варта коратка звярнуць увагу на гэтыя абяцанні.

Адзначым толькі, што паміж рознымі моўнымі версіямі гэтых абяцанняў існуюць пэўныя разыходжанні, але на агульную неверагоднасць абяцанняў гэта ніяк не ўплывае. Беларускі пераклад пададзім паводле рускага, апублікаванага тут.

Як сцвярджае гісторыя, для святой Брыгіты істотна было ведаць, колькі ранаў атрымаў Пан Езус падчас сваёй мукі. Над чым ужо варта было б задумацца, таму што, паводле дагматычнай тэалогіі, для адкуплення свету, ды і не аднаго, хапіла б толькі адной кроплі крыві Пана. А таму падлічваць колькасць ранаў ад бічавання — справа сумнеўная.

Аднак жа, аказалася, быццам ранаў было 5480 (!), а для іх ушанавання святой Брыгіце было прапанавана на працягу года штодня прамаўляць па 15 разоў “Ойча наш” і “Вітай, Марыя”, дадаючы да іх адмысловыя малітвы. (15 × 365 ≈ 5480)

Таму, хто цэлы год будзе пабожна прамаўляць гэтыя малітвы, нібыта былі дадзены наступныя абяцанні:

  1. Той, хто прачытае за год усе гэтыя малітвы, вызваліць з чысца 15 душаў са свайго роду.
  2. Пятнаццаць душаў з ягоных родзічаў атрымаюць Божую ласку.
  3. Пятнаццаць грэшнікаў з ягоных родзічаў навернуцца.
  4. Той, хто чытае гэтыя малітвы, узнімецца на адпаведны ўзровень дасканаласці.
  5. Ужо за 15 дзён да смерці ён будзе выказваць шчырую скруху аб сваіх грахах, усведамляючы ўвесь іхні цяжар.
  6. За 15 дзён да смерці дам гэтай душы спажыць Маё Найсвяцейшае Цела, каб ім яна была вызвалена ад вечнага голаду, а таксама дам ёй піць Маю Найдаражэйшую Кроў, каб у вечнасці яна не мела смагі.
  7. Выцягну над ёю Мой непераможны крыж як дапамогу і абарону ад спакусаў злога.
  8. Перад смерцю прыйду да такой душы са сваёй дарагою Маці.
  9. Прыму яе з міласцю і дам адпачынак у вечнай радасці.
  10. Супакоіўшы душу, дам ёй спазнаць ласку і славу Божую, чаго не дам тым, хто не моліцца гэтымі і падобнымі ім малітвамі.
  11. Калі б хто і трыццаць гадоў пражыў у граху, а потым у сардэчнай скрусе, з пабожнасцю пачне чытаць гэтыя малітвы альбо хаця б пастановіць іх чытаць, Пан прабачыць яму грахі.
  12. Пан захавае яго ад згубных спакусаў.
  13. Пан адчыніць яму пяць сэнсаў (у іншых перакладах — захавае пяць пачуццяў).
  14. Пан не дапусціць яго раптоўнай і неспадзяванай смерці.
  15. Пан выбавіць ягоную душу ад вечных пакутаў.
  16. Той, хто так моліцца, атрымае ўсё, аб чым папросіць Пана і Найсвяцейшую Багародзіцу.
  17. Калі Божым Провідам яму было прызначана памерці заўчасна, ягонае жыццё будзе падоўжана.
  18. Той, хто чытае гэтыя малітвы, кожны раз атрымлівае плашч (у іншых перакладах — частковы адпуст).
  19. Кожны, хто навучыць гэтым малітвам іншых, атрымае вечную радасць і ўзнагароду.
  20. Той, хто чытае гэтыя малітвы, будзе суцешаны радасцю анельскага спеву.
  21. Там, дзе чытаюць гэтыя малітвы, прысутнічае Божая ласка.

Такім чынам, гэта суцэльныя спробы прайсці ў неба праз заднія дзверы: можна трыццаць гадоў грашыць, потым памаліцца — а нават толькі пастанавіць маліцца гэтымі малітвамі — і Бог надзвычайным, пазасакрамэнтальным чынам адпусціць табе грахі. А лепш проста навучыць гэтым малітвам іншых, напрыклад, шляхам таго, каб запосціць іх у інтэрнэце, і вечная ўзнагарода забяспечана.

Вядома, грунтоўны падыход патрабуе таго, каб нейкі тэолаг, пажадана свой, прысеў за гэтыя абяцанні і параўнаў іх з праўдамі веры, якім яны супярэчаць, але выснова кс. Арндта пра “найвялікшыя шаленствы” выглядае справядлівай. Часам гэтыя шаленствы выглядаюць проста, як крыўдны тролінг (гл. пункт 10).

Таму рэкамендуем праяўляць разважлівасць, мець здаровы сэнс і трымацца афіцыйных крыніцаў.

* * *

Хоць Касцёл шматразова і здаўна забараняў друкаваць спісы адпустаў без выразнага дазволу духоўнай улады, аднак і сёння не раз мы знаходзім несапраўдныя адпусты, запісаныя ў кніжках і на асобна выдадзеных картках. Адзіным плёнам такіх выданняў з’яўляецца замена пабожнасці ў забабоннасць, выстаўленне святой рэлігіі на смех і знявагу з боку бязбожнікаў. Таму святары маюць абавязак перасцерагаць вернікаў перад гэтымі фальшывымі адпустамі.

Асаблівым чынам забаронены наступныя адпусты:

  • Адпусты, якія можна было надаваць вяночкам, крыжыкам, абразкам, пасвячаным пярлінкам перад дэкрэтам Клімэнта VIII ад 9 студзеня 1597 года De forma indulgentiarum.
  • Адпусты, якія нібыта надалі Ян ІІ і Сікст IV за малітву “Precor te, piissime Domine”. Таксама адпусты, якія мелі быць звязаны з крыжамі з Каравакі ў Іспаніі.
  • Адпусты, якія нібыта ўдзяліў Яўген ІІІ па просьбе св. Бэрнарда за тры “Ойча наш” і “Вітай, Марыя” на чэсць раны рукі Збаўцы.
  • 1000 гадоў адпусту для тых, хто носіць падабенства раны боку Збаўцы.
  • Адпусты, якія нібыта былі далучаны Сікстам V, Урбанам VIII, Інакенціем Х, Аляксандрам Х і Клімэнтам ІХ да ружанцаў, якія паходзяць з Ерузалема ці Бэтлеема.
  • Адпусты, якія нібыта надаў Ян ХХІІ за пацалунак выявы нагі Найсвяцейшай Панны.
  • Неіснуючыя адпусты за прамаўленне “Вітай, Марыя”, калі б’е гадзіна, перад абразом Беззаганнага Зачацця, які прадстаўляе Божую Маці ў коле [зорак?] з месяцам пад нагамі.
  • Адпусты, якія нібыта надалі некаторыя Папы па просьбе Вялікага князя Тасканскага за вяночкі пра муку Пана.
  • Адпусты за малітву, якая, паводле аб’яўлення, прыпісанага св. Брыгіце, Мацільдзе і Альжбеце, нібыта была знойдзена ў гробе Пана.
  • Адпусты з кнігі Directorium spirituale.
  • Пэўныя адпусты за наведванне касцёлаў францысканцаў падчас посту, а таксама за нашэнне паса св. Францішка (Decr. auth. n. 18).
  • Ілжывымі з’яўляюцца адпусты, якія нібыта мусілі б вызваляць з чысца штодзень, штотыдзень альбо штогод па дзве, тры ці больш душаў. Адпусты, якія нібыта ўдзяліў Клімэнт VIII тым, хто носіць на сабе хустачку св. Веранікі альбо прамаўляе касцёльную малітву на свята хусты святога гроба: Божа, Які ў хусце святога гроба…
  • Адпусты, якія нібыта былі звязаны з 15 малітвамі, аб’яўленымі св. Брыгіце. Бо абяцанні, прынесеныя тым, хто на працягу года будзе маліцца гэтымі малітвамі, утрымліваюць найвялікшыя шаленствы і супярэчаць праўдам святой веры.
  • Адпусты для тых, хто плаціць пэўную суму грошай [1] і г. д. (Decr. auth. n. 78, 93, 106).
  • Ілжывымі таксама з’яўляюцца адпусты 1080 дзён, якія быццам бы ўдзяляліся тым, хто прамовіць “Вітай, Марыя” перад медалікам Божай Маці, якая трымае на руках цела свайго Боскага Сына (Decr. auth. n. 370).
  • Несапраўднымі таксама з’яўляюцца адпусты, якія нібыта былі ўдзелены за прамаўленне літаніі да Маці Божай, вяночка пра цноты Марыі (Аляксандр VII, Леў Х), малітвы да Дзевы Марыі, якая пачынаецца словамі “Няхай будзе благаслаўлёная чысціня твая” і г. д., адпусты, якія нібыта ўдзяліў Пій VII 1 чэрвеня 1804 года і Пій ІХ 15 лістапада 1852 года за прамаўленне малітвы перад пералічанымі распяццямі.
  • Таксама трэба звярнуць увагу на кніжку, выдадзеную ў 1878 годзе ў Цешыне: “Закон спакою, альбо тры набажэнствы да Найсвяцейшай Панны Марыі”. Кніжка гэтая забаронена, бо ўтрымлівае даўно скасаваныя адпусты, звязаныя з ружанцамі бл. Яны Валезіі (Decr. auth. 448).

Скончым словамі самой Raccolta (с. ХХХ): “Нагадваем вернікам, каб былі напагатове і не давяралі легкаверна карткам, малітоўнікам і г. д., якія падаюць нібыта ўзбагачаныя адпустамі малітвы. Бо іх вельмі легкадумна друкуюць і яшчэ з большай адданасцю распаўсюджваюць; а таму трэба загадзя пераканацца, ці маюць гэтыя выданні апрабату Святой Кангрэгацыі адпустаў, як гэта прадпісвае артыкул 12, § 3 дэкрэтаў, змешчаных пасля правілаў Індэкса”.

[1] Плата за прадастаўленне адпаведных дакументаў з’яўляецца слушнай, бо яна ідзе на ўтрыманне канцылярыі і тых, хто займаюцца ў ёй справамі. Але адпусты, паводле прадпісання Трыдэнцкага сабору (сесія ХІІ, раздз. 9), ubique gratis.


Выданне: Ks. Augustyn Arndt TJ. Odpusty. Podręcznik dla duchowieństwa i wiernych. Kraków, 1890.
Ілюстрацыя
: Франсуа-Марыус Гранэ, Сялянка купляе адпуст, 1825.

Пакінуць каментар

Scroll Up