На мінулым тыдні афіцыйнае выданне Апостальскай Сталіцы Acta Apostolicae Sedis апублікавала прыватны ліст Папы Францішка, у якім ён выказваў адабрэнне інструкцыям аргентынскіх біскупаў, што дазваляюць разведзеным асобам, якія ўступілі ў новы саюз, у некаторых выпадках прымаць святую Камунію. Разам з тым, гэты прыватны ліст падняты ў статусе да “апостальскага паслання” і аб’яўлены “аўтэнтычным навучаннем”.

У верасні 2016 года, калі дыскусія вакол сапраўднай інтэрпрэтацыі апостальскай адгартацыі Amoris Laetitia — плёну двух сінодаў на тэму сям’і — знаходзілася ў найвышэйшай кропцы, калі разгортваліся спрэчкі, ці насамрэч Папа жадае прыняць “прапанову Каспера” і дазволіць асобам у неўрэгуляваным сямейным становішчы прыступаць да святых сакрамэнтаў, Францішак ужо даў ціхі, але ясны адказ.

Тады група аргентынскіх біскупаў выдала для святароў свайго рэгіёна “Базавыя крытэрыі прымянення восьмага раздзела Amoris Laetitia“, якія сцвярджалі пра асобаў, што жывуць у паўторным саюзе, наступнае (поўны тэкст):

Калі канкрэтныя абставіны пары робяць гэта магчымым, асабліва калі двое з’яўляюцца хрысціянамі з досведам веры, можна прапанаваць ім зрабіць высілак і жыць ва ўстрыманні. (…) У іншых, больш складаных умовах і калі немагчыма атрымаць пастанаўленне пра несапраўднасць сужэнства, згаданы выбар можа фактычна не быць магчымым. Тым не менш, падарожжа распазнання таксама можна прадпрыняць. Калі прыдзецца прызнаць, што ў дадзеным выпадку існуюць абмежаванні, якія змяншаюць адказнасць і вінаватасць (пар. 301-302), асабліва калі асоба мяркуе, што ўпадзе ў наступныя грахі, наносячы шкоду дзецям з новага саюза, Amoris Laetitia адкрывае магчымасць доступу да сакрамэнтаў пакаяння і Эўхарыстыі (пар. зн. 336 і 351). А гэта, у сваю чаргу, дазваляе асобе працягваць сталець і ўзрастаць з дапамогай ласкі (№№ 5-6).

Рэакцыя Францішка была яснай і адназначнай. Ён выказаў яе ў сваім прыватным лісце біскупу Феною, дэлегату пастырскага рэгіёна Буэнас-Айрэса (поўны тэкст):

Я дзякую табе за праведзеную працу: сапраўдны прыклад суправаджэння для святароў. Дакумент вельмі добры, ён цалкам тлумачыць значэнне восьмага раздзела Amoris LaetitiaІншых інтэрпрэтацый няма. І я ўпэўнены, што ён зробіць шмат добрага. Няхай Пан узнагародзіць гэты высілак пастырскай любові. [вылучэнне дададзена]

У жніўні гэтага года каталіцкія СМІ заўважылі, што папскі ліст, які спачатку лічылі фэйкам, а пасля, калі афіцыйныя крыніцы пацвердзілі яго сапраўднасць, усяго толькі прыватнай карэспандэнцыяй, апынуўся на афіцыйнай вэб-старонцы Ватыкана як папскі дакумент да ўсеагульнай увагі. Вядома, гэта не надавала яму статусу настаўніцкага дакумента, але гэта быў толькі чарговы крок.

Учора стала вядомым, што “іншых інтэрпрэтацый няма” трапіла ў афіцыйны друкаваны орган Апостальскай Сталіцы Acta Apostolicae Sedis (“Акты Апостальскай Сталіцы”, AAS). Згодна з кан. 8 § 1 Кодэкса кананічнага права (1983), гэтае выданне служыць для ўвядзення ў сілу ўніверсальных касцёльных законаў. Цікава, што ў кастрычніцкім нумары AAS знаходзіцца не толькі ліст Папы Францішка, але і самі інструкцыі аргентынскіх біскупаў. Старонкі AAS з гэтымі дакументамі можна паглядзець тут (PDF на лацінскай і іспанскай мовах). Поўны выпуск AAS знаходзіцца тут (памер файла — 300 МБ).

Што больш важна, публікацыя ў AAS павысіла статус прыватнага ліста Папы Францішка да “апостальскага паслання”. Акрамя таго, да гэтых дакументаў далучаны рэскрыпт дзяржаўнага сакратара кардынала П’етра Параліна. У ім сказана, што Папа яўным чынам пажадаў, каб абодва дакументы — ягоны ліст і інструкцыі біскупаў пастырскага рэгіёна Буэнас-Айрэса — набылі моц “аўтэнтычнага навучання”, і загадаў апублікаваць іх на вэб-старонцы Ватыкана і ў Acta Apostolicae Sedis.

Рэскрыпт “з аўдыенцыі з Яго Святасцю”

Найвышэйшы Пантыфік пастанавіў, каб два папярэднія дакументы былі ўведзены ў моц шляхам публікацыі на электроннай старонцы Ватыкана і ў Acta Apostolicae Sedis як аўтэнтычнае навучанне.

З Ватыканскага Палаца, у дзень 5 ліпеня 2017 года

Кардынал П’етра Паралін

Дзяржаўны сакратар

Некаторыя каментатары заўважаюць, што згадка пра “аўтэнтычнае навучанне” закранае канон 752 і, меркавана, можа патрабаваць “пабожнай паслухмянасці розуму і волі” ў адносінах да прапановаў аргентынскіх біскупаў:

752. Належыць выказваць калі не згоду веры, то прынамсі пабожную паслухмянасць розуму і волі таму вучэнню аб веры і маралі, якое Рымскі Пантыфік альбо Калегія біскупаў абвяшчаюць, калі яны здзяйсняюць аўтэнтычнае навучанне, нават калі яны не маюць намеру абвясціць яго канчатковым чынам. Таму хрысціянскім вернікам належыць пазбягаць усяго, што не згаджаецца з гэтым вучэннем. [вылучэнне дададзена]

Іншыя ж сцвярджаюць, што такая публікацыя надае гэтым дакументам афіцыйны статус і дазваляе разглядаць іх як акты Папы, а не як акты прыватнай асобы, аднак яна не можа патрабаваць паслухмянасці розуму і волі, таму што гэтыя дакументы не навучаюць у сферы веры і маралі, а тым больш не з’яўляюцца канкрэтнымі.

Такім чынам, становіцца зразумела, што праблема з Amoris Laetitia заключаецца не ў “ліберальных біскупах”, якія няправільна трактуюць дакумент, які можна і трэба інтэрпрэтаваць у згодзе са спрадвечным вучэннем Касцёла, а ў тым, што Святы Айцец дае ясна — і нават празмерна ясна — зразумець, чаму ён мае намер навучаць у сваёй апостальскай адгартацыі.

* * *

Нагадаем, што апошнім часам нязменнае вучэнне па праблеме прыняцця сакрамэнтаў асобамі, якія ўступілі ў паўторны саюз, было выкладзена ў апостальскай адгартацыі Яна Паўла ІІ Familiaris consortio. Паколькі гэтае вучэнне датычыцца веры і маралі, засноўваецца на словах нашага Пана і Святым Пісанні і пастаянна прысутнічае ў нязменнай Традыцыі Касцёла, яно ні ў якім выпадку не можа змяняцца з цягам часу, а адзінай дапушчальнай зменай можа быць толькі больш дакладны выклад гэтай праўды веры альбо яе актуалізацыя ў сучасных абставінах жыцця.

Аднак Касцёл пацвярджае сваю практыку, якая засноўваецца на Святым Пісанні, і не дазваляе доступ да Эўхарыстычнай Камуніі разведзеным асобам, якія паўторна ажаніліся. Яны не могуць атрымаць такі доступ таму, што іх стан і ўмовы жыцця аб’ектыўна супярэчаць таму саюзу любові паміж Хрыстом і Касцёлам, які абазначае і выконвае Эўхарыстыя. Акрамя таго, існуе і іншая, выключна пастаральная прычына: калі б гэтых людзей дапусцілі да Эўхарыстыі, вернікі трапілі б у памылку і замяшанне наконт вучэння Касцёла пра неразрыўнасць сужэнства. Паяднанне ў сакрамэнце пакаяння, якое адкрывае дарогу да Эўхарыстыі, можа быць дадзена толькі тым, хто, пакаяўшыся ў разрыве знака Запавету і вернасці Хрысту, сумленна гатовы прыняць стыль жыцця, які больш не знаходзіцца ў супярэчнасці з неразрыўнасцю сужэнства. На практыцы гэта азначае, што, калі па сур’ёзных прычынах, такіх як выхаванне дзяцей, мужчына і жанчына не могуць выканаць абавязку разысціся, яны “бяруць на сябе абавязак жыць у поўным устрыманні, гэта значыць, ва ўстрыманні ад актаў, якія належаць жанатым парам (Familiaris consortio, 84).

Падрабязная інфармацыя пра памылкі Amoris Laetitia прадстаўлена ў тэалагічнай крытыцы 45 навукоўцаў (частка 1, частка 2, частка 3), а найбольш прыгожа і зразумела небяспеку новага вучэння прадставіў біскуп Атаназіус Шнайдэр у сваім афіцыйным каментары да гэтай апостальскай адгартацыі.

Ілюстрацыйнае фота: Tomaz Silva/ABr (CC BY)

Калі вы знайшлі арфаграфічную памылку, калі ласка, вылучыце яе і націсніце Ctrl+Enter.

Пакінуць каментар