01.12.2017 / Кс. Аўгустын Арндт SJ

Кс. Арндт SJ. Адпусты. (9) Пра адпусты, звязаныя з месцамі, асобамі ці прадметамі🕑 13 хвілін


Наступны раздзел кнігі кс. Арндта датычыцца мясцовых, рэчавых і асабовых адпустаў і мае, на жаль, пераважна гістарычнае значэнне. У 1967 годзе Папа Павел VI скасаваў:

  • многія адпусты, звязаных з канкрэтнымі мясцінамі;
  • усе адпусты, звязаныя з асобамі;
  • шмат адпустаў, нададзеных прадметам.

Як мы абмяркоўвалі вышэй, Папа як галоўны распарадчык адпустаў меў на гэта права, а ягоныя рашэнні скасаваць ці ўстанавіць тыя ці іншыя адпусты прыводзяць да таго, што гэтыя адпусты скасоўваюцца альбо ўстанаўліваюцца.

Апостальская канстытуцыя Indulgentiarum doctrina (1967) у параграфе 12 сцвярджае:

Што датычыцца “рэчавых” ці “мясцовых” адпустаў, то не толькі іх колькасць была істотна зменшана, але і самі гэтыя акрэсленні былі скасаваныя, каб было больш ясна, што адпусты надаюцца ўчынкам, якія выконваюцца вернікамі, а не прадметам ці месцам, якія з’яўляюцца толькі нагодай для атрымання адпустаў. Фактычна, члены пабожных асацыяцый могуць атрымліваць адпусты, нададзеныя іх асацыяцыям, без абавязковага выкарыстання сваіх адзнак.

У тым жа дакуменце ўстанаўліваецца новая норма (№ 12), паводле якой:

Дзяленне адпустаў на “асабовыя”, “рэчавыя” і “мясцовыя” скасоўваецца, каб было больш ясна, што адпусты надаюцца ўчынкам вернікаў, нават калі часам яны могуць быць звязаны з нейкім аб’ектам альбо месцам.

У гэтым месцы варта засяродзіцца над тым, што мы страцілі і атрымалі разам з рэформай адпустаў. Бо па стане на 1890 год кс. Арндт пералічвае:

  • (а) 183 кароткія і даўжэйшыя малітвы, да якіх далучаны адпусты;
  • (б) 58 пабожных практыкаванняў;
  • (в) 19 адпустаў, звязаных з рэчамі;
  • (г) 26 мясцовых адпустаў;
  • (д) а таксама 62 супольнасці і брацтвы, у якіх можна было атрымаць дадатковыя адпусты.

Як вынікае з уводзінаў, аўтар кнігі дадаваў у гэты пералік інфармацыю, актуальную для Польшчы, але тут ён удакладняе, што ўсе адпусты (а)–(г) ён браў са зборніка Raccolta, а таму гэта былі менавіта універсальныя адпусты, якія датычыліся не толькі Польшчы, а ўсяго свету.

У сённяшнім спісе адпустаў знаходзіцца толькі 70 пазіцый. Бо, як пісаў Павел VI, “таксама падалося адпаведным скараціць належным чынам колькасць поўных адпустаў, каб вернікі маглі больш цаніць іх і таму атрымліваць іх з правільнай унутранай паставай. Бо, сапраўды, чым большае разрастанне адпустаў, тым менш увагі ім надаецца; тое, што прапануецца ў лішку, не вельмі цэніцца” (Indulgentiarum doctrina, 12).

Праз 50 гадоў можна ўпэўнена сцвярджаць, што гэты план сябе не апраўдаў і адпусты цаніць больш не сталі. Нам цяжка меркаваць, наколькі адпусты цаніліся ў дасаборны час, але лагічна меркаваць, што (1) калі сёння — ніяк, то раней горш напэўна не было; (2) з самога існавання адпуставых падручнікаў, шматлікіх пастановаў Святой Кангрэгацыі адпустаў і тэалагічных дыспутаў наконт гэтай справы вынікае, што адпусты калі і не “цанілі”, то імі прынамсі займаліся, а значыць, гэта было для кагосьці актуальна. А сёння ёсць, як ёсць.

Што такое мясцовыя адпусты?

Мясцовыя адпусты ўдзяляліся за наведванне пэўных месцаў, напрыклад, касцёлаў. Кс. Арндт пералічвае сярод іх, напрыклад, адпуст за наведванне святых сходаў у Рыме. Гэтыя тыя самыя мармуровыя сходы з рэзідэнцыі Пілата, па якіх Пан Езус падымаўся на суд і на якія сцякала Яго Кроў. У 326 годзе гэтыя сходы перавезлі ў Рым і змясцілі ў Латэранскім палацы. У сярэдзіне XVIII ст. іх прыкрылі драўлянымі дошкамі, каб лепш захаваць іх. З 1817 года, калі Папа Пій VII пацвердзіў гэты адпуст, за кожную прыступку ўдзялялася 9 гадоў адпусту, але ўзыходзіць па іх трэба было на каленях, пры гэтым молячыся альбо разважаючы пра муку Пана.

Таксама ў старым пераліку адпустаў мы знаходзім мясцовыя адпусты за наведванне гробу св. Пятра ў Ватыканскай базіліцы, ушанаванне бронзавай статуі св. Пятра, наведванне стацыйных касцёлаў у Рыме, наведванне сямі галоўных рымскіх касцёлаў і сямі прывілеяваных алтароў у Ватыкане, а таксама адпуст Парцыюнкулы.

Акрамя таго, Папы і біскупы ўдзялялі шматлікія адпусты для паасобных тэрыторый. Так, кожны ардынарый мог удзяліць адпусты для сваёй дыяцэзіі, а Папа часам удзяляў і больш шырокія адпусты. Напрыклад, жаночыя кляштары, члены якіх па зразумелых прычынах не маглі прайсці па святых сходах, атрымлівалі падобныя адпусты за аналагічнае пабожнае практыкаванне ў самім кляштары.

Нягледзячы на тое, што назва “мясцовых” адпустаў была скасавана, пэўныя адпусты засталіся і да сённяшняга дня. Enchiridion indulgentiarum падае іх у параграфе 33 “Visitationes locorum sacrorum” (“Наведванне святых месцаў”, Ind. 62—68). Згодна з ім, поўны адпуст можна атрымаць за наведванне:

  • чатырох патрыярхальных базілік у Рыме;
  • малых базілік у некаторыя дні года;
  • катэдральных касцёлаў у некаторыя дні года;
  • міжнародных, нацыянальных альбо дыяцэзіяльных санктуарыяў, устаноўленых кампетэнтнай уладай;
  • парафіяльных касцёлаў (у тытулярную ўрачыстасць і 2 жніўня);
  • касцёлаў ці алтароў у дзень пасвячэння (dedicationis);
  • касцёлаў ці капліц інстытутаў кансэкраванага жыцця і таварыстваў апостальскага жыцця ў дзень іх святога заснавальніка.

Каб параўнаць тое, што было, з тым, што ёсць, трэба больш дакладна ведаць пра мінулую практыку. Пакуль жа можна прыняць, што і раней было шмат, і цяпер засталося нямала, таму няма на што скардзіцца.

Што такое рэчавыя адпусты?

У ранейшыя часы пры благаслаўленні пэўных рэчаў, акрамя ўласна благаслаўлення, можна было далучыць да прадмета той ці іншы адпуст, згодна з прадпісаннямі зборніка адпустаў Raccolta. Кс. Арндт пералічвае некалькі відаў ружанцаў, вяночкаў, крыжаў, шкаплераў і іншых прадметаў, якім упаўнаважаныя святары, біскупы ці сам Папа маглі надаваць адпусты.

Дзейнічалі гэтыя адпусты такім чынам, што атрымаць іх мог уладальнік гэтых прадметаў пры выкананні прадпісаных умоваў, а калі да прадмета былі далучаны так званыя папскія адпусты, то дастаткова было проста гэтыя прадметы мець (насіць на сабе альбо мець у пакоі).

Так, напрыклад, Папа даваў некаторым святарам дазвол мець распяцце, да якога быў далучаны поўны адпуст у гадзіну смерці “toties quoties” (даслоўна: так часта, калі толькі; гэтым тэрмінам апісваліся адпусты, якія можна было атрымліваць без абмежаванняў пры паўторным выкананні прадпісаных умоваў; верагодна, пасля рэформы 1967 года такая магчымасць была скасавана, пра што ўскосна кажа n. 19 Indulgentiarum doctrina). Калі вернік знаходзіўся пры смерці, яго наведваў святар і даваў яму ў рукі гэтае распяцце, і той мог атрымаць поўны адпуст пры звычайных умовах (Камунія, споведзь, заклік імя Езуса са шчырым жалем), а пры немагчымасці іх выканання — проста заклікаючы імя Езуса, прынамсі ў сэрцы. Цікава, што гэтае распяцце з поўным адпустам святар не мог перадаваць для карыстання іншаму святару, бо тады адпуст не дзейнічаў. Сам жа святар у хвіліну смерці таксама атрымліваў адпуст, нават калі б яму ніхто такога распяцця не падаў.

Таксама, напрыклад, пры выкарыстанні ружанца, благаслаўлёнага святаром-дамініканцам, удзялялася па 100 дзён адпусту за кожную малітву “Ойча наш” і “Вітай, Марыя”, калі хто цалкам і пабожна прамовіць усе 15 таямніц альбо хоць бы 5 таямніц. Дадатковыя адпусты прызначаліся тым, хто маліўся на ружанцы рэгулярна.

Падобнымі багатымі ласкамі адорваліся ўладальнікі крыжа альбо медаліка св. Бенедыкта. Напрыклад, яны маглі атрымаць поўны адпуст амаль у кожную касцёльную ўрачыстасць, калі пры гэтым яны мелі звычку прынамсі раз на тыдзень маліцца на ружанцы, чытаць 7 пакутных псальмаў альбо 7 псальмаў узыходжання, навучаць асновам веры, наведваць вязняў ці хворых у шпіталі, дапамагаць бедным, служыць ці слухаць святую Імшу.

Сённяшнія нормы апісваюць рэчавыя адпусты значна больш сціпла і няясна:

Поўны адпуст атрымліваюць вернікі, якія ва ўрачыстасць св. апосталаў Пятра і Паўла карыстаюцца прадметам пабожнасці, акрэсленым нормай n. 15 [распяццем, крыжам, вяночкам, шкаплерам ці медалікам] і благаслаўлёным Вярхоўным Пантыфікам альбо любым біскупам, дадаючы пры гэтым любую зацверджаную формулу вызнання веры. Частковы адпуст атрымліваюць вернікі, якія падобным чынам карыстаюцца прадметамі пабожнасці, благаслаўлёнымі святаром ці дыяканам (Enchiridion indulgentiarum, ind. 26).

Што такое асабовыя адпусты?

Раней існавала асобная катэгорыя адпустаў, якія маглі атрымліваць толькі члены пэўных брацтваў у шырокім значэнні гэтага слова. Абмінаючы пытанні кананічнага ўстанаўлення брацтваў, іх гісторыі і характару, на якіх падрабязна засяроджваецца кс. Арндт, коратка скажам, што пасля заснавання брацтва магло звярнуцца ў Ватыкан з просьбай аб наданні яго членам дадатковых магчымасцяў атрымаць адпусты. Паводле кс. Арндта, пасля такой просьбы брацтвы зазвычай атрымлівалі:

  • тры поўныя адпусты (у дзень далучэння да брацтва, у галоўнае свята і ў гадзіну смерці);
  • чатыры адпусты па 7 гадоў і 7 квадрагенаў на чатыры касцёльныя святы, выбраныя членамі гэтага брацтва;
  • 60 дзён адпусту за кожны добры ўчынак і г. д.

Акрамя таго, паасобныя брацтвы мелі свае адпусты. Так, ружанцовыя брацтвы карысталіся прывілеем, якога не было ў іншых вернікаў. Яны мелі адзіны брацкі абавязак: маліцца адным поўным Ружанцам у тыдзень, прычым яны маглі дзяліць яго па днях тыдня ў адвольным парадку і зарабляць пры гэтым тыя ж адпусты, якія звычайныя вернікі атрымлівалі толькі пры малітве поўным Ружанцам без перапынку.

З 1967 года ўсе адпусты, не пацверджаныя Enchiridion indulgentiarum, былі скасаваны, між імі таксама і ўсе адпусты брацтваў. Тэарэтычна, кожнае брацтва магло потым зноў звярнуцца ў Апостальскую Пенітэнцыярыю з просьбай вярнуць альбо прызначыць новыя адпусты. Але, па-першае, адна толькі Апостальская Пенітэнцыярыя ведае, хто да яе звярнуўся і хто што атрымаў на сваю просьбу; па-другое, калі праглядзець спіс брацтваў, якія падае ў змесце кс. Арндт, становіцца зразумелым, што раней было ў што запісвацца (да чаго, дарэчы, вельмі заахвочваў Францішак Сальскі ў сваёй “Філатэі”), а цяпер проста не знойдзеш падобных каталіцкіх брацтваў з каталіцкімі мэтамі і далучанымі каталіцкімі адпустамі.

* * *

Поўныя альбо частковыя адпусты могуць быць на нейкі час ці назаўсёды нададзены мясцовасцям, асобам альбо прадметам.

Адпуст, звязаны з пэўнай мясцовасцю, называюць мясцовым, лакальным. Адпусты такога кшталту надаюць, напрыклад, пэўным касцёлам, алтарам, стацыям крыжовай дарогі, статуям ці абразам у пэўнай капліцы і г. д. Атрымаць такі адпуст можна пры наведванні такога месца ці абраза і выконваючы іншыя прадпісаныя ўмовы.

а) Калі нейкаму месцу нададзены адпуст “для пілігрымаў”, то жыхары гэтага месца атрымаць гэты адпуст не могуць (адказ ад 3 ліпеня 1754 года, Decr. auth. 202).

б) Калі касцёл альбо капліца, якім нададзены адпуст, цалкам знішчаюцца, то знікае і нададзены прывілей. Тое самае здараецца ў выпадку, калі касцёл перададзены на свецкія мэты. Аднак, калі дэсакралізаваны касцёл праз карацейшы ці даўжэйшы час будзе вернуты да рэлігійных мэтаў новай кансэкрацыяй, то ён атрымлівае тыя самыя страчаныя прывілеі (Decr. auth. n. 396). Пры рэстаўрацыі касцёла адпуст застаецца, нават калі пасля некалькіх рэстаўрацый касцёл набудзе новы выгляд. Падобна і касцёл, пабудаваны пад тым самым тытулам і на тым самым месцы, на якім стаяў першы, разбураны касцёл, атрымлівае ў спадчыну ўсе нададзеныя адпусты. Аднак гэта не дзейнічае, калі касцёл не стаіць амаль на тым самым месцы, а стаіць, напрыклад, на могілках, альбо калі ён атрымаў новы тытул (адказ Св. Кангрэгацыі адпустаў ад 9 жніўня 1843 года). Словы “амаль на тым самым месцы” азначаюць адлегласць у 20-30 крокаў (Св. Кангрэгацыя адпустаў ад 29 сакавіка 1886 года, Acta S. Sed. XIX, с. 93).

в) Касцёл, у якім спачатку, як ва ўласным касцёле, працавалі законнікі і які потым перадалі секулярнаму духавенству, траціць адпусты перад такой зменай (Decr. auth. n. 246). І наадварот, калі выгнаныя законнікі зноў увойдуць ва ўладанне гэтым касцёлам, адпусты зноў набываюць сваю моц. “Захаванне сапраўднага тытула ўласнасці не з’яўляецца неабходным” (пар. Decr. auth. n. 424, 18 жніўня 1868 года), каб касцёлам, што абслугоўваюцца пэўным ордэнам, былі нададзены адпусты, удзеленыя касцёлам гэтага ордэна. Каб касцёл лічыўся законным, дастаткова таго, што нейкі касцёл цалкам, законна і на пастаянны час перададуць на абслугоўванне ордэну (Act. S. Sed. IV, 328).

г) Што датычыцца касцёлаў і публічных капліц in residentiis et hospitiis missionum Ord. Capucin., то рашэннем ад 27 мая (апрабата ад 11 чэрвеня) 1732 года ім надаюцца адпусты касцёлаў ордэна капуцынаў, наколькі яны “fixa et ad quae confluunt fideles ad sacrum audientium et ad recipienda Ecclesiae Sacramenta” (Decr. auth. 102). Падобным чынам і пад той самай умовай Святая Кангрэгацыя адпустаў дэкрэтам 15 студзеня 1752 года (Rescr. auth. n. 183) надала ўсім публічным капліцам францысканцаў у Германіі, Польшчы, Венгрыі і г. д. усялякія адпусты і прывілеі законных касцёлаў, donec residentiam inibi praefati Fratres duxerint. Калі ж нейкі касцёл давераны законнікам, але не пад тытулам законнага касцёла, то, калі законнікі служаць у ім Божую службу альбо ўдзяляюць у ім святыя сакрамэнты, дадаткова патрэбны асобны індульт, каб такому касцёлу былі нададзены адпусты, характэрныя для законных касцёлаў [1].

д) Адпусты, нададзеныя касцёлам законніц (апрача іх звыклых законных адпустаў), могуць атрымаць, агульна кажучы, толькі тыя самыя законніцы і асобы, якія жывуць у кляштары.

2. Адпуст, звязаны з асобай, гэта ў сціслым значэнні слова адпуст, нададзены адной або некалькім асобам, а не ўсім вернікам. Такімі бываюць адпусты для членаў разнастайных законных супольнасцяў [2], брацтваў і г. д. Сюды ж адносяцца і такія адпусты, якія можна атрымаць за асабістыя добрыя ўчынкі незалежна ад азначанай мясцовасці ці прадмета.

3. Адпуст, звязаны з прадметам, гэта адпуст, нададзены пэўным пабожным рэчам, напрыклад, крыжам, ружанцам, медалікам, фігуркам. Амаль заўсёды такі адпуст з’яўляецца і рэчавым, і асабовым, бо за невялікімі выключэннямі толькі самі ўладальнікі могуць здабыць звязаныя з імі адпусты. Адпуст такога кшталту знікае, калі сам прадмет перастае ў агульным разуменні быць тым, чым ён з’яўляўся, напрыклад, калі крыж ці медалік растрэскаецца на кавалкі і г. д. Больш пра гэта гл. раздзел 3 часткі ІІ.

4. Калі Апостальская Сталіца надае адпуст на пэўны акрэслены дзень кожнага новага года альбо назаўсёды (pro tali die cujuslibet anni futuri альбо in perpetuum), то адпуст ніякім чынам не абмяжоўваецца ў колькасці гадоў (Decr. auth. n. 197), але гэтыя словы азначаюць, што ніколі няма патрэбы яго аднаўляць (Decr. auth. n. 301). Адпуст трывае да таго часу, пакуль ён не будзе адкліканы, але не заканчваецца са смерцю таго, хто яго ўдзяліў. Бо адпуст з’яўляецца дарам, удзеленым пастырамі Касцёла, намеснікамі Хрыста, а такія дары, паводле касцёльнага права, не падлягаюць скасаванню са смерцю таго, хто іх удзяліў [3]. Тое самае можна сказаць пра адпусты, наданне якіх заканчваецца словамі “ad beneplacitum” і г. д., гэта значыць на волю Папы ці Апостальскай Сталіцы, і заканчваюцца яны толькі тады, калі Апостальская Сталіца выразна іх адкліча [4].

Адпуст, удзелены толькі на акрэслены час, напрыклад, на 3, 5, 7 гадоў і г. д., перастае існаваць з заканчэннем гэтага часу. Пад “годам” тут належыць разумець год у звыклым значэнні, гэта значыць, да адпаведнай даты пасля заканчэння акрэсленай колькасці гадоў. Звярнуць увагу трэба яшчэ і на тое, што гэты час, паводле пастановы Святой Кангрэгацыі адпустаў ад 20 мая 1711 года (Decr. auth. n. 37), адлічваецца ад выдання брэвэ альбо рэскрыпта, які дазваляе адпуст, а не ад моманту абвяшчэння ці атрымання гэтага рэскрыпта. Калі ж мова ідзе пра новае зацвярджэнне прывілеяў для прывілеяваных алтароў у аддаленых ад Рыма краінах, то сем гадоў (septennium) пачынаецца ад дня, калі біскупу было ўручана брэвэ (Decr. auth. n. 116).

5. Нарэшце, існуюць адпусты, удзеленыя выключна на карысць жывым асобам. Рашэнне наконт гэтага належыць Касцёлу. На аўдыенцыі 30 верасня 1852 года субстытут Святой Кангрэгацыі адпустаў склаў Святому Айцу просьбу абвясціць, што ўсе адпусты, нададзеныя малітвам і добрым учынкам, змешчаным у Raccolta, можна таксама ахвяраваць за памерлых і каб гэтае рашэнне было важным не толькі для выдання, якое на той час друкавалася, але і для наступных выданняў. Святы Айцец задаволіў гэтую просьбу, як відаць з дэкрэта ад 30 верасня 1852 года (Decr. auth. n. 361, пар. Racc. c. XXVIII, 3).

Заўвага. Паколькі малітвы і іншыя пабожныя ўчынкі, якія знаходзяцца ў першых трох раздзелах другой часткі гэтай кнігі, цалкам узятыя з Raccolta, усе далучаныя да іх адпусты можна ахвяраваць за памерлых. У выпадку адпустаў, якія не пазначаны ў Raccolta, мы заўсёды выразна паказваем, ці можна дадзены адпуст ахвяраваць за памерлых.


[1] Падобны індульт дадзены брэвэ ад 25 чэрвеня 1765 года: Christi fideles aliquam ex ecclesiis saecularium visitantes, quae in provinciis ultra montes a FF. Ordin. Min. Capuc. administrantur, eas indulgentias consequuntur, quas consequerentur, si aliquam ex ecclesiis ordinis visitarent (пар. Decr. auth. n. 47, Rescr. auth. n. 295).

[2] Гл. ніжэй, у раздзеле 4 часткі ІІІ: пра адпусты, удзеленыя законным асобам.

[3] De regulis juris in sexto, Regula XVI: Decet concessum a principe beneficium esse mansurum.

[4] P. Theodor. a Spiritu S. p. I, c. 13, a. 1, Suar., de Legib., lib. VIII, c. 5, a. 1.


Выданне: Ks. Augustyn Arndt TJ. Odpusty. Podręcznik dla duchowieństwa i wiernych. Kraków, 1890.
Ілюстрацыя
: Франсуа-Марыус Гранэ, Сялянка купляе адпуст, 1825.

Пакінуць каментар

Scroll Up