00:00 — Рухі
02:25 — Рукі (частка 1)
06:15 — Рукі (частка 2)
11:55 — Вочы
13:25 — Голас
15:20 — Жэсты ўшанавання

Як сцвярджаюць многія сучасныя літургісты, таксама і мясцовыя, Трыдэнцкая Імша мела вельмі шмат прадпісанняў, якія былі настолькі складанымі, што іх насамрэч ніхто не ведаў і тым больш ніхто не мог выканаць.

Спяшаемся расчараваць, што ведалі, выконвалі і служылі пабожна, прычым яшчэ ў тыя часы, калі не было ані семінарый, ані інтэрнэтаў і DVD. Ці былі тыя прадпісанні складанымі? Гэта як паглядзець. Бах ці Шапэн простых рэчаў таксама не пісалі, але для іх выкання трэба мець правільна пастаўленыя рукі, практыку і вытрымку, а не нейкую асаблівую геніяльнасць. Таму і добрыя піяністы сярод нас не рэдкасць. Аналагічна і з Імшою. Навучыцца можна было і тады, і цяпер, і мэты сваёй дасягалі нават апошнія невукі, гл. св. Ян Віянэй. А ціхая Імша — гэта яшчэ самы ніз абрадавага мастацтва.

Тады іншае пытанне: навошта гэтыя прадпісанні і складаныя жэсты, калі сёння мы цудоўна абыходзімся без іх?

Галоўнай мэтай многіх жэстаў з’яўляецца іх традыцыйная рытуальная роля і адданне пашаны Богу. Знак крыжа, які вельмі часта сустракаецца ў традыцыйнай Імшы, азначае благаслаўленне. Позірк “да неба” (насамрэч, на распяцце над алтаром) перад кансэкрацыяй прызначаны для таго, каб святар прыгадаў, што ён плануе здзейсніць некрывавую ахвяру і абудзіў адпаведны намер. Вядомы жэст “аранта” (разведзеныя рукі) азначае, што святар моліцца ад імя ўсіх сабраных. Паклоны і ўкленчванні сімвалізуюць пашану святара і вернікаў да Бога і насамрэч ёю з’яўляюцца.

Паводле сённяшняй агульнапрынятай канцэпцыі, адзіна важнай часткай Імшы з’яўляецца сапраўдная кансэкрацыя.

Але ж Пан Езус прыйшоў на алтар? Табе мала? Што ты яшчэ хочаш?

А сэнс святой Імшы заключаецца не ў тым, каб “прызваць” Пана Езуса на алтар, як раней дзеці рабілі з духам Пушкіна ці Чэхава, а каб у найбольш дасканалай форме прынесці Богу ахвяру пакланення, ахвяру Ягонага Сына. Ці ж не дадаюць усе гэтыя жэсты — шматлікія знакі крыжа, частыя ўкленчванні і благаслаўленні, паклоны і позіркі да неба — дасканаласці нашаму пакланенню Богу? Ці не выяўляюць яны нашую любоў да Яго больш яскрава?

Але ў наш час, калі мы страцілі амаль усе знешнія сродкі літургічнага выяўлення нашай пашаны, варта вярнуцца на крок назад і акрэсліць яшчэ два аспекты, якія заўсёды ўнутрана прысутнічаюць у традыцыйнай Імшы і якія ўсё яшчэ можна вярнуць у звычайную форму.

1. Знешні дэкор адлюстроўвае нашу ўнутраную веру

У знешніх абрадах святой Імшы, як і ў штодзённым жыцці, нязвыкла важную ролю адыгрывае мова цела. Калі міністрант стаіць, трымаючы далоні складзенымі перад грудзямі і накіроўваючы пальцы ўвысь, ён падсвядома паказвае, што ўся ягоная пастава, яго сэрца і думкі скіраваны на літургічнае дзеянне і да неба. Калі ж міністрант разглядаецца па баках, перабірае пальцы, увесь час папраўляе на сабе комжу, ён — хутчэй за ўсё несвядома, але ад гэтага не менш сапраўдна — дэманструе іншым людзям, што тое, што адбываецца на алтары, не так ужо і важна.

Што тады можна сказаць пра святара, які, падыходзячы да алтара, каб служыць святую Імшу, разглядаецца направа і налева, вітаючы сабраных людзей? Які пасыл ён перадае, калі стаіць, абапіраючыся на алтар, экспромтам выдае каментары, якія яўна не маюць рытуальнага значэння, па сваім жаданні перастаўляе часткі святой Імшы і ўвогуле паводзіць сябе вельмі свабодна? Такі, што ён прынамсі не задумваецца над тым, што робіць. Альбо, у горшым выпадку, што гэта не тая справа, якую ён хоць колькі шануе.

Гэтая паўсюдная праблема закранае і тых, хто сядзіць у лаўках. Бо невербальным спосабам можна перадаць значна больш інфармацыі, чым здаецца на першы погляд.

У першыя гады пасля свайго навяртання аўтар гэтых радкоў меў незвычайна пабожнага пробашча, які служыў так, што таямніцу Бога можна памацаць. Удзельнічаючы ў Імшы, можна было нават падумаць, што ён бачыць штосьці, чаго не бачыць больш ніхто: настолькі гэта адбівалася на ягоным твары, у манеры хады і ў жэстах. Гэта не выглядала сімуляцыяй і падманам, бо гэта вырастала з малітоўнага жыцця, з манаскага выхавання і з агульнай паставы “nihil Operi Dei praeponatur”. Кожны выпадковы чалавек мог убачыць, што “ў гэтым нешта ёсць”, пазнаць сапраўднасць Касцёла і, нібы ў цьмяным люстэрку, пабачыць веліч Бога праз прыгажосць культу, які Яму аддаецца. Сёння, калі ў памяці ўсплываюць флэшбэкі з тых часоў і ціхі водбліск тых перажыванняў, міжволі задаешся пытаннем, ці шмат людзей мела ў жыцці шчасце пабачыць сур’ёзнае стаўленне да літургіі і веры, узрошчанае шматгадовай пабожнасцю і асабістым малітоўным досведам.

2. Знешні дэкор фарміруе нашую веру

Мова цела працуе і ў іншы бок: знешне прадпісаныя паводзіны ўплываюць на ўнутраны стан чалавека. Дзеці ў школах засяроджваюцца на навуцы, седзячы рука на руку; рота ганаровай варты нейкім чынам набывае гонар да прыземных рэчаў, трэніруючы адпаведныя рухі і жэсты; палітыкі і дакладчыкі ўбіраюцца ў афіцыйны строй, каб адчуваць сябе больш упэўнена.

Дакладна прадпісаныя рухі і жэсты таксама ўводзяць святара ў адпаведны настрой і змушаюць яго сур’ёзна ставіцца да таго, што ён робіць. Ад самага пачатку: працэсія ў стрыманым духу і з утаймаванымі вачыма, жэст ушанавання алтара, нізкі паклон на Confiteor, вымоўны пад’ём да ахвярніка з малітвай Aufer a nobis, пацалунак… Нават калі гэта не дадае святару веры, у яго проста не застаецца часу на тое, каб рабіць экспромты і іншыя свабодныя рэчы, даючы іншым зразумець, што тут адбываецца штосьці для яго нязначнае.

Вядома, не кожны жэст, не кожную малітву са старога абраду можна законна перанесці ў новы, але ці не было б дастаткова для пачатку, каб святар пазычыў у старым абрадзе страх Божы і з ім выканаў тое, што прадпісана для новага? Ці не ў гэтым заключалася задуманае Бенедыктам XVI “узаемнае ўзбагачэнне” дзвюх формаў?

Ці не вялікая цана ўсёй гэтай знешняй велічы?

Вялікая; прынамсі, большая, чым у выпадку новай Імшы. Але задачай святара з’яўляецца здабываць душы для Бога, а не спрашчаць сабе жыццё. Калі ўжо заставацца пры фартэпіяннай аналогіі, то для выканаўцы ігра на фартэпіяна — гэта 98 % поту і 2 % асалоды. А граюць на ім не для таго, каб сабе было прыемна, а каб зрабіць прыемна слухачу, ды і так, каб тых 98 % поту не было знешне відаць. Паколькі ў Імшы слухачом з’яўляецца Бог, то і ўвесь свой пот мы павінны прыкладаць Яму на хвалу і сабе на збаўленне.

Пакінуць каментар