У наступнай частцы кнігі кс. Арндт тлумачыць адрозненне паміж поўным і частковым адпустам, прычым з поўным адпустам усё менш-больш зразумела, бо гэта поўнае прабачэнне часовых, альбо зямных, караў за адпушчаныя грахі. З частковым адпустам было цікавей і ў тыя часы, і ў цяперашнія, бо, відаць, і тады людзям прыходзілася тлумачыць, што азначае колькасць дзён ці гадоў, прыпісаная да таго ці іншага адпусту.

Паводле задумы Касцёла і тлумачэння кс. Арндта, 100 дзён адпусту не азначае, што, атрымаўшы такі адпуст, мы ў чысцы прасядзім на 100 дзён менш. Гэта азначае, што дадзены адпуст прабачае такую зямную кару, за якую ў даўнія часы трэба было б выканаць суровую пакуту працягласцю 100 дзён. Пазней, калі суровая пакутная практыка ў Касцёле пачала замяняцца адпустамі і малітвамі, гэтыя лічбы пакінулі, каб арыентавацца, які ўчынак з’яўляецца больш ці менш каштоўным з пункту гледжання яго сатысфакцыйнай вартасці. Так, напрыклад, за пабожны заклік імя Марыі можна было атрымаць 25 дзён адпусту, за знак крыжа з адначасовым прамаўленнем “У імя Айца і г. д.” — 50 дзён адпусту, а калі той жа знак крыжа зрабіць святой вадою, то 100 дзён адпусту. Але як гэта пералічваецца на рэальныя чысцовыя кары, таго мы не ведаем, бо гэта знаходзіцца выключна пад уладаю Бога.

Такім чынам, перадсаборная дысцыпліна адпустаў мела два станоўчыя бакі. Па-першае, усім было зразумела, хто, колькі і за што атрымлівае. Па-другое, лічбавы выраз эфектыўнасці адпусту ясна паказваў шчодрасць Касцёла, які да малітвы, напрыклад, Гадзінак аб Беззаганным Зачацці Найсвяцейшай Панны Марыі, дадаваў 300 дзён адпусту, гэта значыць такое прабачэнне, за якое раней амаль год трэба было б пакутаваць.

Усё змянілася ў 1967 годзе, калі Папа Павел VI апостальскай канстытуцыяй Indulgentiarum doctrina ўстанавіў новыя нормы, якія датычацца адпустаў. Колькаснае апісанне частковых адпустаў было скасавана, а ўсе частковыя адпусты зрабіліся проста “частковымі”.

З таго часу кажуць, што частковы адпуст — гэта як поўны, толькі менш. А менш — гэта колькі? Ну, невядома. Бог разбярэцца.

Разам з тым нельга сказаць, што мы нічога не ведаем пра колькасць караў, якія адпускаюць “новыя” частковыя адпусты. Пра колькасны параметр кажа пункт 12 Indulgentiarum doctrina:

Што датычыцца частковых адпустаў, то са скасаваннем былога вызначэння дзён і гадоў была ўстаноўлена новая норма альбо мера, якая ўлічвае само дзеянне хрысціяніна, які выконвае ўчынак, да якога далучаны адпуст. Паколькі сваімі ўчынкамі вернікі могуць атрымаць — у дадатак да заслугі, якая з’яўляецца галоўным плёнам учынку, — таксама прабачэнне часовай кары, прапарцыянальнае ступені праяўлення любові пры выкананні гэтага ўчынку, а таксама дасканаласці выканання гэтага ўчынку, было палічана адпаведным, каб прабачэнне часовай кары, якое хрысціянін атрымлівае пры выкананні ўчынку, паслужыла мерай таго прабачэння, якое касцёльная ўлада шчодра дадае праз частковы адпуст.

Атрымліваецца, што раней “стаўка” частковага адпусту была фіксаванай, а цяпер яна залежыць ад уласнай, зменнай сатысфакцыйнай вартасці выкананага ўчынку. Добра, але ў якой прапорцыі знаходзяцца сатысфакцыя, прынесеная самім чалавекам, і сатысфакцыя, якую Касцёл дадае са скарбу пры дапамозе частковага адпусту? На гэтае пытанне канстытуцыя Indulgentiarum doctrina адказвае ў раздзеле “Нормы” (N. 5):

Вернікі, якія прынамсі са скрухаю ў сэрцы выканаюць учынак, да якога далучаны частковы адпуст, у дадатак да прабачэння часовай кары, набытага дзякуючы самому ўчынку, атрымліваюць такое ж прабачэнне кары праз пасрэдніцтва Касцёла.

Іншымі словамі, дзякуючы частковым адпустам сатысфакцыйны эфект адпуставага ўчынку падвойваецца. Калі браць канкрэтныя прыклады, то за малітву згаданымі Гадзінкамі — пры ўмове, што яны засталіся ў спісе адпустаў — можна было б атрымаць яшчэ адны такія ж Гадзінкі. А раней дадавалася 300 дзён адпусту.

У гэтым месцы варта зноў задаць сабе пытанне, ці засталіся адпусты на тым жа ўзроўні шчодрасці, дзе яны былі перад рэформай.

Аўтар гэтых радкоў — з тых часоў, калі пачаў больш старанна вывучаць тэму адпустаў, — пастаянна пераконвае сябе ў тым, што ён перастаў адэкватна ўспрымаць рэальнасць, што ўсё не настолькі кепска, наколькі ён сабе нафантазіраваў, што ён дзесьці памыліўся і не ўсё дачытаў. Карацей, прымяняе ўсе прыёмы, якія падпадаюць пад паняцце benefit of doubt [cумненні на карысць апанента], нават паказаў свае высновы знаёмаму тэолагу і чакае, што хтосьці падкажа яму іншую трактоўку цытаваных дакументаў.

Пакуль жа яму прыходзіцца трымацца неаптымістычнага меркавання, што частковыя адпусты сталі значна меншыя, бо чыста арыфметычна сатысфакцыйная моц 300 дзён суровай пакуты большая за сатысфакцыйную моц адных Гадзінак у найпабожнейшым выкананні; атрымліваецца, што раней было шчодрае ўдзяленне адпустаў, а цяпер няшчодрае падваенне.

Такім чынам, на нашае прыватнае меркаванне, якое пакуль што пацвярджаецца не толькі непасрэдным чытаннем касцёльных дакументаў, але і другасных інтэрпрэтацыйных крыніцаў, у сферы частковых адпустаў мы працуем у рэжыме 50/50. Палова ад верніка, палова ад Касцёла. Як сказалі б эканамісты, мы вам даем бюджэтныя сродкі, але другая палова мусіць быць свая.

З гэтым ёсць і іншая тэхнічная праблема, пры разглядзе якой можна абысціся нават без параўнанняў з дасаборнымі часамі. Напрыклад, згодна з сённяшнім спісам адпустаў, Касцёл надае малітве “Actiones nostras” частковы адпуст. Адпаведна, пры пабожным прамаўленні гэтай малітвы ў стане ласкі вернік:

  • зарабляе сатысфакцыю моцай самога ўчынку;
  • зарабляе такую ж сатысфакцыю ад Касцёла дзякуючы частковаму адпусту.

Альбо, як мы казалі вышэй, эфект падвойваецца. Але прамаўленне гэтай малітвы займае 15 секунд, і любому верніку, які ведае яе на памяць, не складзе цяжкасці прамовіць яе ў другі раз. Гэтым падвойным учынкам вернік перакрое той эфект, які Касцёл надаў свайму частковаму адпусту. А што, калі яе прамовіць чатыры разы? А восем?.. Добрая нагода для пелагіянства: усё сам, усё сам.

Вядома, мае сэнс пазнаёміцца з нейкімі сучаснымі працамі наконт адпустаў, бо сёлета мінае 50 гадоў з моманту ўвядзення новых нормаў, і не можа быць, каб ніхто над гэтым не задумаўся.

Калі ж падсумаваць новаўвядзенні нашага часу без лірыкі, то трэба звярнуць увагу на наступныя рэчы:

  • эфектыўнасць частковых адпустаў у днях і гадах больш не вымяраецца;
  • новай мерай эфектыўнасці частковых адпустаў з’яўляецца ўласная вартасць учынка, якая, у сваю чаргу, звязана з праяўленай любоўю і стараннасцю пры яго выкананні.

* * *

Існуе два віды адпустаў: поўныя і частковыя. Пры ўдзяленні адпустаў Касцёл з уласцівай яму разважлівасцю карыстаецца той уладай, якую ён атрымаў ад Пана Езуса. Клімэнт VI, сказаўшы, што скарб Касцёла быў аддадзены св. Пятру і яго наступнікам, каб яны раздавалі з яго вернікам, дадае: Nunc pro totali, nunc pro partiali remissione poenae temporalis pro peccatis debitae, tam generaliter, quam specialiter, prout cum Deo expedire cognoscerent (Extrav. Unigenitus de poenit. et rem.)

Поўны адпуст [1] таму так называецца, што той, хто яго здабывае, атрымлівае дзякуючы яму прабачэнне ўсіх зямных караў, які ён заслужыў тымі грахамі, якія ўжо яму адпушчаны. Таму, калі хтосьці меў шчасце атрымаць поўны адпуст у сапраўдным значэнні гэтага слова, то яго можна параўнаць з дарослым, які толькі што прыняў святы хрост. Калі б ён у такім шчаслівым стане памёр, то пайшоў бы без чысца наўпрост у неба.

З поўных адпустаў першым і найбольш урачыстым з’яўляцца юбілейны адпуст; першым і найбольш урачыстым не ў істоце адпусту альбо з прычыны поўнага прабачэння кары, бо гэта яднае ўсе поўныя адпусты, але з увагі на некаторыя характэрныя для юбілею абставіны. Больш падрабязнасцяў наконт гэтага пададзім ніжэй, у раздзеле ІІІ другой часткі.

Частковы, няпоўны адпуст — гэта той адпуст, дзякуючы якому можна атрымаць прабачэнне толькі акрэсленай часткі караў, заслужаных грахом. Таму з атрыманнем такога адпусту не абавязкова звязана поўнае пазбаўленне ад кары за грахі [2]. Сюды залічваюцца адпусты ў 40 ці 100 дзён, 7 квадрагенаў [3], адзін год альбо 7 гадоў і г. д. Аднак гэтая акрэсленая лічба дзён не азначае, што Апостальская Сталіца хацела б менавіта на такі час скараціць чысцовыя кары. Гэты тэрмін звязаны з агульным меркаваннем адосна працягласці пакуты, якую ў першыя стагоддзі хрысціянства прадпісвалі касцёльныя статуты. Так, напрыклад, 100 дзён адпусту альбо адзін год адпусту з’яўляецца прабачэннем такой зямной кары, за якую ў тыя часы прыйшлося б зносіць кананічную пакуту цягам 100 дзён альбо аднаго года. Колькі чысцовых цярпенняў скасоўвае такая пакута, таго мы не ведаем і не здольныя акрэсліць. Бог захаваў для сябе гэтую таямніцу, а мы мусім у гэтым выпадку здацца на Яго бясконцую міласэрнасць. У гэтай сітуацыі можна сказаць толькі тое, што адпуст, які ў гэтым жыцці прабачае касцёльную пакуту столькі дзён альбо столькіх гадоў, у наступным жыцці прабачае адпаведную гэтай пакуце кару. Але вось гэтай меры і суадносінаў мы не ведаем.

Найбольшыя частковыя адпусты, якія сёння зазвычай удзяляюць Папы, ахопліваюць 7, 10, 15, 20 альбо 30 гадоў [4].


[1] Папа Баніфацый VIII удзяляе ў сваёй юбілейнай буле на 1300 год поўны адпуст, выкарыстоўваючы пры гэтым наступныя словы: Non solum plenam et largiorem, imo plenissimam omnium suorum concedemus et concedimus veniam peccatorum. Тут трэба заўважыць, што ўвогуле ў папскіх булах выраз remissio, venia peccatorum plena, plenissima азначае такое адпушчэнне грахоў, пад якім маецца на ўвазе ўсё, што за грахом ідзе, калі яно падпадае пад уладу ключоў Касцёла, а таму не толькі вечная, але і зямная кара. Пазней Папа сам растлумачыў гэты выраз: Adeo plenam, prout clavium potestas se extendit (пар. Extravagentes Iohannis XXII. Paris, 1661, col. 372). Таму гэты выраз выкарыстоўваецца толькі для лепшага тлумачэння слова “plenae”. Наступнае тлумачэнне падае Collet: Indulgentia plenaria a Bonifacio VIII (in Extrav. com. Antiquorum 1 de poenit. et remiss.) dividitur in plenam, pleniorem et plenissimam. Divisionem hanc non repetunt ex effectu indulgentiae, quae statim ut plenaria est, poenam totam peccatis debitam ex integro dimittit, si fructus ejus ex integro percipiatur, sed ex privilegiis eidem indulgentiae annexis, adeo ut dicatur plenaria, quando tota poena in foro et judicio Dei debita remittitur; plenior, quando superadditur potestas extraordinaria absolvendi a casibus et a censuris reservatis; plenissima, quando dispensandi in votis et hujusmodi vinculis potestas communicator, secundum diplomatis formam, quae semper attente pensanda est (Collet, de indulg., c. 1, n. 9). Хоць іншыя па-іншаму перакладаюць гэтыя словы іначай, напэўна, сёння пад выразам “indulgentia plena” альбо “plenaria” маецца на ўвазе адпуст, які знішчае ўсе зямныя кары, якія хтосьці заслужыў перад абліччам Божай справядлівасці нават з-за ўжо адпушчаных грахоў і якія ў іншым выпадку ён меў бы адпакутаваць у чысцы. Фразу “de injunctis poenitentiis”, якая часта паўтараецца менавіта ў старых булах, тлумачаць тым, што яна пастанаўляе: De poenitentiis injunctis pro peccatis sive a Deo, sive ab Ecclesia per canones poenitentiales vel per confessarios. Часта дададзеныя словы “et injungendis” адносіліся б да пакутаў, якія належыла накласці на пенітэнта. Касцёл заўсёды меў перакананне, што хрысціянін праз адпуст прынясе сатысфакцыю за тую частку пакуты, якую на яго наклалі касцёльныя каноны альбо спаведнік. Замест “et injungendis” ад часоў Грыгорыя ХІІІ альбо нават яго папярэдніка, св. Пія V, казалі больш ясна: vel alias quomodolibet debitis poenitentiis.

[2] Хто не мусіў бы пакутаваць большых караў, чым тыя, якім адпавядае частковы адпуст, той, атрымаўшы такі адпуст, становіцца вольным ад усялякай кары, як быццам атрымаў поўны адпуст.

[3] З лічбай гадоў Папы зазвычай спалучаюць такую ж лічбу квадрагенаў. Гэты выраз азначае 40 дзён касцёльнай пакуты паводле суровых прадпісанняў старажытнага Касцёла. Так, напрыклад, 7 гадоў і 7 квадрагенаў адпусту азначае прабачэнне такой зямной кары, якая адпавядае такой жа кананічнай пакуце ў 7 гадоў і 7 перыядам 40-дзённага посту, прызначанага для больш суровай пакуты. Касцёльная пакута пачыналася як звычайна, а пакута на адзін квадраген заўсёды пачыналася ў Папяльцовую сераду з выключэння з Касцёла, а заканчвалася ўрачыстым прыняццем і ўдзяленнем святой Камуніі ў Вялікі чацвер. Калі вызначалася пакута толькі на адзін квадраген, то пакутнік атрымліваў раз на дзень ваду, хлеб і соль, і толькі ў тым выпадку, калі ён быў вельмі аслаблены, ён мог тры разы на тыдзень спажываць гародніну. Калі камусьці трэба было пакутаваць больш чым адзін квадраген, то гэты чалавек ад пачатку другога квадрагена мусіў пасціць у панядзелак, сераду і суботу на хлебе, вадзе і солі, а ў іншыя дні мог есці гародніну і адзін раз выпіць напой з пшаніцы альбо ячменю; у нядзелю дазваляліся ўсе стравы, акрамя мяса і віна. Побач з гэтым суровым постам ішлі таксама іншыя суровыя рэчы і ўтаймаванні. Пар. H. I. Schmitz, Die Bussbucher und die Bussdisciplin der Kirche, Mainz, 1883, с. 764 і Burchardi Wormac, Collectar. l. 19 (Correct.), c. 9, Migne Patrol. lat. 140, 980.

[4] Сёння, аднак, Папы ўдзяляюць адпусты на большую колькасць гадоў. Раней раздавалі больш вялікія адпусты; несумненна, сёння яшчэ аўтэнтычнымі з’яўляюцца адпусты ў 100, 150, 300 гадоў за рэцытацыю ружанца 7 пакутаў Маці Божай. Да сённяшняга дня члены брацтва Суцяшэння Маці Божай у пэўныя ўрачыстасці могуць атрымаць нават 1000 гадоў і 1000 квадрагенаў адпусту. Зрэшты, няхай нас не здзіўляе такая вялікая колькасць гадоў. Бо Касцёл дазваляе ахвяраваць гэтыя адпусты за памерлых, а ў чысцы можа быць шмат душаў, якія сваімі грахамі і большых пакутаў заслужылі. Мерай пакуты за адзін цяжкі грэх было 7–20 гадоў, а ці ж не маглі б у чысцы знаходзіцца душы, якія пасля доўгага жыцця ў грахах навярнуліся ў апошнюю хвіліну, але павінны кампенсаваць Божай справядлівасці за тысячы цяжкіх грахоў? Чуючы, аднак, пра такія адпусты, варта быць асцярожным і найперш упэўніцца ў іх сапраўднасці.


Выданне: Ks. Augustyn Arndt TJ. Odpusty. Podręcznik dla duchowieństwa i wiernych. Kraków, 1890.
Ілюстрацыя
: Франсуа-Марыус Гранэ, Сялянка купляе адпуст, 1825.

Пакінуць каментар