24.11.2017 / Кс. Аўгустын Арндт SJ

Кс. Арндт SJ. Адпусты. (7) Ці можна і як ахвяраваць адпусты за душы, якія пакутуюць у чысцы🕑 9 хвілін

Пасля смерці ўсіх нас чакае розны лёс, бо сам наш Збаўца кажа: “Бо прыйдзе Сын Чалавечы ў славе Айца свайго з анёламі сваімі, і тады аддасць кожнаму паводле ўчынкаў ягоных” (Мц 16:27). Неба, пекла і чысцец — гэта тры месцы, прызначаныя на прыняцце душаў, якія сыходзяць з гэтага свету. Ёсць неба, але толькі для чыстых і светлых душаў, ёсць пекла для асуджаных, ёсць часовы чысцец для справядлівых, але не цалкам ачышчаных. Мы не молімся за святых, бо яны не патрабуюць нашых малітваў, як не молімся і за асуджаных, якім нашыя просьбы не дапамогуць, бо з пекла няма ўратавання і дым катавання іхняга будзе падымацца на вякі вечныя (Ап 14:11). Аднак мы молімся за душы ў чысцы, бо праўда каталіцкай веры, заснаваная на Святым Пісанні і няспыннай Традыцыі, кажа, што чысцец існуе і што душы, якія там знаходзяцца, могуць атрымліваць суцяшэнне і палёгку ў сваіх пакутах ад малітваў, пастоў, міласціны і іншых добрых учынкаў жывых людзей, а асабліва ад ахвяры святой Імшы [1].

Ад старажытных часоў навука аб эфектыўнасці малітвы за памерлых залічвалася да дэпазіту веры, альбо fides servatrix, як прыгожа кажа Тэртуліян. Ужо ў старым законе маліліся і прыносілі ахвяры за памерлых, не сумняваючыся ў тым, што гэта святая і збаўчая практыка, якая паходзіць ад Божага натхнення. “Святая і пабожная думка — маліцца за памерлых, каб яны былі вызваленыя ад грахоў” (2 Мак 12:46). Паглядзеўшы на старажытныя літургіі, лёгка пераканацца, што Касцёл заўсёды падчас цэлебрацыі святых таямніцаў маліўся за памерлых. Гэта значыць, што заўсёды і ўсюды верылі ў чысцец, дзе, як кажа св. Аўгустын, Бог даводзіць усе рэчы да належнага парадку. Там Ён загадвае выплачваць усё да апошняй манеты за недастатковыя цярпенні на зямлі, аддаючы святыя душы на апошняе ачышчэнне, каб змыць з іх нават найменшую пляму і давесці праз агонь да той ступені дасканаласці, якой патрабуе сузіранне Бога тварам у твар. Ці ж Пан Бог, так робячы, не паступае вельмі слушна і справядліва? Будзем жа суцяшаць сябе той думкай, што калі і мы будзем знаходзіцца сярод гэтых душаў, за нас будзе маліцца ўвесь Касцёл, пяшчотная маці, якая заўсёды дбае пра сваіх дзяцей і спяшаецца да іх з дапамогай, пакуль не давядзе іх да шчаслівай вечнасці.

Нягледзячы на шматлікія і сур’ёзныя аргументы шмат ерэтыкоў адкінула веру ў чысцец; больш ім спадабалася аспрэчыць яго існаванне, а не далучыць уласныя малітвы да просьбаў Касцёла аб дабрабыце душаў сваіх родных і сяброў. У момант смерці яны пакідаюць гэтыя бедныя душы, не хочучы памятаць пра іх, але чаму? Бо ерась не можа даць мацярынскага сэрца і любові.

Прынесці гэтым святым душам палёгку, дапамогу і вызваленне мы можам не толькі пабожнымі ўчынкамі, пра якія мы сказалі вышэй, але таксама і адпустамі. Каталіцкі Касцёл ніколі ў гэтым не сумняваўся. А. Тэадор ад Духа Святога прыводзіць дакументы 878 і 899 гадоў, якія ясна сцвярджаюць, што ўжо ў той час Папы ішлі на дапамогу памерлым з адпустамі. Але спытаемся разам са св. Аўгустынам: ці не было б найвышэйшай саманадзейнасцю сумнявацца ў тым, у што верыць і што практыкуе Касцёл на ўсім зямным шары?

Сумнавядомы Пістойскі сінод, ідучы па слядах Лютэра [2], вырашыўся на сцвярджэнне, што ахвяраванне адпустаў за памерлых з’яўляецца ўсяго толькі пустой ілюзіяй. Пій VI у буле “Auctorem fidei” адкінуў і асудзіў гэтае сцвярджэнне як “іжывае, беспадстаўнае, абразлівае для вернікаў, поўнае непавагі да Намесніка Хрыста, да практыкі і пераканання ўсяго Касцёла”. І цалкам слушна. Калі нашыя просьбы і добрыя ўчынкі самі па сабе нясуць карысць для чысцовых душаў, ці ж можна паверыць у тое, што адпусты, якія з’яўляюцца ўдзяленнем нам заслугаў Пана Езуса, Божай Маці і святых, не неслі б ім дапамогі, калі нават сам Касцёл ім гэтую карысць удзяляе? Бо гэтая моц нясення палёгкі і скарачэння пакутаў чысцовым душам з’яўляецца толькі адным з найцудоўнейшых вынікаў веры ў еднасць святых. Смерць, згодна са словамі св. Аўгустына, не аддзяляе ад Касцёла душаў вернікаў, якія памерлі ў Божай ласцы (neque enim piorum animae mortuorum separantur ab Ecclesia [3]), бо яны з’яўляюцца членамі таго самага цела, злучаны вузламі той самай веры і любові з вернікамі, якія яшчэ жывуць на зямлі, і ў гэтым таксама ляжыць прычына, чаму мы з такім спачуваннем імкнемся прыйсці ім на дапамогу.

Што датычыцца спосабу, якім Касцёл прывык ахвяраваць адпусты за памерлых, належыць ведаць, што Апостальская Сталіца не ўдзяляе такіх адпустаў моцаю сваёй улады ў форме разграшэння, як гэта адбываецца ў выпадку жывых асобаў, а робіць гэта толькі ў форме просьбы і ахвяры. Касцёл, не маючы аніякай юрысдыкцыі над памерлымі, што падлягаюць выключна ўладзе і панаванню Бога, не можа непасрэдным чынам вызваляць іх ад заслужанай кары, адпускаць ім грахі альбо выдаваць прысуды; аднак ён можа са свайго скарбу ахвяраваць Божай справядлівасці расплату за іх кары, просячы, каб Бог быў ласкавы гэтую расплату прыняць. Так, напрыклад, кароль можа з уласнага скарбу выплаціць кару, накладзеную на нейкага небараку ў іншай дзяржаве, далучаючы просьбу, каб ахвяраваная сума была прынята і каб вінаватага выпусцілі з вязніцы. Аднак сам ён не можа сваёй судовай уладай вызваліць яго. Таму Касцёлу назаўсёды пакінута ўлада над скарбам, але не над беднымі душамі, якія ён прагне вызваліць, для чаго толькі пасрэдна прабачае ім кары, гэта значыць Касцёл бярэ з супольнага скарбу пэўную частку заслугаў і сатысфакцыі, адпаведных дадзенаму адпусту, і ахвяруе іх Пану Богу з просьбай зменшыць у адпаведнай колькасці цярпенні чысцовых душаў. Робіцца гэта зазвычай пры дапамозе добрых учынкаў, якія жывыя асобы прадпрымаюць з той мэтай, каб прывязаны да іх адпуст прынёс палёгку чысцовым душам. Не зусім ясна, ці можа Папа ўдзяліць адпуст на карысць памерлых без падобных добрых учынкаў з боку жывых людзей. Такім чынам, наколькі Пан Бог прыме прадстаўленую Яму Касцёлам сатысфакцыю, настолькі гэтыя душы атрымаюць адпушчэнне часовых караў, якія яны яшчэ мелі б адпакутаваць. Насамрэч мы маем дастатковыя прычыны верыць, што Пан Бог прынамсі ў пэўнай ступені прымае такую сатысфакцыю. Ці ж не дае нам такой упэўненасці вера ў еднасць святых? А ці ж заслугі Хрыста Пана, Найсвяцейшай Панны Марыі і выбраных Божых не маюць бясконцай вартасці перад Божай Веліччу? Ці ж Касцёл, які прадстаўляе Айцу Нябеснаму гэтыя заслугі, не з’яўляецца дарагой, прыгожай, святой і беззаганнай Нявестай Яго Сына? А калі Касцёл прыносіць ахвяры і моліцца, ці ж не прыносіць ахвяры і не моліцца праз яго сам Дух Святы? Св. Аўгустын кажа: “Галубка ўгару пасылае свае ўздыханні, а Бог заўсёды выслухоўвае просьбы сваёй галубкі”.

Аднак нягледзячы на гэта праўдай з’яўляецца і тое, што ўсемагутны Творца ніякай выразнай і фармальнай прысягай не абавязаны прымаць гэтай ахвяраванай Яму выплаты цалкам і толькі для прызначаных душаў. Гэтае прыняцце залежыць ад намераў Яго найсвяцейшай волі, а часам і ад дбання, якое памерлыя, яшчэ жывучы на зямлі, мелі аб тым, каб быць годнымі такой дапамогі. Часам таксама тыя, хто прагне атрымаць адпуст для памерлых, несвядома ці забыўшыся занядбоўваюць адну альбо некалькі прадпісаных умоваў альбо выконваюць іх з недастатковай пабожнасцю. Таму мы ніколі не можам мець безумоўнай упэўненасці ў тым, што адпуст, ахвяраваны з тую ці іншую душу, церпячую ў чысцы, меў свой рэзультат. Сёння ўжо няможна бараніць несумненную эфектыўнасць адпустаў “ex justitia” і “ex condigno”, бо 28 ліпеня 1840 года Святая Кангрэгацыя адпустаў пастанавіла: “Si spectatur applicationis effectus, intelligendam esse indulgentiam (altari privilegiato adnexam), cujus mensural divinae misericordiae beneplacito et acceptationi respondet” (Decr. auth. n. 283).

Усю гэтую навуку можна прымяніць і да так званых прывілеяваных алтароў, пра якія мы больш дакладна скажам у частцы ІІ. Няможна сцвярджаць, быццам бы прывязаны да іх поўны адпуст на карысць памерлых несуменна і адразу ўводзіў бы на неба душу, за якую святар пры гэтым алтары адслужыў святую Імшу. Аднак з прыведзеных вышэй прычынаў належыць на гэта спадзявацца.

Што датычыцца святой Імшы, то таксама мы не павінны думаць, быццам з той прычыны, што святая Імша — гэта па сваёй прыродзе тая самая ахвяра, якая выканалася на крыжы, з-за яе бясконцай вартасці будзе дастаткова толькі адзін раз адслужыць яе за спакой душы, якая церпіць у чысцы. Хоць вартасць ахвяры, прынесенай на Кальварыі, сапраўды бясконцая, з гэтага не вынікае, што паасобку кожны, за каго Імша была ахвяравана, насамрэч меў бы атрымаць з яе бясконцую карысць. Па меркаванні св. Тамаша, Пан Езус не хацеў у кожнай Імшы рабіць нас удзельнікамі ўсяго плёну сваіх цярпенняў і Найсвяцейшай Крыві, але жадаў раздаваць нам плён Божай ахвяры ў адпаведнасці з нашай пабожнасцю, нашай унутранай паставай і адданасцю. Таму вельмі збавеннай справай з’яўляецца частае і як найбольшае ахвяраванне святых Імшаў за тых самых памерлых, а таксама, наколькі можна і наколькі гэта дазваляе распараджэнне Апостальскай Сталіцы, здабываць для іх адпусты, ці то поўныя, ці то частковыя. Калі ж тыя душы, за якія мы такім чынам молімся, ужо радуюцца ў небе, то тады Божая мудрасць і дабрата раздзеляць гэтыя плёны святой Імшы і адпустаў паміж іншымі душамі.

Будзем жа мець перакананне, што, аказваючы міласэрнасць памерлым, мы не крыўдзім саміх сябе; наадварот, гэтым мы прыносім сабе вялікую карысць. Гэта перадусім памнажае нашыя заслугі, і, несумненна, нашмат большай праявай любові з’яўляецца тое, калі хтосьці не захоўвае нейкія дары для сябе, а аддае іх церпячым братам, каб прынесці ім палёгку і дапамогу. “Невялікая гэта цнота, — кажа пэўны знакаміты пісьменнік, — даваць міласціну з таго, чаго ў нас шмат, але вялікая цнота — даваць тое, што і нам самім патрэбна”. Тады мы таксама можам разлічваць на асаблівую дапамогу тых справядлівых, якім мы залагодзілі цярпенні і наблізілі гадзіну вызвалення. Калі яны здабудуць вечную славу, яны будуць нашымі самымі вернымі абаронцамі перад Богам. І хоць нават мы іх не ведаем, аднак яны нас ведаюць і ніколі пра нас не забудуцца. Не толькі яны будуць старацца паказаць пам пацвярджэнне сваёй удзячнасці, але і сам Бог, хвале і справе Якога спрыяе нашая малітва за памерлых, дапаможа ім аддзякаваць нам за ахвяраваную памерлым паслугу [4].


[1] Трыдэнцкі сабор, сесія XXV, дэкрэт пра чысцец, сесія VI, кан. 30, сесія XXII, кан. 3, р. 2: “Наследуючы апостальскую Традыцыю, мы слушна ахвяруем святыя Імшы не толькі за грахі, кары, сатысфакцыю і іншыя патрэбы жывых вернікаў, але таксама і за памерлых у Пану, якія яшчэ не цалкам ачысціліся”.

[2] У згаданай вышэй буле “Exsurge Domine” Леў Х асудзіў знанае выказванне Лютэра: “Шасці класам людзей адпусты непатрэбныя і бескарысныя: памерлым…”

[3] Св. Аўгустын, De Civitate Dei, lib. XX, c. 9. Тое самае кажа ліст Льва Х да кардынала Каэтана. Варта прывесці тут прыгожыя словы графа Жазэфа дэ Местра: “Які ж цудоўны вобраз прадстаўляе сабою гэты незразумелы свет духаў са сваімі рознымі атрадамі, якія застаюцца ў лучнасці! Ваюючы Касцёл адну руку падае церпячаму Касцёлу, а іншай дакранаецца да трыумфуючага Касцёла. Малітвы ўдзячнасці, просьбы, пакута, пост… вера, надзея, любоў кружаць і плывуць паміж імі як струмені крыніцаў на жыццё вечнае” (Soirées de St. Petersbourg, том ІІ).

[4] “Трэба ведаць, што існуюць тры матывацыі, якія схіляюць нас да ахвяраў за душы памерлых: 1) Цяжар караў, якія яны церпяць. Бо людзі больш ахвотна даюць міласціну пракажоным, якія церпяць вялікія кары ці немач, але найлягчэйшая чысцовая кара большая за ўсе кары гэтага жыцця, як кажа св. Аўгустын. 2) Вялікія іх патрэбы. Людзі, калі сустракаюць вельмі бедных асобаў, больш ахвотна дапамагаюць ім міласцінай; тыя ж, што церпяць чысцовыя пакуты, застаюцца ў найбольшым убостве, бо не могуць сабе нічога выслужыць; 3) Наша ўласная карысць. Бо молячыся альбо даючы міласціну за душы, церпячыя ў чысцы, мы атрымліваем іх ахвотныя малітвы і дапамогу, калі яны вызваляюцца і трапляюць у неба” (Св. Тамаш, першае казанне пра памерлых).


Выданне: Ks. Augustyn Arndt TJ. Odpusty. Podręcznik dla duchowieństwa i wiernych. Kraków, 1890.
Ілюстрацыя
: Франсуа-Марыус Гранэ, Сялянка купляе адпуст, 1825.

Пакінуць каментар

Scroll Up