Чатыры вялікія літургічныя працы Ёзафа Ратцынгера выдадзены на рускай мове ў кнізе пад назвай “Богословие литургии: сакраментальное обоснование христианского существования”. Сярод іншага, у зборніку знаходзіцца знакаміты твор “Дух літургіі”.

Выданне пабачыла свет пры падтрымцы Дабрачыннага фонду імя свяціцеля Грыгорыя Багаслова і выйшла пад агульнай рэдакцыяй старшыні аддзела знешніх царкоўных сувязяў МП РПЦ мітрапаліта Іларыёна.

Той жа мітрапаліт Іларыён яшчэ ў верасні сустрэўся з Папам на пенсіі Бенедыктам XVI і прэзентаваў яму гэты зборнік, аднак у свабодным продажы ён не з’явіўся і да сённяшняга дня. Тым не менш, кнігу можна спампаваць у выглядзе якаснага файла PDF.

http://aziende.freecomm.it/390780/pdf/Benedicto_XVI_blok_170804.pdf

Вялікую частку сваіх навуковых намаганняў і папскага служэння Ёзаф Ратцынгер прысвяціў імкненню выправіць тое, што ён лічыў няправільным разуменнем літургічнай рэформы, з-за якога на першы план выйшлі такія чужыя літургіі аспекты, як павучанне, людская крэатыўнасць і актыўнасць. Для яго было зразумелым, што Касцёл жыве здзяйсненнем літургіі, і таму яму пагражае небяспека, бо Бог усё менш прысутнічае ў яго цэлебрацыях. Адпаведна, на думку Бенедыкта XVI, адзіным спосабам сапраўднай адновы Касцёла з’яўляецца сапраўдная аднова літургіі. Такое бачанне ён і прадстаўляе ў сваіх працах, пры гэтым выказваючы думкі з нямецкай дакладнасцю і незвычайнай сціпласцю.

Кніга “Богословие литургии” фактычна з’яўляецца перакладам 11-га тома поўнага выдання прац Ёзафа Ратцынгера, якое ў цяперашні час публікуецца ў Германіі і Італіі. Агулам у кнігу ўвайшло чатыры працы:

  1. Дух літургіі
  2. Typos — Mysterium — Sacramentum
  3. Здзяйсненне Эўхарыстыі — крыніца і вяршыня хрысціянскага жыцця
  4. Тэалогія касцёльнай музыкі

Папярэджваецца кніга прадмовай мітрапаліта Іларыёна, у якой ён падкрэслівае важнасць закранутай праблематыкі:

В этом отношении некоторые вопросы, затрагиваемые в книге (обрядовые нововведения и литургические эксперименты вроде богослужений без священника), относятся к сфере сугубо католических проблем. Однако важно, что тем самым отечественный читатель, много наслышанный о модернистских тенденциях в современном католичестве, познакомится и с критическим взглядом одного из самых крупных католических богословов на болезненные разрывы с традицией, проявившиеся после Второго Ватиканского собора, на трудности путей обновления.

Часам, што не зробяць каталікі, за іх даробяць праваслаўныя. Згаданыя працы Бенедыкта XVI ані на рускую, ані на беларускую мовы яшчэ цалкам не перакладаліся, таму гэтае выданне, несумненна, зацікавіць усіх, хто сур’ёзна ставіцца да літургіі.

Пра планы апублікаваць іншыя тамы Opera Omnia Бенедыкта XVI не паведамляецца.

ФотаBroc (CC BY)

Калі вы знайшлі арфаграфічную памылку, калі ласка, вылучыце яе і націсніце Ctrl+Enter.

Пакінуць каментар