20.11.2017 / Кс. Аўгустын Арндт SJ

Кс. Арндт SJ. Адпусты. (6) Збаўчыя наступствы, якія вынікаюць з выкарыстання адпустаў🕑 8 хвілін

З таго, што было выкладзена раней, мы ўжо даведаліся пра найкаштоўнейшыя і непасрэдныя наступствы адпустаў; аднак будзе карысна яшчэ раз іх прыгадаць сабе і засяродзіцца над такой важнай справай.

Кожны раз, калі мы, жадаючы атрымаць адпушчэнне грахоў, вызнаем іх, святар вызначае нам пэўную пакуту, выкананне якой для завяршэння сакрамэнту споведзі з’яўляецца, з аднаго боку, неабходным, а з іншага боку, дастатковым. Аднак найчасцей гэтай пакуты недастаткова, каб прынесці Богу поўную і належную сатысфакцыю. Бо з таго часу, як у касцёле перасталі выкарыстоўвацца кананічныя пакуты, тая пакута, якую вызначае святар у канфесіянале, рэдка параўнальная з карай, якую чалавек заслужыў грахамі і якой патрабуе Божая справядлівасць, хоць Трыдэнцкі сабор і раіць святарам вызначаць пакуту ў адпаведнасці са здзейсненымі грахамі пенітэнта, паводле свайго жадання і наколькі ім падкажуць Дух Божы і ўласная разважлівасць [1].

Тут будзе да месца дадаць, што пенітэнт, які скардзіцца на дадзеную яму ў канфесіянале пакуту, кепска і з незадавальненнем кажа пра суровасць спаведніка, тым самым дае вельмі ясна зразумець сваю поўную несвядомасць цяжару граху і важнасці абавязацельстваў, якія ён з-за іх панёс. Калі б пенітэнты маглі ацаніць, як ім ідзе на карысць тое, што яны ўжо тут могуць расплаціцца за ўчыненыя грахі, яны ніколі б не супакойваліся на адданым выкананні лёгкіх пакутаў, вызначаных ім святаром, а па ўласным жаданні бралі б на сябе іншыя ўтаймаванні, жадаючы тым самым больш выразна паказаць свой боль ад таго, што абразілі Пана Бога, а таксама сваю ўдзячную любоў за невымоўную літасць Пана.

Калі мы выконваем не толькі пакуту, прызначаную ў канфесіянале, і па ўласным жаданні дадаем іншыя формы сатысфакцыі, гэта паказвае нашую слушную асцярогу перад вялікімі карамі ў будучым жыцці. Што ж тады робіць Касцёл у імя Хрыста і Яго рукою? Як добрая і заўсёды кахаючая маці, ён прыбывае нам на дапамогу з цудоўным дарам адпустаў, прагнучы падтрымаць нас у нашай слабасці і дапоўніць нашыя дробныя, а часам і кепска выкананыя пакутныя ўчынкі. Гэтым спосабам ён сапраўды вызваляе нас ад усякага доўгу перад Богам і дапамагае нам дасягнуць апраўдання [2]. У гэтым Касцёл трымаецца ўзору, які сам Бог выбраў у вялікай таямніцы збаўлення свету; бо адкупленне па сутнасці не з’яўляецца нічым іншым, як вялікім адпустам, удзеленым чалавецтву дзеля Найсвяцейшай Крыві, якую Хрыстус праліў за яго на Галгоце.

Аднак вызваленне ад зямных караў не з’яўляецца адзіным наступствам атрымання адпустаў. З гэтага істотнага рэзультату, які вынікае з самой прыроды адпустаў, паходзяць і іншыя, таксама вельмі каштоўныя. Некаторыя ерэтыкі, а нават каталікі, не годныя гэтага імя, сцвярджалі, што калі Касцёл адкрывае свае духоўныя скарбы вернікам, тым самым ён дае пачатак пагаршэнню маральнасці, і стараліся распаўсюдзіць меркаванне, быццам удзяленне адпустаў з’яўляецца дазволам на беспакаранае грэшнае жыццё. Гэта было б праўдай тады, калі б адпуст, як гэта беспадстаўна сцвярджаюць згаданыя непрыяцелі Касцёла, вызваляў ад абавязкаў пакутнага хрысціянскага жыцця. Паколькі ўсё адбываецца абсалютна іначай, можна цалкам слушна зрабіць вывад, што тыя легкадумныя і заблуканыя розумы папросту блюзнераць супраць таго, чаго не ведаюць альбо ведаць не хочуць. Хутчэй трэба сказаць, што ўмовы, неабходныя для атрымання адпусту, патрабуюць ад гэтых людзей вялікіх ахвяраў, перад якімі трымціць іх сапсаваная прырода, і менавіта ў тым знаходзіцца крыніца скаргаў, праз якія яўна праступае неахвота да ўсяго, што целу нямілае і што розум пад ярмо веры згібае.

Наадварот, адпусты заўсёды ўдзяляюцца пад выразнай умовай сапраўднай пакуты і скрухі, і ніколі Папы не загадвалі тлумачыць адпусты ў іншым значэнні. Кожнаму ясна і зразумела, што аніводнага адпусту няможна атрымаць без пакуты, без хрысціянскага жыцця і маральнасці. Як мы ўжо згадалі, адпуст не знішчае ані граху, ані пякельных караў, а толькі і выключна зямныя, яшчэ не адпакутаваныя кары. І гэтыя кары могуць быць прабачаныя толькі тым грэшнікам, якія паядналіся з Панам Богам. Пакуль чалавек жыве ў стане непрыязні з Богам, ён не можа атрымаць аніводнага адпусту, бо наш Пан і Творца ніколі не прабачае кары, пакуль трывае стан граху, а віна яшчэ не знішчана [3]. Як жа тады мог бы адпуст, які, паводле каталіцкай навукі, ясна і выразна выкладзенай у папскіх булах, можа атрымаць толькі той чалавек, які шчыра шкадуе, “vere poenitentes et confessi [4], vere contriti”, гэта значыць чалавек, які мае Божую прыхільнасць і асвячальную ласку, — як мог бы такі адпуст скасоўваць пакуту і адкрываць браму маральнаму сапсаванню? Якім чынам ён мог бы зрабіцца шляхам для беспакаранай абразы Бога, калі ён патрабуе поўнага знішчэння граху і абавязвае, згодна са словамі Бурдалу (у казанні з нагоды аб’яўлення адпусту), “да самых цяжкіх, самых узнёслых рэчаў, якія толькі можа наказаць рэлігія, да сапраўднага навяртання”? Але гэта яшчэ не ўсё. Каб атрымаць адпуст, асабліва поўны, трэба не толькі шчыра навярнуцца, а яшчэ і выканаць пэўныя пабожныя ўчынкі міласэрнасці, утаймавання і амаль заўсёды прыступіць да споведзі і святой Камуніі. Ці ж гэтыя ўчынкі могуць прывесці да абыякавасці і амаральнасці? Зусім іншае пра гэта казаў Клімэнт VI у сваёй юбілейнай буле 1350 года: “Мы ўдзяляем гэты адпуст дзеля ўзрастання пабожнасці рымскага народа і ўсіх вернікаў, каб дзякуючы яму іх вера заяснела новым бляскам, каб умацавалася іх надзея і распалілася любоў”. Падобнае кажуць і ўсе наступныя булы юбілейных гадоў, прычым гэта не былі проста пустыя словы, пра што сведчаць навяртанні, якія ў гэтых часах заўсёды з Божай ласкі маюць месца.

Пра юбілей падчас пантыфікату Клімэнта VIII выказаўся Белармін: “Гэты юбілейны год прыносіць столькі плёнаў пакуты, столькі цудоўных навяртанняў, столькі цудоўных учынкаў пабожнасці, што яго слушна можна назваць годам святым, мілым Богу, ураджайным і карысным”. У іншым месцы ён падае спіс цудоўных і сапраўды незлічоных учынкаў пабожнасці, што былі плёнам юбілею, які святкавалі пры пантыфікаце Грыгорыя ХІІІ.

Кардынал Вайзман, відавочца юбілейных урачыстасцяў у Рыме пры Льве ХІІ, вядомы як навукай, так і цнотай, апісвае іх наступным чынам: “Я хацеў бы, каб вы прынамсі маглі ўбачыць, у якой аблозе былі канфесіяналы, як тыя, што гарнуліся да стала Пана, акружалі алтары, як вярталі чужую маёмасць і як скрушаліся зацвярдзелыя сэрцы. Вы б адразу зразумелі, навошта вернікі абоіх палоў прадпрымаюць такую цяжкую пілігрымку, і ацанілі б, ці заключаецца істота адпусту ў патуранні злачынству і ў дазволе на беспакаранае грэшнае жыццё” [5].

Бязбожнасць нават была вымушана прызнаць за адпустамі моцны ўплыў, які яны аказваюць на ўтрыманне веры і памнажэнне цнотаў. Д’Аламбер горка скардзіўся на юбілей 1775 года, бо той, паводле яго словаў, на 20 гадоў затрымаў рэвалюцыю. А перад ім казаў Вальтэр: яшчэ адзін такі юбілей, і з філасофіяй будзе скончана.

Таму пры ўдзяленні адпустаў добрыя ўчынкі і хрысціянскія цноты не трапляюць у занядбанне, бо адпусты заахвочваюць да практыкавання тых жа цнотаў, абуджаюць запал і пабожнасць вернікаў.

Мы самі гэта штодзённа адчуваем на сабе, бо мы ніколі, напэўна, не задаем сабе большай працы, не змагаемся са злой схільнасцю больш адважна, не пазбягаем вяртання да граху больш старанна, адным словам, ніколі мацней не пастанаўляем весці новае жыццё, як калі рыхтуемся да атрымання вялікага адпусту, напрыклад, юбілейнага [6].

Дададзім яшчэ, што Папы ўдзяляюць адпусты толькі ў мэтах, якія спрыяюць памнажэнню Божай хвалы і збаўлення бліжніх; так, напрыклад, разыходзіцца дбанне пра сродкі пашырэння веры ў язычнікаў заморскіх краінаў, пра дапамогу святой і важнай справе хросту малых дзяцей у Кітаі і Індыі, пра ўпрошванне аб навяртанні грэшнікаў праз заступніцтва Беззаганнага Сэрца Марыі, пра заахвочванне вернікаў запісвацца ў брацтвы Найсалодшага Сэрца Езуса, Найсвяцейшага Сакрамэнту альбо Божай Маці і г. д., пра падтрымку пабожных пілігрымак і частае прыняцце святых сакрамэнтаў, пра эфектыўную дапамогу душам, якія церпяць у чысцы. Паколькі Касцёл раздае адпусты дзеля такіх мэтаў, то зразумела, што мы павінны быць удзячнымі яму за гэта і што нашым абавязкам з’яўляецца пашана да адпустаў і прызнанне разам з Айцамі Трыдэнцкага сабору, што іх выкарыстанне з’яўляецца вельмі збаўчым для каталіцкага люду.


[1] Debent ergo sacerdotes Domini, quantum spiritus et prudentia suggesserit, pro qualitate criminum et poenitentium facultate salutares et covenientes satisfactiones injungere; ne, si forte peccatis conniveant et indulgentius cum poenitentibus agant, levissima quaedam opera pro gravissimis delictis injungendo, alienorum peccatorum participes efficiantur (Sess. XIV, c. 8).

[2] “Адпусты не прыносяць тым, хто іх атрымлівае, сапраўднага прабачэння караў, якія яны сваімі грахамі заслужылі перад Божай справядлівасцю”. Гэта словы Лютэра. Папа Леў Х асудзіў гэтае сцвярджэнне ў буле “Exsurge Domine” ад 16 чэрвеня 1520 года.

[3] Nulli potest dimitti poena, nisi cui jam dimissa est culpa (S. Thom. in IV, sent. dist. 20, qu. 1, art. 5, sol. 1).

[4] У цытаваным тут месцы св. Тамаш кажа: In omnibus indulgentiis fit mentio de vere contritis et confessis. Пад выразам “vere poetentibus et confessis”, выкарыстаным у першай юбілейнай буле (Extrav. com. lib. 5, tit. 9, c. 1, Antiquorum) і паўтораным пры іншых юбілеях і ўвогуле пры ўдзяленні агульных адпустаў, трэба разумець, паводле тлумачэння Бенедыкта XIV (Constit. Inter praeteritos 3 dec. 1749 § 7), сапраўдную споведзь. Існуюць таксама поўныя адпусты, якія чалавек у стане ласкі можа атрымаць без споведзі. Такімі адпустамі з’яўляюцца, напрыклад, адпусты крыжовай дарогі.

[5] Wiseman Die vornehmsten Lehren und Gebräuche der katol. Kirche. Regensburg 1847, 12 Conferenzreden. Падобна і кс. Бурдалу не можа нахваліцца дзіўным плёнам ласкі, якія спарадзіў у душах згаданы адпуст. Тое, што гэты вялікі прапаведнік сказаў пра гэты адпуст, можна прымяніць і да кожнага іншага.

[6] Такі настрой душы прыгожа адлюстроўвае малітва, якою Бусэ завяршае свае разважанні на час юбілею: “Божа мой, адпуст з’яўляецца вельмі збаўчым для мяне, бо ён мае на мэце ўпрасіць Твой гнеў і распаліць маю любоў. Толькі з прычыны маёй халоднасці гэты па сваёй прыродзе моцны і эфектыўны адпуст можа дзейнічаць недасканала. О Езу, о Боскі Жаніх, калі я знаходжуся ў патрэбе, я ў духу веры, пакоры і шкадавання збіраю адпусты Твайго Касцёла, каб яшчэ мацней злучыцца з Табою і з намерам, калі гэта магчыма, не пакінуць паміж мной і Табою аніякай перашкоды, якая б хоць на хвілінку мяне ад Цябе аддзяляла. Да Цябе, о Божа, прыстанішча маё і абарона, я прагну цалкам належыць, сэрца сваё Табе прысвячаю з абяцаннем любіць цябе ўсімі сіламі, бо Ты — мой Бог і Творца, найдасканалейшае і любові годнае Дабро, якому належыць пашана і хвала ва ўсе вякі вечныя. Амэн”.


Выданне: Ks. Augustyn Arndt TJ. Odpusty. Podręcznik dla duchowieństwa i wiernych. Kraków, 1890.
Ілюстрацыя
: Франсуа-Марыус Гранэ, Сялянка купляе адпуст, 1825.

Пакінуць каментар

Scroll Up