З кнігі A. Fortescue, The Ceremonies of the Roman Rite Described (1943), раздз. VI “Ціхая Імша, якую служыць святар”

Калі гэтыя малітвы скончаны [1], святар узыходзіць да алтара, бярэ келіх, трымаючы яго ў левай руцэ за выпуклую частку ножкі і паклаўшы правую руку зверху (калі ён здымаў маніпул, ён можа пакласці яго на бурсу). Ён зноў сыходзіць да падножжа алтара, робіць нізкі схіл альбо ўкленчвае, калі там захоўваецца Найсвяцейшы Сакрамэнт, бярэ бірэту ў прыслугоўваючага, накрывае галаву і ідзе за прыслугоўваючым у сакрыстыю.

Па дарозе ў сакрыстыю ён ціхім голасам прамаўляе антыфону “Trium puerorum” (двойчы ў падвойныя святы і з “Аллелюя” напрыканцы ў Велікодны перыяд), песню “Benedicite”, псальм “Laudate Dominum in sanctis eius” і г. д., як прадпісана ў Імшале ў якасці малітваў пасля Імшы [2].

У сакрыстыі ён найперш кланяецца крыжу, затым ставіць келіх на столік для апранання, здымае бірэту і распранаецца, здымаючы прадметы ўбрання ў адваротным парадку. Зазвычай яму дапамагае прыслугоўваючы. Калі святар здымае стулу і маніпул, ён цалуе крыжык на іх сярэдзіне, як калі апранаў іх.

У некаторых касцёлах ёсць звычай удзяляць прыслугоўваючаму благаслаўленне пасля Імшы.

Распрануўшыся, цэлебрант ідзе ў зручнае месца, каб падзякаваць Богу: “Пакланіўшыся і падзякаваўшы Богу за ўсё, ён сыходзіць” [3].

[1] Калі пасля Імшы са згоды ардынарыя прамаўляюцца якія-небудзь іншыя малітвы, то малітвы Льва ХІІІ павінны прамаўляцца першымі (SRC 3682 і 3805).

[2] “Gratiarum actio post missam” пасля “Praeparatio ad missam”.

[3] Рубрыка напрыканцы візантыйскай літургіі св. Яна Хрызастома.

Калі вы знайшлі арфаграфічную памылку, калі ласка, вылучыце яе і націсніце Ctrl+Enter.

Пакінуць каментар