16.11.2017 / Кс. Аўгустын Арндт SJ

Кс. Арндт SJ. Адпусты. (5) Улада ўдзялення адпустаў. Выкананне гэтай улады🕑 23 хвілін

У наступным фрагменце кс. Арндт тлумачыць, якім чынам Касцёл атрымаў ад Пана ўладу ўдзялення адпустаў і як ён карыстаецца ёю праз сваіх пастыраў: Папу і біскупаў. Аўтар не толькі выкладае тэалагічныя падставы выканання гэтай улады, але і прыводзіць прыклады памылковых меркаванняў Марціна Лютэра, які адмаўляў як гэтую ўладу, так і ўвогуле існаванне адпустаў.

Цікава, што кс. Арндт цягам свайго апавядання пралівае святло на тыя часы, калі нарадзілася часткова праўдзівая, а часткова несправядлівая пагалоска пра тое, што Касцёл прадае адпусты, — а папярэднічала гэтаму святая справа будавання базілікі св. Пятра, якой Папа Леў Х вырашыў паспрыяць, удзяляючы адпусты тым, хто фінансава паўдзельнічае ў ёй. Што праўда, былі і такія прапаведнікі, якія збіралі грошы за адпусты. З усім гэтым мусіў потым змагацца Трыдэнцкі сабор, які хуценька, за ноч напісаў дэкрэт пра адпусты, каб абараніць гэтае вучэнне ад памылак пратэстантаў. (Падрабязнасці тых падзеяў гл. у зносках 3–6).

У пададзеным ніжэй фрагменце кс. Арндт апісвае канкрэтныя нормы, паводле якіх паасобныя катэгорыі іерархаў могуць удзяляць адпусты сваім падначаленым. Тады як Папа з’яўляецца несумненным і суверэнным распарадчыкам адпустаў да сённяшняга дня і назаўсёды, улада, якой карыстаюцца арцыбіскупы, біскупы, патрыярхі, нунцыі, абмяжоўваецца тымі паўнамоцтвамі, якія ім удзяляе Папа. Таму гэтыя нормы з цягам часу могуць змяняцца, бо яны належаць не да дэпазіту веры, а да дысцыпліны Касцёла.

Нам здаецца неабходным дадаць дзве заўвагі наконт гэтай часткі твору кс. Арндта, каб даць чытачу інфармацыю пра сучасны стан дысцыпліны ў гэтай справе.

1. Калі кс. Арндт піша, што, напрыклад,

біскупы могуць удзяляць 1 год адпусту ў дзень пасвячэння якога-небудзь касцёла,

ён карыстаецца тагачаснай сістэмай апісання велічыні кары, якую прабачае той ці іншы адпуст, пры дапамозе дзён і гадоў. Сёння гэтая сістэма скасавана, а ўсе адпусты, акрамя поўных, называюцца проста частковымі (Indulgentiarum doctrina, n. 4). Пра дакладнае значэнне колькасці гэтых дзён і гадоў мы пагаворым пры іншай нагодзе.

2. Што датычыцца ўлады, дадзенай біскупам для ўдзялення адпустаў сваім падначаленым, то асаблівай дакладнасцю цяперашняе заканадаўства не адрозніваецца. Дыяцэзіяльныя біскупы могуць удзяляць частковыя адпусты сваім вернікам (Enchiridion indulgentiarum, № 7, 1°), а падчас трох урачыстасцяў у год на свой выбар яны могуць удзяляць вернікам папскае благаслаўленне з поўным адпустам (EI, № 7, 2°). Мітрапаліты могуць удзяляць частковыя адпусты як у сваёй дыяцэзіі, так і ў суфраганных дыяцэзіях (EI, № 8). Падобнымі правамі карыстаюцца і патрыярхі (EI, № 9). Нунцыі і папскія легаты не згадваюцца ў новых дакументах. Але, па вялікім рахунку, звыкламу верніку ці святару ведаць гэта неабавязкова, бо новаўстаноўленыя адпусты павінны афармляцца дэкрэтам, а іх копіі трэба дасылаць у Апостальскую пенітэнцыярыю. Таму, калі б біскуп той ці іншай дыяцэзіі хацеў устанавіць частковы адпуст, напрыклад, за наведванне санктуарыя ў Будславе ў кожны дзень года, ён мусіў бы сесці за гэтую тэарэтычную частку і разабрацца, ці дазволена яму такі адпуст устанавіць. А мы б ужо даведаліся аб гэтым дзякуючы самому факту ўстанаўлення. Але на ўсякі выпадак мы пішам пра гэта, каб паказаць, што ў дысцыпліне адпустаў некаторыя рэчы змяніліся. Так і будзем рабіць пры іншых нагодах і патрэбах.

* * *

Каталіцкі Касцёл мае ўладу ўдзялення адпустаў; сцвярджаць іншае было б яўнай памылкай у справах веры.

У дзяржаве каралева, як і маці ў сям’і, мае прыгожы прывілей ўдзяляць ласкі падданым сваёй уладзе; чаму б мы адмаўлялі ў такім праве Нявесце Караля над каралямі, распарадчыцы дабрадзействаў, маці ўсіх вернікаў? Наадварот, слушна было даручыць гэтую ўладу міласэрнасці святому Касцёлу, які на зямлі з’яўляецца нібы ўвасобленай дабратою і ласкавасцю Езуса. Бо наш Найсвяцейшы Збавіцель не ставіў аніякіх межаў сваёй дабраце і міласэрнасці — “misericordiam volo” (“міласэрнасці хачу”), — таму Ён сышоў з неба, каб тут, на зямлі, шукаць і збаўляць тое, што згінула б; гэта Ён выбягае насустрач свайму марнатраўнаму сыну, забываючыся пра яго няўдзячнасць, правіны і распушчанасць; гэта Ён шукае згубленую авечку пасярод церня, скалаў і прорваў, а знайшоўшы, на сваіх плячах адносіць яе ў аўчарню; гэта Ён прабачае Магдалене і Пятру, чалавеку, які трыццаць восем гадоў ляжаў у хваробе, і раскаянаму злачынцу. Гэтая схільнасць Збавіцеля шукаць грэшнікаў, ласкава іх прымаць і прабачаць ім перадалася таксама сэрцу святога Касцёла, а каб гэтую любоў сваёй Нявесты да сваіх дзяцей зрабіць яшчэ больш дзейснай і збаўчай, Хрыстус паабяцаў ёй: “што звяжаш на зямлі, тое будзе звязана ў небе, а што развяжаш на зямлі, тое будзе развязана ў небе” (Мц 16:19). Паколькі Боскі Збавіцель не прадугледзеў тут ніякіх выключэнняў, улада святога Касцёла “звязваць” і “развязваць” распаўсюджваецца на ўсё, што па прыродзе рэчаў і па асаблівым распараджэнні Хрыста не выведзена з-пад гэтай улады. А дзе ж Ён выключыў моц прабачэння зямных караў? Хрыстус Пан, даручаючы свайму Касцёлу ў асобе св. Пятра і апосталаў ключы Божага Валадарства, тым самым даў яму ўладу адчыняць неба для раскаяных грэшнікаў; а з гэтага вынікае таксама ўлада прыбіраць тыя перашкоды, якія такім грэшнікам перашкаджаюць увайсці ў неба. Бо з пэўнасцю адной з самых вялікіх перашкодаў з’яўляецца абавязак выплаціць свае даўгі аж да апошняй манеты, гэта значыць неабходнасць адпакутаваць усе кары за грахі, без чаго няможна ўвайсці ў неба. З усяго гэтага нам трэба зрабіць вывад, што Касцёл атрымаў ад свайго Боскага Заснавальніка ўладу вызваляць душы не толькі ад вечных караў, але таксама і ад зямных, а праз гэта разрываць тыя кайданы, якія ім застаўляюць альбо запавольваюць доступ да неба.

З якой жа прычыны можна было б аспрэчыць альбо абмежаваць уладу святога Касцёла, дадзеную яму Богачалавекам? Словы Езуса адносна гэтага вельмі зразумелыя і станоўчыя, таму ані Касцёл, ані Традыцыя ніколі ім не надавалі іншага значэння. Таму ад першых стагоддзяў хрысціянства святыя апосталы і біскупы шчодра ўдзялялі адпусты навернутым грэшнікам; але, напэўна, яны не сталі б сабе прысвойваць гэтай улады, калі б не былі глыбока перакананыя, што Езус гэтую ўладу ім удзяліў. Ужо паводзіны св. Паўла ў дачыненні да жыхара Карынта, які жыў з бацькавай жонкай, наводзяць нас на выразны след сапраўднага адпусту, бо той жа святы апостал адпусціў рэшту кары гэтаму раскаянаму і пакутуючаму грэшніку, прычым ён зрабіў гэта ў імя Езуса Хрыста і як Яго намеснік, як распарадчык Божых таямніцаў: “Бо і я, калі што дараваў, дараваў дзеля вас перад Хрыстом” (2 Кар 2:10). Традыцыя Касцёла вельмі выразна запэўнівае нас у гэтай праўдзе веры [1]. У дэкрэце “Per praesentes”, напісаным кардыналу Каэтану, тагачаснаму апостальскаму легату ў Германіі, Папа Леў Х кажа наступнае [2]: “Мы лічым сваім абавязкам паведаміць табе, што рымскі Касцёл, якому ўсе іншыя павінны быць паслухмяныя, моцна трымаецца таго, што Папа Рымскі, ключнік і наступнік св. Пятра, а таксама намеснік Хрыста Пана на зямлі, дзякуючы атрыманай уладзе ключоў, што адчыняюць вароты нябёсаў і маюць моц знішчэння перашкодаў, якія б застаўлялі вернікам дарогу да неба, можа ўдзяляць адпусты дзякуючы бясконцым заслугам Езуса Хрыста і святых Ягоных, гэта значыць мае ўладу знішчаць віну і кары за здзейсненыя грахі, а менавіта: віну — праз сакрамэнт пакуты, а кары, панесеныя з-за іх перад Божай справядлівасцю, праз адпуст, удзелены са слушнай прычыны тым верным хрысціянам, якія з’яўляюцца членамі Езуса Хрыста, злучанымі з Ім вузлом любові; гэта датычыцца як вернікаў, якія жывуць на зямлі, так і тых, якія знаходзяцца ў чысцы; акрамя таго, святы Каталіцкі Касцёл, удзяляючы адпусты як жывым, так і памерлым на падставе сваіх апостальскіх паўнамоцтваў, ужо тым самым мае ўладу распараджацца скарбам бясконцых заслугаў Хрыстовых і святых Ягоных, бо заўсёды меў звычай удзяляць адпусты: для жывых — у форме разграшэння, а для памерлых — у форме просьбы аб прабачэнні; таму ўсе, як жывыя, так і памерлыя, хто сапраўды атрымлівае гэтыя адпусты, атрымліваюць адпушчэнне настолькі вялікай зямной кары, атрыманай за свае грахі перад Божай справядлівасцю, наколькі гэта адпавядае атрыманаму адпусту; таму пастанаўляем, што ўсе… так верыць і навучаць павінны”.

Пабожны звычай атрымання адпустаў набіраў усё больш важнае значэнне і пашыраўся сярод вернікаў, але затым атакі і блюзнерствы новых архіерэтыкоў прымусілі Божы Касцёл аб’явіць і ўстанавіць у якасці праўдаў веры не толькі Божае ўстанаўленне гэтага звычаю, але таксама яго карысць і дзейснасць. Падаем тут фрагмент з дэкрэта Трыдэнцкага сабору, які кожны сапраўдны каталік ад усёй душы прызнае за праўду [3].

“Паколькі ўлада ўдзялення адпустаў дадзена Каталіцкаму Касцёлу ад Хрыста Пана і паколькі Касцёл ад найстаражытнейшых часоў карыстаўся гэтай уладай, удзеленай яму Панам Богам, святы Сабор навучае і загадвае, каб і надалей захоўвалася выкарыстанне адпустаў, вельмі збаўчых для Божага люду і ўмацаваных пастановамі святых Сабораў, а таксама адлучае ад Касцёла як тых, хто сцвярджае, што адпусты бескарысныя, так і на тых, хто адмаўляе ўладу святога Касцёла ўдзяляць іх” [4].

Яшчэ не цалкам парваўшы са святым Каталіцкім Касцёлам, Лютэр у сваіх тэзісах, якія ён 31 кастрычніка 1517 года прыбіў да дзвярэй замкавага касцёла ў Вітэнбергу, напісаў наступнае: “Хто паўстае супраць праўды папскага адпусту, няхай будзе пракляты і адлучаны” [5]. Бо ў той час ён яшчэ не аспрэчваў улады Папаў Рымскіх удзяляць адпусты, але ў хуткім часе зайздрасць і злосць давялі яго да таго, што ён выступіў супраць адпустаў і ўлады найвышэйшых пастыраў іх удзяляць. Гэты дзёрзкі і толькі ў прыступе найвялікшай злосці выказаны асуджальны прысуд адпустам быў пачаткам тых неверагодных і вартых жалю памылак у справах веры, ад якіх ён ужо не адмовіўся, а да якіх яго давялі асляпленне, пагарда і нястрымная злосць. Бо назаўжды будзе праўдзівым тое, што сказаў святы Павел: “Таму, калі некаму здаецца, што ён стаіць, няхай глядзіць, каб не ўпасці” (1 Кар 10:12) [6].

Такім чынам, улада ўдзялення адпустаў належыць Каталіцкаму Касцёлу, а найперш Папу Рымскаму як намесніку Хрыста Пана на зямлі, а за пасрэдніцтвам Папы — таксама і біскупам як наступнікам апосталаў [7]. Іншымі словамі, уладу ўдзялення адпустаў маюць галоўныя пастыры святога Касцёла, у рукі якіх Хрыстус Пан аддаў ключы Валадарства Нябеснага [8] (пар. Suarez, de Poenit. disput., 53).

Удзяленне адпусту з’яўляецца пэўным відам выканання права (юрысдыкцыі), таму яно з’яўляецца ўладай, якую можна перанесці на іншых; аднак для здзяйснення гэтай улады неабавязкова патрэбны святарскі альбо біскупскі характар, як для ўдзялення святых сакрамэнтаў, бо тэолагі кажуць [9], што ўсё павінна прабачацца ці развязвацца паасобку, адпаведна са сваёй прыродай. З гэтага вынікае, што смяротныя грахі, якія не могуць быць адпушчаны без паўторнага ўліцця асвячальнай ласкі ў душу, пазбаўленую гэтай жа ласкі гэтымі грахамі, знішчаюцца толькі ў сакрамэнтах хросту і пакуты, праз якія душа зноў атрымлівае асвячальную ласку; простае ж знішчэнне зямных караў, якія застаецца адпакутаваць пасля прабачэння грахоў, наадварот, не патрабуе новага ўліцця асвячальнай ласкі, хоць і вымагае, каб душа была ў стане ласкі. Таму таксама гэтае прабачэнне зямной кары адбываецца па-за межамі сакрамэнту пакуты праз атрыманне для сябе ў поўнай меры заслугаў нашага Збаўцы і святых Божых, гэта значыць праз адпусты. Для гэтага перадусім трэба, каб законныя распарадчыкі скарбу Касцёла мелі для гэтага паўнамоцтвы. Лагічным вынікам гэтага ўсяго з’яўляецца тое, як казаў Аляксандр ІІІ, што асабістыя адпусты, якія ўдзяляе біскуп, могуць распаўсюджвацца толькі на дыяцэзіянаў, бо ніхто не можа судзіцца альбо апраўдвацца чужым суддзёю [10]. Аднак абраны і кананічна ўстаноўлены біскуп, нават калі ён яшчэ не атрымаў біскупскай сакры, можа ўдзяляць такія адпусты, тады як звычайны тытулярны біскуп альбо біскуп-каад’ютар, які мае зарэзерваванае за сабою права наследавання біскупскага пасаду, альбо таксама біскуп, які адмовіўся ад свайго біскупства, не маюць той жа ўлады з той простай прычыны, што паўнамоцтвы ўдзялення адпустаў не прывязаны непасрэдна да біскупскай годнасці [11].

Папа Рымскі, які адзіны мае поўныя паўнамоцтвы моцаю сваёй пасады найвышэйшага пастыра і суддзі ўсіх вернікаў, а таксама як аўтаномны распарадчык духоўных скарбаў Касцёла, мае ўладу ўдзяляць адпусты ўсялякага кшталту для ўсяго каталіцкага свету [12].

Паўсюдны Сабор мае ўладу толькі ў еднасці з Папам, праз пасрэдніцтва Папы; правінцыяльныя сіноды не маюць такой улады (пар. Suarez, Bellarmin і іншыя).

Паводле пастановаў, якія маюць моц у дадзены час і былі выдадзеныя на IV Латэранскім саборы (кан. 62) пры Інакенціі ІІІ (1215), біскупы могуць удзяляць 1 год адпусту ў дзень пасвячэння якога-небудзь касцёла, а пры кожнай іншай урачыстасці і нагодзе могуць удзяляць толькі 40 дзён адпусту, і толькі для жыхароў сваёй дыяцэзіі, а для вернікаў, што належаць да іншых дыяцэзій, яны гэтага рабіць не могуць нават са згоды іх сапраўднага біскупа [13]. Аднак, калі біскуп устанаўлівае адпуст за наведванне якой-небудзь капліцы, крыжа і г. д., выразна акрэсліваючы яго як адпуст, звязаны з гэтым месцам, то такі адпуст могуць атрымаць нават вернікі іншых дыяцэзій, калі яны наведаюць гэтую фігуру альбо гэтае месца [14]. Аднак наступны біскуп не можа зноў надаць 40 дзён адпусту таму самаму прадмету ці таму самаму пабожнаму практыкаванню, якое ўжо раней было адорана такімі адпустамі. Таксама біскупы не могуць распаўсюджваць дадзеную ім уладу адпустаў такім чынам, што яны, напрыклад, будуць удзяляць адпусты за паасобныя часткі нейкага добрага ўчынку альбо дадуць па 40 дзён адпусту паасобным словам нейкай малітвы. Такое награмаджэнне адпустаў забаранілі шматлікія Папы, сярод іх Клімэнт ІХ дэкрэтам ад 20 лістапада 1668 года і Пій ІХ дэкрэтам ад 12 студзеня 1878 года [15].

Калі Папа ўжо надаў адпусты нейкай добрай справе, брацтву альбо пабожнай супольнасці, то аніводзін біскуп, ані прэлат не можа надаваць ім новыя адпусты, хіба што яны прадпішуць новыя ўмовы атрымання таго ж адпусту. Тое самае датычыцца крыжаў, ружанцаў і г. д., якія асвяціў і надзяліў так званымі папскімі адпустамі сам Папа альбо прызначаны ім святар (Decr. auth. n. 433 ad 1).

Арцыбіскупы маюць уладу ўдзяляць такія ж адпусты, як і біскупы, у сваіх уласных дыяцэзіях, а таксама ў іншых дыяцэзіях, якія знаходзяцца ў межах іх касцёльнай правінцыі, не толькі падчас кананічных візітацый, але і па-за імі [16].

Генеральныя і капітульныя вікарыі, а таксама генеральныя настаяцелі ордэнаў, абаты (нават упрывілеяваныя), візітатары, правінцыяльныя настаяцелі, пробашчы, спаведнікі і г. д. не могуць удзяляць адпустаў без выразных паўнамоцтваў, гэта значыць, што яны могуць устанаўліваць адпусты толькі тады, калі дзейнічаюць як дэлегаты Апостальскай Сталіцы альбо дэлегаты біскупаў з выразным упаўнаважаннем удзяляць адпусты, бо гэтая ўлада не прывязана да іх служэння [17]. Саўдзел у заслугах якога-небудзь ордэна, які настаяцелі законных супольнасцяў часам удзяляюць сваім вялікім дабрадзеям альбо апекунам, ні ў якім разе не з’яўляецца адпустам. Пад ім належыць разумець дар часткі сваіх заслугаў, гэта значыць пабожных учынкаў і малітваў гэтай супольнасці [18]. Так кажуць пра гэта нават генеральныя настаяцелі разнастайных ордэнаў, і так гэтую справу яны тлумачаць у адпаведных дакументах.

Кардыналы, калі яны прысутнічаюць у вялікія святы ў сваіх тытулярных касцёлах, нават калі яны не маюць біскупскага пасвячэння, а нават і святарскага, могуць удзяляць 100 дзён адпусту. У выніку звычая, дазволенага прынамсі папскім маўчаннем, таксама і вялікі пенітэнцыярый ў Рыме можа ўдзяліць 100 дзён адпусту.

Прадстаўнікі Апостальскай Сталіцы, нунцыі і легаты a latere могуць на моцы атрыманых ад Папы прывілеяў падчас усёй сваёй нунцыятуры надаць пэўнаму добраму ўчынку 100, 200, 300 і болей дзён адпусту, каб толькі іх колькасць не даходзіла да аднаго года. Таксама ім дазволена надаць нейкаму касцёлу ці капліцы 7 гадоў і 7 квадрагенаў адпусту, які вернікі могуць атрымаць, калі, наведваючы гэтыя месцы, памоляцца ў інтэнцыі Святога Айца (Suarez, Lacroix, Ferraris і г. д.) Іншыя легаты (legati nati) не атрымліваюць моцаю свайго тытулу ўлады ўдзялення адпустаў.

Хоць адпусты здаўна былі ў традыцыі Каталіцкага Касцёла, аднак у першыя часы хрысціянства іх удзялялі не так часта, як пазней ці сёння. Але гэта не павінна нас здзіўляць. У тым, што пакінута на волю адвольнага распараджэння і што не з’яўляецца абавязковым для збаўлення, Касцёл заўсёды мае на ўвазе патрэбы вернікаў і ўмовы часоў і, кіруючыся імі, пашырае альбо звужае межы дзейнасці ласкаў і прывілеяў. Бо вядома, наколькі жывою была вера напачатку хрысціянства. Найсвяцейшая Кроў Хрыста Пана, якою ў той час кожны дзень падмацоўваліся вернікі, распальвала многіх святых агнём, заахвочваючы іх да разнастайных учынкаў і цярпенняў дзеля Бога. Тады яшчэ не шукалі прахалоды і суцяшэнняў, бо прынята было правіла ўласнай працай і касцёльнай пакутай прыносіць сатысфакцыю Божай Велічы, зняважанай грахамі. Касцёл як сёння, так і тады ўсведамляў свае правы раздаваць ласкі і адпусты, але імкнуўся, наколькі гэта было магчыма, захаваць стараннасць касцёльнай пакуты. Таму ў тыя часы большай веры і адданасці адпусты былі не так патрэбныя. Цяпер жа ўжо прайшлі стагоддзі, як перасталі прымяняцца публічныя пакуты, а ранейшыя пакаранні выйшлі з ужытку, аднак Бог бывае абражаны не менш. Як кажа кс. Бужан [19] (Exposition de la doctrine crétienne tome II), “несумненна, Касцёл мог бы аддаць грэшніка ўсёй суровасці тых пакаранняў, якія ён мусіць выцерпець у гэтым ці наступным жыцці, аднак, поўны дабраты да сваіх дзетак і спачування да іх слабасцяў, хоча ім хутчэй дапамагчы, каб і яны хоць у нейкай ступені прыклалі намаганні да поўнага паяднання з Богам. Хоць сёння з увагі на нашы патрэбы Касцёл часцей, чым у мінулыя часы, удзяляе гэтыя ласкі, аднак ён заўсёды робіць гэта ўмеркавана, пры пэўных акалічнасцях і з абгрунтаваных прычынаў”.

Адпусты, якімі святы Касцёл адорвае сваіх жывых дзяцей, калі толькі нічога не з’яўляецца перашкодай, маюць свой пэўны і несумненны рэзультат [20], бо для іх як для тых, што падпадаюць пад юрысдыкцыю Касцёла, пры выкананні прадпісаных умоваў адпуст сапраўды з’яўляецца судовым разграшэннем (juridica absolutio), прабачэннем і дараваннем, якое паходзіць з так званай моцы ключоў (potestas clavium) і абапіраецца на ўладу суддзі, якую Хрыстус даручыў свайму Касцёлу памятнымі словамі: “Я дам табе ключы Валадарства Нябеснага, і што звяжаш на зямлі, тое будзе звязана ў небе, а што развяжаш на зямлі, тое будзе развязана ў небе” (Мц 16:19).

Акрамя таго, як мы згадалі вышэй, ніхто не можа ўдзяліць адпуст нікому, акрамя сваіх падуладных, падобна як суддзя можа пакараць альбо прызнаць невінаватымі толькі тых, хто падпадае пад яго юрысдыкцыю. Шмат Хрыстовых намеснікаў, між імі Марцін V і нават Грыгорый VII, называлі адпуст у гэтым значэнні “разграшэннем”. Таму Касцёл, удзяляючы адпуст камусьці з жывых людзей [21], наўпрост, у форме разграшэння скасоўвае кару, якая адпавядае гэтаму адпусту, і ў тую самую хвіліну, калі вызваляе вінаватага, адплачвае за яго Богу з невычэрпнага скарбу заслугаў Хрыста і святых у той меры, якая адпавядае ўдзеленаму адпусту. Адараючы адпаведна настроенага грэшніка гэтым адпустам, Касцёл кажа яму калі не выразнымі словамі, то ўжо самімі сваімі паводзінамі: “Дзіця маё, цяпер ты часткова ці цалкам вольны ад кары, якую заслужылі твае грахі; яна ўжо цалкам ці часткова кампенсавана. Хрыстус Пан, Маці Найсвяцейшая і святыя заплацілі за цябе, таму будзь удзячным, перадусім праз выпраўленне і беззаганнае жыццё” [22].

Прычына гэтага ўсяго ляжыць у тым, што ані касцёльныя іерархі, ані сам Папа не з’яўляюцца абсалютнымі гаспадарамі, якім паводле ўпадабання і без усялякай сатысфакцыі можна адпускаць вернікам грахі і кары, якімі яны завінаваціліся перад Богам. Як Богам упаўнаважаныя суддзі і кіраўнікі, яны дзякуючы атрыманай імі ўладзе могуць у імя Божае вызваляць ад грахоў і караў так, каб і Божая справядлівасць сваё атрымала. Напрыклад, калі ў сакрамэнце пакуты святар адпускае грахі пенітэнту, прабачаючы яму правіны і частку зямной кары, ён не робіць гэтага без адплаты, але ён чыніць душу ўласніцай сатысфакцыі Божай справядлівасці, удзельніцай заслугаў мукі Збаўцы. Штосьці падобнае мае месца і ў адпусце: упаўнаважаная ўлада адпускае тут зямныя кары за грахі, выплачваючы за яе сатысфакцыяй Хрыстовай і святых Божых. Словы вялікага апостала народаў не дапускаюць тут абмежавання і выключэння [23]: “Амаль усё па законе ачышчаецца крывёю, і без праліцця крыві не бывае прабачэння” (Гбр 9:22).

Таму Касцёл не жадае пры дапамозе адпусту цалкам вызваліць нас ад усялякіх іншых абавязкаў [24]. Не, яшчэ раз паўтараю, не, Касцёл не толькі не хоча, але і не можа вызваліць нас ад абавязку пакутнага жыцця, ад нясення свайго крыжа за нашым Настаўнікам і ад далучэння да Яго заслугаў нашай сатысфакцыі [25]. Касцёл прыходзіць на дапамогу людзям добрай волі, даючы ім сродкі для пазбаўлення ад заслужаных караў, нават у будучым жыцці. Пазбаўленыя гэтай клапатлівай апекі Касцёла, мы павінны былі б самі як найдакладней расплачвацца ўласнымі сатысфакцыйнымі ўчынкамі за ўсе кары, якія мы атрымалі з-за грахоў.


[1] Tertullian, libr. ad Martyres, cap. 1; S. Cyprian, Epistola 9, 10, 11, 12, 13, 14, 27, 54 (edit. Steph. Baluz. Venet. 1728). Id. libro de Lapsis, I Conc. Nic. can. 11 vel 12, Conc. Ancyr. can. 5, Conc. Laodic. can. 2, etc. etc.

[2] Цыт. па P. Theodorus a Spiritu S., part. I, pag. 96, а таксама па “Mélanges théologiques”, II, 128.

[3] Прычыну, па якой Трыдэнцкі сабор не абмеркаваў праўду пра адпусты больш шырока, належыць шукаць у тым, што было непажадана зацягваць заканчэнне таго ж Сабору з-за нябеспекі наступстваў, якія магла б мець прадбачаная смерць Папы, але Айцам Сабору надта жыва стала перад вачыма важнасць і патрэба гэтай тэмы, каб увогуле абмінуць яе маўчаннем. З іншага боку, значная колькасць Айцоў Сабору пажадала хаця б коратка абмеркаваць тэму адпустаў найперш як праўду, якую аспрэчваў Лютэр, каб пратэстанты не маглі далей умацоўвацца ў сваёй памылцы тым апраўданнем, што Сабор таму не выказаў свайго меркавання пра адпусты, што не адчуваў у сабе сілы зрабіць гэта. Таму біскуп Модэны Эгідый Фаскарары, магістр Святога Палаца, які па рэкамендацыі Пія VI прымаў удзел у Саборы (ён жа быў таксама выдаўцом працы “Catechismus Romanus ad Parochos”), падаў просьбу, каб гэтае пытанне было коратка абмеркавана без уваходу ва ўсялякія, нават, на першы погляд, важныя дробязі, бо Святое Пісанне, вусная Традыцыя і адзінадушная навука Айцоў Касцёла досыць ясна прамаўлялі на карысць гэтай праўды, і на падставе гэтага можна было лёгка выдаць дэкрэт. І сапраўды, у ноч з 3 на 4 снежня быў укладзены дэкрэт, у якім быў таксама зроблены націск на адпаведныя злоўжыванні і рэкамендавана іх вынішчэнне. Затым раннім ранкам 4 снежня на генеральным пасяджэнні, а затым у сярэдзіне дня таксама на апошнім пасяджэнні Сабору яго прачыталі і зацвердзілі. Так былі створаны і так паўсталі адпаведныя акты Сабору, згодна са словамі кардынала Палавічыні.

[4] Сесія XXV, дэкрэт пра адпусты. У буле Пія VI “Injunctum nobis” ад 18 лістапада 1564 года, а менавіта ў прыпісаным да яе вызнанні веры, выразна чытаем: “Indulgentiarum etiam potestatem a Christo in Ecclesia relictam fuisse… affirmo” (“таксама ўладу ўдзялення адпустаў, Хрыстом Касцёлу пакінутую… пацвярджаю”). Пастанова таго самага дэкрэта, каб “дбалася пра тое, каб з-за надта вялікай лёгкасці атрымання адпустаў не аслаблялася дысцыпліна ў Касцёле”, датычыцца пераважна асаблівых упаўнаважанняў (“quoad absolutionem a peccatis etiam enormibus ac reservatis”, “да адпускання нават грахоў цяжкіх і зарэзерваваных за Апостальскай Сталіцай”), якія ўдзяляліся з нагоды вялікіх адпустаў і якімі злоўжывалі крывадушныя пакутнікі: падобную надзвычайную ўладу ў нашы часы Апостальская Сталіца ўдзяляе спаведнікам за невялікімі выключэннямі толькі ў час юбілею.

[5] У сваёй працы “Супраць Гансвурста” (1541) ён паўторна прызнаецца, што ў той час, калі ён пачаў выступаць у казаннях супраць адпустаў, ён сам не ведаў, што такое адпуст, прычым ён замацоўвае гэта прысягай: “У той час я не ведаў, што такое адпуст, і я кажу тут праўду настолькі ж, наколькі праўда тое, што мяне Пан мой Хрыстус адкупіў”.

[6] Лютэр і яго прыхільнікі не задаволіліся тым, што назвалі адпусты вынаходніцтвам чалавека. Яны правініліся нізкім паклёпам, называючы іх пустым ліхвярствам, прагай нажывы, блюзнерскім махлярствам святымі рэчамі накшталт сіманіі. Менавіта тут добрае месца, каб распавесці пра прычыну гэтага злоснага і так часта паўторанага абвінавачвання, якое мела згубны ўплыў нават на каталікоў, недастаткова грунтоўна навучаных праўдам веры альбо настаўленых супраць некаторых каталіцкіх асноваў. Мы прыводзім тут праўду без дадаткаў, а прачытаўшы, няхай кожны сам рассудзіць, ці было гэтае абвінавачванне хоць у малой ступені абгрунтаваным. А справа была так. Папа Леў Х, які з усім запалам прысвячаў сябе знешняму хараству і прыгажосці каталіцкай веры, хацеў скончыць будоўлю велічнай базілікі св. Пятра ў Рыме. Павінна яна была, паводле задумы таго ж Папы, сваім вельмі аздобным інтэр’ерам верна адлюстроўваць высокую годнасць Хрыстовага Касцёла. Каб сваю вялікую задуму як найхутчэй давесці да рэалізацыі, ён удзяліў адпуст кожнаму, хто з добрай волі паўдзельнічаў бы сваёй ахвярай у гэтай будоўлі. З іншага боку, той жа Святы Айцец, занепакоены ўсё большымі заваяваннямі туркаў, якія пасля падзення грэцкай імперыі, атрымаўшы перамогу над персідскім шахам і егіпецкім султанам, у сваіх пераможных імкненнях звярнуліся да Еўропы і пагражалі знішчэннем усяму хрысціянскаму свету, заклікаў усіх хрысціянскіх князёў, каб супольнымі сіламі абараняліся супраць Селіма І, а ўсім, хто з-за свайго ўзросту альбо стану не мог удзельнічаць у гэтым паходзе, ён удзяліў адпуст пры ўмове, што яны паводле сваіх магчымасцяў паўдзельнічаюць у паспяховым выкананні гэтай карыснай і святой справы. Хто б мог падумаць, што такая нявінная справа, як міласціна на такую святую, справядлівую і цалкам згодную са здаровым розумам справу стане прычынай ерасі Лютэра! Але менавіта так і сталася: на падставе гэтых і падобных зачэпак па ўсім свеце пачалі распавядаць, што Папы прадаюць скарбы заслугаў Хрыста і Яго ласкаў, а адпустамі папросту нізка і блюзнерча гандлююць! Несумненна, пры збіранні гэтай міласціны там і тут маглі трапляцца злоўжыванні, але ці можна знайсці ў свеце хоць адну найсвяцейшую і найнявіннейшую справу, якою б людскія жарсці не спрабавалі злоўжываць?! Не меншай праўдай з’яўляецца і тое, што Каталіцкі Касцёл ніколі не ўхваляў такіх злоўжыванняў; наадварот, Папы неаднаразова іх асуджалі яшчэ да бунту Лютэра і яго паплечнікаў, а менавіта Інакенцій ІІІ на Латэранскім саборы, Інакенцій IV на Ліёнскім саборы, Клімэнт V на В’енскім саборы, а Трыдэнцкі сабор, як было сказана вышэй, сурова забараніў збіраць адпустовыя грошы пад усялякім выглядам і цалкам скасаваў паўнамоцтвы тых, хто збіраў такую міласціну. Перад бунтам Марціна Лютэра папскую і біскупскую ўладу ўдзялення адпустаў адмаўлялі вальдэнсы (альбо ліёнскія жабракі), а таксама гэтую ж уладу аспрэчвалі Джон Уікліф і гусіты. Памылковыя меркаванні Уікліфа былі асуджаны на Канстанцкім саборы (сесіі 8 і 19).

[7] S. Thom., Quodlibet II, qu. 8, art. 16.

[8] Cap. Cum ex eo, cap. Nostro, de poenit. et rem., cap. Indulgentiae, tit. eodem in 6. Таксама словы Папы Льва Х у буле “Cum postquam” ад 9 лістапада 1518 года, адрасаванай цэзару Максімільяну.

[9] Гл. Bellarmin, de indulg. I, 1, cap. 3, n. 3.

[10] Ex cap. IV. Quod antem, de poen. et rem., I, 5, Decretal.

[11] Гл. Decreta auth. S. C. Indulg, jussi et auctoritate S. S. D. N. Leonis P. P. XIII (Ratisbonae, Pustet 1883), n. 433, 4.

[12] S. Thom., Quodlibet II, qu. 8, art. 16.

[13] Decreta authentica, n. 433, 2.

[14] Eus. Amort. Theol. mor., tract. de Sacram. Poenit. disp. 7, q. 88.

[15] Пар. Theod. a Spiritu S. tract. de ind., p. I, c. 3, a. 2, 9, 6 i Decreta authentica, n. 433, 2, 3 i 5.

[16] Cap. Nostro de poenit. et remiss. lib. 5, Decretal.

[17] Cap. Accedentibus de excessib. Praelator. lit. X; Amort. loco cit. qu. 87; S. Thomas, S. Bonaventura, Suarez і іншыя.

[18] Suarez, disput. 55, sect. 5, n. 2; падобна ў Theodorus a Spiritu S. Tract. de indulg. part. I, cap. 3.

[19] Гільём-Гіяцынт Бужан (фр. Guillaume-Hyacinthe Bougeant, 1690–1743) — французскі езуіт і гісторык. Адной з вядомых яго працаў быў катэхізіс у трох частках, які прайшоў шмат выданняў, быў перакладзены на нямецкую і італьянскую мовы і выкарыстоўваўся да пачатку ХХ ст. (камент. перакл.)

[20] Належыць, аднак, адрозніваць кары, якія маюць на мэце толькі сатысфакцыю, адплату (in vindictam), ад іншых, якія патрабуюць таксама выпраўлення жыцця. Пры выкананні ўсіх неабходных умоваў адпуст знішчае гэтыя кары, паколькі Пан Бог, паводле агульнага права, накладае іх менавіта як кары, а не як сродкі выпраўлення. Аднак Бог можа накласці такую кару, што не захоча замест яе прыняць ніякай сатысфакцыі. Так, напрыклад, павінен быў памерці сын Давіда (2 Сам 12), хоць кароль за яго пасціў і маліўся, бо, на думку св. Аўгустына, гэтая кара мела на мэце выпраўленне і выпрабаванне Давіда. Трыдэнцкі сабор (сесія XIV, R. 8) вучыць падобна: што Пан Бог часта выкарыстоўвае зямныя кары як сродкі папярэджання. Бо яны адводзяць нас з дарогі граху і трымаюць у абцугах, робячы пакутуючых больш асцярожнымі і чуйнымі на будучыню, знішчаючы таксама сляды грахоў, а заганы, набытыя кепскім жыццём, замяняюць актамі супрацьлеглых цнотаў. Таму з дапушчэння зямных караў, калі яны былі адплатай за здзейсненыя грахі, не вынікае, быццам бы навернуты ўжо быў цалкам выпраўлены, што схільнасць да граху была знішчана, а наступствы дадзенай правіны скасаваныя; і менавіта гэта з’яўляецца прычынай, чаму атрыманне адпусту не заўсёды знішчае зло, якое мы павінны выцерпець у гэтым жыцці. Зрэшты, Бог дапускае існаванне цярпенняў на свеце не толькі дзеля кары, але і па многіх іншых прычынах.

[21] Пазней мы растлумачым, як Касцёл дапамагае адпустамі памерлым.

[22] Адсюль можна лёгка зразумець, чаму неаднойчы тэолагі называюць адпуст разграшэннем альбо адплатай. Indulgentia essentialiter est absolutio habens annexam solutionem ex thesauro meritorum Christi et Sanctorum (Theodorus a Spiritus S., Suarez, Lugo). Падобна і ў св. Банавентура (IV, sent. dist. 20, p. 2, a. 1, qu. 5).

[23] Пар. таксама Bellarmin, De indulg. lib. I, c. 5, n. 3, 4.

[24] Гл. св. Тамаш in libr. IV, sent. dist. 20, qu. 1, art. 3, Dol. 1, ad 4.

[25] Пар. з тым, што мы скажам напрыканцы раздзела IX гэтай першай часткі.


Выданне: Ks. Augustyn Arndt TJ. Odpusty. Podręcznik dla duchowieństwa i wiernych. Kraków, 1890.
Ілюстрацыя
: Франсуа-Марыус Гранэ, Сялянка купляе адпуст, 1825.

Пакінуць каментар

Scroll Up