14.11.2017 / Steve Skojec

Кардыналы прадпрымаюць наступны крок на шляху да фармальнага выпраўлення🕑 9 хвілін

Роўна адзін год таму, 14 лістапада 2016 года, чацвёра кардыналаў прадпрынялі фармальны крок і апублікавалі пяць dubia — запытаў наконт сумнеўных тэалагічных сцвярджэнняў, якія яны скіравалі непасрэдна да Папы Францішка за два месяцы да таго. Dubia датычыліся пастырскіх інструкцый для разведзеных і “паўторна жанатых” каталікоў, якія жывуць more uxorio (практыкуючы сэксуальныя адносіны). Выкладзены гэтыя інструкцыі былі ў папскім magnum opus, паслясінадальнай апостальскай адгартацыі на 220 старонак Amoris Laetitia (AL). Сёння, праз адзін год, за які не прагучала аніводнага адказу і не было ўдзелена аніводнай аўдыенцыі, за які двое з чатырох аўтараў dubia памерлі, кардынал Бёрк у новым інтэрв’ю заўважыў, што папскае маўчанне не з’яўляецца дастатковым адказам на сур’ёзнае замяшанне і неспакой, якія выклікала ягоная адгартацыя.

У інтэрв’ю выданню National Catholic Register ад 14 лістапада кардынал Бёрк зрабіў “апошні заклік” да Папы Францішка, згадаўшы “пастаяннае пагаршэнне” сітуацыі, якое працягваецца пасля выхаду адгартацыі.

Бёрк кажа, што мэтай аўтараў dubia заўсёды было “дакладна вызначыць, чаму Папа хоча навучыць як Наступнік Пятра”. Таксама ён паўтарыў свой першапачатковы аналіз дакумента, кажучы, што “па самой сваёй прыродзе сцвярджэнні, якім не хапае яснасці, не могуць кваліфікавацца як сцвярджэнні магістэрыя”. Бёрк працягвае:

Відавочна, што некаторыя з інструкцый Amoris Laetitia, якія датычацца істотных аспектаў веры і практыкі хрысціянскага жыцця, атрымалі розныя інтэрпрэтацыі, якія разыходзяцца ў сваім значэнні і часамі з’яўляюцца несумяшчальнымі адна з адной. Гэты неаспрэчны факт указвае на тое, што гэтыя інструкцыі неадназначныя, што яны дазваляюць некалькі спосабаў прачытання, многія з якіх супярэчаць каталіцкаму вучэнню. Таму пытанні, якія мы ўзнялі, датычацца якраз таго, чаму менавіта навучаў Святы Айцец і як гэтае вучэнне суадносіцца з дэпазітам веры, улічваючы, што магістэрый “не вышэйшы за Божае слова, але служыць яму, навучаючы толькі таму, што было перададзена. З Божага наказу і з дапамогай Духа Святога ён пабожна слухае Божае слова, свята захоўвае, верна тлумачыць яго і чэрпае з гэтага адзінага дэпазіту веры ўсё тое, што падае для веры як аб’яўленае Богам” (Другі Ватыканскі сабор, дагматычная канстытуцыя Dei Verbum, 10).

На першы погляд, згадваючы аналіз прафесара Ёзафа Зейферта, дзе той казаў, што лагічным наступствам прымянення пэўных прынцыпаў, выкладзеных у AL, будзе разбурэнне ўсяго будынку каталіцкага маральнага вучэння, кардынал Бёрк кажа, што “каб зразумець, наколькі далёкімі з’яўляюцца прапанаваныя змены, дастаткова падумаць, што здарыцца, калі такое абгрунтаванне прымяніць да іншых выпадкаў, такіх як выкананне лекарам абортаў, удзел палітыка ў карупцыі і пакуты асобы, якая вырашае папрасіць дапамогі ў суіцыдзе…”

Кажучы, што “значэнне эклезіяльнай сакрамэнтальнай практыкі ў Касцёле ўсё больш знішчаецца”, Бёрк прызнаўся, што ён збіраецца зрабіць “апошні заклік” да Папы, магчыма, даючы зразумець, што наступным крокам будзе не проста яшчэ адно папярэджанне:

Так, па гэтых сур’ёзных прычынах праз адзін год пасля публікацыі dubia я зноў звяртаюся да Святога Айца і да ўсяго Касцёла, падкрэсліваючы, наколькі важным з’яўляецца тое, што пры выкананні служэння, атрыманага ад Пана, Папа павінен умацоўваць сваіх братоў у веры, ясна выкладаючы вучэнне як адносна хрысціянскай маральнасці, так і адносна значэння сакрамэнтальнай практыкі Касцёла.

З моманту публікацыі ў красавіку 2016 года Amoris Laetitia, якая з’яўляецца рэфлексіяй па выніках двух сінодаў на тэму сужэнства і сям’і, праведзеных у 2014 і 2015 гадах адпаведна, выклікала больш замяшання сярод тэолагаў, біскупаў і пастыраў, чым любое іншае папскае дзеянне, якое прыходзіць у галаву.

З таго часу адбыўся шэраг важных падзеяў, якія няможна пералічыць. Вось некаторыя з іх у храналагічным парадку:

  • 29 чэрвеня 2016 года міжнародная група з 45 каталіцкіх тэолагаў, пастыраў і навукоўцаў накіравала ліст і тэалагічны аналіз Amoris Laetitia Калегіі кардыналаў. Падпісанты пералічылі 19 тэалагічна цэнзураваных фрагментаў, 11 з якіх траплялі ў катэгорыю ерасі, засноўваючыся на “натуральным прачытанні” AL. 26 ліпеня 2016 года іхні дакумент і ліст з подпісамі быў апублікаваны пасля зліву ў прэсу, меркавана, адным з адрасатаў.
  • 19 верасня 2016 года, праз дзесяць дзён пасля напісання папскага ліста, у якім ён пацвердзіў блюзнерчую інтэпрэтацыю AL біскупам рэгіёна Буэнас-Айрэса, чацвёра каталіцкіх кардыналаў: Вальтэр Брандмюлер, Рэйманд Бёрк, Карла Кафара і Ёахім Майснер даслалі Папу ліст, заўважыўшы “сур’ёзную дэзарыентацыю і вялікае замяшанне шматлікіх вернікаў адносна надзвычай важных справаў у жыцці Касцёла”. Да ліста былі далучаны пяць dubia, што адпавядае фармальнаму спосабу, пры дапамозе якога тэолагі і іерархі могуць атрымаць ад Рыма тлумачэнні ў справах вучэння Касцёла.
  • 14 лістапада 2016 года, не атрымаўшы адказу ад Папы, чацвёра кардыналаў апублікавалі свой ліст, уключна з пяццю dubia наконт розных сцвярджэнняў AL.
  • 7 снежня 2016 года біскуп Атаназіус Шнайдэр з Астаны (Казахстан), адзін з найбольш шчырых артадаксальных галасоў у Касцёле, заявіў у інтэрв’ю французскаму тэлебачанню, што калі dubia застануцца без адказу, будзе існаваць “не толькі пагроза схізмы”, бо “пэўны тып схізмы ўжо існуе ў Касцёле”. “Сёння мы назіраем, — кажа біскуп Шнайдэр, — дзіўную форму схізмы. Знешне шматлікія іерархі захоўваюць фармальную еднасць з Папам, часам дзеля дабра сваёй уласнай кар’еры альбо з-за пэўнага кшталту папапаклонніцтва. І ў той самы час яны разарвалі свае сувязі з Хрыстом-Праўдай і з Хрыстом-Галавою Касцёла”.
  • 13 снежня 2016 года я пералічыў пяць простых аднаслоўных адказаў, якія маглі б пакласці канец замяшанню з dubia раз і назаўсёды.
  • 19 снежня 2016 года кардынал Бёрк, найбольш вядомы аўтар dubia ў англамоўным свеце, сказаў у інтэрв’ю для LifeSiteNews, што dubia “павінны атрымаць адказ, таму што яны датычацца самага фундаменту маральнага жыцця і нязменнага вучэння Касцёла наконт дабра і зла”. Калі ў яго спыталіся пра запланаваны час для заяўленага “фармальнага выпраўлення” Папы пры адсутнасці адказу на dubia, Бёрк адказаў, што калі такі крок будзе патрэбным, ён, найбольш верагодна, адбудзецца калісьці пасля Аб’яўлення Пана ў 2017 годзе.
  • Таксама 19 снежня 2016 года ў інтэрв’ю для Catholic World Report кардынал Бёрк растлумачыў, што ў Святым Пісанні існуюць падставы для выпраўлення Папы (Гал 2:11), і сказаў, што dubia падтрымліваюць больш іерархаў, чым чацвёра кардыналаў. На пытанне, ці можа Папа “аддзяліць сябе ад еднасці з Касцёлам праз схізму альбо ерась”, кардынал Бёрк адказаў, што “калі Папа фармальна вызнае ерась, ён у выніку самога гэтага дзеяння перастане быць Папам. Гэта аўтаматычна. І таму гэта можа здарыцца”.
  • 24 снежня 2016 года папулярная нямецкая газета Der Spiegel апублікавала артыкул, у якім сцвярджалася, што ў “вельмі малым коле” людзей, набліжаных да Папы, Францішак растлумачыў, што, магчыма, ён увойдзе ў гісторыю “як той, хто раздзяліў Каталіцкі Касцёл”.
  • 11 студзеня 2017 года Джон Ф. Сальца, суаўтар кнігі “True or False Pope”, растлумачыў у артыкуле для The Remnant (пазней перадрукаваны ў 1Р5), што можа здарыцца з юрыдычнага пункту гледжання, калі Папа Францішак будзе працягваць маўчаць наконт dubia.
  • 17 студзеня 2017 года тры казахстанскія біскупы — Томаш Пэта, арцыбіскуп архідыяцэзіі НПМ у Астане, Ян Павел Ленга, арцыбіскуп Караганды на пенсіі, і Атаназіус Шнайдэр, дапаможны біскуп архідыяцэзіі НПМ у Астане — выдалі сумесную заяву, просячы вернікаў аб малітве, каб Папа Францішак пацвердзіў нязменную практыку Касцёла, звязаную з праўдай пра неразрыўнасць сужэнства”. Біскупы прывялі канкрэтныя прыклады таго, што ў AL знаходзяцца “пастырскія рэкамендацыі”, якія на практыцы супярэчаць пэўным “праўдам і веравучэнню, якім Каталіцкі Касцёл няспынна і надзейна навучаў”.
  • 25 сакавіка 2017 года кардынал Бёрк зрабіў прамову ў парафіі Спрынгфілда (Вірджынія), у якой ён казаў пра вельмі “шкоднае замяшанне ў Касцёле” і патрэбу адказу на dubia. На пытанне, што здарыцца, калі Папа не дасць адказу, кардынал Бёрк сказаў: “Мы проста будзем вымушаны выправіць сітуацыю, зноў жа, паважлівым чынам… каб атрымаць адказ на пытанні з пастаяннага вучэння Касцёла і зрабіць гэта вядомым дзеля дабра душаў”.
  • 8 чэрвеня польская біскупская канферэнцыя завяршыла сваю генеральную асамблею, пасля якой як прэс-сакратар Павел Рытэль-Адрыянік сказаў, што “вучэнне Касцёла адносна святой Камуніі для тых асобаў, якія жывуць у несакрамэнтальных адносінах, пасля папскага дакумента Amoris Laetitiaне змянілася”.
  • 19 чэрвеня 2017 года дасведчаны ватыканіст Сандра Маджыстэр апублікаваў ліст ад аднаго з аўтараў dubia кардынала Карла Кафары, напісаны 25 красавіка 2017 года, у якім ён прасіў удзяліць яму папскую аўдыенцыю, каб можна было абмеркаваць dubia, на якія ўсё яшчэ не быў дадзены адказ. На дату публікацыі ліста прайшло ўжо два месяцы, за якія Папа не даў адказу на просьбу аб аўдыенцыі.
  • 5 ліпеня 2017 года ва ўзросце 83 гадоў, знаходзячыся на адпачынку ў Германіі, памёр адзін з чатырох аўтараў dubia кардынал Ёахім Майснер. На момант ягонай смерці ўсё яшчэ не быў атрыманы адказ на просьбу ад аўдыенцыі. У пасланні, прачытаным на пахаванні Майснера, Папа на пенсіі Бенедыкт XVI нагадаў тым, хто аплакваў ягонага сябра, што “Пан не пакідае свой Касцёл”.
  • 31 жніўня 2017 года знакаміты аўстрыйскі каталіцкі філосаф Ёзаф Зейферт быў прымусова звольнены сваім арцыбіскупам з кафедры Дзітрыха фон Хільдэбранда ў Міжнароднай акадэміі філасофіі ў Гранадзе (Іспанія). Гэта было зроблена ў адказ на ягоную другую крытычную публікацыю пра Amoris Laetitia. Каталіцкія навукоўцы і нават адзін біскуп адразу адрэагавалі на гэтую несправядлівасць.
  • 6 верасня 2017 года, амаль праз два месяцы з дня смерці кардынала Майснера, ва ўзросце 79 гадоў памірае яшчэ адзін аўтар dubia кардынал Карла Кафара. На пахаванні Кафары паслання ад Папы на пенсіі не было.
  • 12 верасня 2017 года Габрыэль Арыца з іспанамоўнага выдання Infovaticana паведаміў, што за некалькі месяцаў да смерці кардынал Кафара казаў, што ведаў пра назіранне за аўтарамі dubia, пра тое, што “іхнія размовы запісваюцца” і што яму “прыходзілася шукаць пэўныя формы больш надзейнай камунікацыі”.
  • 27 верасня 2017 года група каталіцкага духавенства і свецкіх навукоўцаў апублікаваласыноўскае выпраўленне“, якое спачатку было дастаўлена Папу 11 жніўня і на якое ён таксама не даў адказу. У іхнім лісце беспрэцэдэнтным чынам выкарыстоўвалася слова “ерась” у дачыненні не да магчымых інтэрпрэтацый апостальскай адгартацыі Amoris Laetitia, а да іншых нядаўніх “словаў, учынкаў і занядбанняў” Папы. Пасля публікацыі спіс падпісантаў з ліку духавенства і навукоўцаў вырас да 250 чалавек, а ў падтрымку сыноўскага выпраўлення было створана дзве петыцыі (тут і тут), якія сабралі 20 000 дадатковых подпісаў ад свецкіх асобаў.
  • 29 верасня 2017 года кардынал Герхард Мюлер, былы прэфект Кангрэгацыі дактрыны веры, сказаў у інтэрв’ю для Эдварда Пенціна, што “людзі, якія працуюць у курыі, жывуць у вялікім страху: калі яны скажуць адно малое ці бяскрыўднае крытычнае слова, пэўныя шпіёны данясуць іх каментары непасрэдна Святому Айцу, і фальшыва абвінавачаныя людзі не будуць мець аніякага шансу абараніцца”. На пытанне пра “панаванне страху”, пра якое казаў адзін з вышэйшых іерархаў, Мюлер адказаў: “Тое самае дзеецца і на некаторых тэалагічных факультэтах: калі хто-небудзь мае заўвагі альбо пытанні наконт Amoris Laetitia, іх выганяюць і гэтак далей”.
  • 1 лістапада а. Томас Вэйнандзі, брат-капуцын, які раней працаваў у Камісіі па справах дактрыны веры пры канферэнцыі біскупаў ЗША, а таксама з’яўляецца членам Міжнароднай тэалагічнай камісіі ў Ватыкане, апублікаваў ліст, які ён даслаў Папу (і таксама не атрымаў ніякага адказу), дзе ён пералічыў перасцярогі, якія ён меў наконт “хранічнага замяшання”, якое, як ён лічыць, з’яўляецца адзнакай гэтага пантыфікату. У першым са сваіх пяці пунктаў ён кажа пра AL, што папскія “настаўленні часамі выглядаюць намерана неадназначнымі, што дазваляе як традыцыйную інтэрпрэтацыю каталіцкага вучэння пра сужэнства і развод, так і тую, якая можа мець на ўвазе змену гэтага вучэння”. Таксама ён згадаў пра атмасферу страху ў Касцёле, кажучы, што “многія баяцца, што, калі яны выкажуць сваё меркаванне” пра тое, што дзеецца ў Касцёле, “іх будуць маргіналізаваць ці нават горш”. Пасля публікацыі гэтага ліста правата а. Вэйнандзі пацвердзілася тым, што яго папрасілі звольніцца са сваёй пасады ў біскупскай канферэнцыі. Гэтую просьбу ён задаволіў.

Адсутнасць фармальнага выпраўлення ў кастрычніку — у 100-гадовы юбілей апошняга аб’яўлення ў Фаціме — змусіла многіх каталікоў дзівіцца, ці такі крок будзе ўвогуле прадпрыняты. Сённяшняе ж прызнанне робіць ясным, што справа dubia, а таксама фармальнага выпраўлення, якое мусіла наступіць пасля гэтага, жыве і рухаецца наперад.


Аўтар: Steve Skojec
Крыніца: OnePeterFive
Ілюстрацыя: OnePeterFive

Тэкст перакладзены з англійскага арыгінала і перадрукаваны з дазволу рэдакцыі 1Р5.

Пакінуць каментар

Scroll Up