13.11.2017 / Кс. Аўгустын Арндт SJ

Кс. Арндт SJ. Адпусты. (4) Фундамент і крыніцы адпусту: скарб Касцёла🕑 8 хвілін

Калі б у межах еднасці святых нам прыходзілася перадаваць адзін аднаму плёны толькі ўласных сатысфакцыйных учынкаў, наш лёс быў бы незайздросны, бо амаль ніводзін чалавек з-за вялікай колькасці сваіх грахоў не можа прынесці дастатковую сатысфакцыю Божай справядлівасці нават за свае ўласныя грахі.

Але дзякуючы таму, што на зямлі жылі святыя, якія шмат добрага рабілі і мала грашылі, а перадусім дзякуючы бясконцым заслугам нашага Пана мы можам чэрпаць з гэтага скарбу, які пакінуты на распараджэнне святому Касцёлу і яго пастырам. І тут мы сутыкаемся непасрэдна з адпустам, бо еднасць святых — гэта адно, а карыстанне чужымі заслугамі хоць і адбываецца праз тую ж еднасць святых, аднак удзяляецца толькі міласэрнасцю Маці-Касцёла па нормах, якія Касцёл прадпісвае.

Таму кожны заслугоўваючы ўчынак, як мы глядзелі раней, мае сатысфакцыйную моц, але не да кожнага ўчынка Касцёл далучае чэрпанне дадатковых ласкаў з даверанага яму скарбу заслугаў. Так, напрыклад, перад Імшою можна супольна памаліцца ружанец альбо вяночак да Божай міласэрнасці, і, напэўна, абодва ўчынкі будуць мець сваю вартасць, але толькі да ружанца далучана атрыманне поўнага адпусту, бо ружанцам — вядома, пры выкананні іншых неабходных умоваў, пра якія мы пагаворым далей, — можна яшчэ і са скарбу Хрыстовых заслуг дадаткова атрымаць.

Такім чынам, адпуст — гэта еднасць святых плюс скарб Касцёла, і пра гэтую другую рэч кс. Арндт падрабязна распавядае ў наступным раздзеле кнігі “Адпусты”.

* * *

2. Скарб Касцёла. Той жа адпуст, як было сказана вышэй, засноўваецца на бясконцых заслугах Богачалавека, Найсвяцейшай Багародзіцы і святых Божых [1].

Праз грэх чалавек становіцца даўжніком у вачах Божай справядлівасці, і гэты доўг ён ніколі не можа ў дастатковай ступені выплаціць сваімі ўласнымі заслугоўваючымі ўчынкамі; Езус Хрыстус заплаціў нашыя даўгі і расплаціўся за нашыя недахопы, ахвяруючы сябе свайму Нябеснаму Айцу як Ахвяру адплаты. “Ён ёсць ахвярай уміласціўлення за нашыя грахі, і не толькі за нашыя, але таксама за грахі ўсяго свету” (1 Ян 2:2). Езус Хрыстус, сама Святасць, не патрабаваў адплаты за сябе самога; Ён знішчыў нашыя правіны і сваім святым жыццём, якое было няспынным мучаніцтвам, сваёй горкай смерцю Ён зноў паяднаў нас з Богам і вярнуў нам права на неба. Св. Павел кажа, што Пан прыдбаў Касцёл свой уласнай крывёю (Дз 20:28). Але адзін толькі ўздых, адна сляза, адна-адзіная кропля Крыві Езуса з-за сваёй бясконцай вартасці, якая паходзіць з бясконцай годнасці Яго Боскай Асобы, была дастатковай для адкуплення не толькі аднаго, але і тысячы светаў. Адплата Хрыста Пана не толькі ўраўнаважыла грахі і кары за грахі ўсяго свету, але нават пераважыла іх, а хутчэй бясконца перавысіла з-за сваёй бясконцай вартасці, бо “дзе памножыўся грэх, там яшчэ больш памножылася ласка” (Рым 5:20).

А цяпер паслухайце, што кажа Папа Клімэнт VI у прадмове да булы, якою ён устанаўлівае святкаванне юбілейнага адпусту кожныя 50 гадоў і ў якой ён такі ж адпуст прызначае на 1350 год. Словы Папы гучаць так: “Калі Адзінародны Сын Божы ахвяраваў сябе за нас на алтары Крыжа, тады Ён праліў не толькі адну кропельку сваёй Найдаражэйшай Крыві, якая з-за сваёй еднасці з боскасцю Спрадвечнага Слова была б больш чым дастатковай для адкуплення ўсіх людзей, але Ён праліў яе за нас да апошняй кроплі. А калі гэтая ахвяра невымоўнай каштоўнасці і любові не магла не прынесці карысці, то які ж вялікі і бясконцы мусіць быць той скарб, які Ён праз гэтую ахвяру здабыў для свайго ваюючага Касцёла?!. Аднак Ён не схаваў гэты скарб у нейкай адной святой рэліквіі (якою, напрыклад, з’яўляецца хустка св. Веранікі) і не закапаў яго ў садзе, але даў св. Пятру, ключніку Валадарства Нябеснага, і яго наступнікам — сваім намеснікам на зямлі — поўную ўладу са справядлівых прычынаў чэрпаць з яго на карысць вернікам (якія будуць шкадаваць за свае грахі і вызнаюць іх у сакрамэнце пакуты), каб ім такім чынам цалкам ці часткова прабачаць заслужаныя грахом зямныя кары. Акрамя таго, вядома, што ў той жа скарб уваходзяць заслугі Найсвяцейшай Божай Маці і ўсіх выбраных, якія жылі ад пачатку… Пры такім стане рэчаў не можа быць мовы пра тое, каб гэты скарб калісьці быў вычарпаны альбо хаця б зменшыўся… Наадварот, чым больш грэшнікаў, атрымліваючы адпусты, навернецца і дойдзе да дасканаласці, тым больш будзе ўзрастаць колькасць справядлівых, якія сваімі заслугамі ўзбагачаюць скарб святога Касцёла” [2].

Не будзем больш канкрэтна засяроджвацца на выказваннях Айцоў Касцёла на гэтую тэму, бо яны кажуць тое самае. Так, напрыклад, св. Грыгорый Назіянскі кажа: “Некалькі кропель Крыві аднавілі ўвесь свет” (Orat. in sanct. Pasch.).

Да гэтых заслугаў Езуса Хрыста, якія ўласна і складаюць скарб святога Касцёла, дадаюцца яшчэ, як мы сказалі вышэй, заслугі Найсвяцейшай Дзевы. Беззаганная і найчысцейшая, без плямы граху, яна ніколі не мела нават найменшага ценю недасканаласці, каб прыносіць за яго сатысфакцыю; яна была свяцейшая за херувімаў і серафімаў, але нягледзячы на гэта ўсё яе жыццё было няспыннай малітвай, самаадрачэннем і ахвярай. О, як жа часта меч смутку працінаў яе душу! Таму наколькі цноты і добрыя ўчынкі Марыі былі заслугоўваючымі, настолькі яны здабылі заслужаную ўзнагароду, адпаведную іх вялікай дасканаласці і вартасці, але таксама яны былі сатысфакцыйнымі [3], хоць да самой Марыі яны не прымяняліся. А паколькі гэты іх рэзультат не можа згінуць марна, яны былі далучаны да заслуг Хрыста Пана.

Нарэшце, дадаюцца да гэтага поўнага таямніц скарбу сатысфакцыйныя ўчынкі мучанікаў, дзеваў і ўсіх справядлівых. Многія з гэтых выбраных Божых, такія як св. Юзаф, св. Ян Хрысціцель, св. Алаізій Ганзага і іншыя, выконвалі пакутныя ўчынкі, якія нашмат пераўзыходзілі меру сатысфакцыі, належную за іх уласныя недасканаласці. Але ці ж не належыць, каб лішак іх сатысфакцыі моцаю еднасці святых быў перададзены іншым вернікам? Так і сталася; паколькі святыя, нашы сябры і абаронцы, не могуць ужо ў небе за нас ані цярпець, ані прыносіць кампенсацыю, таму яны моцна жадаюць і радуюцца таму, калі Касцёл перадае на нашую карысць багатыя скарбы, якія яны пакінулі яму ў спадчыну [4]. Аднак не належыць гэта разумець так, нібы заслугі Хрыста Пана і святых у аднолькавай ступені складаюць скарб святога Касцёла. Святыя Божыя і нават Найсвяцейшая Дзева маглі збіраць сабе заслугоўваючыя і сатысфакцыйныя ўчынкі толькі моцаю заслугаў Хрыста; але і заснаваныя на гэтых заслугах, іх добрыя справы маюць перад Богам істотную вартасць заслугі і сатысфакцыі, а Бог, Які дзеля хвалы і пашаны самога Езуса адпускае некаму зямныя кары пры дапамозе адпусту, зважае не толькі на цяжар і цярпенні, якія знёс Пан Езус ва ўласнай Асобе, але таксама і на тыя, якія Сын Божы зносіў у сваіх містычных членах, гэта значыць святых Божых, альбо, іншымі словамі, якія яны дзеля Хрыста выцерпелі. Адсюль таксама можна ясна пазнаць памылковасць меркавання адшчапенцаў ад Касцёла, якія лічаць, што праз далучэнне заслугаў святых да заслугаў Езуса нейкім чынам прыніжаюцца апошнія, бо яны ставяцца быццам нароўні з заслугамі выбраных. Наадварот, з таго, што было сказана вышэй, мы дакладна пераконваемся, што праз гэта яшчэ больш ясна праяўляецца хвала і веліч заслугаў Езуса.

Вось такі гэты цудоўны скарб, які, калі казаць моваю параўнанняў, перапоўнены золатам заслугаў нашага Міласэрнага Збаўцы, Яго Найсвяцейшай Маці і святых Божых; удзяляць гэты скарб вернікам Бог даручыў найвышэйшым пастырам Каталіцкага Касцёла, як мы ўбачым гэта ў наступным раздзеле, — “[Бог] даў нам служэнне паяднання” (2 Кар 5:18).

Намеснікі Хрыста, удзяляючы нам адзін альбо некалькі адпустаў, чэрпаюць з гэтага скарбу, зусім яго не памяншаючы, і такім чынам складаюць Божай справядлівасці адплату за тыя кары, якія мы мусілі б адпакутаваць. Калі ў сваёй істоце гэтую ўладу святы Касцёл атрымаў ад Боскага Збаўцы, калі гэты ж Богачалавек даверыў яму нязмерныя скарбы сваіх уласных заслугаў, заслугаў сваёй Беззаганнай Маці і сваіх выбраных, то ці ж святы Касцёл, які кіруецца і асвячаецца Духам Святым, паступаў бы мудра, калі б занядбоўваў выкарыстаннем тых жа скарбаў дзеля карысці сваіх дзяцей, многія з якіх часам маюць нязмерныя даўгі перад Божай справядлівасцю?..

Што да нас, то мы карыстаемся мацярынскай апекай святога Касцёла і праз здабыванне адпустаў яднаемся, паводле словаў Басюэ [5], “са слязьмі, уздыхамі, утаймаваннямі, працай і цярпеннямі ўсіх мучанікаў і святых Божых, а асабліва з кананнем у садзе, мукай і смерцю Езуса Хрыста, у Якім і праз Якога Пан Бог ласкава прымае ад нас усялякую адплату і добрыя ўчынкі”.

Як мы ўжо згадвалі, Трыдэнцкі сабор (сесія XIV, раздз. 8) кажа пра плёны пакуты і іх вартасць для заслугаў Езуса Хрыста наступнае: “Уся нашая хвала ёсць у Хрысце Пану, у Якім мы жывем, праз Якога збіраем заслугі і сатысфакцыю, прыносячы годныя плёны пакуты, якія з Яго чэрпаюць сваю сілу, Ім ахвяруюцца Нябеснаму Айцу і ад Яго ж прымаюцца”.

Леў Х асудзіў 17-ы артыкул Лютэра, у якім той аспрэчвае існаванне духоўнага скарбу Касцёла ў тым значэнні, якое мы тут выклалі[6]. У той жа час артыкул 41 сумнавядомага Пістойскага сінода, у якім адлюстраваны пункт гледжання Лютэра, быў асуджаны Піем VI у буле “Auctorem fidei” ад 28 жніўня 1794 года “як ілжывы, памылковы і зневажальны для заслугаў Хрыста і Яго святых”.


[1] Ужо вялікі тэолаг Аляксандр Гэльскі, які памёр у 1254 годзе, навучае ў сваёй працы “Summa” (part. IV, qu. 23, art. II, membr. 3, edit. colon. 1622, tom IV, pag. 637), што духоўны скарб святога Касцёла складаецца з празмерных заслугаў членаў Хрыстовага Цела (святога Касцёла), а перадусім з бясконцых заслугаў самога Езуса Хрыста.

[2] Extravag. commun. lib. V, lit. 9, de poenit. et remissionibus, cap. 2 “Unigenitus Dei Filius”.

[3] У выпадку Маці Божай гэтыя добрыя ўчынкі мелі тым больш сатысфакцыйны характар, бо Марыя выконвала ўсе гэтыя справы і цярпела з намерам сатысфакцыі за людскі род, у найбольш сціслым паяднанні з намерамі і інтэнцыямі Хрыста Пана.

[4] Св. Папа Пій V кажа: “Solius Christi satisfactionibus remitti poenam temporalem, Sanctorum autem passiones offerri Deo, ut Deus illarum intuitu applicet nobis merita Christi”. Таму заслугі святых Божых сапраўды ствараюць частку скарбу святога Касцёла, які нам прыпісваецца пры дапамозе адпустаў (гл. Белармін, de indulgentiis lib. 1, cap. 5).

[5] Жак-Бенінь Басюэ (фр. Jacques-Bénigne Bossuet, 1627–1704) — французскі біскуп і тэолаг, аўтар прац у абарону каталіцкай веры (камент. перакл.)

[6] Гэты артыкул Лютэра гучыць наступным чынам: “Thesauri Ecclesiae, unde Papa dat indulgentias, non sunt merita Christi et Sanctorum” (“Скарб Касцёла, моцай якога Папа ўдзяляе адпусты, гэта не заслугі Хрыста і святых”).


Выданне: Ks. Augustyn Arndt TJ. Odpusty. Podręcznik dla duchowieństwa i wiernych. Kraków, 1890.
Ілюстрацыя
: Франсуа-Марыус Гранэ, Сялянка купляе адпуст, 1825.

Пакінуць каментар

Scroll Up