10.11.2017 / Te igitur

Як служыць Імшу ў надзвычайнай форме? Частка Г-18. Малітва пасля Камуніі і апошняе благаслаўленне🕑 3 хвілін

З кнігі A. Fortescue, The Ceremonies of the Roman Rite Described (1943), раздз. VI “Ціхая Імша, якую служыць святар”

Communio. Са зведзенымі рукамі ён ідзе да боку Паслання і там чытае антыфону на Камунію, усё яшчэ трымаючы рукі зведзенымі.

Калі яму трэба перанесці кнігу самастойна, ён бярэ яе пасля таго, як скончыў з келіхам, і нясе яе на бок Паслання, кланяючыся крыжу пры праходзе праз цэнтр.

Пасля антыфоны на Камунію ён ідзе на сярэдзіну, цалуе алтар, паварочваецца і кажа “Dominus vobiscum”, як звычайна. Ён зноў ідзе на бок Паслання, кажа “Oremus”, кланяючыся крыжу, і прамаўляе малітвы пасля Камуніі дакладна так жа, як ён прамаўляў калекты, з разведзенымі рукамі, захоўваючы ўсё, што было сказана на с. 42 [1].

Калі ў якасці апошняга Евангелля выкарыстоўваецца прадмова чацвёртага Евангелля, ён закрывае Імшал, прачытаўшы завяршэнне апошняй малітвы пасля Камуніі. Ён пакідае яго так, каб старонкі глядзелі ў бок цэнтра алтара. Калі выкарыстоўваецца ўласнае апошняе Евангелле, ён пакідае кнігу адкрытай на тым месцы, дзе надрукавана Евангелле.

Ён ідзе на сярэдзіну, цалуе алтар, паварочваецца і зноў кажа “Dominus vobiscum”, як звычайна. Не паварочваючыся назад да алтара і ўсё яшчэ стоячы тварам да людзей, ён са зведзенымі рукамі кажа “Ite, missa est”.

S. Dóminus vobíscum.
M. Et cum spiritu tuo.
S. Ite, missa est.
M. Deo gratias.
С. Пан з вамі.
П. І з духам тваім.
С. Ідзіце, Імша скончаная.
M. Дзякуем Богу.

Але, калі ён кажа “Benedicamus Domino”, ён спачатку паварочваецца праз левае плячо да алтара і ў такой паставе прамаўляе гэты верш.

Стоячы тварам да алтара, у сярэднім склоне і з рукамі, зведзенымі на алтары перад сабою, ён ціхім голасам прамаўляе малітву “Placeat tibi, sancta Trinitas”.

Pláceat tibi, sancta Trínitas, obséquium servitútis meæ: et præsta; ut sacrifícium, quod óculis tuæ maiestátis indígnus óbtuli, tibi sit acceptábile, mihíque et ómnibus, pro quibus illud óbtuli, sit, te miseránte, propitiábile. Per Christum, Dóminum nostrum. Amen. Няхай прыемнай будзе Табе, Святая Тройца, паслухмянасць маёй службы; і дай, каб ахвяра, якую я нягодны склаў прад вачыма Тваёй Велічы, была Табе даспадобы, а мне і ўсім, за каго я склаў яе, стала ўміласціўленнем праз літасць Тваю. Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.

Затым ён кладзе рукі па баках далонямі ўніз, цалуе алтар, выпростваецца, падымае вочы на крыж, разводзіць, падымае і зводзіць рукі, і кажа “Benedicat vos omnipotens Deus”. На апошняе слова ён кланяецца крыжу і з апушчанымі вачыма паварочваецца праз правае плячо, кладзе левую руку на грудзі, а правай робіць знак крыжа над людзьмі, кажучы “Pater et Filius + et Spiritus Sanctus”.

S. Benedícat vos omnípotens Deus, Pater, et Fílius, et Spíritus Sanctus.
M. Amen.
С. Няхай благаславіць вас Бог усемагутны, Айцец і Сын, і Дух Святы.
П. Амэн

Ён робіць гэты знак крыжа, трымаючы правую далонь вертыкальна, звёўшы пальцы, мезенцам да людзей. Ён зводзіць рукі, паварочваецца, гэтым разам праз правае плячо, завяршаючы кола, і ідзе наўпрост да алтарнай карткі на баку Евангелля.

[1] Падчас Вялікага посту ў будніх Імшах сустракаецца Oratio super populum. Скончыўшы завяршэнне апошняй малітвы пасля Камуніі, стоячы перад кнігай, разводзячы і зводзячы рукі, як звычайна, і кланяючыся крыжу, цэлебрант кажа: “Oremus, humiliate capita vestra Deo”. Затым, павярнуўшыся да кнігі і развёўшы рукі, ён чытае малітву.

Пакінуць каментар

Scroll Up