09.11.2017 / Кс. Аўгустын Арндт SJ

Кс. Арндт SJ. Адпусты. (3) Фундамент і крыніцы адпусту: еднасць святых🕑 10 хвілін

У наступным фрагменце кс. Арндт тлумачыць, якім чынам у Касцёле працуе еднасць святых. Дзякуючы гэтай уласцівасці святога Касцёла адны яго члены сваімі малітвамі і іншымі заслугоўваючымі ўчынкамі могуць прыносіць сатысфакцыю за грахі іншых членаў. Адбываецца гэта таму, што каталікі, якія трываюць у стане асвячальнай ласкі, удзельнічаюць у супольным дабры Касцёла (напрыклад, у плёнах святых Імшаў), так што калі адзін робіць штосьці добрае, то карысць ад гэтага атрымліваюць усе і кожны паасобку. Таму і зямныя кары адзін аднаго падчас жыцця можна “адпрацоўваць”.

Як жа быць з тым, што адпусты няможна ахвяраваць за іншых жывых людзей?

Паняцце еднасці святых больш шырокае за паняцце адпусту. Пад еднасцю святых трэба разумець супольнае карыстанне дабротамі Касцёла, а пад адпустам маецца на ўвазе канкрэтна ўдзяленне Касцёлам сатысфакцыі з даручанага яму скарбу заслугаў Хрыста і святых, пра які мова пойдзе ў наступны раз. І таму Касцёл як распарадчык адпустаў не дазваляе ахвяраваць адпусты за іншых жывых людзей. Аднак жа кожны добры ўчынак мае і ўласную сатысфакцыйную вартасць, якая дзякуючы еднасці святых можа перадавацца ад асобы да асобы, нават паміж жывымі людзьмі.

Хоць нас больш цікавяць менавіта адпусты, а не еднасць святых у цэлым, варта пазнаёміцца з ёю таксама. Гэта пойдзе на карысць як нашаму агульнаму разуменню адпустаў, так і больш свядомаму прамаўленню Сімвала веры на нядзельнай святой Імшы.

* * *

Адпуст засноўваецца на дзвюх праўдах Каталіцкага Касцёла, якія ствараюць яго непарушны фундамент, а менавіта грунтуецца ён на вучэнні пра еднасць святых і на вынікаючым з яго існаванні скарбу Касцёла, які складаецца з бясконцых заслуг Езуса Хрыста, да якіх далучаюцца таксама заслугі Беззаганнай Багародзіцы і святых Божых.

1. Еднасць святых. Мы вызнаем гэтую праўду ў дзевятым пункце Апостальскага сімвала веры, які ідзе непасрэдна пасля пункта пра Касцёл, да істоты якога яна і належыць.

Выраз “еднасць”, альбо “супольнасць”, азначае найперш нейкі саюз, зграмаджэнне шматлікіх асобаў, якія, падобна як члены аднаго цела, злучаюцца ў адно цэлае. У дадзеным кантэксце мы выкарыстоўваем яго для акрэслення супольнасці вернікаў, якія ствараюць толькі адзін Касцёл, альбо адно містычнае Цела; галавою яго з’яўляецца Хрыстус Пан, а яго ажыўляючай душою праз сваю ласку з’яўляецца Дух Святы. Словам “святых” Апостальскі сімвал веры ахінае не толькі тыя душы, якія ў ласцы Божай пайшлі з гэтага свету, але таксама і ўсіх тых, хто жыве на зямлі, якіх святыя апосталы ў сваіх лістах так і называлі. У сціслым значэнні гэтая назва азначае душы, якія сапраўдна трываюць у стане асвячальнай ласкі, а затым, хоць ужо і не ў такім сціслым значэнні, таксама тых, хто меў няшчасце трапіць у цяжкі грэх, бо і яны асвячаны святым хростам і застаюцца ў сувязі з Хрыстом, галавою Касцёла, у Якім знаходзіцца паўната справядлівасці і святасці. Хоць самі яны ў адносінах да містычнага Цела з’яўляюцца яго паралізаванымі членамі, аднак, належачы да адзінага святога Касцёла, яны пакліканы да святасці: “Вы ж — выбраны род… народ святы” (1 П 2:9).

Усе члены Каталіцкага Касцёла (злучаныя паміж сабою еднасцю святых), якія ўжо дайшлі да сваёй мэты і радуюцца агляданнем Бога ў вечнай славе, складаюць Касцёл трыумфуючы; тыя, хто ўсё яшчэ ў чысцы выплачвае доўг Божай справядлівасці, складаюць Касцёл церпячы; а тыя, хто жыве на гэтай зямлі сярод цярпенняў і прыгодаў выгнання і змагаюцца супраць непрыяцеляў збаўлення дзеля веры і справядлівасці, складаюць Касцёл ваюючы.

Аднак гэтыя тры Касцёлы, якія адрозніваюцца паміж сабою толькі сваім цяперашнім станам, ствараюць па сутнасці адзіны Касцёл, толькі адно містычнае Цела, якое мае сваім нябачным галавою Хрыста Пана, ажыўляецца Яго Боскім Духам і дзейнічае пад Яго ўплывам. Але, калі разглядаць толькі членаў ваюючага Касцёла, то і яны паміж сабою злучаны наймацнейшай сувяззю, якой не могуць аслабіць ані далёкая адлегласць, ані адрозненне моваў, ані разнастайнасць традыцый і звычаяў, таму што, згодна са словамі святога апостала, “няма ні чужаземца, ні скіфа, ні нявольніка, ні свабоднага, але ўсё і ва ўсім – Хрыстус” (Клс 3:11).

Еднасць святых з’яўляецца каштоўным плёнам гэтай сціслай сувязі, а хутчэй гэтага дасканалага адзінства, выкліканага духам Езуса Хрыста, які ажыўляе ўвесь Касцёл; той еднасці, аб якой Богачалавек напярэдадні смерці прасіў свайго Айца Нябеснага для сваіх верных: “За іх прашу… каб усе былі адно, як Ты, Ойча, ува Мне, і Я ў Табе, каб і яны былі ў Нас… Я ў іх, а Ты ўва Мне. Каб былі з’яднаныя ў адно” (Ян 17:21, 23). Таму Касцёл, у якім усё з’яўляецца адзінствам альбо адносіцца да таго ж адзінства, з’яўляецца верным адлюстраваннем і жывым вобразам Божай еднасці, згодна са словамі вялікага апостала народаў у пасланні да Эфесцаў (4:3–6): “[Старайцеся] захаваць еднасць духа ў саюзе спакою. Адно цела і адзін дух… Адзін Пан, адна вера, адзін хрост, адзін Бог і Айцец усіх”. Такая вось гэтая цудоўная еднасць у Каталіцкім Касцёле.

Але гэтая еднасць святых яшчэ больш каштоўная для нас з той прычыны, што мы, з’яўляючыся ў стане ласкі жывымі членамі Касцёла, альбо містычнага Цела Езуса Хрыста, маем, па-першае, непасрэдны ўдзел ва ўсіх яго духоўных дабротах (напрыклад, у ахвярах святой Імшы, у святых сакрамэнтах, у публічных набажэнствах і г. д.), якія, з’яўляючыся яго скарбам і інструментамі, адначасова звязанымі з яго істотай, у выніку еднасці святых становяцца ўдзелам кожнага члена паасобку. Таму ў пэўным значэнні мы маем удзел у заслугах усіх справядлівых людзей, якія, як і мы, з’яўляючыся членамі Касцёла, супрацоўнічаюць дзеля дабра і карысці ўсяго містычнага Цела Хрыста, падобна як і кожны паасобны член у целе чалавека. Па гэтай прычыне св. апостал Павел часта ў гэтым сэнсе карыстаецца параўнаннем членаў Касцёла з членамі чалавечага цела, напрыклад, пішучы да Рымлянаў (12:5), да Карынцянаў (1 Кар 12:27), да Эфесцаў (1:22-23), а св. Тамаш выказваецца пра гэтую праўду наступным чынам (Opusc. 7): “Як у чалавечым целе дзейнасць кожнага члена паасобку прычыняецца да дабра ўсяго цела, так і ў містычным Целе Хрыста, гэта значыць у святым Касцёле, духоўнае дабро аднаго чалавека становіцца ўдзелам іншага, бо ўсе вернікі ствараюць адзінае містычнае Цела”. Акрамя таго, св. Павел піша да Рымлянаў: “Мы, многія, складаем адно цела ў Хрысце, а паасобку адзін для аднаго — члены” (Рым 12:5). Адным словам, еднасць святых у Касцёле Божым з’яўляецца адной з праўдаў веры, якую нам пакінулі ў спадчыну святыя апосталы.

Вось так трэба разумець гэтую дзівосную лучнасць у містычным Целе святога Касцёла. Сваімі малітвамі, пакутнымі ўчынкамі, дбаннем аб збаўленні душаў і хрысціянскай міласэрнасцю кожны вернік робіць унёсак у дабро ўсяго Касцёла і кожнага члена паасобку; а таму, молячыся за самога сябе, ён у пэўным сэнсе моліцца за кожнага; ягоная сіла духа становіцца ўдзелам усіх слабых, а ў багацці ягоных духоўных дабротаў удзельнічаюць іншыя патрабуючыя, якія яднаюцца з ім вузлом любові ці асвячальнай ласкі [1].

Больш за тое, у выніку Божай пастановы праз заслугоўваючыя ўчынкі, гэта значыць праз выкананне пакутных учынкаў з цярплівасцю і пакорай, адзін чалавек можа прыносіць сатысфакцыю за грахі іншага, і так мы можам узаемна адзін за аднаго расплачвацца перад Божай справядлівасцю за зямныя кары, якія мы заслужылі [2].

Гэтым спосабам, праз узаемны саўдзел вернікаў у духоўных дабротах мы носім, паводле словаў святога апостала, “цяжары адзін аднаго” (Гал 6:2). А ці не той жа апостал кажа ў пасланні да Каласянаў (1:24): “Цяпер я радуюся за вас у цярпеннях і дапаўняю недахоп у маім целе пакутаў Хрыста за Ягонае цела, якім ёсць Касцёл”? Паводле разумення св. Аўгустына, св. Грыгорыя Вялікага, св. Анзэльма і св. Тамаша, гэтыя словы азначаюць: “Я ахвярую свае цярпенні за членаў Хрыстовага Касцёла, каб мука Езуса Хрыста была ім на карысць”. “Усе мы ствараем адно цела, — кажа св. Ян Хрызастом (гамілія 41 на 1 Кар), — хоць адзін член можа пераўзыходзіць іншыя. Таму цалкам магчыма, што малітвы, ахвяры і просьбы аднаго выпрошваюць поўнае прабачэнне іншым”.

З найстаражытнейшых часоў святы Касцёл верыў, што моцай еднасці святых вернікі могуць дапамагаць адзін аднаму, а менавіта ў тым значэнні, што сапраўды адны могуць сплачваць часовыя кары, заслужаныя іншымі [3]. Рымскі катэхізіс кажа [4]: “Трэба праслаўляць незразумелую дабрату і міласэрнасць Бога і бясконца дзякаваць Яму за тое, што Ён прыйшоў на дапамогу людской слабасці, дазваляючы, каб адзін мог прыносіць сатысфакцыю за віну іншага… Тыя, хто знаходзіцца ў Божай ласцы, могуць адпакутаваць тое, што іншы павінен Божай справядлівасці”.

Менавіта таму, паводле сведчання Тэртуліяна, св. Кіпрыяна і іншых, у часы пераследу неаднойчы пастыры святога Касцёла адпускалі публічным грэшнікам і пакутнікам частку вялікай пакуты па просьбе вызнаўцаў, якіх з вялікай імавернасцю чакала пальма мучаніцкай смерці. Такое прабачэнне астатку кары ўдзялялася тым, хто, паводле законаў Касцёла, быў абавязаны яе адпакутаваць, з увагі на бясконцую адплату і заслугі Хрыста Пана і на цярпенні будучых мучанікаў.

На гэтым скончым з еднасцю святых; гэтага дастаткова для разумення гэтай праўды веры.


[1] Гэтыя бясцэнныя плёны еднасці святых ва ўсёй паўнаце дастаюцца толькі жывым членам Касцёла, гэта значыць тым, хто праз любоў альбо асвячальную ласку застаюцца ў жывой сувязі з Хрыстом, галавою Касцёла. Але і грэшнікі не цалкам выключаныя з гэтай еднасці святых; наадварот, малітвы і добрыя ўчынкі справядлівых вельмі ім дапамагаюць. Дзейнічае гэта так, што Бог пераважна з увагі на гэтыя ўчынкі дае ім ласку навяртання, гэта значыць вяртае ім жыццё ласкі. Гэта нібы ратаўнічая дошка, пададзеная рукамі хрысціянскай любові братам, якія пацярпелі караблекрушэнне на дарозе цноты. Аднак тыя, што вырваліся з-пад паслухмянасці святому Касцёлу і адступілі ад адзінства ягонай веры (як, напрыклад, ерэтыкі, схізматыкі, адшчапенцы і ўсе іншыя выключаныя з еднасці са святым Касцёлам), як асобы, аддзеленыя ад гэтага містычнага Цела, не маюць удзелу ў гэтых спрыяльных для навяртання сродках, якімі ўсё яшчэ могуць карыстацца члены Касцёла, паралізаваныя толькі ў выніку смяротнага граху. Гэта няшчасныя авечкі, выдадзеныя на здабычу драпежным ваўкам. Аднак і яны, калі толькі захочуць, могуць вярнуцца да еднасці са святым Касцёлам, які горача жадае іхняга вяртання, а Пан Бог літасціва адкрывае перад імі крыніцы сваёй міласэрнасці, як Ён робіць гэта для ўсіх, нават для няверных. Таму ў Вялікую Пятніцу, у той дзень, калі Хрыстус Пан праліў сваю Найсвяцейшую Кроў дзеля збаўлення ўсіх, Касцёл Божы моліцца таксама за ерэтыкоў, схізматыкаў, жыдоў і язычнікаў.

[2] Кожны добры ўчынак справядлівага, такі як міласціна, пост і г. д., мае двайную, а насамрэч трайную вартасць: як сатысфакцыя, як заслуга і як выпрошванне дабротаў. З прычыны нашай сапсаванай першародным грахом прыроды кожны добры ўчынак даецца нам з цяжкасцю, і таму называецца пакутным учынкам. Так навучаюць святыя Айцы, абапіраючыся на Святое Пісанне. Гэта таксама сцвярджае св. Кіпрыян (Libro de lapsis) і, кажучы пра пакутныя ўчынкі, выразна дадае напрыканцы: “Хто прыносіць Богу такую сатысфакцыю, той не толькі выпрошвае сабе прабачэнне кары, але і карону”. Далей: даказана, што кожны звышнатуральны ўчынак, здзейснены ў стане ласкі, дае нам заслугу вечнага жыцця; але, напэўна, гэты ўчынак не страчвае сваёй вартасці, калі Пан Бог прымае яго як сатысфакцыю за заслужаную кару; таму той самы ўчынак можа быць і заслугай, і сатысфакцыяй. Калі я малюся за каго іншага, я магу гэтай малітвай выпрасіць для яго якую-небудзь асаблівую ласку, не страчваючы пры гэтым заслугі і ўзнагароды, звязанай з гэтым ўчынкам; такім чынам, мая малітва будзе заслугоўваючым учынкам і разам з тым выпрасіць ласку для іншых. Чаму ж тады мая малітва не магла б быць адначасова заслугай і сатысфакцыяй, калі я малюся з намерам прынясення сатысфакцыі за іншых? Таму што добрая справа, якая з’яўляецца заслугоўваючай, не можа быць прыпісана камусьці іншаму, бо заслуга ўчынку незваротна належыць таму, хто гэты ўчынак выканаў і ім выслужыў сабе ўзнагароду. Таму ніхто не можа перанесці на іншага чалавека заслугі сваіх добрых учынкаў, бо “кожны атрымае ўзнагароду сваю паводле працы сваёй” (1 Кар 3:8), але што датычыцца сатысфакцыі, якая не з’яўляецца нічым іншым, як цярпеннем за кару альбо адпакутаваннем віны, яе можна саступіць і прыпісаць іншаму настолькі, што потым вельмі слушна можна будзе сказаць, што той іншы сапраўды прынёс сатысфакцыю за свае грахі.

[3] S. Thom., Quodlib. II, qu. 8, a. 16.

[4] Catech. Rom., p. II, de Sacram. Poenit., cap. 5, qu. 61.


Выданне: Ks. Augustyn Arndt TJ. Odpusty. Podręcznik dla duchowieństwa i wiernych. Kraków, 1890.
Ілюстрацыя
: Франсуа-Марыус Гранэ, Сялянка купляе адпуст, 1825.

Пакінуць каментар

Scroll Up