З кнігі A. Fortescue, The Ceremonies of the Roman Rite Described (1943), раздз. VI “Ціхая Імша, якую служыць святар”

Калі ніхто, акрамя цэлебранта, не прымаў святую Камунію, то ён, як толькі выпіў Найдаражэйшую Кроў, нахіляе келіх над алтаром у бок прыслугоўваючага на баку Паслання. Тым часам, усё яшчэ трымаючы патэну, ён кладзе левую руку на карпарал. Прыслугоўваючы ўлівае ў келіх віно для абмывання. У гэты час цэлебрант прамаўляе малітву “Quod ore sumpsimus” і г. д.

Quod ore súmpsimus, Dómine, pura mente capiámus: et de munere temporáli fiat nobis remédium sempitérnum. Што мы вуснамі спажылі, няхай прымем чыстым розумам, і з дару часовага няхай будзе нам лек на вечнасць.

Ён можа даць прыслугоўваючаму знак, што віна дастаткова, прыпадняўшы келіх. Колькасць віна пры гэтым абмыванні павінна быць прыблізна роўнай колькасці віна, узятага для кансэкрацыі. Святар акуратна абарочвае келіх, каб віно сабрала ўсе кроплі Найдаражэйшай Крыві ў келіху. Затым ён выпівае віно, выкарыстоўваючы той самы бок келіха, з якога ён прымаў Камунію, левай рукой трымаючы патэну пад падбародкам, але не робячы знака крыжа і нічога не кажучы. Ён кладзе патэну на карпарал бліжэй да левага боку і ставіць келіх на цэнтр. Цяпер ён кладзе вялікія і ўказальныя пальцы над чашай келіха і бярэ келіх астатнімі пальцамі. Ён ідзе на бок Паслання, ставіць там келіх на алтар, усё яшчэ трымаючы яго, як дагэтуль. Спачатку прыслугоўваючы налівае праз пальцы цэлебранта ў келіх крыху віна, а затым ваду. Наліваць трэба больш вады, чым віна. Тым часам цэлебрант кажа малітву “Corpus tuum, Domine” і г. д.

Corpus tuum, Dómine, quod sumpsi, et Sanguis, quem potávi, adhaereat viscéribus meis: et præsta; ut in me non remáneat scélerum mácula, quem pura et sancta refecérunt sacraménta: Qui vivis et regnas in saecula sæculórum. Amen. Цела Тваё, Пане, якое я спажыў, і Кроў, якую выпіў, няхай прыліпне да нутра майго; і дай, каб ува мне не засталося заганы грахоўнай, якога чыстыя і святыя аднавілі сакрамэнты. Які жывеш і валадарыш на вякі вечныя. Амэн.

Калі іншыя пальцы таксама дакраналіся да Найсвяцейшага Сакрамэнту, іх таксама трэба ачысціць, паліўшы іх віном і вадою. Цэлебрант ставіць келіх на алтар на баку Паслання каля карпарала, але не на ім, крыху абцірае над ім пальцы, затым бярэ пурыфікатар і высушвае іх. Ад гэтага моманту ён больш не трымае вялікія і ўказальныя пальцы злучанымі. Ён трымае пурыфікатар у левай руцэ пад падбародкам, бярэ келіх правай рукою і выпівае вадкасць, нічога не кажучы. Затым, паставіўшы келіх на алтар, ён левай рукою бярэ яго за ножку [1], а правай старанна выцірае яго пурыфікатарам.

Ён ставіць келіх каля карпарала на баку Евангелля, кладзе на яго пурыфікатар, як ён ляжаў напачатку Імшы, а затым патэну і палу. Ён бярэ карпарал, складвае яго і кладзе назад у бурсу. Ён накрывае келіх вэлюмам, затым кладзе зверху бурсу (адкрытым бокам ад сябе). Ён ставіць келіх на сярэдзіну алтара і глядзіць, каб вэлюм цалкам закрываў яго спераду. Калі на вэлюме ёсць арнамент альбо крыж, ён павінен быць спераду.

[1] Найбольш зручны спосаб зрабіць гэта — узяць ножку паміж другім і трэцім пальцамі, а усе астатнія пальцы размясціць звонку чашы келіха.

Пакінуць каментар