У пачатку сваёй кнігі кс. Арндт распавядае пра сутнасць такой рэчы, як адпуст, абапіраючы свае разважанні на вучэнне Касцёла, паводле якога кожны грэх не толькі абражае Бога, цягнучы за сабою віну, але за яго таксама належыцца і пакаранне, альбо кара. У сакрамэнце споведзі мы атрымліваем прабачэнне віны цяжкіх і штодзённых грахоў, а вечная кара ў пекле за цяжкія грахі замяняецца на меншую зямную кару. Такім чынам, пасля споведзі мы ўжо паяднаныя з Богам, але за намі застаюцца яшчэ зямныя кары, якія мы павінны адпакутаваць альбо на зямлі, альбо ў чысцы.

А ці не мог бы Бог адпусціць нам таксама і кары? Мог бы, але не робіць гэтага, бо не хоча даваць нам усяго без аніякага высілку з нашага боку. Альбо, як гэта сфармуляваў Трыдэнцкі сабор:

Пасуе таксама Божай дабраце тое, каб Бог не прабачаў нам нашых грахоў без усялякай сатысфакцыі з нашага боку, каб у гэтым мы не шукалі нагоды для занядбоўвання грахоў і да чынення яшчэ горшых грахоў і каб гэтым мы не зрабілі Духу Святому яшчэ большай знявагі, збіраючы сабе Божы гнеў на дзень помсты.

Таму дзеянне Божай дабраты заключаецца не ў тым, каб прабачыць нам усё і адразу, а каб паставіць нас на шлях выхавання і ўдасканалення. Але і тады Бог не пакідае нас, разумеючы, што мы робім так шмат грахоў, што самастойна кампенсаваць належныя за іх кары нам не ўдасца. І Ён прыходзіць нам на дапамогу з адпустамі, якія дапамагаюць больш эфектыўна прыносіць сатысфакцыю Божай справядлівасці.

* * *

Выраз indulgentia, якім літургічная мова акрэслівае значэнне адпусту, паходзіць ад лацінскага слова indulgere. Касцёльныя і свецкія аўтары надавалі яму разнастайныя, але па сутнасці блізкія значэнні. У звычайным разуменні гэты дзеяслоў азначае “паступаць з любоўю і паблажлівасцю, з апярэджваючай дабратою, лагоднасцю, увогуле прабачаць” [1]. Гаспадар, які надзяляе свабодай свайго слугу-бунтаўніка; крэдытор, які прабачае частку доўгу свайму даўжніку; пастух, які, знайшоўшы згубленую авечку, не выказвае сваю незадаволенасць, а на сваіх плячах адносіць яе ў аўчарню, — усе яны адзначаюцца паблажлівасцю (indulgentia). У касцёльнай мове слова “адпуст” таксама азначае ўчынак міласэрнасці, паблажлівасці, нейкае дазволенае Касцёлам прабачэнне, памілаванне, адпушчэнне. Найдаўнейшыя каталіцкія саборы і Айцы святога Касцёла першых стагоддзяў часта выкарыстоўвалі выразы pax (εἰρήνη), remissio, donatio альбо condonatio — спакой, адпушчэнне, дараванне, прабачэнне; па сутнасці, гэтыя выразы азначалі тое, што мы сёння называем адпустам. Айцы Трыдэнцкага сабору (сесія XXV, Decr. De Indulg.) выкарыстоўваюць выраз “insigne hoc indulgentiarum nomen” — “пачэсная назва індульгенцый”, гэта значыць рэч вялікай важнасці.

На чым жа засноўваецца гэтая паблажлівасць? Што з’яўляецца істотай гэтага міласэрнага адпушчэння? Гэтая справа патрабуе пэўнага тлумачэння, якое можна найлепш зразумець, прыгадаўшы некаторыя праўды веры.

Першая праўда: кожны грэх, як штодзённы, так і смяротны, мае два смутныя наступствы: віну і кару. Віну — бо абраза, нанесеная Богу грахом, робіць чалавека аб’ектам Божай непрыхільнасці; а кару — у тым сэнсе, што Пан Бог нават пасля адпушчэння віны можа справядліва пакараць грэшніка. Смяротны грэх з’яўляецца цяжкай абразай Бога; ён цалкам разрывае сувязь, якая лучыць нас з Богам як нашым Творцам, канчатковай мэтай і нашым найбольшым дабром, а таксама ён пазбаўляе нас асвячальнай ласкі, якая з’яўляецца жыццём нашай душы і яе найпрыгажэйшай аздобай; акрамя таго, ён забірае ў нас Божую прыхільнасць. Адпаведная яму кара — гэта кара пекла без найменшай палёгкі і надзеі прабачэння. Штодзённы грэх не разбурае Божай прыхільнасці цалкам, аднак ён парушае найдасканалейшыя і найсціслейшыя прыхільныя адносіны паміж Богам і чалавекам; ён зацямняе прыродную прыгажосць душы, і хоць ён не заслугоўвае вечнай кары, аднак канчатковым яго наступствам з’яўляецца зямная кара. Святы Трыдэнцкі сабор выдае наконт гэтага наступную пастанову: “Хоць святыя і справядлівыя ў гэтым жыцці часам трапляюць у штодзённыя грахі, яны не перастаюць з-за гэтага быць справядлівымі” (сесія VI, раздз. 2). Годна прынятае сакрамэнтальнае адпушчэнне грахоў паядноўвае грэшніка з Богам, знішчаючы віну, гэта значыць абразу Бога, якая заключаецца ў смяротным граху, і замяняючы заслужаную кару на меншую [2]. Гэтыя збаўчыя наступствы ласкі грэшнік можа таксама асягнуць заўсёды і ўсюды праз абуджэнне акту дасканалай скрухі альбо дасканалай любові да Бога, калі пры гэтым ён прынамсі implicite (уключна з гэтым) мае гарачае прагненне прыступіць да споведзі, калі толькі прадставіцца такая магчымасць (Св. Трыдэнцкі сабор, сесія XIV, раздз. 4). Бясконцая падзяка няхай будзе за гэта нашаму Пану, міласэрнасць Якога не мае межаў; аднак мы не павінны забывацца, што нават тыя грахі, якія мы знішчылі актам сапраўднага жалю, трэба вызнаць на споведзі. Віну, гэта значыць абразу Бога, заключаную ў штодзённых грахах, святарскае адпушчэнне знішчае падобным чынам, калі наш жаль падчас споведзі распаўсюджваецца і на іх [3]. Аднак яна можа быць знішчана і па-за сакрамэнтам пакуты праз акт дасканалага жалю альбо іншыя ўчынкі хрысціянскай пабожнасці і любові, напрыклад, праз пабожны ўдзел у святой Імшы, праз прамаўленне Малітвы Панскай, пабожнае карыстанне сакрамэнталіямі [4] і г. д., бо яны выпрошваюць нам ласкі ў Бога альбо абуджаюць у нас асаблівае пачуццё любові да Бога і дасканалай скрухі, і тым самым выклікаюць у душы ўмовы, неабходныя для атрымання адпушчэння грахоў.

Другая праўда: прымаючы сакрамэнтальнае адпушчэнне грахоў альбо абуджаючы акт дасканалай любові да Бога, грэшнік можа з дапамогай Божай ласкі зрабіцца здольным на такую дасканалую скруху аб сваіх грахах альбо на такую гарачую любоў да Бога, што Бог яму прабачыць цалкам не толькі віну, але і ўсе заслужаныя ім кары [5], гэта значыць зямныя і вечныя, падобна як пры святым хросце ці мучаніцкай смерці. Зазвычай, аднак, здараецца, што апраўданне грэшніка не суправаджаецца поўным прабачэннем караў, заслужаных у вачах Божай справядлівасці. Несумненнай праўдай з’яўляецца тое, што Бог, прымаючы грэшніка назад у сваю ласку і прыхільнасць, у той самы час адпускае яму вечную кару пекла, гэта значыць выракаецца права, якім справядліва можа карыстацца: навечна асудзіць грэшніка за смяротны грэх, але ў той жа час ён пакідае яму цярпець зямныя кары, у чым праяўляецца найлепшы і найвідавочнейшы доказ Божай мудрасці і Яго бясконцай міласэрнасці. Святы Трыдэнцкі сабор навучае нас (сесія XIV, раздзел 8), што Бог не заўсёды і не ўсе кары прабачае разам з віною, і таму ёсць наступная прычына: “Істотным здаецца тое, што Божая справядлівасць патрабуе, каб тыя, хто перад святым Хростам па няведанні зграшылі, інакш прымаліся ў ласку, чым тыя, што ўжо аднойчы былі вызвалены з няволі граху і шатана і напоўнены дарамі Духа Святога, але нягледзячы на гэта не пабаяліся потым свядома зняважыць Божы Касцёл і засмуціць Духа Святога. Пасуе таксама Божай дабраце тое, каб Бог не прабачаў нам нашых грахоў без усялякай сатысфакцыі з нашага боку, каб у гэтым мы не шукалі нагоды для занядбоўвання грахоў і да чынення яшчэ горшых грахоў і каб гэтым мы не зрабілі Духу Святому яшчэ большай знявагі, збіраючы сабе Божы гнеў на дзень помсты”. Святы Аўгустын кажа: “І тых грахоў, што прабачаеш, Ты, Пане, не пакідаеш без пакарання” [6]. Шмат прыкладаў са Святога Пісання пацвярджае гэтую праўду, якую зрэшты і Святы Трыдэнцкі сабор у іншых месцах ясна сфармуляваў і акрэсліў [7]. Калі кароль Давід цяжка зграшыў, дапусціўшы чужалоства і забойства, прыйшоў да яго прарок Натан і прадставіў яму ясна ягоны грэх, у той самы час нагадваючы яму пра тыя вялікія і бясконцыя ласкі і даброты, якімі адарыў яго Бог. Давід зразумеў зло, якое ўчыніў, і ў скрусе і пакоры прызнаў цяжар сваёй віны. На гэта прарок адказаў яму: “Пан дараваў табе грэх твой”, але таксама распавёў яму пра зямныя кары, якія Бог пашле на яго з-за тых жа грахоў, а менавіта што памрэ ягоны сын, які народзіцца з граху, і што таксама іншыя няшчасці здарацца з яго сям’ёю; і гэта спраўдзілася. (Пар. 2 Сам 12:13-14).

Трэцяя праўда: належная за дадзены грэх кара, якая засталася пасля прабачэння віны [8], павінна быць адпакутавана альбо ў гэтым жыцці пры дапамозе ўчынкаў сатысфакцыі, альбо ў будучым жыцці праз чысцовыя кары (так кажа Трыдэнцкі сабор, сесія XIV, раздз. 9) [9].

Справамі і заслугамі, якімі мы можам у гэтым жыцці адпакутаваць кары, што суправаджаюць нашыя грахі, паводле акрэслення Трыдэнцкага сабору, з’яўляюцца: 1. Дабравольна прынятыя на сябе пакутныя ўчынкі; 2. Пакута, якую дае нам святар у сакрамэнце пакуты; 3. Усе кары, якія абрушваюцца на нас па Божай волі: хваробы, зямныя цярпенні і г. д., калі мы зносім іх цярпліва і з паслухмянасцю Божай волі. Такімі справамі, непрыемнымі для нашай прыроды, “мы можам прынесці сатысфакцыю Богу Айцу праз Езуса Хрыста, у Якім мы жывем і дзякуючы Якому мы можам збіраць заслугі і прыносіць сатысфакцыю, даючы годныя плёны пакаяння”. Гэтымі апошнімі словамі той жа Сабор дае нам зразумець, што, каб нашыя справы маглі прыносіць сатысфакцыю, яны павінны быць выкананы ў стане асвячальнай ласкі, якая робіць нас удзельнікамі жыцця Езуса Хрыста. У іншым выпадку, калі б мы не знаходзіліся ў стане ласкі, то ўсе нашыя ўчынкі страцілі б перад Богам сваю сатысфакцыйную вартасць, бо, як кажа Анельскі доктар (Suppl. III, qu. 14, a. 2), Бог ад такой душы іх не прыме. Аднак на падставе гэтага сцвярджэння не варта думаць, што ўчынкі, зробленыя ў стане смяротнага граху, для нас не нясуць карысці, таму што Богу нічога не кампенсуюць і не зарабляюць нам заслуг для неба. Нягледзячы на гэта яны вельмі карысныя для нас і нават у пэўным сэнсе абавязкова патрэбныя (г. зн. у тым выпадку, калі б Бог у сваёй дабраце з тымі ж учынкамі звязаў ласку навяртання), каб праз іх выпрасіць сабе Божую міласэрнасць і абражанага Пана Бога схіліць да літасці, раззброіць Ягоны гнеў і атрымаць ласку навяртання. Усе ўчынкі, якімі мы можам прынесці Богу сатысфакцыю за нашыя грахі, св. Тамаш (Suppl. III, qu. 15, a. 3) заключае ў межах трох пакутных учынкаў, пералічваючы тут малітву, пост і міласціну. Але да малітвы належыць таксама залічыць разважанне і іншыя духоўныя практыкаванні, такія як пабожнае чытанне, наведванне Найсвяцейшага Сакрамэнту, слуханне святой Імшы і г. д. Пад постам можна разумець таксама разнастайныя ўнутраныя і знешнія ўтаймаванні; а пад міласцінай хаваюцца не толькі ўчынкі міласэрнасці для цела: галоднага накарміць, прагнучага напаіць, голага апрануць, падарожнага прыняць у дом, хворых і вязняў наведаць, раны бліжняга аглядзець, памерлага пахаваць, але таксама і ўсе ўчынкі міласэрнасці для душы: тых, хто не ведае, навучыць, грэшнікаў на добрую дарогу наставіць, засмучаных суцешыць, тым, хто сумняваецца, даць добрую параду, несправядліва пераследаваных абараніць, слабасці іншых зносіць, крыўду прабачаць, за непрыяцеляў маліцца. З усяго гэтага добра бачна, што кожны добры ўчынак, выкананы ў стане ласкі, мае сатысфакцыйную моц. Таму будзем старанна чуваць над тым, каб нашая душа была пастаянна звязана з Панам Богам вузлом любові, гэта значыць каб мы заўсёды трывалі ў стане Божай ласкі, як найбольш рабілі добрых учынкаў і так знішчылі як мага больш караў за грахі, якія пасля смерці былі б вельмі цяжкімі, а можа, і трывалі б вельмі доўга.

Пры дапамозе пералічаных вышэй праўдаў ужо без вялікіх намаганняў мы набліжаемся да паняцця адпусту. Уявім сабе, што хтосьці меў няшчасце абразіць Бога. Калі гэта быў смяротны грэх, а віна, гэта значыць абраза, учыненая Божай Велічы, была цяжкай, то гэты чалавек страціў асвячальную ласку і заслужыў вечную кару. Калі ж гэта быў штодзённы грэх, то ён насамрэч не разарваў прыхільнасці паміж гэтай душою і Богам, аднак пацягнуў за сабою зямную кару. У першым выпадку сакрамэнт пакуты альбо акт дасканалага жалю знішчае абразу, учыненую Богу, яднае грэшніка з Творцам і адпускае вечную кару. Аднак на месца той вечнай кары, якую грэшнік заслужыў, пасля яе адпушчэння прыходзіць, паводле патрабаванняў справядлівасці, як мы сказалі вышэй, кара зямная, якую грэшнік, хоць ён ужо і паяднаўся з Богам, павінен адпакутаваць альбо ў гэтым жыцці пры дапамозе пакутных учынкаў, альбо ў наступным жыцці ў чысцовым агні (гл. Трыдэнцкі сабор, сесія VI, кан. 30 і сесія XIV, кан. 12 і 13). І менавіта гэтую зямную кару адпускае нам Бог дзякуючы моцы адпустаў, што насамрэч з’яўляецца вялікім і недаацэненым дабрадзействам, якое, як кажа кс. Бурдалу [10], можа выклікаць зайздрасць усяго пекла да роду людскога. Кажучы коратка, адпуст — гэта не што іншае, як адпушчэнне зямной кары. У тую самую хвіліну, калі хрысціянін праз грэх адыходзіць ад Бога, Бог мог бы цалкам справядліва і ўзаемна пакінуць яго і з усёй суровасцю аддаць яго на суд сваёй няўмольнай справядлівасці. Аднак Бог так не робіць; Ён кажа грэшніку: “Навярніся да Мяне, і так адвернеш ад сябе стрэлы Маёй помсты”. Але і гэтага недастаткова, бо нават з пункту гледжання пакуты, якая сама па сабе патрабавала б ад грэшнай душы доўгай і цяжкай сатысфакцыі, Пан Бог адмаўляецца ад сваіх правоў і праз пасрэдніцтва свайго святога Касцёла [11] прапануе ёй свае адпусты, каб дапоўніць тое, чаго не хапае яе кампенсацыі [12], каб такім чынам аблегчыць ёй поўнае адпакутаванне грахоў, а тым самым (калі можна так сказаць) давесці яе апраўданне да дасканаласці.

Таму адпуст не з’яўляецца адпушчэннем грахоў; ён не адпускае ані смяротныя грахі, ані штодзённыя, і нават не знішчае вечнай кары; ён таксама не апраўдвае душу, а наадварот, наступае толькі пасля яе апраўдання [13].

Па сваёй сутнасці, адпуст з’яўляецца адпушчэннем зямных караў, якія, паводле Божай справядлівасці, грэшнік яшчэ павінен адпакутаваць за ўжо адпушчаныя (у сэнсе віны і вечнай кары) грахі. Адпуст, альбо гэтае адпушчэнне зямных караў, дзейнічае такім чынам, што заслугі Хрыста Пана і Яго святых, якія знаходзяцца ў скарбніцы Касцёла, прыпісваюцца нам па-за межамі сакрамэнту пакуты моцаю Пятровых ключоў, гэта значыць пасрэдніцтвам тых, хто мае ўладу чэрпаць са скарбаў святога Касцёла.

Каб ясна растлумачыць гэтае апошняе сцвярджэнне, найперш засяродзімся на падставах адпусту, альбо, іншымі словамі, на крыніцы яго эфектыўнасці.


[1] “(Dominus) misit me, ut praedicarem captivis indulgentiam”, — кажа прарок (Іс 61:1). А ў св. Лукі (4:19) Збаўца, цытуючы гэты верш, паўтарае яго наступным чынам: “Misit me praedicare captivis remissionem”.

[2] Triplex fit poenae condonatio, ut sic currat misericordia cum justitia, et in quolibet est commutatio majoris in minus. Unde poena aeterna primo mutatur in temporalem in remissione culpae; secundo, temporalis magna et supra vires in poenam competentem viribus commutatur in sacerdotis absolutione; tertio vero commutatur poena, ad quam tenetur judicio Ecclesiae, adhuc in minorem in relaxatione, et pro alio residuo merita Ecclesiae satisfaciunt, ita quod in nullo praejudicatur justitiae (S. Bonaventura in libr. IV, sent. dist. 20, part. 2, art. 1, qu. 2).

[3] Трыдэнцкі сабор, сесія XIV, раздз. 5; св. Тамаш, IV, sent. dist. 16, qu. 2, quaest. 4.

[4] У Каталіцкім Касцёле існуюць цырымоніі, альбо святыя абрады, якія называюцца сакрамэнталіямі (sacramentalia). Гэтая назва надаецца некаторым цырымоніям не таму, што яны маюць месца падчас здзяйснення сакрамэнтаў, а з-за падабенства, якое яны з імі маюць. Назву сакрамэнталій даюць як цырымоніям, якія суправаджаюць здзяйсненне святых сакрамэнтаў, так і іншым пабожным звычаям, напрыклад, акрапленню святой вадою, спажыванню благаслаўлёнага хлеба, нашэнню пры сабе пэўных благаслаўлёных прадметаў, прамаўленню “паўсюднай споведзі” (Confiteor), касцёльным благаслаўленням і г. д. Падобна як і святыя сакрамэнты, яны маюць падвойную мэту: праслаўленне Бога, памнажэнне пабожнасці і пашаны пры Божай службе, а таксама выпрошванне дабрадзействаў для людзей. Што да другой мэты, то трэба цвёрда верыць у тое, што праз сакрамэнталіі нельга атрымаць дабрадзействы непасрэдна і безумоўна, як гэта адбываецца ў выпадку святых сакрамэнтаў (як кажуць тэолагі, ex opere operato: моцай здзейсненай справы), а толькі моцай малітвы ад імя святога Касцёла, якая прамаўляецца з яго рэкамендацыі ягоным жа ўстаноўленым для гэтага слугою, бо такія малітвы маюць вялікую моц у Божага Сэрца. А таму наступствы сакрамэнталій залежаць ад разнастайнай і характэрнай для іх прыроды і ад той мэты, дзеля якой Касцёл іх устанавіў. У цэлым, іх наступствы можна акрэсліць наступным чынам: сакрамэнталіі даюць нам: 1. Асаблівыя ласкі і абуджаюць у душы пабожныя прагненні, напрыклад, сапраўдную скруху і яе збаўчыя наступствы; 2. Прабачэнне штодзённых грахоў; 3. Адпушчэнне пэўнай часткі зямных караў; 4. Трымаюць нас здалёк ад шатана і яго шкоднага ўплыву; 5. Часта даюць нам здароўе і іншыя зямныя даброты.

[5] Св. Тамаш, Сумма тэалогіі, III, qu. 86, art. 5.

[6] Enarr. in Ps. 50, n. 11.

[7] Сесія XIV, раздз. 8, кан. 12 і 15.

[8] Гэтымі зямнымі карамі з’яўляюцца альбо натуральныя наступствы граху, якія Бог на падставе натуральных законаў далучыў да пэўных грахоў, альбо гэта такія цярпенні, якія Бог прызначае кожнаму паасобнаму граху паводле ступені віны і абразы Божай Велічы, аднаму Яму вядомай. На натуральных наступствах граху тут засяроджвацца не будзем, хоць і яны, прынятыя і знесеныя ў духу пакуты, з’яўляюцца збаўчымі і могуць скараціць для грэшніка іншыя кары, якія б ён павінен быў адпакутаваць. Але другі від зямных караў, якія Бог апрача тых жа накладае на грэшніка, чалавек, згодна з Божай воляй, павінен зносіць наступным чынам: прыняць пакутныя ўчынкі, прызначаныя яму намеснікам Хрыста Пана ў сакрамэнце пакуты, а акрамя таго дапоўніць тое, чаго яму не хапае для поўнай сатысфакцыі, пры дапамозе дабравольных пакутных учынкаў, здзейсненых самастойна альбо іншымі людзьмі. Па-простаму мы называем гэта сатысфакцыяй. Хто не прыносіць сатысфакцыю за свае грахі на зямлі, павінен будзе адпакутаваць за іх у чысцы.

[9] Пар. сесія VI, кан. 30.

[10] Кс. Луі Бурдалу (фр. Louis Bourdaloue, 1632–1704) — французскі прапаведнік, член ордэна езуітаў (камент. перакл.)

[11] Тут над назвай “святога Касцёла” маецца на ўвазе Папа, відочны Галава Касцёла, бо толькі ён сам мае неабмежаваную ўладу распараджацца скарбам бясконцых заслугаў Езуса Хрыста і Яго святых. Біскупы і ўсе іншыя іерархі, падпарадкаваныя Папу, могуць надаваць адпусты толькі жывым вернікам (але не памерлым), што знаходзяцца пад іх юрысдыкцыяй, і толькі пасля ўпаўнаважання, атрыманага ад Апостальскай Сталіцы (Bellarmin, de indulg., lib. I, c. 14, n. 8. — Navarri Commentar. de jubilee et indulgentiis, Notabili 22, n. 4).

[12] У 1451 годзе на адным правінцыяльным сінодзе ў Бельгіі кардынал Мікалай Кузанскі, які ўзначальваў гэты сінод у якасці папскага легата, сказаў наступныя словы: “Гэтыя адпусты надаюцца для таго, каб Касцёл з даверанага яму скарбу ласкаў дапоўніў тое, чаго чалавек пасля выканання адпаведнай пакуты яшчэ не здолеў дапоўніць; бо для таго, хто так часта трапляе ў грахі, амаль немагчыма выканаць абсалютна дастатковую пакуту, калі часам за адзін толькі смяротны грэх трэба было б выканаць сямігадовую пакуту”.

[13] Знаходзяцца пэўнага роду адпустовыя лісты, якія згадваюць пра адпушчэнне віны і кары (a culpa et poena), аднак, паводле пастанаўлення Бенедыкта XIV, такі спосаб выказвання належыць прыпісваць прапаведнікам, якія яшчэ перад Трыдэнцкім саборам аб’яўлялі адпусты і пры гэтым збіралі міласціну. Акрамя таго, як дадае Святы Айцец, такая рыторыка яшчэ Клімэнтам V была прызнана неадпаведнай (De Syn. dioec. XIII, c. 18, n. 7). А кардынал Мікалай Кузанскі сцвярджаў, што Апостальская Сталіца ніколі не надавала адпустаў у згаданым значэнні (a culpa et poena) (Chron. Belg. Magn.) Нарэшце, часам выразы “грэх, віна” (peccatum, culpa) выкарыстоўваюцца ў значэнні “кара за грэх” альбо “кампенсацыя за віну”, і гэтым сэнсе яны выкарыстоўваюцца таксама ў шматлікіх месцах Святога Пісання, напрыклад, 2 Мак 12:46, 2 Кар 5:21. Ужо св. Аўгустын у сваім творы “Contra duas epistolas Pelagianorum” (lib. III, cap. VI, n. 16) звяртае ўвагу на тое, што выраз peccatum у Святым Пісанні выкарыстоўваецца ў розных значэннях. У каментары да юбілейнай булы Баніфацыя VIII “Antiquorum habet” ад 22 лютага 1300 года выразна сказана: “грахоў, гэта значыць караў, належных за грэх” (peccatorum id est poenarum pro peccatis debitorum) (Extravagantes Joannis XXII, Paris, 1561, pag. 365). Таму выразы пра тое, што той ці іншы адпуст прабачае нейкую частку грахоў, ні ў якім разе не трэба разумець у сэнсе граху альбо віны, бо мова ідзе толькі пра зямныя кары, якія грэх цягне за сабою, згодна з суровай Божай справядлівасцю. Таму толькі тады належыць лічыць грэх цалкам адпушчаным, калі таксама і кара за яго была скасавана. Нарэшце, у гэтым выразе “a culpa et poena” можна ўбачыць яшчэ адно значэнне, несумненна, вельмі лагічнае. Вось жа кардынал Белармін на абвінавачванне ў тым, што нават Папы ўжывалі такі выраз, адказвае: “Яны выкарыстоўвалі такі выраз з той прычыны, што адпуст па сваёй прыродзе заўсёды спалучаны з прыступаннем да сакрамэнту пакуты, а таму той, хто быў папярэдне ачышчаны ад сваіх грахоў (a culpa) праз сакрамэнт пакуты, адразу ж праз адпуст атрымлівае прабачэнне кары (a poena)” (Пар. Suar. Disp. 50, Sect. 1, n. 14). Аднак жа, каб не дапускаць памылковага разумення гэтых выразаў, Канстанцкі сабор у 1418 годзе, на сесіі 43 скасаваў і адклікаў усе адпусты, формула якіх казала пра адпушчэнне віны і кары (quae dicuntur de poena et culpa, sive de plena remissione) (Пар. Hard. tom VIII, pag. 883). Таксама IV Латэранскі сабор у часы Інакенція ІІІ у 1215 годзе, затым В’енскі сабор у 1311 годзе і, нарэшце, Канстанцкі сабор абмяркоўвалі спосабы супрацьстаяць скандалам, якія выклікалі прапаведнікі адпустаў. Пастанова Трыдэнцкага сабору (сесія ХХІ, раздз. 9) скасавала паўнамоцтвы гэтых прапаведнікаў назаўсёды, а св. Пій V у 1567 годзе булай “Etsi Dominici” адклікаў усе правы і прывілеі, якія ў гэтай сферы былі калісьці ўдзелены.


Выданне: Ks. Augustyn Arndt TJ. Odpusty. Podręcznik dla duchowieństwa i wiernych. Kraków, 1890.
Ілюстрацыя
: Франсуа-Марыус Гранэ, Сялянка купляе адпуст, 1825.

Калі вы знайшлі арфаграфічную памылку, калі ласка, вылучыце яе і націсніце Ctrl+Enter.

Пакінуць каментар