А. Томас Вэйнандзі — гэта брат-капуцын, які раней працаваў старшынёю дактрынальнай камісіі Канферэнцыі біскупаў ЗША. Ён таксама з’яўляецца членам Міжнароднай тэалагічнай камісіі ў Ватыкане. А. Вэйнандзі не знаходзіцца сярод тых, хто падтрымаў сыноўскае выпраўленне, нягледзячы на свае перасцярогі. У інтэрв’ю выданню Crux ён паведаміў, што не лічыць, “што яно нясе тэалагічную карысць і прадстаўлена эфектыўным спосабам”. Як тытулаваны тэолаг з моцнымі поглядамі на іншыя спробы выпраўлення і надта прэстыжнай пасадай, каб яе губляць, а. Вэйнандзі, на першы погляд, не з’яўляецца святаром, ад якога можна чакаць, што ён напіша і апублікуе ліст да Папы з жорсткімі словамі пра “хранічнае замяшанне”, якое той выклікае ў Касцёле.

Аднак ён напісаў. І напісаў вельмі добра.

Ніжэй мы разгледзім змест гэтага ліста, але найбольш мяне захапляе прычына, па якой ён напісаў гэты ліст. У сваёй размове з Crux ён кажа, што патрэба напісаць штосьці ўжо некаторы час круцілася ў ягонай галаве, але ён сумняваўся. Таму ён папрасіў у Бога знаку, але не простага, а неверагодна канкрэтнага знаку:

Вэйнандзі сказаў, што рашэнне напісаць ліст было няпростым і паходзіла з таго, што ён лічыць момантам натхнення.

Па яго словах, гэта адбылося ў маі, падчас візіту ў Рым на сустрэчу Міжнароднай тэалагічнай камісіі. Ён два разы прыходзіў на малітву ў эўхарыстычную капліцу ў базіліцы св. Пятра, стараючыся вырашыць, ці трэба яму выказвацца. Пасярод адной бяссоннай ночы ён фактычна паставіў Богу ультыматум.

“Калі ты жадаеш, каб я напісаў штосьці, ты павінен даць мне ясны знак, — прыгадвае свае словы Вэйнандзі. — Заўтра раніцай я збіраюся памаліцца ў Санта-Марыя-Маджорэ, а затым я іду да святога Яна на Латэране. Пасля гэтага я вяртаюся да святога Пятра, дзе мы паабедаем з маім сябрам-семінарыстам”.

“За гэты перыяд я павінен буду ўбачыць кагосьці, каго я ведаю, але каго не бачыў вельмі доўгі час і каго ніколі б не чакаў у Рыме ў гэтую пару. Гэты чалавек не можа быць са Злучаных Штатаў, Канады ці Вялікабрытаніі. Акрамя гэтага, гэты чалавек павінен сказаць мне: “Працягвай пісаць добрыя рэчы” [Keep up the good writing].

І менавіта гэта, па словах Вэйнандзі, адбылося на наступны дзень, калі ён сустрэў пэўнага арцыбіскупа, якога ён ведаў доўгі час, але не бачыў 20 гадоў. Той павіншаваў яго з кнігай пра Уцелаўленне, пасля чаго сказаў правільныя словы: “Keep up the good writing”.

“У мяне не заставалася аніякіх сумневаў, што Езус хацеў, каб я напісаў штосьці, — кажа Вэйнандзі. — Я таксама лічу важным, што Езус выкарыстаў менавіта арцыбіскупа. Я палічыў гэта апостальскім мандатам”.

Сам ліст пачынаецца наступным чынам (поўны тэкст можна прачытаць тут):

Я пішу гэты ліст з любоўю да Касцёла і шчырай пашанай да вашага служэння. Вы з’яўляецеся Вікарыем Хрыста на зямлі, пастырам Ягонай аўчарні, наступнікам св. Пятра і скалою, на якой Хрыстус збудуе свой Касцёл. Усе каталікі, як духавенства, так і свецкія, павінны глядзець на вас з сыноўскай прыхільнасцю і паслухмянасцю, заснаванай на веры. Касцёл звяртаецца да вас у духу веры, з надзеяй, што вы будзеце кіраваць ім з любоўю.

Аднак, Ваша Святасць, ваш пантыфікат, як здаецца, пазначаны хранічным замяшаннем. Святло веры, надзеі і любові не адсутнічае, але надта часта яно зацемнена неадназначнасцю вашых словаў і ўчынкаў. Гэта прыводзіць да таго, што ў вернікаў узрастае трывога. З-за гэтага падрываецца іх здольнасць любіць, радавацца і жыць спакойна.

Далей ён падае прыклады. Наконт Amoris Laetitia ён кажа, што папскія “настаўленні часамі выглядаюць намерана неадназначнымі, што дазваляе як традыцыйную інтэрпрэтацыю каталіцкага вучэння пра сужэнства і развод, так і тую, якая можа мець на ўвазе змену гэтага вучэння”. Ён працягвае:

Святы Дух дадзены Касцёлу і канкрэтна вам, каб рассейваць памылкі, а не спрыяць ім. Больш за тое, толькі там, дзе ёсць праўда, можа быць сапраўдная любоў, бо праўда — гэта святло, якое вызваляе мужчынаў і жанчын ад слепаты граху, цемра якога забівае жыццё душы. Аднак, здаецца, вы цэнзуруеце і нават высмейваеце тых, хто інтэрпрэтуе раздзел 8 Amoris Laetitia ў згодзе з Традыцыяй Касцёла, называючы іх фарысеямі, якія кідаюць камяні і ўвасабляюць у сабе неміласэрны рыгарызм. Такі паклёп з’яўляецца чужым для прыроды Пятровага служэння.

Другой прычынай яго крытыкі з’яўляецца манера, у якой Папа падыходзіць да веравучэння і якая, па словах а. Вэйнандзі,  “як здаецца, прыніжае” яго важнасць.

Зноў і зноў вы малюеце дактрыну як мёртвую і кніжную, а таксама далёкую ад пастырскіх патрэбаў штодзённага жыцця. Сваіх крытыкаў вы абвінавачвалі ў тым, што яны, кажучы вашымі словамі, рабілі з дактрыны ідэалогію. Але менавіта хрысціянская дактрына — з яе дакладнымі адрознымі рысамі, якія датычацца цэнтральных элементаў веры, такіх як трынітарная прырода Бога, прырода і мэта Касцёла, уцелаўленне, адкупленне, сакрамэнты, — вызваляе людзей ад зямных ідэалогій і забяспечвае тое, што яны сапраўды прапаведуюць і навучаюць аўтэнтычнаму жыццядайнаму Евангеллю.

Па-трэцяе, ён кажа пра прызначэнне Папам біскупаў, якія “не проста выглядаюць адкрытымі да тых, чые погляды супярэчаць хрысціянскай веры, а нават падтрымліваюць і абараняюць іх”. Вэйнандзі кажа, што цішыня Папы перад абліччам учынкаў, якія прадпрымаюцца людзьмі, якіх ён выбраў, стварае “скандал сярод вернікаў і нават некаторых біскупаў”. Ён кажа, што адсутнасць рэакцыі на гэтыя справы “памяншае адданасць” тых, хто абараняў “сапраўднае каталіцкае вучэнне, часта рызыкуючы сваёй уласнай рэпутацыяй і дабрабытам”, і вядзе да таго, што вернікі перажываюць страту даверу “да свайго найвышэйшага пастыра”.

Па-чацвёртае, Вэйнандзі закранае тэму еднасці Містычнага Цела Хрыста. “Вы прызначаны самім Панам спрыяць яго еднасці і ўмацоўваць яго, — піша ён, — але выглядае, што вашыя ўчынкі і словы часта робяцца з супрацьлеглым намерам”. Вэйнандзі кажа пра тое, што Папа заахвочвае “сінадальнасць”, якая дэцэнтралізуе дактрынальнае і маральнае вучэнне Касцёла, што вядзе да замяшання і разладу.

Нарэшце, а. Вэйнандзі закранае тэму атмасферы страху ў Касцёле, калі мова ідзе пра свабоду выказвацца наконт таго, што адбываецца:

Вы часта заахвочвалі, асабліва падчас двух мінулых сінодаў, асобаў, асабліва біскупаў, выказваць свае думкі і не баяцца таго, што можа падумаць Папа. Але ці заўважылі вы, што большасць біскупаў па ўсім свеце захоўвае незвычайнае маўчанне? Чаму так? Біскупы хутка вучацца, і з вашага пантыфікату многія даведаліся не пра тое, што вы адкрыты на крытыку, але пра тое, што вы крыўдзіцеся на яе. Многія біскупы маўчаць, таму што яны жадаюць быць прыхільнымі да вас, і таму яны не выказваюць — прынамсі публічна; іншая справа, прыватна — перасцярогі, да якіх прыводзіць ваш пантыфікат. Многія баяцца, што, калі яны выкажуць сваё меркаванне, іх будуць маргіналізаваць ці нават горш.

Са свайго боку, Вэйнандзі сказаў Crux, што яго не трывожаць наступствы публікацыі гэтай крытыкі. “Я больш непакоюся, — кажа ён, — пра дабро, якое можа зрабіць мой ліст”. Ён сказаў, што прычына, па якой ён вырашыў апублікаваць ліст, заключаецца ў тым, што ён “выказвае перасцярогі шматлікіх іншых людзей, а не толькі мае; звычайных людзей, якія прыходзілі да мяне са сваімі пытаннямі і прадчуваннямі”. У адрозненне ад Папы, а. Вэйнандзі, здаецца, разумее важнасць вырашэння гэтых перасцярог: “Я хачу, каб яны ведалі, што я выслухаў іх”.

Напрыканцы свайго ліста а. Вэйнандзі задае пытанне і робіць вывад пра тое, з чым нам прыходзіцца мець справу:

Я часта задаваў сабе пытанне: “Чаму Езус дазволіў усяму гэтаму здарыцца?” Адзіны адказ, які прыходзіць мне да галавы, гэта тое, што Езус хоча прадэманстраваць, наколькі слабая вера многіх у Касцёле, нават сярод многіх біскупаў. Іроніяй лёсу, ваш пантыфікат даў тым, хто трымаецца шкодных тэалагічных і пастырскіх поглядаў, права і ўпэўненасць, каб выйсці на святло і прадэманстраваць сваю дагэтуль схаваную цемру. Распазнаючы гэтую цемру, Касцёл павінен будзе пакорна аднаўляцца і так працягваць узрастаць у святасці.

Адказу на гэты ліст не было. Намеснік рэдактара Catholic Herald Дэн Хітчэнс на гэтым тыдні напісаў у First Things:

У гэты неспакойны час пэўную палёгку могуць прынесці словы св. Вінцэнта Лерынскага. Св. Вінцэнт кажа, што калі ерась распаўсюджваецца і набірае моц, то гэта “таму што Пан Бог твой жадае выпрабаваць цябе і паглядзець, ці любіш ты Яго ці не”. Святы Павел казаў: “Бо павінны быць у вас падзелы, каб і выпрабаваныя маглі выявіцца сярод вас”. Таму, кажа св. Вінцэнт Лерынскі, кожны дактрынальны крызіс з’яўляецца магчымасцю аднавіць любоў да нашага Пана: “Калі Бог не вырваў аўтараў ерасяў з коранем адразу… то гэта для таго, каб пра кожную асобу стала вядома, наколькі моцнай, вернай і ўстойлівай яна з’яўляецца ў сваёй любові да каталіцкай веры”.

Абноўлена: А. Вэнандзі звольніўся з пасады кансультанта дактрынальнай камісіі Канферэнцыі біскупаў ЗША па асаблівай просьбе Канферэнцыі, скіраванай да яго пасля публікацыі ягонага ліста.


Аўтар: Steve Skojec
Крыніца: OnePeterFive
ІлюстрацыяBecks (CC BY)

Тэкст перакладзены з англійскага арыгінала і перадрукаваны з дазволу рэдакцыі 1Р5.

Пакінуць каментар