02.11.2017 / Кс. Аўгустын Арндт SJ

Кс. Арндт SJ. Адпусты. (1) Прадмова🕑 8 хвілін

Гледзячы па вялікай папулярнасці артыкула, які напісалі нашы калегі з блога W obronie Tradycji i Wiary, тэма адпустаў цікавіць многіх. Здабыванне адпустаў для памерлых — справа важная, але дэталі рэдка каму вядомыя, бо парафіяльныя аб’явы зазвычай абмяжоўваюцца фармуліроўкай “можна атрымаць поўны адпуст пры наведванні могілак і выкананні звычайных умоваў”. Менавіта гэтыя “звычайныя ўмовы” і варта было расшыфраваць, бо аказваецца, што “звычайныя ўмовы” — гэта таксама не проста так.

Спадзяемся, што для практычных мэтаў гэтага было дастаткова. З іншага боку, па-за межамі таго артыкула засталося не толькі шмат практычных і гістарычных цікавостак, але і ўся навука Касцёла пра тое, як і чаму адпусты працуюць.

Таму ў чарговым цыкле мы будзем фрагментамі прадстаўляць змест кнігі кс. Аўгустына Арндта SJ пад назвай “Адпусты”. Польскае выданне гэтай кнігі было надрукавана ў 1890 годзе. Яно з’яўляецца перакладам аналагічнай нямецкай кнігі кс. Франца Берынгера SJ, якая, у сваю чаргу, з’яўляецца перапрацаваным выданнем французскай кнігі “Les indulgences” кс. Антаніна Марэля SJ (так, так, калектыўная праца езуітаў).

У прадмове да кнігі кс. Арндт піша, што ён не абмежаваўся перакладам нямецкага выдання і дадаў шмат свайго, штосьці выправіў і пераставіў месцамі. Таксама ён дачакаўся апрабаты Святой Кангрэгацыі адпустаў і святых рэліквій (Congregatio indulgentiarum et sacrarum reliquiarum), якая была ўдзелена пасля таго, як кнігу праверылі два тэолагі ад Кангрэгацыі, якія, валодаючы польскай і нямецкай мовамі, не толькі параўналі пераклад, але і ўпэўніліся ў вернасці дададзенага матэрыялу. Дзякуючы гэтым намаганням кнігу “Адпусты” можна лічыць самастойнай і надзейнай першакрыніцай.

Чаму мы публікуем менавіта гэтую кнігу? Па-першае, з-за яе аўтарытэту, пра які сказана вышэй. Па-другое, канец ХІХ ст. — гэта яшчэ той час, калі тэолагі імкнуліся пісаць сцісла, дакладна і грунтоўна. У параўнанні з сучаснай літаратурай, гэта абсалютна іншы ўзровень выкладу, які кожны зможа ацаніць. Нарэшце, гэтая кніга задумвалася як падручнік для святароў і свецкіх вернікаў, таму яна добра структураваная, зразумелая, а месцамі даволі красамоўная.

1890 год — ці не надта яна старая? Для нашых мэтаў не старая. Змест “Адпустаў” можна ўмоўна падзяліць на тры часткі:

  1. дагматычная частка;
  2. пералік адпустаў;
  3. і бягучыя нормы, якія датычацца адпустаў.

Ad 1. Дагматычная частка распавядае пра істоту адпустаў, іх паходжанне і спосаб функцыянавання. Гэты аповед абапіраецца на нязменнае вучэнне Касцёла пра чысцец, віну і кару за грахі, еднасць святых, існаванне скарбу заслугаў Хрыста і святых і г. д. Гэтыя рэчы не страцілі сваёй актуальнасці і, трэба спадзявацца, не страцяць ніколі, хіба што нейкія рэчы, звязаныя з гэтай часткай вучэння, мы пачнём разумець лепш.

Ad 2. Значную частку “Адпустаў” складае пералік саміх адпустаў, і гэтая частка на сённяшні дзень больш не з’яўляецца актуальнай. У 1967 годзе Папа Павел VI скасаваў усе былыя адпусты, якія ўтрымліваліся ў дасаборным зборніку Raccolta і якія ў сваю кнігу ўключыў кс. Арндт. Гэты Пантыфік увёў цалкам новы спіс адпустаў пад назвай Enchiridion Indulgentiarum, чацвёртая рэдакцыя якога і з’яўляецца актуальнай на сённяшні дзень. Такім чынам, у адрозненне ад першай часткі, другая з’яўляецца для нас неактуальнай, і яе закранаць мы не будзем.

Ad 3. Нарэшце, удзяленне адпустаў рэгулюецца пэўнымі практычнымі нормамі, з якімі нашыя чытачы пазнаёміліся ў мінулым артыкуле: якою малітвай трэба памаліцца і колькі хвілін, ці можна гэта рабіць у думках ці трэба ўголас, у які дзень пайсці на могілкі, а калі ў парафіяльны касцёл, як часта трэба прыступаць да споведзі і г. д. Усе гэтыя нормы могуць падлягаць зменам, і таму не заўсёды тое, што піша кс. Арндт, з’яўляецца актуальным для нас.

А чаму так? Ці ж адпусты не ўдзяляюцца адным і тым жа чынам ва ўсе часы?

Справа ў тым, што ўдзяленне адпустаў Бог даручыў пастырам Касцёла, найперш Рымскаму Пантыфіку, які, выконваючы ўладу звязваць і развязваць, альбо ўладу ключоў, правамерна ўдзяляе сваім падданым, гэта значыць нам, адпусты са скарбніцы заслугаў нашага Пана Езуса Хрыста, Найсвяцейшай Дзевы Марыі і святых. Адпаведна, Папа вырашае, калі і пад якімі ўмовамі ўдзяляць адпусты, найчасцей карыстаючыся пры гэтым дапамогай Святой Кангрэгацыі адпустаў, альбо, кажучы сённяшняй мовай, Апостальскай Пенітэнцыярыі. Кс. Арндт тлумачыць гэта наступным чынам:

У тым, што пакінута на волю адвольнага распараджэння і што не з’яўляецца абавязковым для збаўлення, Касцёл заўсёды мае на ўвазе патрэбы вернікаў і ўмовы часоў і, кіруючыся імі, пашырае альбо звужае межы дзейнасці ласкаў і прывілеяў.  

Таму пры разглядзе ўмоваў атрымання адпустаў і нормаў, якія іх рэгулююць, нам прыйдзецца параўноўваць тэкст кс. Арндта з канстытуцыяй Indulgentiarum doctrina і новым Enchiridion indulgentiarum і нейкім чынам актуалізаваць інфармацыю. Гэта не вельмі складаная задача, калі ўлічваць, што апошнія 50 гадоў адпусты нікога асабліва не цікавяць. Прынамсі, сучасныя дапаможнікі не пішуць нічога новага, чаго не было б у дакументах Паўла VI. Зазвычай змены ўносяцца толькі ў мясцовыя спісы адпустаў. Так, польскае духавенства ў 2002 годзе дамаглося ўстанаўлення адпусту, звязанага з вяночкам да Божай міласэрнасці — праўда, ён дзейнічае толькі на тэрыторыі Польшчы.

А ці не магло быць так, што новыя нормы цалкам замянілі сабою старыя і праца кс. Арндта стала ўвогуле неактуальнай? На шчасце, не, бо канстытуцыя Indulgentiarum doctrina піша:

Нормы Кодэкса кананічнага права і дэкрэты Святога Пасаду, якія датычацца адпустаў і не супярэчаць новым нормам, застаюцца нязменнымі (ID, 12).

У цэлым, кс. Арндт не супярэчыць новым нормам, за рэдкімі выключэннямі, якія ў сваім месцы мы будзем згадваць.

Падагульнім. У гэтым цыкле мова пойдзе пра (1) дагматычнае вучэнне, змены ў якім вельмі малаверагодныя, і (3) нормы — з невялікай актуалізацыяй паводле сучасных дакументаў. Частка (2) — пералік адпустаў — у кс. Арндта састарэла, а новай па-беларуску пакуль няма, бо Святы Пасад стагоддзямі забараняў і забараняе самавольна і ў любым выглядзе друкаваць спісы адпустаў. На мінулым тыдні аўтар гэтых радкоў на свае вочы бачыў у адной з капліц картку з раздрукаванай малітвай, да якой было прыпісана “100 дзён адпусту”. Паколькі сістэма вылічэння адпустаў у днях не дзейнічае ўжо 50 гадоў, то не факт, што адпуст да гэтай малітвы ўвогуле яшчэ актуальны хаця б у выглядзе новага, “частковага” (хутчэй не), а таму такая забарона мае пад сабой логіку. 

На дадзены момант цыкл займае каля 50 старонак А4, альбо 24 тыс. словаў, таму яго публікацыя зойме пэўны час. Каб захаваць цэласнасць кнігі, мы падаем пераклад разам са зноскамі і ўстаўкамі дробным шрыфтам, нават калі гэта абзацы беспрагляднага тэксту на лацінскай мове. Просім успрымаць гэта як павагу да аўтара і яго твору з боку перакладчыка, а таксама як пакутны ўчынак з боку чытача.

За выключэннем чатырох менш істотных раздзелаў, гэта і будзе першая частка кнігі “Адпусты”, у якой раскрываецца “дагматычнае і агульнае значэнне адпусту”.

* * *

Ужо даўно польскае духавенства прагнула мець у руках кнігу, якая б утрымлівала сапраўдныя звесткі наконт істоты адпустаў, а таксама практычныя падказкі, што датычацца паасобных адпустаў, звязаных з пэўнымі малітвамі і ўдзеленых розным духоўным таварыствам. Падобнае жаданне французскага духавенства нядаўна натхніла кс. Марэля SJ напісаць менавіта такую працу, якая пад назвай “Les indulgences” была шматразова перавыдадзена ў Францыі. Кс. Шнайдэр SJ пераклаў гэтую працу на нямецкую мову, і гэта аказалася настолькі патрэбным, што ягоная кніга цягам некалькіх гадоў з’явілася ў васьмі перавыданнях. Пасля смерці гэтага заслужанага аўтара яго сабрат кс. Ф. Берынгер амаль цалкам перапрацаваў яго кнігу і дастасаваў яе да новых патрабаванняў, так што яго можа слушна лічыць сапраўдным аўтарам дзевятага выдання.

Гэтае дзевятае выданне паслужыла асновай для гэтай маёй працы, аднак я не мог абмежавацца простым перакладам арыгінала; не адну рэч трэба было змяніць, не адну трэба было дадаць альбо ўдакладніць, альбо прынамсі адаптаваць да мясцовых умоваў.

У кожным месцы гэтай кнігі, дзе мне прыходзілася казаць пра гістарычныя падрабязнасці, якія ўваходзяць у сферу нашага рэлігійнага жыцця і нашых касцёльных традыцый, пра мясцовыя звычаі, пра прывілеі, удзеленыя польскім касцёлам, пра духоўныя брацтвы, якія на нашай зямлі альбо выраслі самастойна, альбо, аднекуль прыйшоўшы, сфарміраваліся тут крыху іншым спосабам, — ва ўсім гэтым, наколькі гэта было ў маёй моцы, я карыстаўся з найбліжэйшых крыніцаў, абапіраючыся пераважна на гісторыю польскага Касцёла.

Таксама трэба было зрабіць тыя ці іншыя змены і ў самім укладзе рэчаў. Хочучы праліць больш святла на некаторыя складаныя рэчы і надаць падручніку больш яснасці, я павінен быў змяніць парадак раздзелаў і дадаць пэўныя ўдакладняючыя заўвагі. Нарэшце, я таксама ўлічыў найноўшыя пастановы і дазволы Святой Сталіцы і пераказаў іх у адпаведных месцах.

Гэта тое, што датычыцца зместу працы.

Што да яе арганізацыі, то яна простая і зразумелая. Чытач лёгка пазнаёміцца з ёю пры дапамозе спісу раздзелаў.

Першая частка кнігі ўтрымлівае ў сабе ўсё навучанне святога Касцёла наконт істоты адпустаў, а таксама тлумачэнне ўсяго, што падалося вартым большай увагі ў практычным прымяненні гэтага вучэння.

У другой частцы кнігі чытач знойдзе вялікі зборнік малітваў і набажэнстваў, з якімі звязаны адпаведныя адпусты. Я пастараўся змясціць там усё, што можа быць патрэбным у касцёльнай практыцы. З італьянскага зборніка Raccolta, які кожную пару гадоў выдае Святая Кангрэгацыя адпустаў, я абмінуў толькі тыя фрагменты з набажэнствамі, якія ў нашай краіне не выкарыстоўваюцца альбо амаль невядомыя. Інфармацыю пра брацтвы я апрацаваў падрабязна і дакладна, прынамсі для тых брацтваў, якія маюць большае значэнне ў Касцёле і якія альбо заснаваныя, альбо могуць быць заснаваныя ў нашых мясцінах.

І яшчэ адно слова пра значэнне і аўтарытэт гэтага польскага выдання. Апрабата, якую маёй кнізе ўдзяліла Святая Кангрэгацыя адпустаў, надае ёй значэнне першаснай крыніцы. Два тэолагі па рэкамендацыі Святой Кангрэгацыі сурова разгледзелі гэтую працу, паглыбляючыся нават у нязначныя, на першы погляд, падрабязнасці. Абапіраючыся на іх станоўчае меркаванне, Святая Кангрэгацыя ўдзяліла сваю апрабату. Аднак перад тым, як гэты дэкрэт набыў моц, сакратар Святой Кангрэгацыі, прапанаваў яго Святому Айцу, дзякуючы чаму гэтая кніга атрымала аўтарытэт аўтэнтычнай крыніцы, на якую можна бяспечна абапірацца (пар. Decr. auth. 383). Шчыра жадаю, каб гэтая кніга, якую я аддаю ў рукі духавенства, паслужыла на большую хвалу Пана Бога і для збаўлення людскіх душаў. Гэтыя дзве рэчы і былі мэтай маёй працы. За ўсялякія новыя падрабязнасці і ўдакладненні, якія маглі б быць карыснымі ў наступным выданні і якіх я чакаю ад шаноўнага духавенства, ужо цяпер дзякую нашым сардэчным “Божа, адудзяч!”

Напісана ў Кракаве ў дзень святога Ігнацыя Лаёлы, 31 ліпеня 1890 года.

Кс. Аўгустын Арндт SJ


Выданне: Ks. Augustyn Arndt TJ. Odpusty. Podręcznik dla duchowieństwa i wiernych. Kraków, 1890.
Ілюстрацыя
: Франсуа-Марыус Гранэ, Сялянка купляе адпуст, 1825.

Пакінуць каментар

Scroll Up