З кнігі A. Fortescue, The Ceremonies of the Roman Rite Described (1943), раздз. VI “Ціхая Імша, якую служыць святар”

Pater noster. Святар выпростваецца, трымае рукі на карпарале і гучным голасам кажа: “per omnia saecula saeculorum”. Калі прыслугоўваючы адказаў “Amen”, ён зводзіць рукі перад грудзямі і, кланяючыся Найсвяцейшаму Сакрамэнту, кажа “Oremus”. Стоячы роўна, са зведзенымі рукамі, ён прамаўляе ўступ да малітвы Пана: “Praeceptis salutaribus moniti” і г. д. Калі ён пачынае “Pater noster”, ён разводзіць рукі і глядзіць на Найсвяцейшы Сакрамэнт. Ён прамаўляе малітву ў такой паставе. Калі прыслугоўваючы адказаў “Sed libera nos a malo”, цэлебрант прыцішаным голасам адказвае “Amen”.

Orémus: Præcéptis salutáribus móniti, et divína institutione formati audemus dicere: Молімся. Памятаючы збавенныя запаведзі і Божым настаўленнем навучаныя, асмельваемся казаць:
Pater noster, qui es in caelis, sanctificetur nomen tuum. Adveniat regnum tuum. Fiat voluntas tua, sicut in caelo et in terra. Panem nostrum quotidianum da nobis hodie. Et dimitte nobis debita nostra, sicut et nos dimittimus debitoribus nostris. Et ne nos inducas in tentationem: Ойча наш, каторы ёсць у небе, свяціся імя Тваё, прыйдзі Валадарства Тваё, будзь воля Твая як у небе, так і на зямлі. Хлеба нашага штодзённага дай нам сёння і адпусці нам правіны нашы, як і мы адпускаем вінаватым нашым, і не ўводзь нас у спакусу.
R. Sed libera nos a malo.
S. Amen.
П. Але збаў нас ад злога.
С. Амэн.

Трымаючы левую руку на карпарале, ён правай рукою бярэ патэну з-пад карпарала і пурыфікатар. Ён выцірае яе пурыфікатарам (калі трэба, карыстаючыся левай рукою, каб дапамагчы сабе), затым ён адкладае пурыфікатар назад на бок Паслання каля карпарала. Ён трымае патэну ў правай руцэ паміж зведзенымі вялікім і ўказальным пальцам — і трэцім пальцам. Ён трымае яе вертыкальна, справа ад карпарала, так каб угнутая частка глядзела на сярэдзіну. Тады ён ціхім голасам прамаўляе эмбалізм “Libera nos, Domine”. Калі ён кажа “et omnibus Sanctis”, ён кладзе левую руку на грудзі. На словы “da propitius pacem in diebus nostris” ён патэнаю робіць на сабе знак крыжа. Зрабіўшы гэты знак, ён адразу цалуе патэну, але не ў сярэдзіну, а ў верхні край.

Líbera nos, quaesumus, Dómine, ab ómnibus malis, prætéritis, præséntibus et futúris: et intercedénte beáta et gloriósa semper Vírgine Dei Genetríce María, cum beátis Apóstolis tuis Petro et Paulo, atque Andréa, et ómnibus Sanctis, da propítius pacem in diébus nostris: ut, ope misericórdiæ tuæ adiúti, et a peccáto simus semper líberi et ab omni perturbatióne secúri. Выбаў нас, Пане, ад усякага зла, мінулага, цяперашняга і будучага, і праз заступніцтва благаслаўлёнай і хвалебнай заўсёды Дзевы Багародзіцы Марыі, святых Апосталаў Тваіх Пятра і Паўла, таксама Андрэя і ўсіх святых, просім Цябе, дай ласкава супакой у дні нашыя, каб мы, ўмацаваныя Тваёй міласэрнасцю, былі вызваленыя ад граху і захаваныя ад усялякага неспакою.

Затым ён падсоўвае патэну пад Гостыю (адначасова кладучы ўказальны палец левай рукі на дальні край Гостыі), працягваючы малітву, а затым кладзе патэну насупраць асновы келіха.

Ён адкрывае келіх, як звычайна, і ўкленчвае з рукамі на карпарале. Падымаючыся, ён бярэ святую Гостыю вялікім і ўказальным пальцамі правай рукі, дапамагаючы сабе, калі трэба, левай рукою. Ён трымае яе над келіхам; затым абедзвюма рукамі ён з пашанаю ламае яе ўздоўж простай лініі, якая праходзіць праз сярэдзіну [1], карыстаючыся для гэтага абедзвюма рукамі і трымаючы паловы ў кожнай руцэ вялікімі і ўказальнымі пальцамі. Тым часам ён працягвае: “Per eundem Dominum nostrum” і г. д.

Per eúndem Dóminum nostrum Iesum Christum, Fílium tuum. Qui tecum vivit et regnat in unitáte Spíritus Sancti Deus. Праз таго ж Пана нашага Езуса Хрыста, Твайго Сына, Які з Табою жыве і валадарыць у еднасці Духа Святога, Бог.

Працягваючы трымаць адзін фрагмент у левай руцэ над келіхам, ён кладзе іншы на патэну правай рукою. Цяпер ён правай рукою адломвае невялікую часцінку ад той паловы Гостыі, якую ён трымае над келіхам у левай руцэ. Трымаючы гэтую часцінку ў правай руцэ над келіхам, левай рукою ён кладзе астаткі фрагмента на патэну побач з той паловай, якая ўжо знаходзіцца там, кажучы “in unitate Spiritus Sancti Deus”. Ён бярэ келіх за выпукласць на ножцы ў левую руку і, усё яшчэ трымаючы часцінку ў правай руцэ над келіхам, ён гучным голасам кажа: “Per omnia saecula saeculorum”. Ён тройчы робіць часцінкай у правай руцэ знак крыжа над келіхам ад краю да краю чашы, не выходзячы па-за яе межы, кажучы пры гэтым: “Pax + Domini sit + semper vobis+cum”.

S. Per omnia saecula saeculorum.
M. Amen.
S. Pax Domini sit semper vobiscum.
M. Et cum spiritu tuo.
С. Праз усе вякі вечныя.
П. Амэн.
С. Супакой Пана няхай заўсёды будзе з вамі.
П. І з духам тваім.

Калі прыслугоўваючы адказаў “Et cum spiritu tuo”, ён ціхім голасам кажа: “Haec commixtio” і г. д. і апускае часцінку ў келіх.

Haec commíxtio, et consecrátio Córporis et Sánguinis Dómini nostri Iesu Christi, fiat accipiéntibus nobis in vitam ætérnam. Amen. Гэтае паяднанне і асвячэнне Цела і Крыві Пана нашага Езуса Хрыста, няхай будзе нам, што Яго прымаем, на жыццё вечнае. Амэн.

Ён абцірае пальцы над келіхам, затым адразу злучае вялікія і ўказальныя пальцы кожнай рукі. Ён накрывае келіх палай і ўкленчвае.

[1] На адваротным баку алтарных хлябоў зазвычай робяць лінію пасярэдзіне і яшчэ іншую, якая аддзяляе фрагмент, які трэба апусціць у келіх.

Калі вы знайшлі арфаграфічную памылку, калі ласка, вылучыце яе і націсніце Ctrl+Enter.

Пакінуць каментар