30.10.2017 / WOTIW

Канкрэтна пра адпусты🕑 17 хвілін

purgatory-mini

Паколькі перад намі ўрачыстасць Усіх Святых і Дзень Задушны, а ўзлюбленых ведаў пра адпусты ніколі не бывае зашмат, мы зноў публікуем наш тэкст пра здабыванне адпустаў за памерлых з 1 да 8 лістапада. Будзем жа здабываць для іх адпусты, а яны, можа, нам аддзякуюць. 

Пытанне чытача Fides:

Пахвалёны Езус Хрыстус! У сувязі з тым, што на розных старонках падаецца розная інфармацыя, ці маглі б вы напісаць пра поўны ці частковы адпуст, які можна атрымаць з 1 да 8 лістапада? Мяне цікавяць дэталі. Ці можна атрымліваць адпуст за памерлага штодзённа? Ці трэба наведваць могілкі штодзённа? Не магу знайсці якога-небудзь цэльнага апісання адпусту.

З Богам.

Што такое адпуст?

Перад тым, як мы пяройдзем да пераліку і каментавання ўмоваў атрымання адпустаў, належыць засяродзіцца на тым, чым з’яўляецца адпуст за памерлых. Самы апошні і новы катэхізіс тлумачыць гэта наступным чынам:

“Адпуст — гэта прабачэнне перад Богам часовай кары за грахі, віна якіх ужо адпушчана. Адпуст атрымлівае хрысціянін, які мае адпаведную паставу, пад пэўнымі акрэсленымі ўмовамі праз дзеянне Касцёла, які, як распарадчык плёнаў адкуплення, раздае і правамоцна ўдзяляе задавальненні [satisfactionum] са скарбніцы заслуг Хрыста і святых” (ККК 1471).

А на інтэрнэт-старонцы Ватыкана, якую мы будзем цытаваць у гэтым запісе [1], можна прачытаць тое ж па-лацінску:

N. 19Indulgentia est remissio coram Deo poenae temporalis pro peccatis, ad culpam quod attinet iam deletis, quam chrisfidelis, apte dispositus et certis ac definitis condicionibus, consequitur ope Ecclesiae quae, ut ministra redemptionis, thesaurum satisfactionum Christi et Sanctorum auctoritative dispensat et applicat.

На жаль, канкрэтыкі мала. Больш канкрэтна на тэму адпустаў, як думаем, мы ўжо напісалі, таму просім тое прачытаць [2].

Аднак што такое адпуст за памерлых? Кажучы проста, адпуст за памерлых — гэта перадача душы памерлай асобы, церпячай ў чысцы, ласкі, якую для яе здабывае жывая асоба. Бо чысцовая душа нічога для сябе зрабіць не можа. Заслугі мы здабываем толькі на працягу жыцця, а пасля смерці можам мець надзею, калі ўвогуле трапім у чысцец, а не ў пекла, што штосьці ад жывых са скарбніцы задавальняючых заслуг Хрыста і святых (thesaurus satisfactionum Christi et Sanctorum) нам перападзе. А тым душам чысцовым, за якія ніхто не моліцца, “перападае” прынамсі раз на год менавіта ва ўспамін усіх памерлых вернікаў, бо другая з трох адпраўленых Імшаў ахвяруецца за ўсіх памерлых вернікаў, альбо за ўсіх церпячых у чысцы, неабавязкова толькі за каталікоў, бо тыя, хто не ідзе ў пекла ці непасрэдна ў неба, трапляюць ў чысцец. Аднак, паводле Марыі Сімы [Maria Simma], пратэстанты ці язычнікі, калі туды трапляюць, застаюцца там даўжэй, бо за іх ніхто не моліцца. Чым жа з’яўляюцца ўсе Імшы Касцёла, адслужаныя раз на год за такую колькасць душаў? Хіба мала чым. Адсюль таксама акрэсленне “бедны, як душа чысцовая”. Атрыманне ласкі для чысцовай душы — гэта менш-больш як перавод камусьці грошай на рахунак, якіх тая асоба асабіста не мае альбо мае іх мала. Таму, падобна як гэтыя грошы, належыць спачатку здабыць і ласку, якую потым можна перадаць пры дапамозе адпусту.

Агульныя ўмовы атрымання поўнага адпусту

Умовы атрымання поўнага адпусту, паводле Normae de indulgentis, альбо “Норм, якія датычацца адпустаў”, выглядаюць наступным чынам [3]. Гэтыя нормы мы будзем цытаваць са старонкі Ватыкана як N. x, а паасобныя адпусты — як Ind. x.

Для атрымання адпусту патрабуецца:

  1. Агульны намер атрымання адпусту (N. 20 § 2).
  2. Стан ласкі (N. 20 § 1; N. 23 § 1) [альбо прыступіць да споведзі не раней за тыдзень перад атрыманнем адпусту — наша парада WOTIW].
  3. Святая Камунія ў дзень атрымання адпусту (N. 23 § 1).
  4. Рашучы разрыў з грахом і адсутнасць прывязанасці да лёгкіх грахоў (N. 23 § 1).
  5. Малітва ў намерах Святога Айца ў дзень атрымання адпусту (N. 23 § 1, § 3, § 5).
  6. Выкананне ўчынку, звязанага з поўным адпустам, у дзень атрымання адпусту (N. 23 § 1).
    • З 1 да 8 лістапада наведванне могілак, а 2 лістапада — толькі касцёла (Ind. 29 § 1.1).

Ad 1. Намер атрымання адпусту (N. 20 § 2)

Каб атрымаць і “пераслаць” адпуст чысцовай душы, трэба мець унутраны намер атрымання адпусту. Так, напрыклад, перад выкананнем дадзеных адпустовых дзеянняў належыць падумаць: “Хачу атрымаць адпуст для…” Касцёл кажа пра “агульны намер”, гэта значыць дастаткова перад усімі дзеяннямі ад (1) да (6) адзін раз падумаць пра такі намер. Не трэба ўвесь час памятаць: “Гэты адпуст за бабулю” і баяцца, што калі забудзешся, ён будзе несапраўдны. Вядома, трэба быць ахрышчаным членам Каталіцкага Касцёла і не быць экскамунікаваным (N. 20 § 1).

Ad 2. Стан ласкі альбо споведзь

Каб атрымаць адпуст, які можна ахвяраваць за сябе альбо за памерлых [4], а з 1 да 8 лістапада праз практыку, звязаную з адведваннем могілак, толькі за памерлых, трэба быць у стане ласкі (N. 20 § 1). Чаму? Таму што Пан Бог выслухоўвае справядлівых, а чалавек, які жыве ў смяротным граху ці экскамунікаваны, справядлівым не з’яўляецца, будучы мёртвым членам Касцёла. Толькі ў стане ласкі можна выконваць якія-небудзь “транзакцыі ласкі”, калі карыстацца прыкладам грашовага пераводу. Ну, добра, але паміж смяротным грахом і святасцю існуе шмат прамежкавых ступеняў. Іншымі словамі, колькі дзён пасля споведзі мы знаходзімся настолькі ў стане ласкі, каб для іншых атрымліваць не частковыя, а поўныя адпусты, розніца паміж якімі вялікая? Поўны адпуст з’яўляецца прабачэннем усіх часовых караў, гэта значыць, калі такая Божая воля, вызваленнем з чысца, тады як частковы адпуст з’яўляецца частковым дараваннем часовых караў, гэта значыць памяншэннем чысцовых караў, калі ёсць Божая воля. Такім чынам, на працягу якога часу пасля годнай і шчырай споведзі мы маем адпаведную паставу, каб за кагосьці ці за саміх сябе атрымаць поўны адпуст?

У старых перадсаборных пастанаўленнях і малітоўніках мова ідзе пра максімум восем дзён ад апошняй споведзі, альбо, кажучы іншымі словамі, пра неабходнасць прынамсі штотыднёвай споведзі для атрымання поўных адпустаў. Паслясаборнае заканадаўства не з’яўляецца настолькі дакладным, таму тыдзень з’яўляецца нашай парадай для тых, хто хоча зрабіць усё акуратна, дакладна і як належыць. Тут мы напэўна з’яўляемся больш папскімі, чым сам Папа, што пры Францішку няцяжка. Але гэта толькі наша парада, а не неабходнасць. Але як захочацца выцягнуць бабулю з чысца, то трэба пастарацца. Бо аднекуль жа гэты тыдзень бярэцца, калі актава і магчымасць атрымання адпусту доўжацца на працягу васьмі дзён, ад 1 да 8 лістапада ўключна. Так, у нашай узлюбленай Маральнай тэалогіі біскупа Эрнэста Мюлера [5] можна прачытаць, што:

“6 кастрычніка 1870 года Пій ІХ спецыяльным індультам удзяліў вернікам, якія маюць звычай спавядацца прынамсі раз у тыдзень (semel saltem in hebdomada confiteri consueverunt), [магчымасць] атрымання ўсіх поўных адпустаў у часе ад адной споведзі да другой […] пры ўмове, што яны трываюць у стане ласкі” [6].

Тое самае рашэнне (раз у тыдзень) 9 снежня 1763 года прыняў Клімэнт ХІІІ [7]. Такім чынам, патрэбны стан ласкі, а яшчэ лепей адрэзак часу максімум у восем дзён ад апошняй споведзі. Паколькі аўтар гэтых радкоў цягам шматлікіх гадоў спавядаўся кожныя два тыдні і мае надзею вярнуцца да гэтай практыкі, як толькі ягоны пастаянны спаведнік выздаравее, то з уласнага досведу ведае, што стан ласкі на другі тыдзень “слабее”, калі можна так выразіцца. Вядома, гэта не цяжкія грахі, але ж другі тыдзень пасля споведзі — гэта не першы, і матэрыя граху памалу збіраецца, як пыл на шыбе. Прынамсі адна манаская асоба, якая спавядаецца зазвычай штотыдзень, а часам кожныя два тыдні, пацвердзіла яму гэты досвед, што “на другі тыдзень гэта ўжо слабее”, таму, відавочна, штосьці ў патрабаванні такой штотыднёвай споведзі ёсць. І таму пра гэты перыяд кажуць перадсаборныя дакументы Касцёла, якія яшчэ прывядзём у іншым кантэксце. Акрамя таго, трэба адрозніваць (а) стан ласкі, альбо свабоду ад цяжкага граху, і (б) стан ласкі, які робіць магчымым эфектыўнае атрыманне поўных адпустаў. Бо для частковага адпусту, здаецца, аж так ласкай ззяць не трэба. Поўны адпуст — гэта ўсё ж прабачэнне караў за грахі ўсяго жыцця. А таму святасці і стану ласкі ніколі для яго не досыць. Гэта можна параўнаць са стэрыльнасцю, якая патрабуецца ад хірурга, які праводзіць аперацыю. Адна справа сказаць: “У мяне чыстыя рукі, бо сёння раніцай я іх мыў”. А іншае: “Я стэрыльны, можна пачынаць аперацыю”. Хочучы зарабіць для іншых поўны адпуст, мы мусім быць чыстым каналам ласкі, гэта значыць быць пасля нядаўняй споведзі яшчэ незабруджанымі якім-небудзь налётам граху.

Трэба таксама памятаць пра тое, што парадак умоваў неабавязкова мусіць быць храналагічны, бо ў Пана Бога часу няма. Можна спярша пайсці на могілкі, а затым паспавядацца, прыняць Камунію і г. д. (N. 23 § 3). Адпуст атрымаецца тады, калі ўсё будзе выканана. Так, напрыклад, можна ў інтэнцыі цёці Моці, церпячай у чысцы, пайсці на могілкі ў адзін дзень і памаліцца за яе, а ў іншы дзень пайсці на споведзь, прыняць Камунію і памаліцца ў намерах Папы — усё для таго, каб для згаданай цёці здабыць поўны адпуст. Аднак належыць прыняць святую Камунію, памаліцца ў намерах Папы і выканаць практыку, звязаную з адпустам, у той самы дзень (N. 23 § 3), які падае Касцёл. Але адна справа аб’ектыўна не мець магчымасці, а іншая — занядбоўваць прадпісанні. Найлепш выконваць ад (1) да (6), але Касцёл не кажа, што абсалютна нельга іначай. Належыць, аднак, выканаць усё гэта ў стане ласкі, альбо, паводле нашых рэкамендацый, на працягу тыдня, маючы той самы намер атрымаць поўны адпуст і разумеючы ўнутраную сувязь паміж гэтымі дзеяннямі, якая пры адпаведным намеры будзе існаваць.

Ad 3. Святая Камунія (N. 23 § 1)

Прыняцце святой Камуніі з’яўляецца вялікім прыростам ласкі, якую мы можам за кагосьці ахвяраваць. І таму кожны раз з мэтай атрымання поўнага адпусту належыць у дадзены дзень прыняць святую Камунію. Такім чынам, адна Камунія — адзін поўны адпуст.

Ad 4. Адсутнасць прывязанасці да якога-небудзь граху (N. 23 § 1)

Каб атрымаць поўны адпуст, нельга не толькі грашыць, а нават быць прывязаным да лёгкага граху. Што гэта азначае? Напрыклад, хтосьці любіць паесці і паміж прыёмамі ежы цягае з лядоўні. Паколькі ён ведае, што нястрыманасць у ежы з’яўляецца ягонай заганай і слабасцю, ён спавядаецца ў гэтым граху, хоць і лёгкім. Аднак ён прывязаны да гэтага граху ў тым разуменні, што апраўдваецца: “Нічога страшнага, людская слабасць, у пекла адразу за гэта не пайду”. Іншая магчымая фармуліроўка, якая сведчыць пра прывязанасць да штодзённага граху — гэта мысленне “так, гэта грэх, але я люблю”.

Калі хтосьці так думае пра свае лёгкія грахі, то, на жаль, ён да іх прывязаны. А калі прывязаны, то, на жаль, хутчэй ці пазней тым самым спосабам зграшыць і, на жаль, гэтай умовы атрымання поўнага адпусту не выконвае. Відавочна, ніхто не можа гарантаваць, што ніколі не дапусціць якога-небудзь лёгкага граху. Але адна справа гарантаваць, а іншая — быць да яго прывязаным як да свайго права грашыць гэтым спосабам і думаць: “Гэта толькі лёгкі грэх. У наступны раз, калі награшу, то тады і пайду да споведзі, а гэта не страшна”.

Калі чалавек мае свядомасць, што гэта, хоць лёгкі, але грэх, што гэтым грахом ён абражае Пана Бога, што такім чынам у ім памяншаецца жыццё ласкі, забруджваецца святыня Святога Духа, якою ён ад моманту хросту з’яўляецца, і г. д., то верагоднасць таго, што ён да яго не прывязаны, большая. Набліжаючыся да Бога, чалавек усё больш ненавідзіць кожны грэх, таксама і лёгкі, таму яго не занядбоўвае. Марыя Сіма, якая спаткала шмат душаў чысцовых, сцвярджала, што поўныя адпусты атрымлівае мала хто, бо насамрэч мала хто не прывязаны да грахоў. Нам здаецца, што гэта слушна, бо калі б прывязанымі не былі, не трапілі б у чысцец, а атрымалі б поўны адпуст — прабачэнне ўсіх чысцовых караў.

Але мы не хочам тут уводзіць чытачоў у дэтальнае даследаванне пытання, ці магчымае здабыццё поўнага адпусту. Магчымае. Прагнем толькі заахвоціць, каб яны засяродзіліся над тым, ці не прывязаныя яны да лёгкага граху, абудзілі намер не мець прывязанасці і актам волі дэкларавалі, што не прывязваюцца. Іначай ніколі не будуць упэўненымі, што ўвогуле могуць атрымаць поўны адпуст. Могуць атрымаць яго, калі не будуць прывязанымі нават да лёгкіх грахоў. Калі да іх прывязаныя, то, выконваючы ўсе астатнія ўмовы, здабудуць толькі частковы адпуст і чысцовай душы напэўна дапамогуць. Аднак, калі магчымасць атрымання поўных адпустаў існуе, значыць, іх атрыманне магчымае. Іначай бы Касцёл такой практыкі не ўстанавіў.

Ad 5. Малітва ў намерах Святога Айца (N. 23 § 1, § 3, § 5).

Гэта падтрымка тых намераў, з якімі моліцца Папа і якія ён падае да агульнай вядомасці [8]. Аднак, калі мы хочам атрымаць поўны адпуст, неабавязкова дакладна ведаць, які намер абавязвае ў канкрэтны месяц. Хопіць агульнага намеру маліцца ў тых добрых каталіцкіх намерах, у якіх моліцца Папа [9]. У якасці малітвы можна выбраць Ойча наш, Вітай, Марыя, Веру ў Бога, Тваёй абароне і маліцца ўслых (N. 26) альбо ў думках, калі нехта моліцца ўслых, напрыклад, у сям’і.

Малітва ў намеры Папы — гэта не малітва аб тым, напрыклад, каб Папа Францішак навярнуўся. Маецца на ўвазе, што каталіцкі Папа моліцца ў каталіцкіх намерах, такіх як перамога над ерассю, пашырэнне веры, навяртанне грэшнікаў і г. д. Калі б які-небудзь Папа ў гэтых намерах не маліўся альбо не маліўся ўвогуле, што не дай Божа, то гэта ўжо не нашая справа, бо мы са свайго боку фармальныя ўмовы адпусту выканалі.

Ad 6. Учынак, звязаны з атрыманнем адпусту (N. 23 § 1)

Выканаўшы ўступныя ўмовы, гэта значыць умовы ад (1) да (5), можна прыступіць да асноўнага дзеяння, звязанага з адпустам. На жаль, ад часу апостальскай канстытуцыі Паўла VI Indulgentiarum doctrina (1967) шматлікія ранейшыя ўчынкі, звязаныя з атрыманнем адпустаў, і самі адпусты былі скасаваныя. У гісторыі Касцёла поўны адпуст пасля выканання ўступных умоваў можна было атрымаць, напрыклад:

  1. За ўдзел у крыжовым паходзе;
  2. Пілігрымку;
  3. Наведванне святых месцаў, напрыклад пэўных санктуарыяў ці касцёлаў (часткова гэта захавалася да сёння);
  4. За іншыя ўчынкі.

Паколькі ў дадзены момант мы нічога больш на тэму гісторыі адпустаў не ведаем, таму і прыкладаў таго, як было раней, зараз не пададзім. Напэўна, практыку атрымання адпустаў дакладна акрэсліў Трыдэнцкі сабор з увагі на мінулыя злоўжыванні. Але, наколькі яны былі насамрэч, а наколькі гэта была пратэстанцкая прапаганда, трэба было б праверыць. Аднак факт застаецца фактам, што пасля Другога Ватыканскага сабору засталося мала ўчынкаў, звязаных з адпустамі, і галоўным “адпустовым учынкам” стала малітва. Зацікаўленых адсылаем да лацінскага спісу існуючых сёння адпустаў [10] альбо заахвочваем купіць кнігу на польскай мове з іх пералікам [11].

Але чаму ўвогуле патрабуецца нейкі ўчынак, калі я знаходжуся ў стане ласкі і выканаў усе вымаганні для атрымання адпусту? Таму што я адпусту не “ствараю” сам, а карыстаюся са скарбніцы Касцёла (thesaurus Ecclesiae), якая складаецца з задавальняючых заслуг Хрыста, Найсвяцейшай Панны Марыі і ўсіх святых (thesaurus satisfactionum Christi et Sanctorum). Таму, кажучы простай мовай, яны на гэта працуюць, але таксама і я магу кожнае сваё цярпенне і асвячэнне да гэтай скарбніцы дадаваць, каб прынесці сатысфакцыю за грахі свету і “згенераваць” святасць, якой змогуць карыстацца усе. Гэтая скарбніца невычэрпная, і таму існуюць адпусты і нават поўныя адпусты. Гэта невычэрпны рахунак, які папаўняецца заслугамі членаў зямнога і нябеснага Касцёла, з якога могуць атрымліваць душы, церпячыя ў чысцы, а таксама і мы на працягу свайго жыцця, бо можна атрымліваць адпусты поўныя і частковыя для сябе. І таму некаторыя святыя мелі такое цяжкое жыццё, бо стваралі заслугі для скарбніцы Касцёла, а не толькі для саміх сябе рыхтавалі нібыта “лепшае месца ў небе”. А хто мае ключы ад той скарбніцы? Папа, кананічна выбраны, відавочна. І таму Папа можа скасоўваць адпусты і ўстанаўліваць новыя дзеля карысці жывых вернікаў і душаў, церпячых у чысцы. І менавіта ў гэтай праўдзе сумняваўся напярэдадні дня Усіх Святых Лютэр, аргументацыю і контраргументацыю якога цяпер апусцім. Такім чынам, існуе агромністы рахунак, які ніколі не скончыцца, бо заслугі Хрыста бясконцыя, а заслугі святых вялікія, прычым дзякуючы ахвярным душам да гэтай скарбніцы штодзённа нешта дадаецца. Мы таксама час ад часу можам штосьці ахвяраваць у гэтую скарбніцу Касцёла (thesaurus Ecclesiae), і гэта добрая і бескарыслівая практыка, бо мы пакідаем Пану Богу магчымасць распараджацца нашымі заслугамі, у тым ліку і цярпеннем.

Ad 6. a) Поўны адпуст за памерлых ад 1 да 8 лістапада (Ind. 29 § 1.1)

Ад 1 да 8 лістапада ўчынкам, звязаным з частковым ці поўным адпустам за памерлых, з’яўляецца наведванне могілак. У той час як 2 лістапада, ва ўспамін усіх памерлых вернікаў, які пачынаецца 1 лістапада ўвечары, а заканчваецца 2 лістапада апоўначы (N. 17), дастаткова наведаць касцёл ці капліцу. І таму ў парафіяльных аб’явах можна пачуць:

“Ад сённяшняга дня [1 лістапада] ад 12:00 да заўтрашняга дня да 24:00 ва ўсіх касцёлах і капліцах тыя, хто законна імі карыстаецца, могуць атрымаць поўны адпуст, які можна ахвяраваць толькі ў адным з вышэйазначаных тэрмінаў, толькі адзін раз і толькі за аднаго памерлага пры пабожным наведванні дому Божага і адначасовай малітве Ойча наш і Веру ў Бога. Кожны дзень ад 1 да 8 лістапада можна атрымаць поўны адпуст за памерлых за наведванне пахавальных могілак і адначасовую малітву, прынамсі ў думках, у інтэнцыі памерлых” [12].

Такім чынам:

  • 2 лістапада, гэта значыць ад 12:00 1 лістапада да 24:00 2 лістапада, дастаткова наведаць капліцу ці касцёл і, выканаўшы ўмовы ад (1) да (5), памаліцца Ойча наш і Веру ў Бога ўслых, каб атрымаць поўны адпуст за адну душу памерлага.
  • Ад 1 лістапада да 8 лістапада для атрымання поўнага адпусту, выканаўшы ўмовы ад (1) да (5), належыць наведаць могілкі, дзе хаваюць пад зямлю, і прамовіць, прынамсі ў думках, калі моліцца хто іншы, а лепей самому ўслых, адну малітву за адну душу памерлага.

Агульная заўвага:

Адна сакрамэнтальная споведзь (найлепш, адна ў тыдзень) дастатковая для атрымання некалькіх поўных адпустаў на працягу аднаго тыдня, аднак жа пасля апошняга Сабору абавязвае прынцып “адзін поўны адпуст у дзень” (N. 21 § 1), але “некалькі частковых адпустаў у дзень” (N. 21 § 3). Таму не належыць кожны раз перад атрыманнем поўнага адпусту спавядацца. Адна споведзь, а паводле нашага дасаборнага меркавання — адна ў тыдзень, дастатковая для атрымання сямі поўных адпустаў.

Аднак для атрымання аднаго поўнага адпусту неабходныя:

  1. Адна Камунія
  2. Адна малітва ў намерах Святога Айца
  3. Адзін учынак, звязаны з адпустам

Практычна атрыманне поўнага адпусту за памерлых выглядае наступным чынам:

  1. Іду на споведзь, маючы намер атрымання поўнага адпусту.
  2. Не з’яўляюся прывязаным да ніводнага граху, нават штодзённага.
  3. Прымаю Камунію ў той самы дзень, калі раблю ўчынак.
  4. Малюся ў намерах Святога Айца ў той самы дзень, калі раблю ўчынак.
  5. Іду на могілкі, дзе прамаўляю малітву за адну памерлую асобу ў той самы дзень, што і (3) і (4).
  6. Ад 12:00 1 лістапада да 24:00 2 лістапада не мушу ісці на могілкі, але магу наведаць капліцу ці касцёл і памаліцца там Ойча наш і Веру за адну памерлую асобу.

Пункты ад (3) да (5) трэба выконваць па адным разе для атрымання аднаго поўнага адпусту. Гэта значыць, што ў выпадку наведвання могілак ад 1 да 8 лістапада 2015 года:

  • У нядзелю 1 лістапада 2015 года споведзь, Камунія, малітва ў намерах Папы і наведванне могілак разам з малітвай за бабулю (адзін поўны адпуст рэалізаваны).
  • У панядзелак Камунія, малітва ў намерах Папы і наведванне могілак разам з малітвай, напрыклад, за дзеда (другі поўны адпуст рэалізаваны).
  • У аўторак Камунія, малітва ў намерах Папы і наведванне могілак разам з малітвай, напрыклад, за дзядзьку (трэці поўны адпуст рэалізаваны).
  • І гэтак далей да нядзелі 8 лістапада, калі варта зноў прыступіць да споведзі і вызнаць, напрыклад, што чалавек гэтым пастаянным хаджэннем на могілкі раздражняўся… альбо, вядома, іншыя грахі.

І так дзейнічаць да 8 лістапада, калі за наведванне могілак можна апошні раз атрымаць поўны адпуст. І ўсё гэта на “моцы” адной споведзі, альбо, як сказалі б паслясаборныя тэолагі, на моцы асвячальнай ласкі і адсутнасці прывязанасці нават да лёгкага граху.

У гэтым кантэксце паўстае пытанне, ці не можна ахвяраваць адзін поўны адпуст за некалькіх памерлых, каб “мець спакой” і “ўвесь час на гэтыя могілкі не лётаць”? Не, няможна. Бо поўны адпуст з’яўляецца прабачэннем усіх часовых караў аднаго жыцця, а не некалькіх жыццяў. Падобнай логікай кіруюцца нормы Касцёла, якія мы ўжо цытавалі:

“[вернікі] могуць атрымаць поўны адпуст, які можна ахвяраваць толькі ў адным з вышэйазначаных тэрмінаў, толькі адзін раз і толькі за аднаго памерлага” [13].

Ці можна прызначыць некалькі поўных адпустаў толькі за аднаго памерлага? Можна, а Пан Бог ужо распарадзіцца як належыць. Але да 8 лістапада належыць з гэтай мэтай, па-за іншымі ўмовамі, штодзённа хадзіць на могілкі. Калі мы пастановім на працягу астатняй часткі года ад 9 лістапада і далей выцягваць нашую сям’ю з чысца поўнымі адпустамі, то павінны будзем выканаць іншы ўчынак, звязаны з поўным адпустам. Такімі ўчынкамі, напрыклад, з’яўляюцца:

  1. Адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту на працягу паўгадзіны (Ind. 7).
  2. Малітва часткай Ружанца (5 дзясятак) у касцёле, публічнай капліцы, сям’і, законнай супольнасці, у публічным таварыстве (Ind. 17).
  3. Чытанне ці слуханне Святога Пісання на працягу паўгадзіны (Ind. 30).
  4. Пабожны ўдзел ў Крыжовай дарозе пры стацыях, якія для гэтага прадугледжаны (Ind. 13).
  5. Іншыя ўчынкі, звязаныя з атрыманнем поўнага адпусту.

Падагульнім. Для атрымання поўнага адпусту па-за перыядам ад 1 да 8 лістапада належыць:

  • Абудзіць намер.
  • Паспавядацца.
  • Не быць прывязаным да граху.
  • Удзельнічаць у Імшы, прыняць Камунію.
  • Памаліцца ў намерах Святога Айца.
  • А таксама ўчынак ад (1) да (5), і так можна штодзённа атрымліваць поўныя адпусты для сябе і для памерлых.

Напэўна, пытанне адпустаў яшчэ калісьці закранем больш падрабязна, але на гэты момант павінна хапіць. Запіс выйшаў даўжэйшы, але гэта важная справа, а чысцовыя душы суцешацца і адкажуць узаемнасцю, калі пяройдуць да неба.


[1] http://www.vatican.va/roman_curia/tribunals/apost_penit/documents/rc_trib_appen_doc_20020826_enchiridion-indulgentiarum_lt.html#top

[2] https://wobronietradycjiiwiary.wordpress.com/2015/05/27/odpusty-czastkowe-a-kary-czysccowe/

[3] Нормы, умовы і ўстанаўленні падаем паводле Normae indulgentis http://www.vatican.va/roman_curia/tribunals/apost_penit/documents/rc_trib_appen_doc_20020826_enchiridion-indulgentiarum_lt.html#top. Па-нямецку прачытаць пра іх можна ў Guillet, A. (выд.), Die Ablassgebete der katholischen Kirche, Bern 1999, 14-21. Польскай кнігі Wykaz odpustów, якую рэкамендуем, самі не маем http://ksj.pl/wykaz-odpustow.html. Так, каваль без сякеры, а шавец без ботаў.

[4] https://wobronietradycjiiwiary.wordpress.com/2015/05/27/odpusty-czastkowe-a-kary-czysccowe/

[5] https://wobronietradycjiiwiary.wordpress.com/2015/09/15/godziwosc-liceitas-sakramentow-4-warunki-godziwego-udzielania-sakramentow/

[6] Müller, Ernest, Theologia moralis, Vol. III, Wien 1896, 425, 426.

[7] Там жа, 426.

[8] http://www.rozaniec.eu/index.php?m=SimpleSites&a=ShowSimpleSite&ss_id=4

[9] http://parafia-siennica.pl/index.php?pokaz=a_archiwum/odpust/odpust07

[10] http://www.vatican.va/roman_curia/tribunals/apost_penit/documents/rc_trib_appen_doc_20020826_enchiridion-indulgentiarum_lt.html

[11] http://ksj.pl/wykaz-odpustow.html

[12] http://www.katolik.pl/odpusty-dla-zmarlych–,22481,416,cz.html

[13] http://www.katolik.pl/odpusty-dla-zmarlych–,22481,416,cz.html


Крыніца: W Obronie Tradycji i Wiary
Ілюстрацыя: S. B. Faistenberger, Св. Мікалай Таленцінскі вызваляе бедныя душы з чысца (1749), фота: Wolfgang Sauber (CC BY-SA).

Перакладзена з польскага арыгінала і перадрукавана з дазволу рэдакцыі WOTIW. Першая публікацыя на Te igitur: 01.11.2016.

1 Response

  1. Dziadziawa says:

    http://catholicnews.by/spis-adpustau-agul-ny-ya-normy/
    Тут современные условия для епархий Беларуси

Пакінуць каментар

Scroll Up