З адраджэннем у Касцёле традыцыйнай рымскай Імшы вернікі і тыя, хто гэтую Імшу служыць, усё часцей заўважаюць некаторыя даволі значныя адрозненні паміж старым і новым календаром. Усе мы ведаем, але яшчэ больш гэта ведаюць нашыя адданыя святары, што амаль кожная нядзеля года патрабуе падрыхтоўкі дзвюх розных гамілій, калі той самы святар мае намер цэлебраваць Імшы як у звычайнай, так і надзвычайнай форме, прамаўляючы пры гэтым казанне на тэму чытанняў дня.

Адным з самых заўважных адрозненняў паміж двума календарамі з’яўляецца месца свята Хрыста, Валадара сусвету. Па старым календары яно заўсёды адзначаецца ў апошнюю нядзелю кастрычніка, непасрэдна перад святам Усіх святых. Аднак у новым календары гэтае свята прыпадае на апошнюю нядзелю літургічнага года, ідучы адразу перад першай нядзеляй Адвэнту.  На практыцы прамежак паміж гэтымі нядзелямі часта складае ажно месяц. У парафіях і капліцах, дзе служацца Імшы ў абедзвюх формах, святару варта трымаць пад рукой сваю кастрычніцкую гамілію да лістапада.

Цікава не столькі тое, што гэтая розніца існуе, колькі тое, чаму яна ўвогуле ёсць, асабліва з улікам таго, што гэтае свята мае адносна нядоўгую гісторыю. У рэшце рэшт, Папа Пій ХІ заснаваў яго ў 1925 годзе, а ўжо ў 1970 годзе яго перанеслі на іншы дзень. Каб адказаць на гэтае пытанне, нам трэба спачатку паглядзець на прычыны, якія назваў сам Папа Пій ХІ, абіраючы для яго апошнюю нядзелю кастрычніка:

Таму Нашай апостальскай уладай Мы ўстанаўліваем свята Уладарання нашага Пана Езуса Хрыста, якое павінна адзначацца штогод ва ўсім свеце ў апошнюю нядзелю месяца кастрычніка — гэта значыць, нядзелю, якая ідзе непасрэдна перад святам Усіх святых. (…) Апошняя нядзеля кастрычніка здалася найбольш зручнай з той прычыны, што гэта канец літургічнага года, і таму свята Уладарання Хрыста з’яўляецца слаўным упрыгожваннем таямніцаў жыцця Хрыста, якія адзначаліся на працягу года; а перад святкаваннем трыумфу ўсіх святых мы абвяшчаем і праслаўляем славу таго, хто трыумфуе ва ўсіх святых і ва ўсіх выбраных. Няхай вашым абавязкам і вашым заданнем, дастойныя Браты, будзе назіранне за тым, каб ва ўсіх парафіях людзям прамаўляліся казанні з навучаннем пра значэнне і важнасць гэтага свята, каб яны маглі ўпарадкаваць сваё жыццё і зрабіцца годнымі быць вернымі і паслухмянымі падданымі боскага Караля (энцыкліка Quas Primas, 28-29).

Як можна заключыць з № 29, намерам Пія ХІ было падкрэсліць славу Хрыста як заканчэнне Яго зямной місіі — славу і місію, якія праяўляюцца і ўвекавечваюцца ў гісторыі святымі. Таму свята адзначаецца незадоўга да свята Усіх святых, каб падкрэсліць, што тое, што Хрыстус у сваёй асобе распачаў перад уваходам у славу, святыя затым ілюструюць сваім прыкладам і ажыццяўляюць у людской супольнасці, культуры і народах. Гэтае свята ўстаноўлена пераважна для таго, каб адзначыць пастаяннае ўладаранне Хрыста над усёй рэальнасцю, таксама і над цяперашнім светам, дзе Касцёл мусіць змагацца за прызнанне сваіх правоў, за сапраўднае пашырэнне сваіх уладанняў на ўсе сферы, як індывідуальныя, так і сацыяльныя.

Насамрэч існуе яшчэ адзін відавочны факт, які не згадваецца ў энцыкліцы Quas Primas, але які, напэўна, кожны трымаў у галаве, а менавіта што апошняя нядзеля кастрычніка стагоддзямі адзначалася як нядзеля Рэфармацыі. Каталіцкае ж “свята ў адказ”, якое нагадвае свету не толькі пра ўсебаковае ўладаранне Езуса Хрыста (якое разнастайныя вучэнні пратэстантызму так часта адмаўлялі як у сацыяльным, так і культурным сэнсе), але таксама і пра сусветную каралеўскую ўладу Яго Касцёла, сапраўды было б лагічным уцелаўленнем прынцыпу “lex orandi, lex credendi”.

Падчас літургічнай рэформы, якая наступіла пасля Другога Ватыканскага сабору, гэтае свята было перанесена на апошнюю нядзелю касцёльнага года, так што на наступную нядзелю прыпадала першая нядзеля Адвэнту. Гэтае новае месца хутчэй падкрэслівае эсхаталагічнае вымярэнне Хрыстовага ўладарання: валадарства Езуса Хрыста, хоць пачалося ў часе, прысутнічае тут “у таямніцы” (як гэта фармулюе канстытуцыя Lumen gentium) і ва “ўкрыжаваным” выглядзе. Гэтае валадарства будзе ўдасканалена і цалкам аб’яўлена толькі напрыканцы часоў, разам з Другім Прыйсцем. Таму ў новым календары свята прыпадае на самы канец касцёльнага года, на час, які з’яўляецца падсумаваннем усёй гісторыі збаўлення і сімвалам таго, на што мы спадзяемся: expectantes … adventum salvatoris nostri Jesu Christi [чакалі… прыйсця Збаўцы нашага Езуса Хрыста], як абвяшчае літургія ў звычайнай форме пасля Малітвы Панскай.

Хоць абодва размяшчэнні гэтага свята ў календары можна абараніць, здаецца, намерам Пія ХІ, як вынікае з усёй энцыклікі, было падкрэсліць правы Езуса Хрыста тут і цяпер, а таксама адпаведныя абавязкі людзей і народаў на зямлі. Як тлумачыць Пій ХІ:

Імперыя нашага Адкупіцеля ахоплівае ўсіх людзей. Кажучы словамі Нашага слаўнага папярэдніка, Папы Льва ХІІІ, “Яго імперыя ўключае ў сябе не толькі каталіцкія народы, не толькі ахрышчаных людзей, якія, хоць маюць права належыць да Касцёла, аднак былі зведзены памылкай альбо адрэзаны ад Касцёла схізмай, але таксама ўсіх тых, хто знаходзіцца па-за хрысціянскай верай; таму сапраўды ўсё чалавецтва падпарадкавана ўладзе Езуса Хрыста”. У гэтай справе няма аніякай розніцы паміж індывідуальнай асобай і сям’ёй альбо дзяржавай, бо ўсе людзі, як калектыўна, так і індывідуальна, знаходзяцца пад уладай Хрыста. У Ім збаўленне асобы, у Ім і збаўленне грамадства. (…) Таму калі кіраўнікі народаў жадаюць захаваць сваю ўладу, развіць і павялічыць дабрабыт сваіх краінаў, яны не павінны занядбоўваць публічнага абавязку аказваць пашану і паслухмянасць кіраванню Хрыста. (…) Варта толькі чалавеку прызнаць, як у прыватным, так і ў публічным жыцці, што Хрыстус з’яўляецца Каралём, як грамадства нарэшце атрымае вялікія благаслаўленні сапраўднай свабоды, трывалай дысцыпліны, спакою і гармоніі (Quas Primas, 18–19).

Пры чытанні гэтага фрагмента, які, напэўна, гучыць не так, як мова Dignitatis Humanae альбо паслясаборная касцёльная дыпламатыя, нельга не атрымаць уражанне, што эсхаталагічная перспектыва прыкрывае сабою страх перад выклікам сучаснай секулярызацыі, а таксама нерашучасць адносна нібыта “трыумфалізму” ранейшага папскага сацыяльнага вучэння. Іншымі словамі, валадаранне Хрыста можна абвяшчаць і ім можна суцяшацца толькі да той пары, пакуль яго рэалізацыя надыходзіць напрыканцы часоў і пакуль яно не занадта квапіцца проста цяпер на палітычны і сацыяльны парадак альбо на адказнасць Касцёла за навяртанне нацый, натхненне іх культураў і трансфармацыю іх законаў святлом веры.

Гэтыя падазрэнні пацвярджаюцца аналізам зменаў, якія былі ўнесены ў літургію гэтага свята і якімі былі падаўлены наўпроставыя спасылкі на ўладаранне Хрыста над краінамі і кіраўнікамі краін. Пра гэта піша Майкл Дэвіс у кнізе The Second Vatican Council and Religious Liberty (Long Prairie, MN: The Neumann Press, 1992), 243–251. У прыватнасці, быў значна зменены гімн для першых Нешпараў. Наступныя радкі (дадзеныя тут у літаральным перакладзе) былі цалкам выдаленыя:

Натоўп бязбожнікаў усклікне:
“Не хочам мы Хрыста-Валадара!”,
А мы з вясёлым воклічам праславім
Цябе як Найвышэйшага сусвету Караля.

Няхай Цябе публічна ўславяць і узнясуць кіраўнікі;
Хай ушаноўваюць Цябе настаўнікі і суддзі;
Хай у законах адаб’ецца Твой парадак,
І хай мастацтва прыгажосць Тваю пакажа.

Хай каралі набудуць славу
Ў сваёй пакорнасці, адданасці Табе.
Вазьмі ў сваю лагодную уладу
Краіну нашу, нашыя дамы.

Няхай хвала Табе гучыць, о Езу,
Вышэйшы за ўсе свецкія улады;
Айцу і любячаму Духу будзе слава
Ва ўсе бясконцыя вякі. Амэн.

(У новай літургіі гэтага свята адбыліся таксама іншыя значныя змены, усе з якіх схіляюцца ў тым самым кірунку ціхага аспрэчвання Хрыстовага ўладарання над нацыямі, народамі, кіраўнікамі. Гл. працу Дэвіса, дзе ён прыводзіць поўны аналіз.)

Які ўрок гэта дае ўсім нам? Самы першы выраз уладарання Хрыста над чалавекам знаходзіцца ў натуральным маральным законе, які паходзіць ад самога Бога; найвышэйшы выраз Яго ўладарання — гэта святая літургія, дзе матэрыяльныя элементы і само сэрца чалавека ахвяруецца Богу ў еднасці з боскай Ахвярай, якая адкупляе стварэнне. Сёння мы бачым самаразбурэнне Касцёла на зямлі, асабліва ў заходніх народах, калі як вернікі, так і іх пастыры збягаюць і хаваюцца ад рэальнасці ўладарання Хрыста, якое накладае такія вялікія вымаганні на нашую сапсаваную прыроду, і аднак абяцае такія вялікія благаслаўленні на зямлі і ў вечнасці. Нястомнае аспрэчванне базавага маральнага вучэння (асабліва ў сферы сужэнства і сям’і), пастаяннае разбаўленне тэалогіі і аскетыкі, спусташэнне самой літургіі — ва ўсім гэтым заключаецца адкіданне ўлады Бога і Хрыста Ягонага.

Паўстаюць каралі [прэзідэнты і прэм’ер-міністры] зямлі,
і сыходзяцца разам князі [ў Касцёле]
супраць Пана і памазанніка Яго:
“Парвём іхнія кайданы
і скінем з сябе іхняе ярмо!”
Той, хто жыве ў нябёсах, пасмяецца,
Пан будзе насміхацца з іх.
Тады скажа ім у гневе сваім
і спалохае іх сваёй лютасцю.
“Я намасціў караля Майго на Сіёне,
на святой гары Маёй!”

А цяпер, каралі, зразумейце,
навучыцеся, суддзі зямлі.
З бояззю служыце Пану
і радуйцеся з хваляваннем.

Шчаслівыя ўсе,
хто на Яго спадзяецца (Пс 2).

Гэтыя важныя і неабходныя праўды, дзеля якіх Пій ХІ устанавіў само свята Уладарання Хрыста, — ці жывыя яны яшчэ, ці прапаведуюць іх, ці навучаюць ім, ці з’яўляюцца яны крывёю кожнай літургіі Касцёла, кожнай апостальскай і пастырскай праграмы? Ці, можа, мы глядзім на свята, час якога ўжо прайшоў? З майго досведу, у тых месцах, дзе арыгінальнае свята ўсё яшчэ цэлебруецца ў свой першапачатковы дзень, захавалася пэўнае разуменне таго, пра што ідзе мова, і жаданне жыць згодна з гэтымі праўдамі. Няхай і лістападаўцы раней ці пазней адкрыюць поўную глыбіню і шырыню гэтага свята ў тым выглядзе, у якім яго ўстанавіў заснавальнік.


Аўтар: Peter Kwasniewski
Крыніца: Rorate Caeli
ІлюстрацыяBoston (CC BY-SA), вітраж мелькіцка-каталіцкага катэдральнага касцёла ў Росліндэйле (Бостан, Масачусэтс) з выявай Хрыста-Валадара з рэгаліямі візантыйскага імператара.

Тэкст перакладзены з англійскага арыгінала і перадрукаваны з дазволу аўтара.

Калі вы знайшлі арфаграфічную памылку, калі ласка, вылучыце яе і націсніце Ctrl+Enter.

Пакінуць каментар