З кнігі A. Fortescue, The Ceremonies of the Roman Rite Described (1943), раздз. VI “Ціхая Імша, якую служыць святар”

Калі трэба, святар выцірае вялікія і ўказальныя пальцы кожнай рукі аб пярэднія вуглы карпарала. У кожным выпадку варта крыху пацерці іх адзін аб адзін, каб стрэсці з іх часцінкі пылу.

Кансэкрацыя хлеба. Калі ён кажа “Qui pridie quam pateretur”, ён бярэ гостыю ў вялікія і ўказальныя пальцы абедзвюх рук.

Qui prídie quam paterétur, accépit panem in sanctas ac venerábiles manus suas, elevátis óculis in caelum ad te Deum, Patrem suum omnipoténtem, tibi grátias agens, benedixit, fregit, dedítque discípulis suis, dicens: Accípite, et manducáte ex hoc omnes. Напярэдадні мукі Ён узяў хлеб у свае святыя i дастойныя рукі, падняў вочы да неба, да Цябе, Бога, свайго Айца ўсемагутнага, і, падзяку Табе складаючы, благаславіў, ламаў i раздаваў сваім вучням, кажучы: бярыце i ешце з гэтага ўсе.

Каб гэта было прасцей зрабіць, ён можа спачатку пакласці ўказальны палец левай рукі на верхнюю частку хлеба; затым ён бярэ яго за ніжнюю частку вялікім і ўказальным пальцамі правай рукі, а потым аналагічным чынам бярэ яго пальцамі левай рукі. Ён крыху прыпадымае гостыю над карпаралам і зводзіць іншыя пальцы абедзвюх рук выцягнутымі за гостыяй. Ён не кладзе рукі на алтар. Усё яшчэ стоячы проста, ён прамаўляе словы “accepit panem” і г. д. На словы “elevatis oculis in caelum” ён падымае вочы на крыж і адразу апускае іх. На словы “gratias agens” ён робіць паклон галавою. Прамаўляючы слова “bene+dixit”, ён трымае хлеб толькі ў левай руцэ і робіць знак крыжа над ім правай рукою. Робячы яго, ён не злучае вялікі і ўказальны пальцы, а трымае далонь выцягнутай, як зазвычай пры благаслаўленнях. Затым ён адразу зноў бярэ хлеб у абедзве рукі, як дагэтуль, і працягвае словамі “fregit, deditque discipulis suis, dicens: Accipite et manducate ex hoc omnes”. Цяпер ён схіляецца над алтаром, кладучы на яго перадплеччы. Трымаючы хлеб перад сабою, ён “ціха, выразна і ўважліва” [1] кажа словы кансэкрацыі:

HOC EST ENIM CORPUS MEUM.
🔔🔔🔔
 БО ГЭТА ЁСЦЬ ЦЕЛА МАЁ.

Ён павінен казаць гэтыя словы ціхім голасам, але так, каб ён чуў сам сябе [2]. Ён не дакранаецца ні да якіх іншых гостый, якія прызначаны для кансэкрацыі. Прамаўляючы словы кансэкрацыі, святар зазвычай глядзіць на хлеб, які ён трымае ў сваіх руках.

Прамовіўшы гэтыя словы, ён без затрымкі выпростваецца, затым укленчвае на адно калена, усё яшчэ трымаючы Гостыю абедзвюма рукамі над алтаром, як дагэтуль. Ён адразу ўздымае і трымае Найсвяцейшы Сакрамэнт, каб яго маглі бачыць людзі [3]. Ён падымае яго проста ўверх перад сабою на такую вышыню, каб яго можна было бачыць ззаду над ягонай галавою. Ён робіць гэта павольна, зважаючы на тое, каб ён увесь час знаходзіўся над карпаралам. Ён апускае яго і з пашанай кладзе правай рукою на карпарал, на тое ж месца, што і дагэтуль. Ён пакідае яго там, кладзе рукі на алтар і зноў укленчвае.

Ад гэтага моманту і да абмыцця напрыканцы Імшы цэлебрант трымае вялікія і ўказальныя пальцы абедзвюх рук злучанымі, акрамя выпадкаў, калі ён дакранаецца да кансэкраванай Гостыі. Пры перагортванні старонак, трыманні келіха і выкананні іншых падобных дзеянняў ён павінен зважаць на тое, каб карыстацца іншымі пальцамі і не раздзяляць вялікага і ўказальнага пальцаў.

Ад гэтага моманту і да Камуніі кожны раз, калі ён кладзе рукі на алтар, ён робіць гэта на карпарале.

Кансэкрацыя віна. Падымаючыся пасля другога ўкленчвання, ён здымае палу з келіха і кладзе яе на баку Паслання. Тым часам ён трымае келіх за аснову левай рукою [4]. Затым, калі неабходна, ён абцірае вялікі і ўказальны палец кожнай рукі над келіхам, каб часцінкі з іх маглі ўпасці ў келіх. Ён робіць так кожны раз пасля таго, як дакранецца да Гостыі. Стоячы проста, ён кажа: “Simili modo postquam coenatum est”.

Símili modo postquam coenátum est, accípiens et hunc præclárum Cálicem in sanctas ac venerábiles manus suas: item tibi grátias agens, benedixit, dedítque discípulis suis, dicens: Accípite, et bíbite ex eo omnes. Падобным чынам па вячэры ўзяў гэты пачэсны келіх у свае святыя i дастойныя рукі, зноў Табе падзяку складаючы, благаславіў i падаў сваім вучням, кажучы: бярыце i піце з яго ўсе.

Затым ён бярэ келіх абедзвюма рукамі, трымаючы яго за ножку; ён крыху прыпадымае яго над карпаралам і адразу зноў яго ставіць на месца. Ён працягвае казаць словы малітвы, усё яшчэ трымаючы келіх абедзвюма рукамі. Ён робіць паклон галавою на словы “gratias agens”. На слова “bene+dixit” ён робіць знак крыжа над келіхам правай рукою (заўсёды трымаючы вялікі і ўказальны палец злучанымі) і ўсё так жа трымае яго левай рукою. Затым ён бярэ ножку правай рукою, а аснову — левай, кажучы “deditque discipulis suis dicens: Accipite et bibite ex eo omnes”. Ён схіляецца над алтаром, кладучы на яго перадплеччы. Ён крыху прыпадымае келіх над алтаром, падтрымліваючы яго пад асновай трэцім, чацвёртым і пятым пальцамі левай рукі, а вялікім і ўказальным пальцамі той жа рукі — над асновай. Такім жа ціхім голасам, як і дагэтуль, ён “уважліва, бесперапынна і ціха” прамаўляе словы кансэкрацыі над келіхам, трымаючы яго крыху прыпаднятым:

HIC EST ENIM CALIX SANGUINIS MEI, NOVI ET AETERNI TESTAMENTI: MYSTERIUM FIDEI: QUI PRO VOBIS ET PRO MULTIS EFFUNDETUR IN REMISSIONEM PECCATORUM. БО ГЭТА ЁСЦЬ КЕЛІХ КРЫВІ МАЁЙ НОВАГА I ВЕЧНАГА ЗАПАВЕТУ, ТАЯМНІЦА ВЕРЫ, ЯКАЯ ЗА ВАС I ЗА МНОГІХ БУДЗЕ ПРАЛІТА ДЗЕЛЯ АДПУШЧЭННЯ ГРАХОЎ.

Ён ставіць келіх на алтар, выпростваецца і кажа:

Hæc quotiescúmque fecéritis, in mei memóriam faciétis.
🔔🔔🔔
Кожны раз, калі гэта чыніце, чыніце гэта на маю памяць.

Здымаючы рукі з келіха, ён кладзе іх на алтар па баках карпарала (і на ім) і ўкленчвае. Ён падымаецца, бярэ келіх у абедзве рукі, трымаючы яго за выпукласць на ножцы правай рукою, а за аснову левай, часткова пад ёю, як дагэтуль. Такім чынам ён узносіць яго на такую вышыню, каб людзі маглі бачыць яго над ягонай галавою, падымаючы яго павольна і вертыкальна, каб ён заўсёды заставаўся над карпаралам. Ён ставіць яго на карпарал, накрывае яго, беручы палу правай рукою і кладучы левую руку на аснову келіха. Затым ён укленчвае зноў, як дагэтуль.

Стоячы проста і трымаючы па баках разведзеныя рукі, але заўсёды трымаючы вялікія і ўказальныя пальцы злучанымі, ён працягвае чытаць Канон словамі “Unde et memores”.

[1] Рубрыка ў Каноне.

[2] Бо форма сакрамэнту адносіцца да бачнага, альбо чутнага, знаку.

[3] На пытанне, ці можа цэлебрант ціхім голасам прамаўляць словы “Пан мой і Бог мой” пры ўзнясенні святой Гостыі (да гэтай практыкі Пій Х далучыў шчодрыя адпусты для вернікаў), Святая Кангрэгацыя абрадаў адказала (6 лістапада 1925 года, D 43971): “Не, згодна з кан. 818 Кодэкса кананічнага права і рубрыкамі Рымскага Імшала”.

[4] Ён можа рабіць гэта кожны раз, калі адкрывае і накрывае келіх, каб прыдаць яму ўстойлівасць.

Пакінуць каментар