(Абноўлена: у канцы артыкула)

Ватыкан не будзе навязваць біскупскім канферэнцыям свае літургічныя пераклады, перастане паслоўна правяраць перакладзеныя кнігі, а “некаторыя пункты” інструкцыі Liturgiam authenticam страцяць моц: у адкрытым лісце кардыналу Сара Папа Францішак растлумачыў, чаму той няправільна разумее выдадзенае ў пачатку верасня апостальскае пасланне Magnum principium.

Нагадаем, што шырокае абмеркаванне магчымых наступстваў гэтага дакумента, які ўнёс змены ў Кодэкс кананічнага права і тым самым змяніў парадак зацвярджэння нацыянальных перакладаў Рымскага Імшала і іншых літургічных кніг, разгарнулася ўжо пасля яго публікацыі.

У ранейшым допісе мы закранулі пытанне дынамічнай і фармальнай эквівалентнасці перакладаў, разгледзелі, як яны рэалізуюцца на прыкладзе двух перакладаў англійскага Імшала. Таксама мы згадалі пра жаданне ліберальных епіскапатаў пазбавіцца фармальна эквівалентных перакладаў (якіх якраз і патрабавала інструкцыя Liturgiam authenticam), што на практыцы прывяло б да прыняцця інклюзіўнай мовы, далейшага змякчэння фармуліровак і скажэння тэалагічных паняццяў.

Гэтыя перасцярогі чакана пацвердзіліся паведамленнем з Германіі. Старшыня нямецкай біскупскай канферэнцыі (і член кансультатыўнай групы Папы Францішка) кардынал Рэйнхард Маркс станоўча выказаўся пра новы дакумент:

Задача Рыма — інтэрпрэтаваць дагматы, а не займацца стылістыкай. Цяпер дзякуючы Magnum principium біскупскія канферэнцыі будуць мець значна большую свабоду.

Кардынал Блэйз Супіч з Чыкага нават заінтрыгаваў публіку:

Гэты дакумент пасылае сігнал пра тое, якая метадалогія будзе выкарыстоўвацца пры ўвядзенні новых рэформаў, абмеркаваннем якіх займаецца рада кардыналаў.

Аднак голас пачуўся і з іншага боку барыкадаў. 1 кастрычніка прэфект Кангрэгацыі Божага культу і дысцыпліны сакрамэнтаў кардынал Рабэр Сара апублікаваў невялікі дакумент пад назвай “Сціплы дадатак для лепшага і дакладнага разумення Motu Proprio Magnum Principium“.

Сціплы дадатак — ад прэфекта профільнай кангрэгацыі? Варта згадаць, што афіцыйны каментарый, які суправаджаў публікацыю Magnum Principium, быў падпісаны сакратаром Кангрэгацыі Божага культу і дысцыпліны сакрамэнтаў арцыбіскупам Артурам Рошам. Не выключана, што дакумент у форме motu proprio (“па ўласнай ініцыятыве”) рыхтаваўся ўвогуле не кангрэгацыяй, а кардынал Сара выказаў сваё меркаванне адносна яго такім спосабам, якім мог.

Калі казаць пра змест сціплага дадатку, то кардынал Сара падкрэслівае, што ў сваёй істоце працэс зацвярджэння перакладу літургічных кніг не змяніўся: Кангрэгацыя Божага культу дагэтуль захоўвае апошняе слова ў гэтай справе, а confirmatio, якое цяпер Святы Пасад будзе ўдзяляць замест былога recognitio, не будзе простай фармальнасцю, а будзе давацца толькі пасля праверкі таго, наколькі новы пераклад верна (fideliter) адпавядае лацінскаму арыгіналу.

Вось некаторыя тэзісы кардынала Сара:

  • Аўтарытэтным дакументам, які рэгулюе падрыхтоўку перакладаў, застаецца інструкцыя Liturgiam authenticam, і біскупскія канферэнцыі павінны рыхтаваць пераклады, якія адпавядаюць гэтай інструкцыі.
  • Патрабаванні, стандарты і чаканы рэзультат захоўваюцца, а словы recognitio i confirmatio, хоць і маюць розны сэнс, у дадзеным выпадку можна лічыць сінонімамі.
  • Святы Пасад будзе даваць confirmatio новым перакладам толькі пасля праверкі “вернасці” перакладу, а менавіта яго адпаведнасці лацінскаму editio typica паводле крытэрыяў, выкладзеных у Liturgiam authenticam.
  • Як і recognitio, confirmatio не будзе простай фармальнасцю і не будзе давацца пасля хуткага прагляду, заснаванага на апрыёрным меркаванні, што зацверджаны біскупскай канферэнцыяй пераклад быў выкананы верна.
  • Рашэнне аб confirmatio будзе засноўвацца на патрабаванні ўнесці мадыфікацыі sine qua non (даслоўна: без якіх аніяк) у тых месцах, якія не адпавядаюць крытэрыю вернасці, адгэтуль запісанаму ў кананічным праве. Рашэнне Святога Пасаду будзе абавязковым для біскупскай канферэнцыі.
  • Напрыклад, калі радок Сімвала веры “consubstantialem Patri” перакладзены на англійскую мову як “one in Being with the Father”, Святы Пасад, паводле кардынала Сара, не толькі можа, але і павінен абавязаць біскупскую канферэнцыю выправіць яго на “consubstantial with the Father”. Гэта будзе ўмовай sine qua non для confirmatio ўсяго Імшала на англійскай мове.
  • Паколькі цяпер кананічнае права заклікае біскупскія канферэнцыі зацвярджаць “верныя” пераклады, Святы Пасад будзе мець пэўны давер да іх працы і не будзе ўмешвацца да моманту confirmatio, якое прадстаўляе сабою заключны і вырашальны акт.

На дзіва, гэтае падрабязнае тлумачэнне прэфекта Кангрэгацыі Божага культу не стала апошнім словам. Падобна, як і ў мінулым годзе, калі кардынал Сара прапанаваў вярнуцца да цэлебрацыі Імшы ad orientem, на сцэне з’явіўся Папа Францішак і хутка вярнуў сабе кантроль над сітуацыяй.

У лісце, які быў напісаны 15 кастрычніка, а апублікаваны Ватыканам 22 кастрычніка, Пантыфік тлумачыць кардыналу Сара, што ён насамрэч меў на ўвазе, пісаўшы пасланне Magnum principium. Гэты ліст надзвычай цікавы як структурай, так і зместам і прымушае задумацца над атмасферай, якая сёння пануе ў Ватыкане. Італьянскі арыгінал знаходзіцца тут, англійскі пераклад тут.

Ужо напачатку ліста мы даведваемся, што “сціплы дадатак” быў не проста апублікаваны ў Інтэрнэце, а высланы Папу Францішку, што выглядае як звычайны для прэфекта кангрэгацыі спосаб паведаміць Святому Айцу пра сваё меркаванне наконт дакумента, выдадзенага “па ўласнай ініцыятыве” Папы:

Эмінэнцыя, я атрымаў ваш ліст ад 30 верасня, у якім вы пажадалі выказаць сваю ўдзячнасць за публікацыю motu proprio Magnum principium і даслаць мне каментарый, нацэлены на лепшае разуменне тэкста.

Далей Францішак кажа, што ён хацеў бы выказацца пра некаторыя важныя моманты, каб пазбегнуць непаразумення. Фактычна, увесь далейшы ліст з’яўляецца абвяржэннем таго, што ў сваім “сціплым дадатку” казаў кардынал Сара. Парадак аргументаў Папы Францішка не пакідае сумневаў у тым, што ён адказвае менавіта на сціплы дадатак.

Па-першае, заўважае ён, нельга сказаць, што recognitio і confirmatio — узаемазамяняльныя сінонімы, таму што Magnum principium устанаўлівае паміж імі істотную розніцу і надзяляе Апостальскую Сталіцу іншым характарам адказнасці пры выкананні гэтых двух дзеянняў.

Францішак сцвярджае, што Magnum principium больш не патрабуе, каб пераклады цалкам адпавядалі Liturgiam authenticam, “як гэта было раней”. “Таму паасобныя пункты Liturgiam authenticam трэба старанна пераасэнсаваць [ri-compresi]”. Такім чынам, кажа Францішак, відавочна, што некаторыя пункты Liturgiam authenticam страцілі моц, а некаторыя трэба перафармуляваць у адпаведнасці са зменамі, якія Magnum principium унесла ў кананічнае права.

Далей Папа засяроджваецца на характары confirmatio, ясна сцвярджаючы, што ён сапраўды меў намер перанесці адказнасць за пераклады з Кангрэгацыі на біскупскія канферэнцыі. Ён кажа, што раней праверкай вернасці перакладу займалася Кангрэгацыя Божага культу, якая таксама рабіла неабходныя выпраўленні; цяпер жа права ацэньваць якасць і адпаведнасць тэрміналогіі належыць біскупскім канферэнцыям. А таму confirmatio больш не будзе паслоўным параўнаннем, акрамя крытычных месцаў, напрыклад, эўхарыстычных малітваў і сакрамэнтальных формул.

Шмат надзеі кардынал Сара ўскладаў на слова fideliter, адгэтуль упісанае ў Кодэкс кананічнага права, якое быццам бы мела гарантаваць адпаведнасць перакладаў лацінскаму ўзорнаму выданню. Аднак і на гэта Папа Францішак мае свой адказ. Аказваецца, новая рэдакцыя канона мае на ўвазе трайную вернасць:

  • вернасць арыгінальнаму тэксту;
  • вернасць канкрэтнай мове, на якую адбываецца пераклад;
  • вернасць здольнасці слухачоў разумець тэкст.

Такім чынам, у наш смутны час, калі словы больш не азначаюць таго, што яны азначаюць, пад фармуліроўку “вернасці”  можна будзе падцягнуць як фармальна, так і дынамічна эквівалентны пераклад: словы “et cum spiritu tuo” можна перакласці як “і з духам тваім” (вернасць арыгінальнаму тэксту) альбо як “і з табою таксама” (вернасць здольнасці сярэдняга каталіка разумець тэкст на слых).

Францішак падкрэслівае, што пераклад літургічных тэкстаў не павінен насіць “духу прымусу біскупскіх канферэнцый да перакладу, зробленага Дыкастэрыяй, паколькі гэта парушыць правы біскупаў, санкцыянаваныя правам”. Таксама Папа нагадвае кардыналу і просіць улічыць у якасці аналогіі, што пераклад Святога Пісання, згодна з кан. 825.1, не патрабуе зацвярджэння Апостальскай Сталіцай.

Апошняя частка ліста асабліва цікавая:

Нарэшце, Эмінэнцыя, я яшчэ раз выказваю сваю братэрскую ўдзячнасць за гэтую адданасць і заўважаю, што на некаторых сайтах быў апублікаваны “Commentaire”, памылкова атрыбутаваны вашай асобе. Вельмі прашу прадаставіць гэты адказ тым жа самым вэб-старонкам і разаслаць яго ва ўсе біскупскія канферэнцыі, а таксама членам і кансультантам Дыкастэрыі.

Fraternamente

Francesco

Абсалютна ясна, што Францішак кажа пра “сціплы дадатак”, але чаму ён называе гэта памылковай атрыбуцыяй? У лепшым выпадку, гэта можна разглядаць як тое, што Папа дае кардыналу Сара магчымасць адмовіцца ад аўтарства свайго тэкста і нібыта захаваць твар (чаго кардынал, вядома, рабіць не будзе). Але ці можна інтэрпрэтаваць гэта ў добрым ключы, калі апошні сказ ясна кажа: “А цяпер схадзі і выпраў усё, што ты нагаварыў. Ва ўсіх месцах”?

Падобнае публічнае прыніжэнне, як і спробы ізаляваць яго, спіхнуць на ўзбочыну, для кардынала Сара не навінка. Можна быць упэўненым, што гвінейскі кардынал сцерпіць гэта так жа мужна і ціха, як і іншыя нягоды жыцця.

Што больш важна, дык гэта хуткасць рэакцыі “Папы дыялогу”: ужо больш за год ён чакае і маўчыць перад абліччам дактрынальнага крызісу і прамых абвінавачванняў у спрыянні ерасям, але ж на шляху якой ягонай праграмы апынуўся той, каго ліберальныя каталіцкія СМІ называюць “галоўным ворагам Папы” і “самым небяспечным чалавекам у Курыі”, што ён адказвае настолькі імгненна, публічна і жорстка? І ўжо не першы раз.

Абноўлена (025.10.2017): кардынал Сара пацвярджае, што ён з’яўляецца аўтарам каментарыя да Magnum principium.

ФотаChristoph Wagener (CC BY-SA).

Пакінуць каментар