Невялікая скрыня ў цэнтры алтара, якая выглядам нагадвае касцёл, называецца табернакулюмам Найсвяцейшага Сакрамэнту. Менавіта тут пад замком захоўваецца Святая Эўхарыстыя; і Касцёл настолькі дакладна падыходзіць да пашаны, якая павінна аддавацца ёй, што ён падае нават дробныя прадпісанні наконт знешняй і ўнутранай аздобы табернакулюма. Па форме ён можа быць квадратны, шасцівугольны, сямівугольны альбо іншай прыдатнай формы, аднак увенчваць яго не павінны ніякія свецкія прадметы. Таксама яго нельга рабіць такім, каб ён нагадваў штосьці іншае, што не адпавядае яго сакральнаму прызначэнню. Таму, наколькі гэта магчыма, наверсе павінен знаходзіцца крыж, а знешняя частка, калі дазваляюць магчымасці, павінна быць пакрыта золатам. Паколькі дрэва найменш шкодзіцца пры ўплыве вільгаці, разумна рабіць табернакулюм з яго; але калі ён зроблены з мармуру, металу альбо нейкага каменя, яго ўнутраную частку трэба прынамсі пакрыць дрэвам дзеля пашаны да Найсвяцейшага Сакрамэнту. Незалежна ад матэрыялу звонку табернакулюм мусіць быць ахінуты шоўкам, а пад начыннем, у якім знаходзіцца Найсвяцейшы Сакрамэнт, павінен ляжаць чысты карпарал.

Сурова забаронена рабіць табернакулюм так, каб ён служыў падстаўкай для чагосьці яшчэ, нават калі б гэта быў рэлікварый з часцінкай сапраўднага крыжа альбо рэліквіямі найбольшага святога ў небе; таксама забаронена рабіць зверху ці знізу шуфлядкі для захоўвання святых алеяў альбо нейкіх прадметаў, якія выкарыстоўваюцца ў прэзбітэрыі ці пры алтары. Ні ў якім разе ў табернакулюме нельга захоўваць пустое начынне: келіх, цыборый, манстранцыю альбо штосьці падобнае. Насамрэч, унутры няможна захоўваць нічога, акрамя святога начыння з Найсвяцейшым Сакрамэнтам, а калі яго з нейкай прычыны няма ўнутры, дзверцы павінны быць заўсёды адкрытыя, каб не ўводзіць вернікаў у зман.

Табернакулюм павінен мець два ключы, зробленыя з золата, срэбра альбо прынамсі пазалочаныя, адзін з якіх павінен захоўвацца ў пробашча, а іншы — у аднаго з ягоных вікарыяў.

Перад табернакулюмам заўсёды павінна гарэць лямпа з алеем. Гэты звычай, як мы бачылі, таксама выконваецца ва Усходнім Касцёле. Ён нагадвае нам пра вечны агонь Саламонавай святыні і святы містычны агонь Божай любові, якою гарыць сэрца нашага Пана ў велічным Сакрамэнце алтара.


Аўтар:  Джон О’Браен (John O’Brien), A. M., прафесар святой Літургіі ў Каледжы Маўнт Сэйнт Мэры (Mount St. Mary’s College), Эмітсбург, Мэрылэнд, ЗША.
Выданне: A History of the Mass and Its Ceremonies in the Eastern and Western Church (15 ed., 1879).
Ілюстрацыйнае фота: Ralph Hammann (CC BY-SA).

Калі вы знайшлі арфаграфічную памылку, калі ласка, вылучыце яе і націсніце Ctrl+Enter.

Пакінуць каментар