У пачатку месяца партал catholic.by, які выбарачна асвятляе самыя няўдалыя з пункту гледжання каталіцкага веравучэння спробы ажыццявіць апостальскую адгартацыю Папы Францішка Amoris Laetitia, паведаміў, што кардынал Філіп Барбарэн арганізуе адмысловую сустрэчу для разведзеных і паўторна жанатых асобаў Ліёнскай дыяцэзіі, дзе ён з’яўляецца ардынарыем:

Звяртаючыся да разведзеных і людзей у паўторным сужэнстве, кардынал піша: «Дзякуючы перажытым цярпенням вам ёсць што сказаць, каб дапамагчы ўсім ісці наперад».

Гэтая сустрэча і сапраўды адбылася ў мінулую нядзелю ў катэдральным касцёле Ліёна. LifeSiteNews распавядае пра яе падрабязнасці, з якіх можна бачыць, што не толькі паўторна жанатым каталікам ёсць што сказаць Касцёлу, але што і кардынал Барбарэн падрыхтаваў для гэтых людзей “сюрпрыз”.

Падчас сустрэчы кардынал зрабіў прамову пад назвай “У Касцёле патрэбны кожны”, у якой ён падкрэсліў, што “кожны бачыць, ці можна змяніць яго ці яе цяперашнюю сітуацыю; кожны разумее, што сёння найлепш для яго альбо для тых, з кім ён злучаны ў адносінах любові і ўзаемнага служэння”. Бо новы саюз, па словах кардынала, можна лічыць “адносінамі любові і ўзаемнага служэння” нягледзячы на існаванне першага сужэнства.

Разам з кардыналам у прэзентацыі ўдзельчалі шэсць параў, якія былі заснаваны ў рэзультаце паўторнага шлюбу. Адна з гэтых параў растлумачыла, наколькі “ізаляванымі” яны сябе адчувалі, пакуль святар не прапанаваў “суправаджаць” іх, заахвоціўшы іх прыняць удзел у курсе для людзей у такой сітуацыі.

Пасля праходжання гэтага курса і перыяду “распазнання” са сваім пробашчам яны ўдзельнічалі ў адмысловым набажэнстве, падчас якога святар “благаславіў” пару. У наступную нядзелю яны прыступілі да Камуніі.

Першым пытаннем, якое задаў ім святар, было: “Ці спакойнае ваша сумленне?” [“Are you at peace?”]

Пры гэтым ані гэтыя людзі, ані кардынал Барбарэн не згадвалі пра традыцыйны спосаб вырашэння такіх праблемаў: сепарацыя альбо дабравольная адмова ад сэксуальнага жыцця.

Таксама падчас сустрэчы кардынал Барбарэн папрасіў прабачэння “за ўсё раны, нанесеныя нашым братам і сёстрам позіркам, асуджэннем і жорсткімі адмовамі”, але нанесеныя не ім самім, а іншымі, хто не звяртае ўвагі на словы Езуса “Не судзі, і не будзеш асуджаны”. Кардынал абурыўся тымі, хто выкарыстоўвае такія акрэсленні, як “разведзены”, “паўторна жанаты”, “той, хто разышоўся з сужэнцам”:

Што непакоіць мяне больш за ўсё, дык гэта чуць… выразы і рэакцыі, якія, як я думаў, засталіся ў мінулым… Гэта абурае мяне, і я хачу папрасіць у вас прабачэння.

Найбольш цікава тое, што кардынал Барбарэн прадставіў сітуацыю так, быццам ён перадае сапраўдную інтэпрэтацыю Папы Францішка. Ён распавёў прысутным, што каля 10 дзён таму Папа прыняў яго і 80 святароў з Ліёнскай дыяцэзіі, і яны адзінадушна заявілі, што хочуць пачуць словы Папы Францішка пра восьмы раздзел апостальскай адгартацыі Amoris Laetitia.

Кардынал Барбарэн перадае тое, што адбылося далей: “Папа сказаў нам, што ў Amoris Laetitia ён старанна пазбягаў выкарыстання выразаў, якія б казалі, што нешта дазволена, а нешта забаронена”. Барбарэн згадвае словы кардынала Шонбарна, які сказаў, што Францішак “вызваліў вучэнне Касцёла ад заканадаўчага ціску, зусім яго не змяніўшы”, дадаўшы, што словы Пана Езуса пра неразрыўнасць сужэнства (Мц 19:6) нельга знішчыць рашэннем Папы. Але ён падкрэсліў пазіцыю Папы, што “маральнае вучэнне Касцёла нельга ідэнтыфікаваць з заканадаўствам Рэспублікі, яго нельга звесці да рэчаў, адны з якіх з’яўляюцца дазволенымі, другія забароненымі, а трэція абавязковымі”, таму што існуе незвычайна вялікая колькасць асабістых сітуацый.

Кардынал Барбарэн заўважыў:

Грамадзянскі закон, правілы дарожнага руху альбо падатковая інструкцыя прымяняюцца без выключэння да кожнага, але маральная ці пастырская норма ніколі не можа прымяняцца да кожнага канкрэтнага выпадку. З іншага боку, распазнанне, якое ацэньвае персанальную сітуацыю, не можа стаць агульнай нормай… Колькі разоў у сваім святарскім служэнні я бачыў людзей, якія давалі цудоўнае сведчанне аб сакрамэнце Эўхарыстыі і сужэнства, не прыступаючы да Камуніі з-за трагедыі ў гісторыі іхняга сужэнства. Напэўна, ім гэта прычыняе боль, але гэтыя людзі даюць нам прыгожае сведчанне. Яны не могуць перажыць гэтую сітуацыю без глыбокай веры: яны ведаюць, што Бог не пашкадуе ім сваёй шчодрасці і дасць ім усё патрэбнае на іхнім шляху.

Але паколькі раней кардынал прыгадаў, што маральныя нормы, на ягоны погляд, не прымяняюцца ў кожнай сітуацыі, гэта значыць не маюць абсалютнага значэння, далей ён перайшоў да выключэнняў:

З іншага боку, калі разведзеная і паўторна жанатая асоба не можа вытрымаць таго, што ёй не дазволена прымаць Камунію, і нарэшце прымае рашэнне з-за ўнутранага болю перастаць хадзіць на Імшу, то будзе абсурдным і бесчалавечным махаць перад такой асобай знакам забароны. Гэта прывядзе яе да яшчэ больш сур’ёзнага надлому, які ўмацуе яе ў сваім абурэнні. Калі хтосьці ў такой сітуацыі вырашыць у сумленні пайсці і прыступіць да Камуніі, яго ніхто не асудзіць… Кожны бачыць, які крок ён можа сёння прадпрыняць, каб рухацца наперад і следаваць за Панам як вучань, незалежна ад таго, ці можа ён прыняць той шлях, які прапануе яму Касцёл, ці не. Для некаторых людзей гэтае падарожжа ў веры азначае прыняцце Камуніі, для іншых гэта будзе ўдзел у Імшы без прыняцця Камуніі.

Кардынал завяршыў свае рэмаркі, заахвоціўшы ўсіх хадзіць на Імшу і прыступаць да споведзі нават ў тым выпадку, калі яны не могуць атрымаць сакрамэнтальнае прабачэнне грахоў.

Такім чынам, кардынал Барбарэн адмаўляе універсальнае значэнне негатыўных нормаў Божага закону (“не чужалож”), якія дзейнічаюць заўсёды і ўсюды незалежна ад абставінаў. Таму такі від “распазнання” не падкрэслівае аб’ектыўную сур’ёзнасць чужалоства, аддаючы сумленню людзей права вырашаць, прымаць ці не прымаць Камунію, але не раскрываючы перад імі ўсю карціну.

Адметна і тое, што падзяліцца сведчаннем былі запрошаны менавіта пары, якія ўступілі ў паўторны саюз. Несуменна, іх досвед дапаможа іншым стаць на шлях “распазнання”, якое заахвочвае да безадказнага стаўлення да святых сакрамэнтаў і ўласнага збаўлення. Бо, фактычна, кардынал Барбарэн дазволіў парам у неўрэгуляванай сітуацыі прыступаць да святой Камуніі, як толькі яны вырашаць, што не ў іхніх сілах жыць згодна з усімі патрабаваннямі Хрыстовага вучэння.

ФотаPeter Potrowl, CC BY.

Калі вы знайшлі арфаграфічную памылку, калі ласка, вылучыце яе і націсніце Ctrl+Enter.

Пакінуць каментар