Па рэкамендацыі свайго мужа я толькі што прачытала канферэнцыю, якую ў 1982 годзе ў Манрэалі (Канада) прамовіў арцыбіскуп Марсэль Лефеўр, заснавальнік Брацтва св. Пія Х (SSPX). У 1992 годзе яна была перакладзена на англійскую мову часопісам Fideliter, а нядаўна зноў апублікавана і пракаментавана д-рам Пітэрам Хайноўскім, былым студэнтам майго мужа і сябрам нашай сям’і, на ягоным блогу RadTradThomist. (Паколькі д-р Хайноўскі дадаў да тэкста свае вылучэнні і каментары, я вырашыла выкарыстаць арыгінальны тэкст, які апублікавала само Брацтва. Я вельмі рэкамендую нашым чытачам прачытаць усе 20 старонак гэтай канферэнцыі.)

У сваёй прамове арцыбіскуп Лефеўр спрабуе апісаць і растлумачыць пэўныя зрухі — перад, падчас і пасля Другога Ватыканскага сабору, — якія ясна паказваюць рост магутнасці і ўплыў лібералізму і мадэрнізму на Каталіцкі Касцёл і нават на Папу. Сённяшняга чытача тут могуць уразіць дзве рэчы. Па-першае, вы пабачыце некаторыя моцныя паралелі паміж тым часам і сённяшнім, асабліва ў тым, што датычыць кадравых рашэнняў некаторых Папаў і вельмі эфектыўных стратэгій, якімі карыстаюцца мадэрністы. Па-другое, з гэтай прамовы можна здабыць глыбейшае разуменне імкненняў арцыбіскупа Лефеўра ў 1982 годзе, у раннія гады пантыфікату Папы Яна Паўла ІІ, і да экуменічнай падзеі ў Асізі ў 1986 годзе.

У той жа час прадстаўленне падзеяў, як падае іх арцыбіскуп Лефеўр, засноўваючыся на сваім уласным досведзе і размовах, дае нам глыбейшае разуменне некаторых актуальных на той час гістарычных здарэнняў. Гэта можа дапамагчы нам зразумець, чаму наш узлюблены Касцёл цяпер знаходзіцца ў аслабленым стане і чаму нам недастаткова будзе проста хацець вярнуцца да аптымістычнага стану Касцёла, у якім ён быў да пантыфікату Папы Францішка. Таксама гэтая канферэнцыя Лефеўра можа быць цікавай у кантэксце дыскусіі, якая нядаўна распачалася моцнымі словамі прафесара Дэ Матэі пра Другі Ватыканскі сабор. Ён сказаў:

Аднак на гістарычным узроўні Ватыкан ІІ з’яўляецца неразборным элементам: ён мае сваю цэласнасць, сваю сутнасць, сваю прыроду. Калі разглядаць яго паходжанне, яго ажыццяўленне і яго наступствы, яго можна апісаць як рэвалюцыю ў ментальнасці і мове, якая глыбока змяніла жыццё Касцёла, распачаўшы беспрэцэдэнтны маральны і рэлігійны крызіс. Калі тэалагічнае суджэнне можа быць няясным і рознабаковым, то суджэнне гісторыі неміласэрнае і безапеляцыйнае. Другі Ватыканскі сабор не проста быў непаспяховым альбо праваленым: гэта была катастрофа для Касцёла. [мае вылучэнні]

У дадатак да рэзкай і адкрытай ацэнкі Дэ Матэі адзін з аўтараў OnePeterFive Эрык Сэманс падняў пытанне самацэнзуры ў дыскусіях вакол Ватыкану ІІ і заахвоціў да шчырага і смелага абмеркавання гэтай тэмы. Філ Лоўлер ужо адказаў на гэтае запрашэнне. Для ўсіх нас кніга Рабэрта дэ Матэі пра Другі Ватыканскі сабор “The Second Vatican Council (an unwritten story)” можа быць вельмі карыснай крыніцай добрай і праверанай інфармацыі.

Далей я прадстаўлю пераважна дзве часткі вялікай канферэнцыі арцыбіскупа Лефеўра, якія, на мой погляд, вылучаюцца нязменнай важнасцю.

Першая частка — гэта апісанне барацьбы кардынала Беа супраць кардынала Альфрэда Атавіяні (сакратара Святой Канцылярыі) вакол справы рэлігійнай свабоды. Як кажа Лефеўр, змаганне двух іерархаў пачалося яшчэ падчас падрыхтоўкі да Другога Ватыканскага сабору. Ён кажа:

Наступны інцыдэнт я апісваю ў адной са сваіх кніг “Біскуп кажа”. Я часта згадваю яго, таму што ён праўдзіва характарызуе канец працы Цэнтральнай камісіі і пачатак Сабору. Гэта здарылася падчас апошняга пасяджэння. Мы загадзя атрымалі дзесяць дакументаў на тую самую тэму. Кардынал Беа падрыхтаваў тэкст “De Libertate Religiosa” — “Пра рэлігійную свабоду”. Кардынал Атавіяні падрыхтаваў іншы тэкст “De Tolerantia Religiosa” — “Пра рэлігійную цярпімасць”.

Той просты факт, што тэксты датычыліся адной тэмы і мелі розныя назвы, азначаў існаванне дзвюх розных канцэпцый. Кардынал Беа казаў пра свабоду для ўсіх рэлігій, а кардынал Атавіяні — пра свабоду для каталіцкай рэлігіі, спалучаную з цярпімасцю да памылковых і ілжывых рэлігій. Як такая нязгода магла быць вырашана Камісіяй?

У самым пачатку кардынал Атавіяні паказаў пальцам на кардынала Беа і сказаў: “Ваша Эмінэнцыя, вы не маеце права прадстаўляць гэты дакумент”.

Кардынал Беа адказаў: “Прабачце, але я маю поўнае права ўкласці гэты дакумент як старшыня Камісіі па справах еднасці. Адпаведна, я з веданнем справы ўклаў гэты дакумент. Акрамя таго, маё меркаванне цалкам супярэчыць вашаму”.

Такім чынам, два найдастойнейшыя кардыналы, кардынал Атавіяні, прэфект Святой Канцылярыі, і кардынал Беа, былы спаведнік Папы Пія ХІІ, езуіт, які меў вялікі ўплыў на кардыналаў, які быў добра вядомы ў Біблійным інстытуце і адказваў за складаныя біблійныя даследаванні, разыходзіліся ў фундаментальнай справе Касцёла. Роўнасць усіх рэлігій — гэта адна рэч, гэта як ставіць свабоду і памылку на адзін узровень; але свабода каталіцкай рэлігіі разам з цярплівасцю да памылак — гэта штосьці зусім іншае. Традыцыйна Касцёл заўсёды трымаўся меркавання кардынала Атавіяні, а не меркавання кардынала Беа, якое было зусім ліберальным.

Затым кардынал [Эрнэста] Руфіні з Палерма падняўся і сказаў: “Мы знаходзімся перад двума братамі, якія супярэчаць адзін аднаму ў пытанні, вельмі важным для Касцёла. Таму мы абавязаныя звярнуцца да вышэйшага аўтарытэту”.

Даволі часта Папа [Ян ХХІІІ] прыходзіў, каб узначаліць нашыя пасяджэнні. Але на апошняй сустрэчы яго не было. Адпаведна кардыналы запатрабавалі галасавання: “Мы не можам чакаць сустрэчы са Святым Айцом. Мы будзем галасаваць”. Мы прагаласавалі. Прыкладна палова кардыналаў прагаласавала за меркаванне кардынала Беа, а іншая палова — за меркаванне кардынала Атавіяні. Усе, хто прагаласаваў за меркаванне кардынала Беа, былі з Нідэрландаў, Германіі, Францыі і Аўстрыі, і ў цэлым з Еўропы і Паўночнай Амерыкі. Традыцыйнымі кардыналамі былі кардыналы з Рымскай Курыі, з Паўднёвай Амерыкі і ўвогуле іспанамоўныя кардыналы.

Гэта быў сапраўдны раскол у Касцёле. Ад гэтага моманту я пытаўся ў сябе, як Сабор можа адбыцца, калі існуюць такія разыходжанні па такіх важных пытаннях. Хто пераможа? Ці будзе гэта кардынал Атавіяні з кардыналамі, якія размаўляюць на іспанскай і [іншых] раманскіх мовах, ці гэта будуць еўрапейскія кардыналы і кардыналы з Паўночнай Амерыкі? [маё вылучэнне]

Апісаўшы першасны канфлікт паміж Атавіяні і Беа, які адбыўся падчас пантыфікату Папы Яна ХХІІІ, арцыбіскуп Лефеўр таксама распавядае пра меры, якія пазней прадпрыняў Павел VI, як толькі стаў Папам:

Прыйшоў час Папы Паўла VI. Вядома, ён падтрымаў ліберальную фракцыю. Якім чынам? У самым пачатку свайго пантыфікату, падчас другой сесіі Сабору, ён адразу прызначыў чатырох мадэратараў [тры з якіх былі прагрэсівістамі, а адзін умераным кансерватарам]. […] Вядома, з гэтага моманту традыцыйныя кардыналы і біскупы спіхваліся ўбок, да іх ставіліся з пагардай.

Калі бедны кардынал Атавіяні, які быў сляпы, пачаў казаць і калі ён не скончыў прамову за вызначаныя яму дзесяць хвілін, з боку маладых біскупаў пачуліся незадаволеныя выкрыкі. Так яны давалі яму зразумець, што яны ўжо наслухаліся яго. Той быў вымушаны спыніцца; гэта было мярзотна. Гэты дастойны кардынал, якога шанавалі ў Рыме і які меў вялізны ўплыў на святы Касцёл, які быў прэфектам Святой Канцылярыі — а гэта немалая функцыя, — быў вымушаны спыніцца. Бачыць, як абыходзіліся з традыцыяналістамі, было сорамна.

Мансіньёр Стафа (з таго часу яго прызначылі кардыналам), які быў вельмі энергічны, быў змушаны маўчаць пад націскам саборных мадэратараў. Усё гэта было неверагодна. [вылучэнне дададзена]

Прывёўшы гэтыя прыклады, арцыбіскуп Лефеўр робіць вывад:

Вось што адбывалася на Саборы. Зразумела, што на ўсе саборныя дакументы і тэксты аказалі ўплыў ліберальныя кардыналы і камісіі. Наўрад ці трэба дзівіцца, што мы маем такія неадназначныя тэксты, якія спрыяюць такім шматлікім зменам і нават сапраўднай рэвалюцыі ў Касцёле. [вылучэнне дададзена]

Цяпер пяройдзем да перыяду пасля Другога Ватыканскага сабору і аднаго з яго найбольш разбуральных наступстваў, а менавіта да ўвядзення Імшы Novus Ordo. Арцыбіскуп Лефеўр прыводзіць шмат гістарычнай інфармацыі, кажучы:

Самым сур’ёзным наступствам была літургічная рэформа. Як усе ведаюць, яе выканаў шырока вядомы святар [Анібале] Буньіні, які рыхтаваў яе далёка загадзя. Яшчэ ў 1955 годзе кс. Буньіні папрасіў мансіньёра [Арыга] Пінтанэла, генеральнага капелана Італьянскага войска, які шмат часу правёў у Германіі ў часы акупацыі, перакласці пратэстанцкія літургічныя тэксты. Бо кс. Буньіні не ведаў нямецкай мовы.

Сам мансіньёр Пінтанэла распавёў мне, што ён перакладаў пратэстанцкія літургічныя кнігі для кс. Буньіні, які ў той час быў усяго нязначным членам літургічнай камісіі. Ён быў нічым. Пасля гэтага ён стаў выкладчыкамі літургікі ў Латэранскім універсітэце. Папа Ян ХХІІІ звольніў яго па прычыне яго мадэрнізму і прагрэсівізму. І вось сюрпрыз, сюрпрыз: ён зноў становіцца старшынёю Камісіі па справах літургічнай рэформы. Гэта таксама неверагодна.

Я сам меў нагоду пабачыць, які ўплыў меў кс. Буньіні. Можна толькі здзіўляцца, як такая рэч магла здарыцца ў Рыме. У той час, непасрэдна пасля Сабору, я быў генеральным настаяцелем Кангрэгацыі Святога Духа і мы мелі сустрэчу генеральных настаяцеляў у Рыме. Мы папрасілі кс. Буньіні растлумачыць нам, што такое яго Новая Імша, бо гэта было далёка не малое здарэнне. Адразу пасля Сабору можна было пачуць пра Нарматыўную Імшу, Новую Імшу, Novus Ordo. Што гэта ўсё азначала?

Пра гэта не казалі на Саборы. Што здарылася? І таму мы папрасілі кс. Буньіні прыйсці і растлумачыць гэта 84 сабраным генеральным настаяцелям, сярод якіх быў і я.

З вялікай упэўненасцю кс. Буньіні растлумачыў, чым будзе Нарматыўная Імша; будзе зменена тое, тое, і яшчэ мы ўставім іншы аферторый. Мы зможам зменшыць колькасць малітваў на Камунію. Мы зробім некалькі розных фарматаў для пачатку Імшы. Імшу можна будзе прамаўляць на народных мовах. Мы паглядзелі адзін на аднаго, кажучы: “Але гэта немагчыма!”

Ён казаў так, быццам да яго ў Касцёле не было Імшы. Ён казаў пра сваю Нарматыўную Імшу як пра новае вынаходніцтва.

Асабіста я быў у шоку, таму я маўчаў, хоць зазвычай я свабодна адказваю тым, з кім не згаджаюся. Я не мог вымавіць ані слова. Як магло стацца, што гэтаму чалавеку, што стаяў перада мною, даручылі ўсю рэформу каталіцкай літургіі, усю рэформу святой Ахвяры Імшы, сакрамэнтаў, Брэвіярыя і ўсіх нашых малітваў? Куды мы ідзем? Куды ідзе Касцёл?

Два генеральныя настаяцелі асмеліліся выказацца. Адзін з іх спытаўся кс. Буньіні: “Гэта актыўны ўдзел — увесь гэты цялесны ўдзел, вымаўленне малітваў услых — ці гэта духоўны ўдзел? У любым выпадку, вы так шмат казалі пра ўдзел вернікаў, што становіцца зразумела, што вы больш не прымаеце цэлебрацыі Імшы без удзелу вернікаў. Уся вашая Імша была сканструявана вакол удзелу вернікаў. Мы, бенедыктынцы, цэлебруем нашыя Імшы ў адсутнасць вернікаў. Ці гэта азначае, што мы павінны спыніць нашы прыватныя Імшы, паколькі ў нас няма вернікаў, якія б у іх удзельнічалі?”

Я паўтараю вам дакладна тое, што сказаў кс. Буньіні. Яго словы дагэтуль стаяць у маіх вушах, настолькі яны кранулі мяне. Ён сказаў: “Калі шчыра, мы пра гэта не падумалі”!

Пасля гэтага падняўся іншы і сказаў: “Шаноўны ойча, вы сказалі, што мы скасуем тое і гэтае, што мы заменім адно другім і заўсёды больш кароткімі малітвамі. У мяне складваецца ўражанне, што вашую новую Імшу можна будзе адслужыць за дзесяць ці дванаццаць хвілін, максімум за чвэрць гадзіны. Гэта неразумна. Гэта непаважліва да такога акту Касцёла”. Вось што ён адказаў: “Мы заўсёды можам штосьці дадаць”. Праўда? Я сам чуў гэта. Калі б хтосьці мне распавядаў гэтую гісторыю, я б, магчыма, пачаў сумнявацца, але я сам чуў гэта.

Пазней, калі гэтая Нарматыўная Імша пачала ўводзіцца на практыцы, я адчуў такую агіду, што мы з іншымі святарамі і тэолагамі арганізавалі невялікае спатканне. Там нарадзілася “Кароткае крытычнае даследаванне”, якое перадалі кардыналу Атавіяні. Я ўзначальваў гэтае малое спатканне. Мы казалі адзін аднаму: “Нам трэба пайсці і знайсці кардыналаў. Мы не можам дапусціць, каб гэта прайшло без рэакцыі”.

Таму я сам пайшоў пашукаць дзяржаўнага сакратара кардынала Чыканьяні і сказаў яму: “Ваша Эмінэнцыя, вы не дазволіце гэтаму прайсці, праўда? Гэта немагчыма. Што гэта за Новая Імша? Гэта рэвалюцыя ў Касцёле, рэвалюцыя ў літургіі”.

Кардынал Чыканьяні, які пры Папу Паўле VI быў дзяржаўным сакратаром, узяўся рукамі за галаву і сказаў мне: “О, мансіньёр, я добра ведаю. Я цалкам з вамі згаджаюся, але што мы можам зрабіць? Кс. Буньіні ідзе ў кабінет Святога Айца і прымушае яго падпісваць усё, што захоча“. І такое мне кажа кардынал дзяржаўны сакратар! Дзяржаўны сакратар, асоба нумар два ў Касцёле пасля самога Папы знаходзілася ў падпарадкаванні кс. Буньіні. Ён мог уваходзіць у кабінет Папы і прымушаць яго падпісваць усё, што захоча. [мае вылучэнні]

Ці ж гэтае прызнанне ў бяссільнасці (і паралізаванасці), апісанае тут у выпадку кардынала Чыканьяні, не нагадвае нам цяперашнюю сітуацыю, калі высокапастаўленыя іерархі і нават прэфекты кангрэгацый кажуць, што яны не могуць нічога зрабіць з рэвалюцыйнымі рэчамі, якія адбываюцца ў Ватыкане? У гэтым месцы можа быць карысна прывесці яшчэ адзін прыклад, які падае арцыбіскуп Лефеўр:

Трэці факт наконт кс. Буньіні, які я бачыў на свае вочы, таксама неверагодны. Калі збіраліся даць дазвол на ўдзяленне Камуніі ў руку (якая жудасная рэч!), я сказаў сабе, што я не магу сядзець і нічога не казаць. Я павінен пайсці і пабачыць кардынала [Бэна Вальтэра] Гута, швейцарца, які быў прэфектам Кангрэгацыі абрадаў. Таму я паехаў у Рым, дзе кардынал Гут гасцінна прыняў мяне і адразу сказаў: “Я планую зрабіць сваім намеснікам арцыбіскупа Антаніні, хадзем, ён таксама паслухае, што вы хочаце сказаць”.

Калі мы размаўлялі, я сказаў: “Слухайце, вы адказваеце за Кангрэгацыю абрадаў, няўжо вы зацвердзіце гэты дэкрэт, які дазваляе ўдзяляць Камунію ў руку? Толькі падумайце пра ўсе блюзнерствы, якія пасля гэтага наступяць. Толькі падумайце пра непавагу да святой Эўхарыстыі, якая распаўсюдзіцца па ўсім Касцёле. Вы не можаце дазволіць, каб гэта адбылося. Святары ўжо пачынаюць удзяляць Камунію такім чынам. Гэта трэба неадкладна спыніць. А ў гэтай Новай Імшы яны заўсёды бяруць найкарацейшы канон, а менавіта другі з іх, які вельмі кароткі”.

На гэта кардынал Гут сказаў арцыбіскупу Антаніні: “Бачыш, я казаў табе, што гэта здарыцца і што святары будуць браць найкарацейшы канон, каб хутчэй яго прачытаць і хутчэй скончыць Імшу”.

Затым кардынал Гут сказаў мне: “Мансіньёр, калі б нехта спытаўся майго меркавання (калі ён казаў “нехта”, ён меў на ўвазе Папу, бо над ім быў толькі Папа), але я не ўпэўнены, што ў мяне яго пытаюцца (не забывайцеся, што ён быў прэфектам Кангрэгацыі абрадаў і адказваў за ўсё, што датычылася малітвы і літургіі!), але калі б Папа спытаўся пра яго, я б стаў на калені перад Папам, мансіньёр, і сказаў бы яму: “Святы Ойча, не рабіце гэтага: не падпісвайце гэты дэкрэт”. Я б апусціўся на калені, мансіньёр. Але я не думаю, што ў мяне спытаюцца. Бо тут камандую не я”.

Гэта я чуў на свае вушы. Ён намякаў на Буньіні, які быў нумарам тры ў Кангрэгацыі абрадаў. Першым быў кардынал Гут, затым арцыбіскуп Антаніні, а затым кс. Буньіні, старшыня Літургічнай камісіі. Вам след пра гэта ведаць! Цяпер вы можаце зразумець мае адчуванні, калі мне кажуць: ты дысідэнт і непаслухмяны паўстанец. [мае вылучэнні]

У святле гэтага прыкладу мы можам згадаць цяперашняга прэфекта Кангрэгацыі Божага культу кардынала Рабэра Сара і тое, як ягоная ўлада ўсё больш абмяжоўваецца. Акрамя таго, я прыгадваю некаторыя цяперашнія фігуры, якія аказваюць уплыў на Касцёл у 2017 годзе, такія як кардынал Крыстаф Шонбарн і арцыбіскуп Мануэль Фернандэс (абодва з якіх не маюць нейкага значнага задання ў Ватыкане, але маюць вельмі добры доступ да Папы), калі чытаю наступны каментарый арцыбіскупа Лефеўра, які ён зрабіў адносна незвычайнага ўплыву Анібале Буньіні (пра якога кажуць, што ён быў масонам):

Як можа святар, які не з’яўляецца кардыналам, які не з’яўляецца нават біскупам, які ў той час быў яшчэ вельмі маладым і які быў павышаны супраць волі Папы Яна ХХІІІ (які звольніў яго з Латэранскага ўніверсітэта), як можа такі святар ісці на самы верх, не звяртаючы аніякай увагі ані на кардынала дзяржсакратара, ані на кардынала прэфекта Кангрэгацыі абрадаў? Як ён можа ісці непасрэдна да Святога Айца і прымушаць таго падпісваць тое, што ён хоча? Такога ніколі не здаралася ў святым Касцёле. Усё павінна рабіцца праз улады. Вось чаму існавалі камісіі. Вывучаліся дакументы. Але гэты чалавек быў усемагутны! [маё вылучэнне]

Ці ж кардынала Герхарда Мюлера, які мусіў вывучыць і пракаментаваць Amoris Laetitia перад яе публікацыяй, не быў адсунуты такімі людзьмі, як арцыбіскуп Фернандэс, якога Сандра Маджыстэр называе “тэолагам, які паўсюдна ўважаецца слабейшым за пасрэднасць”?

Пераказ падзеяў, які прыводзіць арцыбіскуп Лефеўр, даводзіць мяне да меркавання, што ў той час кансерватыўныя іерархі таксама, на жаль, адчувалі свой абавязак трымацца Сабору і абараняць яго, ягонае новае вучэнне і адпаведныя літургічныя новаўвядзенні, якія змяшчаюць рэвалюцыйныя элементы; і што яны рабілі гэта, відаць, у памылковым разуменні святой паслухмянасці. Як ясна сказаў арцыбіскуп Лефеўр, спачатку ідзе вера, а потым паслухмянасць. Ніводзін каталік не абавязаны аказваць паслухмянасць каталіцкаму настаяцелю, калі ён навучае альбо накладае памылковую ці неадназначную дактрыну.

Адзін апошні выпадак, прадстаўлены арцыбіскупам Лефеўрам, дапаможа нам паразважаць над некаторымі незразумелымі размовамі наконт дэцэнтралізацыі ўлады ў Касцёле, такімі як прапанова аб аўтаномнай уладзе нацыянальных біскупскіх канферэнцый. Ён таксама нагадае нам пра сур’ёзны абавязак вучыць нашых дзяцей цэласнай і поўнай каталіцкай веры. Прадстаўлены інцыдэнт здарыўся падчас пантыфікату Папы Паўла VI:

Аднойчы я вырашыў сустрэцца з кардыналам Райтам [г. зн. амерыканскім кардыналам Джонам Райтам] і паразмаўляць наконт Канадскага катэхізіса. Я сказаў яму: “Паглядзіце на гэты катэхізіс. Вы ведаеце пра гэтыя маленькія кніжачкі пад назвай “Разрыў”? Гэта ж жах, што дзяцей вучаць збягаць. Яны павінны парываць са сваёй сям’ёй, з грамадствам, з традыцыяй… гэта катэхізіс, які выкладаюць дзецям Канады з імпрыматурам мансіньёра Кудэра. Вы адказваеце за катэхізацыю ва ўсім свеце. Вы згаджаецеся з гэтым катэхізісам?” “Не, не — адказаў ён мне, — гэты катэхізіс не каталіцкі”. — “Ён не каталіцкі! Тады неадкладна скажыце гэта канадскай канферэнцыі біскупаў. Скажыце ім спыніцца, кінуць гэты катэхізіс у вогнішча і ўзяць нармальны катэхізіс”. Ягоны адказ быў такі: “Як я магу супраціўляцца біскупскай канферэнцыі?

Тады я сказаў: “Усё скончана. У Касцёле больш няма ўлады. Калі Рым больш не можа нічога сказаць біскупскай канферэнцыі, нават калі яна працягвае разбураць веру дзяцей, то гэта канец Касцёла“. [вылучэнне дададзена]

“Дазвольце гэтым малым прыходзіць да Мяне”, — кажа наш Пан. І нашая любоў да меншых і нашае жаданне абараніць іх і дапамагчы ім прыйсці да нашага Пана ў вечнасці павінна дадаваць усім нам — таксама і іерархам — адвагу змагацца там, дзе гэта патрэбна і неабходна, нават калі гэта азначае супрацьстаянне з біскупскай канферэнцыяй.


Аўтар: Maike Hickson
Крыніца: OnePeterFive
Ілюстрацыя: OnePeterFive

Тэкст перакладзены з англійскага арыгінала і перадрукаваны з дазволу рэдакцыі 1Р5.

Калі вы знайшлі арфаграфічную памылку, калі ласка, вылучыце яе і націсніце Ctrl+Enter.

Пакінуць каментар