З кнігі A. Fortescue, The Ceremonies of the Roman Rite Described (1943), раздз. VI “Ціхая Імша, якую служыць святар”

Аферторый. Зноў стоячы тварам да бок алтара, разводзячы і зводзячы рукі, а таксама кланяючыся, ён кажа “Oremus”. Затым ён тым жа голасам чытае верш аферторыя.

Цяпер наступае сам аферторый. Абедзвюма рукамі цэлебрант здымае вэлюм з келіха, складвае яго і кладзе справа ад сябе, адразу за карпаралам [1]. Правай рукою ён бярэ келіх за выпукласць на ножцы і ставіць яго па-за карпаралам справа ад сябе. Затым ён бярэ з келіха палу і кладзе яе на складзены вэлюм [альбо прыстаўляе яе да алтарнай карткі — TI]. Ён бярэ патэну з гостыяй на ёй і абедзвюма рукамі трымае яе над сярэдзінай карпарала прыблізна на ўзроўні сваіх грудзей. Ён павінен трымаць яе вялікім і ўказальным пальцам кожнай рукі за край, а астатнія пальцы павінны знаходзіцца пад ёй. Трымаючы патэну такім чынам, ён уздымае позірк [2], потым апускае яго на хлеб і ціхім голасам прамаўляе малітву “Suscipe, sancte Pater”.

Suscipe, sancte Pater, omnipotens ætérne Deus, hanc immaculátam hóstiam, quam ego indígnus fámulus tuus óffero tibi Deo meo vivo et vero, pro innumerabílibus peccátis, et offensiónibus, et neglegéntiis meis, et pro ómnibus circumstántibus, sed et pro ómnibus fidélibus christiánis vivis atque defúnctis: ut mihi, et illis profíciat ad salútem in vitam ætérnam. Amen. Прымі, святы Ойча, Усемагутны вечны Божа, гэтую беззаганную гостыю, якую я, нягодны слуга Твой, прыношу Табе, Богу майму, жывому і праўдзіваму, за незлічоныя грахі, знявагі і занядбанні мае і за ўсіх тут прысутных, а таксама за ўсіх верных хрысціянаў, жывых і памерлых, каб мне і ім яна паслужыла для збаўлення і жыцця вечнага. Амэн.

Калі на Імшы будуць кансэкраваны таксама іншыя гостыі, іх трэба пакласці на карпарал да гэтай малітвы. Калі яны знаходзяцца ў цыборыі, яго ставяць на карпарал, здымаюць вэлюм і накрыўку, а затым закрываюць зноў, калі святар зрабіў знак крыжа патэнай. Калі ён забыўся пра іншы хлеб, які трэба кансэкраваць, ён паўтарае гэтую малітву альбо робіць ахвяраванне ў думках.

Калі малітва “Suscipe, sancte Pater” скончаная, цэлебрант апускае патэну. Усё яшчэ трымаючы яе, як раней, ён робіць ёю знак крыжа над карпаралам, робячы спачатку лінію да сябе, а потым злева направа. Ён ссоўвае гостыю на карпарал, у сярэдзіну, бліжэй да пераду, не дакранаючыся да яе. Затым ён кладзе левую руку на алтар, як звычайна ў такіх выпадках, па-за карпаралам. Ён кладзе патэну на алтар справа ад сябе і прыблізна напалову падсоўвае яе пад карпарал.

Наліванне віна і вады. Са зведзенымі рукамі ён падыходзіць да боку Паслання. Левай рукою ён бярэ келіх за выпукласць на ножцы, а пурыфікатар (які ляжыць на келіху) ён бярэ правай рукою. Пурыфікатарам ён выцірае ўнутраную паверхню келіха. Затым, працягваючы трымаць келіх за выпукласць левай рукою, ён кладзе пурыфікатар так, каб ён звісаў на вялікім пальцы левай рукі збоку келіха. Правай рукою ён бярэ ў прыслугоўваючага ампулку з віном і налівае неабходную колькасць віна ў келіх [3], нічога не кажучы. Прыслугоўваючы падае ампулку з вадою. Святар робіць знак крыжа над ёй, пачынаючы казаць малітву “Deus, qui humanae substantiae”.

Deus, qui humánæ substántiæ dignitátem mirabíliter condidísti, et mirabílius reformásti: da nobis per huius aquæ et vini mystérium, eius divinitátis esse consórtes, qui humanitátis nostræ fíeri dignátus est párticeps, Iesus Christus, Fílius tuus, Dóminus noster: Qui tecum vivit et regnat in unitáte Spíritus Sancti Deus: per ómnia saecula sæculórum. Amen. Божа, які дзівосна годнасць чалавечай прыроды стварыў, і яшчэ больш дзівосна аднавіў, дай нам праз таямніцу гэтай вады і віна быць саўдзельнікамі боскасці Таго, Які ў нашай людскасці ўдзельнічаць быў ласкавы — Езус Хрыстус, Сын Твой і Пан наш, які з Табою жыве і валадарыць у еднасці Духа Святога, Бог, праз усе вякі вечныя. Амэн.

Ён працягвае чытаць гэтую малітву; на словы “da nobis per huius aquae et vini mysterium” ён бярэ ампулку правай рукою і налівае ў келіх крыху вады, усяго некалькі кропель. У некаторых касцёлах для адбірання вады выкарыстоўваецца маленькая лыжачка. У гэтым выпадку ён бярэ лыжачку, пагружае яе ў ампулку і пераносіць адну лыжачку вады ў келіх. Затым ён можа выцерці кроплі, якія засталіся на сценках келіха. Прамаўляючы святое Імя напрыканцы малітвы, ён кланяецца крыжу. Левай рукою ён ставіць келіх побач з карпаралам. Ён альбо кладзе пурыфікатар на сваё месца на патэне, альбо кладзе яго дзесьці побач і падыходзіць да сярэдзіны са зведзенымі рукамі; альбо ён можа падыходзіць падчас таго, як ён складвае пурыфікатар, і пакласці яго на патэну, дайшоўшы да цэнтра алтара. Пры сярэдзіне алтара ён укладае пурыфікатар так, каб, складзены ў даўжыню, ён пакрываў палову патэны, якая выступае з-пад карпарала. Тым часам ён кладзе левую руку на алтар. Правай рукою ён бярэ келіх за выпукласць на ножцы; ён прытрымлівае яго за аснову левай рукою, падымае яго так, каб верх келіха не быў вышэйшы за ўзровень яго вачэй, і так трымаючы келіх, ён прамаўляе малітву “Offerimus tibi, Domine”, узняўшы вочы на крыж.

Offérimus tibi, Dómine, cálicem salutáris, tuam deprecántes cleméntiam: ut in conspéctu divínæ maiestátis tuæ, pro nostra et totíus mundi salute, cum odóre suavitátis ascéndat. Amen. Прыносім Табе, Пане, келіх збаўлення, просячы Твае ласкавасці, каб з водарам салодкім узышоў ён да вобліку Тваёй Велічы для збаўлення нашага і ўсяго свету. Амэн.

Чытаючы гэтую малітву, ён робіць келіхам знак крыжа над цэнтрам алтара, як ён рабіў яго патэнай. Каб зрабіць гэта, ён апускае келіх; ён павінен звярнуць увагу, каб знак крыжа не заходзіў на хлеб. Затым ён ставіць келіх на сярэдзіну карпарала, за хлебам. Паклаўшы левую руку на аснову келіха, правай рукою ён бярэ палу і накрывае келіх. Ён робіць сярэдні паклон, кладзе зведзеныя рукі на алтар перад сабою і ў такой паставе ціхім голасам прамаўляе малітву “In spiritu humilitatis”.

In spíritu humilitátis et in ánimo contríto suscipiámur a te, Dómine: et sic fiat sacrifícium nostrum in conspéctu tuo hódie, ut pláceat tibi, Dómine Deus. Прымі, Пане Божа, нас, якія стаім перад Табою ў духу пакоры і са скрухай у сэрцы, а наша ахвяра, якую сёння складаем, няхай будзе Табе даспадобы.

Ён выпростваецца, на момант падымае позірк, разводзіць і ўздымае рукі, затым апускае вочы і зводзіць рукі перад грудзямі. Робячы гэта, ён прамаўляе малітву “Veni, sanctificator”. На слова “benedic” ён кладзе левую руку на алтар, а правай робіць знак крыжа над хлебам і келіхам разам.

Veni, sanctificátor omnípotens ætérne Deus: et benedic hoc sacrifícium, tuo sancto nómini præparátum. Прыйдзі, Даўца святасці, усемагутны і вечны Божа, і благаславі гэтую ахвяру, на славу святога імені Твайго прыгатаваную.

[1] Здаецца, рубрыка сцвярджае, што святар павінен сам скласці вэлюм. Некаторыя аўтары кажуць, што ён можа аддаць яго прыслугоўваючаму, каб той яго склаў. Па некалькіх практычных прычынах лепей, каб святар сам склаў і адклаў вэлюм.

[2] Уздымаючы позірк, цэлебрант заўсёды глядзіць на алтарны крыж, калі толькі ён не стаіць ніжэй за ўзровень яго позірку (SRC 29603). Гэта толькі практычнае ўказанне, каб гэтае дзеянне выконвалася аднастайна. У прынцыпе ж ён глядзіць у неба, што часта сустракаецца ў Новым Запавеце (напрыклад, Ян ХІ, 41).

[3] Хутчэй, меншую частку ад таго, што знаходзіцца ў ампулцы (гл. с. 56).

Калі вы знайшлі арфаграфічную памылку, калі ласка, вылучыце яе і націсніце Ctrl+Enter.

Пакінуць каментар