Адзін з персанажаў пэўнага мультсерыяла, пераўвасобіўшыся ў свайго злога альтэр-эга, “вынаходзіў” розныя спосабы разбурыць сусвет, але раз за разам аказвалася, што гэты спосаб ўжо паказвалі ў “Сімпсанах”. Пасля шматразовых спробаў ён са смуткам дайшоў да высновы, што “Сімпсаны” за доўгі час свайго існавання ўжо перабралі ўсе магчымыя сюжэты.

Падобнае адчуванне ўзнікае пры знаёмстве са старымі дакументамі Касцёла: пра ўсё нібыта калісьці ўжо пісалі. Шматлікія рэчы былі абдуманы Магістэрыем і святымі яшчэ да нас, і калі мы пазнаёмімся з гэтым скарбам, у нас практычна не будзе патрэбы нешта вынаходзіць і выдумляць. Дасаборныя дакументы займаюць асаблівае месца ў гэтым скарбе, бо да св. Яна Паўла ІІ у людзей неяк лепей атрымлівалася фармуляваць свае думкі дакладна, коратка і не менш красамоўна. Але гэтыя дакументы, на жаль, найменш вядомыя і найменш ацэненыя.

Энцыкліку Ingruentium malorum (“Перад абліччам надыходзячага зла”), прысвечаную заахвоце да малітвы на ружанцы, Папа Пій ХІІ апублікаваў у 1951 годзе. У ёй ён жадаў падзяліцца са сваімі братамі ў біскупстве заклапочанасцю “гаротнымі абставінамі нашых часоў”: адсутнасцю згоды паміж народамі, пагрозай новых канфліктаў і пераследам Касцёла. Гістарычна гэта быў няпросты час халоднай вайны — шырокага супрацьстаяння паміж блокамі ЗША і СССР. Да таго ж палова Еўропы знаходзілася пад уладай камуністаў, што пагражала і астатняй палове. Таму Пій ХІІ меў цалкам абгрунтаваныя падставы для занепакоеннасці. Невыпадкова была абрана і дата публікацыі энцыклікі: свята Сямі пакутаў Найсвяцейшай Панны Марыі (15 верасня). У такой сітуацыі Папа ўсклаў надзею на дапамогу Марыі праз ружанцовую малітву:

Не прымусам, не зброяй, не людской моцай, а Божай дапамогай, атрыманай праз гэтую малітву, моцны, як Давід са сваёй прашчаю, Касцёл зможа бясстрашна змагацца з пякельным ворагам, паўтараючы яму словы маладога пастуха: “Ты ідзеш на мяне з дзідаю, мячом і пікай, а я іду на цябе ў імя Пана Магуццяў, Бога войск Ізраэля… каб ведаў увесь сход, што не мячом і дзідаю ратуе Пан. Паколькі Яму належыць бітва, Ён аддасць вас у рукі нашыя” (1 Сам 17, 45-47).

Чаму менавіта Ружанец? Паводле пераканання Пія ХІІ, атрымаць дапамогу Марыі можна і іншымі спосабамі, але “Мы лічым святы Ружанец найбольш зручным і найбольш плённым інструментам, як ясна вынікае з паходжання гэтай практыкі — хутчэй нябеснага, чым людскога, — і з яе прыроды”.

Папа пералічвае некаторыя станоўчыя бакі Ружанца, не толькі падкрэсліваючы яго каштоўнасць як малітвы-просьбы, але і прызнаючы ў ім даступны для кожнага сродак умацавання пабожнасці і выхавання веры.

Дзякуючы паяднанню вуснай малітвы з разважаннем над святымі Таямніцамі паўстае іншая вельмі вялікая перавага, бо нават самы просты і неадукаваны чалавек атрымае ў Ружанцы хуткі і лёгкі спосаб ажыўляць і захоўваць сваю веру. І сапраўды, ад частага разважання над Таямніцамі душа паціху і незаўважна ўбірае ў сябе цноты, якія ў іх утрымліваюцца, цудоўным чынам распальваецца сумам па вечных рэчах, умацоўваецца і больш ахвотна рухаецца шляхам, якім ішлі сам Хрыстус і Яго Маці. Шматразовае паўтарэнне аднолькавых формул не робіць малітву няплённай і нуднай, а дзівосным чынам напаўняе ўпэўненасцю таго, хто моліцца, і пяшчотна сціскае мацярынскае Сэрца Марыі.

Асабліва Пій ХІІ заахвочвае да практыкавання Ружанца ў сям’і, звяртаючы ўвагу на тое, якім прывабным відовішчам для Бога з’яўляецца сітуацыя, “калі ўвечары ў хрысціянскім доме раздаецца частае паўтарэнне хвалы ў гонар найяснейшай Каралевы нябёсаў”. У такім доме, як піша Папа, Ружанец будзе не толькі адной з малітваў: ён пераменіць сям’ю ў сапраўдную школу хрысціянскай дысцыпліны і цноты. Дарослых Ружанец навучыць знаходзіць у вобразах Езуса і Марыі надзейны прыклад і суцяшэнне ў бядотах, а дзеці навучацца асноўным праўдам веры і спазнаюць каштоўнасць супольнай малітвы.

Да свайго закліку Папа Пій ХІІ дадае і канкрэтную просьбу на тыя часы, хоць і няможна сказаць, што сёння яна перастала быць актуальнай.

Шаноўныя Браты і любыя сыны, калі вы будзеце сплятаць новыя вянкі маленняў, прамаўляючы Ружанец, не забывайцеся пра тых, хто вельмі пакутуе ў месцах зняволення, у турмах і канцэнтрацыйных лагерах. Сярод іх, як вы ведаеце, ёсць таксама і Біскупы, скінутыя са сваіх Пасадаў толькі за тое, што яны гераічна абаранялі святыя правы Бога і Касцёла. Ёсць там і сыны, бацькі і маці, вырваныя са сваіх дамоў і прымушаныя весці няшчаснае жыццё далёка ў невядомых землях і ў дзіўным клімаце.

Няхай гэтая заўсёды актуальная энцыкліка абновіць нашае жаданне аддацца малітве, у якой Пій ХІІ бачыў “сродак аздараўлення зла, якое прычыняе шкоду ў нашыя часы”.


INGRUENTIUM MALORUM

Энцыкліка Папы Пія ХІІ
пра рэцытацыю Ружанца
нашым шаноўным Братам, Патрыярхам, Прымасам,
Арцыбіскупам, Біскупам і іншым Ардынарыям,
якія маюць згоду і еднасць з Апостальскай Сталіцай

Шаноўным Братам — вітанне і апостальскае благаслаўленне.

1. З тых часоў, калі Мы задумаю Божага Провіду былі ўзнятыя на высокі Пятровы Пасад, Мы ніколі не пераставалі перад абліччам надыходзячага зла давяраць лёс людской сям’і наймагутнейшай апецы Багародзіцы, і з гэтай мэтай, як вы ведаеце, Мы час ад часу пісалі лісты з заклікамі.

2. Вы ведаеце, шаноўныя Браты, з якой адданасцю, з якой дабравольнай і адзінадушнай ахвотай хрысціянскі люд паўсюдна адказаў на Нашае запрашэнне. Шмат разоў гэта было пацверджана вялікім сведчаннем веры і любові да найяснейшай Каралевы нябёсаў, а перадусім той праявай паўсюднай радасці, якую ў мінулым годзе Нашыя вочы мелі задавальненне назіраць, калі, акружаныя на плошчы св. Пятра незлічоным натоўпам вернікаў, Мы ўрачыста абвясцілі дагмат пра Унебаўзяцце Дзевы Марыі душою і целам.

3. Памяць пра гэтыя рэчы мілымі пачуццямі вяртаецца да Нас і заахвочвае Нас цвёрда давяраць Божай міласэрнасці. Аднак сёння ў Нас хапае і прычынаў для глыбокага смутку, які прычыняе боль Нашаму айцоўскаму сэрцу і маркоціць яго.

4. Вы добра ведаеце, шаноўныя Браты, гаротныя абставіны нашых часоў. Братэрская гармонія сярод народаў, якая падрывалася на працягу такога доўгага часу, яшчэ не паўсюль аднавілася. Наадварот, там і тут мы бачым душы, ахопленыя нянавісцю і варожасцю, а над народамі ўсё яшчэ вісіць пагроза новых крывавых канфліктаў. Да гэтага таксама трэба дадаць жорсткую буру пераследаў, якая ў многіх частках свету разгарнулася супраць Касцёла, адбіраючы ў яго свабоду, бязлітасна засмучаючы яго паклёпамі і крыўдамі рознага кшталту і зноў і зноў праліваючы кроў мучанікаў.

5. У якія ж шматлікія пасткі завабліваюць душы многіх Нашых сыноў у гэтых мясцінах, каб прымусіць іх адрачыся ад Веры іхніх айцоў і каб прымусіць іх ганебна разарваць повязь еднасці, якая злучае іх з Апостальскай Сталіцай! Не можам Мы абысці цішынёю і новае злачынства, на якое Мы з найвялікшым смуткам хочам шчыра звярнуць не толькі вашую ўвагу, але і ўвагу духавенства, бацькоў і нават грамадскіх уладаў. Мы маем на ўвазе жахлівую кампанію, якую паўсюль вядуць бязбожнікі, наносячы шкоду светлым душам дзяцей. Не шкадуецца нават нявінны ўзрост, бо, на жаль, хапае тых, хто нахабна асмельваецца красці з містычнага саду Касцёла нават самыя прыгожыя кветкі, якія з’яўляюцца надзеяй рэлігіі і грамадства. Бачачы гэта, ці можна дзівіцца, што народы стогнуць пад цяжарам Божага пакарання і жывуць у страху нават большых бедаў.

6. Аднак няхай разважанне пра сітуацыю, настолькі напоўненую небяспекамі, не прыгнятае вашыя душы, шаноўныя Браты. Замест гэтага, памятаючы пра Божае настаўленне: “прасіце, і будзе дадзена вам; шукайце, і знойдзеце; стукайце, і адчыняць вам” (Лк 11, 9), з большай упэўненасцю прыбягайце да Божай Маці.  У яе хрысціянскі люд заўсёды шукаў вернага прыстанішча ў гадзіну небяспекі, таму што “яна была ўстаноўлена прычынай збаўлення для ўсяго роду людскога” (св. Ірынэй).

7. Таму Мы з радасным спадзяваннем і ажыўленай надзеяй чакаем надыходзячага месяца кастрычніка, падчас якога вернікі прызвычаіліся ў вялікай колькасці гуртавацца ў касцёлах, каб узносіць свае малітвы да Марыі пры дапамозе святога Ружанца.

8. О шаноўныя Браты, Мы жадаем, каб у гэтым годзе гэтая малітва прыносілася з настолькі большай палымянасцю сэрца, як таго патрабуе ўзрослая патрэба і пільнасць. Мы добра ведаем пра магутную эфектыўнасць Ружанца для атрымання мацярынскай дапамогі Найсвяцейшай Дзевы. Несумненна, атрымаць гэтую дапамогу можна не толькі пры дапамозе аднаго спосабу. Аднак Мы лічым святы Ружанец найбольш зручным і найбольш плённым інструментам, як ясна вынікае з паходжання гэтай практыкі — хутчэй нябеснага, чым людскога, — і з яе прыроды. Якія малітвы больш прыгожыя і лепш укладзеныя, чым малітва Панская і анельскае прывітанне — гэтыя кветкі, што фарміруюць містычны вянок? Дзякуючы паяднанню вуснай малітвы з разважаннем над святымі Таямніцамі паўстае іншая вельмі вялікая перавага, бо нават самы просты і неадукаваны чалавек атрымае ў Ружанцы хуткі і лёгкі спосаб ажыўляць і захоўваць сваю веру.

9. І сапраўды, ад частага разважання над Таямніцамі душа паціху і незаўважна ўбірае ў сябе цноты, якія ў іх утрымліваюцца, цудоўным чынам распальваецца сумам па вечных рэчах, умацоўваецца і больш ахвотна рухаецца шляхам, якім ішлі сам Хрыстус і Яго Маці. Шматразовае паўтарэнне аднолькавых формул не робіць малітву няплённай і нуднай, а дзівосным чынам напаўняе ўпэўненасцю таго, хто моліцца, і пяшчотна сціскае мацярынскае Сэрца Марыі.

10. Няхай вашым асаблівым клопатам, шаноўныя Браты, будзе тое, каб з нагоды надыходзячага месяца кастрычніка вернікі выкарысталі гэтую найбольш плённую форму малітвы з як мага большай стараннасцю, каб усё больш цанілі яе і дбайна прамаўлялі.

11. Вашымі намаганнямі хрысціянскі люд павінен ісці да разумення годнасці, моцы і важнасці Ружанца.

12. Але найбольш Мы жадаем, каб звычай святога Ружанца паўсюдна прымаўся, аддана захоўваўся і яшчэ больш старанна практыкаваўся ва ўлонні сям’і. Дарэмным будзе шуканне сродкаў для выпраўлення хісткага лёсу грамадскага жыцця, калі сям’я — прынцып і аснова людской супольнасці — не будзе сфармавана на ўзор Евангелля.

13. Беручы на сябе гэтае цяжкое заданне, Мы пацвярджаем, што звычай рэцытацыі святога Ружанца ў сям’і з’яўляецца вельмі дзейсным сродкам. Якое ж гэта салодкае і прыемнае Богу відовішча, калі ўвечары ў хрысціянскім доме раздаецца частае паўтарэнне хвалы ў гонар найяснейшай Каралевы нябёсаў! У гэты час супольны Ружанец у цудоўным сугуччы сэрцаў збірае перад абразом Найсвяцейшай Дзевы бацькоў і іх дзяцей, якія вярнуліся пасля сваёй штодзённай працы. Ён яднае іх у пабожнасці з адсутнымі асобамі і з памерлымі. Ён усё больш сцягвае салодкую повязь любові з Найсвяцейшай Дзевай, якая, як любячая маці ў коле сваіх дзяцей, будзе спасылаць ім шчодрыя дары згоды і сямейнага спакою.

14. Тады дом хрысціянскай сям’і, як дом у Назарэце, зробіцца месцам зямнога прабывання святасці і, так бы мовіць, святым храмам, у якім святы Ружанец не толькі будзе нейкай малітвай, якая кожны дзень у салодкім паху ўздымаецца да неба, але і створыць дзейсную школу хрысціянскай дысцыпліны і хрысціянскай цноты. Гэтае разважанне Божых Таямніцаў адкуплення навучыць дарослых жыць, штодзённа захапляючыся яркімі прыкладамі Езуса і Марыі, знаходзіць у гэтых прыкладах суцяшэнне ў бядотах і імкнуцца да скарбаў у нябёсах, “куды злодзей не пранікне і дзе моль не знішчыць” (Лк 12, 33). Гэтае разважанне прывядзе дзяцей да ведання асноўных праўдаў хрысціянскай Веры, даючы любові Збаўцы спантанны росквіт у іх нявінных сэрцах, калі яны, бачачы, як іх бацькі кленчаць перад Божай веліччу, спазнаюць ад самых малых гадоў, наколькі вялікая перад Божым тронам каштоўнасць супольнай малітвы.

15. Мы не саромеемся зноў публічна паўтарыць, што Мы маем вялікую надзею ў святым Ружанцы як сродку аздараўлення зла, якое прычыняе шкоду ў нашыя часы. Не прымусам, не зброяй, не людской моцай, а Божай дапамогай, атрыманай праз гэтую малітву, моцны, як Давід са сваёй прашчаю, Касцёл зможа бясстрашна змагацца з пякельным ворагам, паўтараючы яму словы маладога пастуха: “Ты ідзеш на мяне з дзідаю, мячом і пікай, а я іду на цябе ў імя Пана Магуццяў, Бога войск Ізраэля… каб ведаў увесь сход, што не мячом і дзідаю ратуе Пан. Паколькі Яму належыць бітва, Ён аддасць вас у рукі нашыя” (1 Сам 17, 45-47).

16. Таму, шаноўныя Браты, Мы горача жадаем, каб усе вернікі, следуючы вашаму прыкладу і вашаму закліку, шчыра адказалі на Наш айцоўскі заклік, яднаючы свае сэрцы і свае галасы ў тым самым энтузіязме хрысціянскай любові. Калі зло і напады грэшнікаў павялічваюцца, таксама і пабожнасць усіх добрых людзей павінна павялічвацца і рабіцца яшчэ больш рашучай. Няхай асабліва праз гэтую форму малітвы яны імкнуцца атрымаць ад нашай любячай Маці хуткае вяртанне лепшых часоў у Касцёл і грамадства.

17. Няхай магутная Багародзіца, узрушаная малітвамі такой вялікай колькасці яе сыноў, выпрасіць у свайго адзінага Сына, каб тыя, хто, на няшчасце, сышоў са шляху праўды і цноты, маглі з новым запалам знайсці яго зноў; каб нянавісці і варожасці — прычынам разладу і ўсялякага няшчасця — быў пакладзены канец і каб сапраўдны, справядлівы і шчыры спакой мог зноў заззяць над асобамі, сем’ямі, народамі і нацыямі. І, нарэшце, няхай яна выпрасіць, каб пасля справядлівага аднаўлення правоў Касцёла яго дабрадзейны ўплыў мог без перашкодаў дасягнуць людскіх сэрцаў, сацыяльных класаў і праспектаў публічнага жыцця, каб людзі з’ядналіся ў братэрстве і дайшлі да дабрабыту, які рэгулюе, захоўвае і ўраўнаважвае правы і абавязкі кожнага, не прычыняючы нікому шкоды, а таксама з дня на дзень спрыяе ўсё большаму і большаму сяброўству і супрацоўніцтву.

18. Шаноўныя Браты і любыя сыны, калі вы будзеце сплятаць новыя вянкі маленняў, прамаўляючы Ружанец, не забывайцеся пра тых, хто вельмі пакутуе ў месцах зняволення, у турмах і канцэнтрацыйных лагерах. Сярод іх, як вы ведаеце, ёсць таксама і Біскупы, скінутыя са сваіх Пасадаў толькі за тое, што яны гераічна абаранялі святыя правы Бога і Касцёла. Ёсць там і сыны, бацькі і маці, вырваныя са сваіх дамоў і прымушаныя весці няшчаснае жыццё далёка ў невядомых землях і ў дзіўным клімаце.

19. Падобна як Мы любім іх асаблівай любоўю і абдымаем іх айцоўскай міласэрнасцю, так і вы павінны ў братэрскай любові, якую ажыўляе і распальвае хрысціянская рэлігія, яднацца з Намі перад алтаром Багародзіцы Дзевы і даручаць іх яе мацярынскаму сэрцу. Несумненна, яна з вялікай дабрадушнасцю адновіць у іх сэрцах надзею на вечную ўзнагароду і, як Мы цвёрда верым, прыспешыць канец такіх вялікіх пакутаў.

20. Мы не сумняваемся, шаноўныя Браты, што вы са сваёй звыклай палаючай стараннасцю данясеце да свайго духавенства і люду гэты Наш айцоўскі заклік такім спосабам, які падасца вам найбольш правільным.

21. Упэўненыя ў тым, што Нашыя сыны па ўсім свеце ахвотна і шчодра адкажуць на гэтае Нашае запрашэнне, Мы з паўнаты Нашага сэрца і як сведчанне Нашай прыхільнасці і прадвесце нябесных ласкаў усім і кожнаму з вас, а таксама даверанай кожнаму з вас аўчарні і асабліва тым, хто падчас месяца кастрычніка будзе пабожна прамаўляць святы Ружанец згодна з нашымі намерамі, удзяляем Нашае Апостальскае благаслаўленне.

Дадзена ў Рыме, у святога Пятра, у 15 дзень месяца верасня, у свята Сямі пакутаў Дзевы Марыі, у год 1951, трынаццаты Нашага пантыфікату.

Пій ХІІ


Выява герба: mAgul, Echando una mano / Wikimedia Commons, CC BY-SA
Тэкст энцыклікі перакладзены з англійскага тэкста.

Пакінуць каментар